Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Мяне аддзялілі ад усёй кампаніі і паставілі на кватэру да аднаго купца і цяпер ужо адкрыта трымалі пад наглядам, затое кармілі выдатна, дорага паілі ад стала яго вялікасці, кожнага дня мяне наведвалі розныя людзі і мелі са мною аўдыенцыі, клікалі ў візіты, асабліва адзін там хітры пралазень, якому, відаць, я быў даручаны; гэты прыходзіў да мяне штодня і пацяшаў сяброўскай гутаркай, бо я ўжо няблага намянціўся па-расейску. Ён часцей талкаваў мне пра
розныя механічныя штукі, item, пра ваенныя і іншыя машыны, пра фартыфікацыю, артылерыю etc. Нарэшце, калі ўжо ён мяне як след вымацаў, а ці не схілюся я прыняць умовы іх царскага маестату, і не залучыўшы ніякай надзеі, што я хоць крыху пахіснуся, пачаў пад’юджваць, што калі я не хачу перайсці ў рускую веру, дык, прынамсі, я павінен паведаміць вялікаму цару да славы іх нацыі сёе-тое з таго, чым абазнаны ў навуках, і валадар за такую маю гатоўнасць адораць мяне сваёй высокай царскай мілатою. На гэта я адказаў, што служыць вераю і праўдаю іх царскаму маестату заўсёды было маім палкім жаданнем, дзеля таго я і прыбыў у Маскоўшчыну, і што і дагэтуль я ўсё яшчэ выношваю тыя самыя намеры, хоць і бачу, што мяне тут за палоннага маюць. «Ай, зусім не, пане мой, сказаў ён, ты не ў палоне, а толькі царская вялікасць выказваюць табе такое ўпадабанне, што не хацелі б разлучын з тваей асобай!» «Дык жа дзеля чаго такога, спытаўся я, мяне трымаюць пад наглядам?» «А дзеля таго, адказаў ён, што яго царская вялікасць дбаюць пра тое, каб не спрыгодзілася табе якой прыкрасці і непамыслоты альбо пахібы твайму здароўю».
Калі ж ён уразумеў маю прапазіцыю, дык сказаў, што іх царскі маестат найлітасцівей удабраволілі загадаць у сваёй дзяржаве капаць салетру і рабіць з яе порах; але як што ў іх такіх майстроў не было, якія б гэта ўмелі, дык я саслужыў бы вельмі спадобную службу іх царскаму маестату, калі б толькі мог зрабіць гэта; яны даставілі б пад маю каманду досыць люду і ўсяго, што патрэбна, а ён ад сябе самога шчыра просіць мяце не адкідаць гэтай найлітасцівейшай прапановы, бо атрымаў вестку, што я дужа добра разумею гэтую справу. На што я адказаў: «Пане, я, як раней, так і сёння, запэўніваю, што гатовы ўсім, чым толькі магу, служыць іх царскаму маестату і не пашкадую сілы свае, калі толькі іх маестат літасціва дазволяць мне застацца ў маёй веры». Mae словы так развесялілі гэтага расейца, які быў са
слыннага княскага роду, што ён распіў са мною віна больш за любога немца.
На другі дзень прыйшлі да мяне ад цара два князі і перагаворшчык, каб вырашыць са мною ўсё канчаткова і адарыць мяне багатай расейскай вопраткай ад яго вялікасці. I вось ужо праз некалькі дзён пасля гэтага я пачаў шукаць салетраную зямлю і вучыць расейцаў, якіх мне даверылі, як трэба здабываць і ачышчаць салетру, а тым часам я падрыхтаваў таксама чарцяжы парахавога млына і вучыў таксама, як трэба абпальваць вугаль, так што неўзабаве мы пачалі вырабляць выдатны ручны і грубы гарматны nopax у вялікай колькасці, бо ў мяне было дастаткова людзей і, акрамя таго, меў дзіўных слуг, якія слугавалі мне ці, слушней сказаўшы, ахоўвалі і сачылі за мною.
А калі, здавалася, я ўсё так выдатненька ўладзіў, дык з’явіўся да мяне, пышна і раскошна, не раз памянёны палкоўнік у дарагім расейскім убранні з процьмай слуг, несумненна каб гэтай паказною раскошаю схілць мяне да перамены веры. Але я добра ведаў, што адзенне яму пазычылі ў дзяржаўнай палаце, каб у мяне слінкі пабеглі, бо пры царскім двары гэта была звычайная хітрасць.
