Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Аслані цябе Бог, свеце! бо мне абрыдла маталыжнасць твая. Жыццё, якое ты нам даруеш, жалю вартая вандроўка, непастаяннае, жорсткае, грубае, кароткае і нячыстае жыццё, поўнае мізэрнасці і аблуд, і лепей бы яго называць паміраннем, а не жыццём, у якім мы кожнае імгненне канаем ад мноства заганаў мінушчасці на мностве сцежак смерці. Табе мала горычы самой смерці, якою ты аперазаны і прасякнуты, але ж колькі яшчэ людзей уводзіш у змусту сваімі лёстачкамі, пад’юджваннем і фальшывымі абяцанкамі, абнадзейкамі; з залатога кубка, які ў цябе ў руках, ты даеш ім выпіць горычы і падману, ператвараючы іх у сляпых, глухіх, кручаных, выпівохаў і шаляніц! А якія шчасныя тыя, хто ўнікае супольства з табою і не хоча ўкінуць сябе ў пагібель разам з гэтым хітрамудрым і бессаромным ашуканцам. Бо ты абяртаеш нас у цёмную прорву, гаротную юдоль, дзіця гневу, смярдзючае падла, нячысты посуд у памыйнай яме, посуд тлену, поўны смуроду і мярзоты; бо як толькі
ты завабіш і вымучыш нас сваімі змустамі і панадамі, ласкамі і пагрозамі, пакутамі, тартурамі і тыранствам, адразу аддаеш наша змардаванае цела магіле, а душу перасяляеш у ненадзейныя шанцы. Бо хоць і няма нічога больш пэўнага за смерць, аднак чалавек не ўпэўнены, калі і як ён памрэ і, самы вялікі жаль! куды выправіцца ягоная душа і як ёй там будзе. Гора тады беднай душы, што табе, о свеце! служыла, слухалася і следавала твайму раскашаванню і пажадзе; бо як толькі ў раптоўным страху разлучыцца яна са сваім трупехлым целам, дык абступяць яе не сябры і слугі, якія акружалі цела пры жыцці, а процьма яе самых гнюсных ворагаў, якія павалакуць яе да дзівоснага Судзілішча Хрыстовага. Таму, о свеце, аслані цябе Бог! бо я напэўна ведаю, што ты адступішся і пакінеш мяне не толькі, калі мая бедная душа паўстане перад строгім суддзёю, але і калі грымне вусцішны вырак: «Ідзеце вы, адкінутыя, у агонь вечны!»
Бывай, свеце! О спагарджаны, скупы свеце! О ты, смярдзючая нікчэмная плоць! Бо дзеля цябе і за тое, што ішла следам, служыла і слухалася цябе бязбожная, непакаяная душа, будзе асуджана яна на вечны праклён, у якім вякі вечныя чакацьмуць яе замест хуткаплынных радасцяў несуцешная пакута, замест абжорства неспатольны голад, замест пышнасці і велялепнасці непраглядная цемра, замест глорыі і ўзвелічэння няспынны лямант, плач і стогны, пекла без прахалоды, агонь непагасны, холад невымерны і скруха бясконцая.
Аслані цябе Бог, о свеце! бо замест абяцаных табе радасцяў і ўцех ускладуць на непакаяную асуджаную душу свае лапы дэманы і ўмомант увалакуць у апраметную; там не пачуе і не ўбачыць яна нічога іншага, а толькі жахлівыя морды д’яблаў і асуджаных, цемру апраметную і чад, агонь без водбліску, крыкі, выццё, скрогат зубоў і блюзнерства. 3 таго часу міне ўсякая надзея на дараванне і мілажальнасць, і ніхто не паглядзіць на зямны гонар і вартасць; чым вышэй хто падняўся, чым цяжэйшыя яго грахі, тым глыбей ён будзе скінуты і тым цяжэйшая будзе мука ягоная. Каму многа
дадзена, з таго многа і спагоніцца, і хто больш узнёсся ў табе, о скупы, пагарджаны свеце, таму больш будзе адмерана пытак і цярпенняў; бо таго патрабуе Божая справядлівасць.