I каб чытач мог уразумець, як там звычайна ўсё вядзецца ў тых расейцаў, я хачу расказаць пра гэта на сваім прыкладзе. Аднаго разу быў я на парахавым млыне, які я збудаваў пад Масквой на рацэ, і аддаваў указанні падначаленым мне людзям, якую каму з іх рабіць працу таго самага і наступнага дня; аж тут нечакана падняўся алярм, бо за чатыры мілі ад нас аб’явіліся татары, арда якіх у сто тысяч коней спусташала краіну і хутка імчала наперад. Тады я вымушаны быў разам з усімі сваімі людзьмі паспяшацца ў крэмль, дзе нас экіпіравалі з царскай зброевай палаты і канюшні. Мне, праўда, дастаўся замест кірасы залаты шаўковы каптан, які хоць і бараніў ад стрэлаў, але мог быць прабіты любой куляй. Далі мне яшчэ боты, астрогі, княскі шалом з плюмажам і шаблю, такую вострую, што секла волас, аздобленую
шчырым золатам і усыпаную чыстымі камянямі; а з царскай канюшні прывялі выдатнага каня, якога такога другога, колькі жыву, не бачыў, не кажучы, каб мець. I сам я, і конская збруя ззялі золатам, срэбрам, жэмчугам і каштоўнымі камянямі; я падвесіў жалезную булаву, якая ззяла, як люстра, і была зроблена так добра і была такая цяжкая, што магла забіць кожнага, каму ўваліць, так што сам цар, калі б ён выправіўся на бітву, не мог бы экіпіравацца лепей. За мною везлі белы сцяг з двухгаловым арлом, да якога з усіх бакоў сцякалія ваяры; не мінула і дзвюх гадзін, як сабралася сорак тысяч, а праз чатыры гадзіны тысяч шэсцьдзясят коннікаў, якія ўсе і выступілі супроць татараў. Праз кожныя чвэрць гадзіны я атрымліваў вуснае ўказанне ад вялікага князя, якім ён нагадваў мне, што я павінен паказаць сябе сёння адважным ваякам, якім сябе называў, каб і іх царскі маестат маглі прызнаць мяне за такога. 3 кожнай хвілінай войска наша множылася, бо да яго прыходзілі простыя жаўнеры і начальнікі цэлымі атрадамі і паасобку, так што ў гэтым вэрхале я не мог пазнаць, хто камандуе ўсім корпусам і хто павінен весці баталію.
Мне не хочацца акідацца падрабязнасцямі гэтай бітвы, бо яна мала клеіцца да маёй гісторыі; я толькі хачу сказаць, што татары на стомленых конях і ўцяжаныя здабычай былі нечакана, калі яны менш за ўсё таго спадзяваліся, дагнаныя і атакаваныя намі ў даліне так шалёна і зацята, што мы амаль з самага разу іх рассеялі. У першай схватцы я сказаў тым, што пілі за мною, па-расейску: «Ну, з Богам! Рабі кожны, як я». Яны закрычалі тое самае, і я, апусціўшы налбіцу, кінуўся на ворагаў і першаму, каго дагнаў, а гэта быў мірза, згаламоўзіў галаву з такой сілай, што мазгі яго, змяшаныя з крывёю, прыліплі да булавы. Расейцы паследавалі гэтаму геройскаму прыкладу, татарва не ўстояла супроць націску і кінулася бегчы. А я біўся, як апантаны ці як чалавек, які шукае сабе смерці і не можа яе знайсці. Я валіў і крышыў усіх, каго быў зарваў, хто быў на дарозе, не разбіраючы, хто
там быў татарын ці расеец. А тыя, каго цар прыставіў да мяне, тлуміліся за мною і тым самым надзейна прыкрывалі з тылу. Паветра было напоена стрэламі, быццам ляцеў рой чмялёў альбо пчол, з якіх адна ўпілася мне ў руку, бо я закасаў рукавы, каб лягчэй было ўпраўляцца з шабляю і булавою, крышыць і біць да смерці. I датуль, пакуль я не перахапіў стралу, гэта кровапусканне весяліла мне сэрца, а калі я ўбачыў, што пралілася мая кроў, дык весялосць перайшла ў лютасць. Пасля таго як ліхія ворагі былі змушаны да ўцёкаў, некаторыя князі сказалі мне па царскім указе даставіць радасную вестку, як мы адолелі татараў, самому цару. I вось, па іх слове, я вярнуўся назад са світаю прыкладна ў сто коннікаў. Я праскакаў праз увесь горад да царскага палаца, і мяне ўсюды сустракалі радаснымі крыкамі і дабраславеннямі ўсяго народу; аднак як толькі я далажыў пра баталію, хоць вялікі цар ужо быў пра ўсе ўведамлены, дык мусіў зняць з сябе ўсё княскае адзенне, якое было вернута ў царскую скарбніцу, хоць усё яно разам з конскім уборам было запырскана і запэцкана крывёю, так што стала ні на што не прыдатнае, і я думаў, што не інакш, як мне яго разам з канём аддадуць як узнагароду за тое, што я ў гэтай баталіі біўся, бы рыцар; а таму даведаўся, як у расейцаў было ўсё з тою пышнасцю ў вопратцы, якою фарсіў перада мною мой палкоўнік, бо ўсё гэта было пазычанае, якое, як і усе іншыя рэчы ва ўсей расейскай дзяржаве, належыць аднаму толькі цару.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
Сімпліцы на Волзе; у дадатак кар’еры татарскі полон, піраты, галеры...