Аслані цябе Бог, о свеце! бо хоць цела і будзе нейкі час ляжаць і гніць у табе, аднак у дзень Страшнага Суду яно паўстане і пасля вынясення апошняга выраку паяднаецца з душою ў вечным пякельным полымі. I тады ўсклікне бедная душа: «Будзь ты пракляты, свет! Бо з твайго нашапту забыла я Бога і самую сябе і аддала ўсе дні жыцця свайго тваім раскашаванням, злосці, грэху і сораму! Пракляцце той хвіліне, у якую Бог стварыў мяне! Праклён таму дню калі я нарадзілася ў табе, о скупы, злосны свеце! О вы, горы, пагоркі і скалы, упадзіце на мяне і схавайце мяне ад суровага гневу Ягняці, ад аблічча таго, хто сядзіць на троне суддзі! О гора, о гора навечна!»
О свеце! О нячысты свеце! дзеля таго я заклікаю цябе, я благаю да цябе, я ўпрошваю цябе, я пратэстую супроць цябе, каб ты ні ў чым не меў долі са мною. I, наадварот, я не маю больш на цябе надзеі, бо табе вядома, што я маю цвёрды намер, менавіта: «Posuifinet curis, spes etfortuna, valete!»1
Усе гэтыя словы я ўзважыў вельмі грунтоўна і, разважаючы, схіліў сябе да рашэння пакінуць свет і стаць пустэльнікам. Я ахвотней пасяліўся б у глухамані каля маёй крыніцы, але суседскія сяляне не захацелі таго дапусціць, хоць мне гэта была б радасная пустэльня. Яны баяліся, што я абвяшчу пра тую крыніцу і тым самым схілю ўлады з нагоды падпісання міру пракласці туды дарогі і сцежкі; таму я выправіўся ў іншую пустэльню, дзе зноў павёў жыццё, як у Шпэсэрце; але, ці буду я там, як светлай памяці бацька, да канца дзён сваіх, пакажа час. Бог няхай спашле нам сваю ласку і ўгатуе нам тое, да чаго мы найболей імкнуцца павінны, а менавіта дабрашчасны
КАНЕЦ
1 Я паклаў канец турботам; надзея і шчасце, бывайце! (лац.)
ЗМЕСТ
Галіна Сініла. «Шлях да самога сябе» (Прадмова да першага выдання, 1997 г.) 5
Кніга першая 29
Кніга другая 119
Кніга трэцяя 2T1
Кніга чацвёртая 321
Кніга пятая 407
Серыя «Littera Scripta»
Літаратурна-мастацкае выданне
Грымэльсгаўзэн, Ганс Якаб Крыстофэль фон
АВАНТУРНІК СІМПЛІЦЫСІМУС
Рэдактар Лявон Баршчэўскі Макет Зміцера Коласа Адказны за выпуск Раман Цымбераў
Падпісана да друку 16.09.2024. Фармат 84x108 ‘А2Папера афсетная. Друк лічбавы.
Ум. друк. арк. 26,25. Ул.-выд. арк. 21,94.
Наклад 99 асобнікаў. Заказ 181.
Выдавец індывідуальны прадпрымальнік Раман Цымбераў. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюдніка друкаваных выданняў № 1/530 ад 30.05.2018.
Пр-т Ракасоўскага, д. 85, кв. 47, 220085, г. Мінск.
Друкарня ТАА «Бізнесафсет».
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюдніка друкаваных выданняў № 2/28 ад 12.12.2013.
Вул. Бірузова, 10, к. 1, 220073, г. Мінск.
Г. Я. К. фон Грымэльсгаўзэн
Нямецкія землі часоў Трыццацігадовай вайны гэта свет Ганса Якаба Крыстофэля фон Грымэльсгаўзэна (1622-1676), чый раман «Авантурнік Сімпліцысімус» упершыню выйшаў з друку ў 1668 годзе і з'яўляецца найвыбітнейшым творам еўрапейскага літаратурнага барока.
Пераклад рамана ў яго першай версіі на беларускую мову, выкананы ў сярэдзіне 1990-х гг. Васілём Сёмухам, справядліва лічыцца адным з найлепшых здабыткаў нацыянальнай школы мастацкага перакладу.