Увесь час, пакуль не загоілася мая рана, мяне трактавалі па-княску; і я пахаджаў у футраным шлафроку, расшытым золатам і падбітым собалем; і хоць рана мая была зусім не
смяротная і не небяспечная, я, колькі жыву, не меў такое тлустае кухні, як тады. Але гэта была мая адзіная выгода за ўсе адбытыя турботы, не лічачы пахвалы, якую я меў ад цара, якая, аднак, была атручана зайздрасцю некаторых князёў.
А калі я зусім ачуняў, мяне адправілі на караблі ўніз па Волзе ў Астрахань, каб там учыніць выраб пораху, бо цару было досыць нязручна кожны раз завозіць у гэтую памежную крэпасць свежы порах з Масквы, ды і далёкая дарога па вадзе тоіла ў сабе шмат небяспекі. Я ахвотна згадзіўся, бо меў надзею, што, калі выканаю ўсё, цар адправіць мяне ў Галандыю і ўзнагародзіць грашыма адпаведна сваёй велічы і маім заслугам. Але ах, ледзь толькі мы найбольш ўпэўніліся ў нашых надзеях і канцэпцыях, як раптам падымаецца вецер і перакульвае ўсё хісткае збудаванне, якое мы так старанна ўзводзілі. Губернатар Астрахані трактаваў мяне гэтак сама, як цар, і неўзабаве я ўсё там у іх пераналадзіў; заляжалую амуніцыю, якая пагніла і паржавела, так што ад яе ўжо не было ніякага толку, я перарабіў нанава, як той бляхар, які старыя алавяныя лыжкі пералівае на новыя, што на тыя часы ў расейцаў было нечувана; з гэтай прычыны, а таксама за мае іншыя ўмельствы адны лічылі мяне чарадзеем, другія новым святым ці прарокам, а некаторыя новым Эмпедоклам альбо Горгіем Леантынам1. Аднаго разу, калі я быў заняты па горла і начаваў на парахавым млыне за мурам фартэцыі, мяне па-зладзейску захапіла ў палон шайка качавых татараў, якія звялі мяне разам з мноствам іншых у глыбіню сваёй краіны, так што я не толькі пабачыў там дзівосную расліну баранец, але і пакаштаваў яе. Качавыя татары памянялі мяне на розныя кітайскія тавары ў нючаскіх татараў, а тыя спрэзэнтавалі мяне як адмысловае дзіва карэйскаму каралю, з якім толькі што замірыліся. Там я здабыў сабе вялікую
1 Грэцкі філосаф V ст„ родам з Сіцыліі. 490
пашану, бо ніхто не мог дараўнацца са мною ў баі на цесаках, і я вучыў караля, што трэба зрабіць, каб, паклаўшы мушкет на плячо і павярнуўшыся да мішэні спінай, усётакі пацэліць у самую сярэдзіну, і з гэтай прычыны ён стаў такі ласкавы, што на маю вернападданую просьбу даў мне свабоду і праз Японію адправіў у Макаа да партугальцаў, але тым да мяне клопату не было; таму я бадзяўся ўсюды, як авечка, якая адбілася ад чарады, пакуль дзіўным чынам не быў захоплены турэцкімі ці то магаметанскімі марскімі піратамі, а тыя цэлы год цягалі мяне па морах сярод розных нябачаных дзівосных народаў і людаў, якія жылі на ўсходнеіндыйскіх выспах, пакуль не старгаваліся з некалькімі купцамі з Александрыі ў Егіпце. Яны даставілі мяне разам з сваім таварам у Канстанцінопаль, і як што турэцкі султан якраз тады ладзіў галеры супроць Венецыі, дык быў недахоп у веславальнай сіле і многія турэцкія купцы мусілі саступіць, аднак за наяўныя грошы, сваіх рабоўхрысціян, сярод якіх апынуўся і я, бо быў малады і здаровы дзяцюк. I вось я мусіў навучыцца веславаць; але такая цяжкая служба доўжылася не больш як два месяцы, бо ў Леванце нашай галерай па-рыцарску авалодалі венецыянцы, і я разам з усімі маімі сугалернікамі быў вызвалены з турэцкай няволі. А калі памянёная галера разам з багатаю здабычаю і некалькімі знатнымі туркамі была прыведзена ў Венецыю, дык мне далі поўную свабоду, бо я выказаў намер спаломнічаць у Рым і ў Ларэта, каб агледзець тыя мясціны і падзякаваць Богу за збавенне. Дзеля такой мэты я лёгка атрымаў пашпарт, а некаторыя багалюбцы, асабліва немцы, падтрымалі мае планы, так што я быў забяспечаны доўгай пілігрымскай вопраткай і мог выбрацца ў дарогу.