Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Г. Я. К. фон Грымэльсгаўзэн
Авантурнік Сімпліцысімус
Hans Jacob Christoffel von Grimmelshausen
Der Abentheurliche Simplicissimus Teutsch
Das ist:
Die Beschreibung dess Lebens eines seltsamen Vaganten genant Melchior Sternfels von Fuchshaim wo und welcher gestalt Er nemlich in diese Welt kommen
was er darinn gelernet erfahren und aussgestanden auch warumb er solche wiederfreywillig quittirt.
Ueberauss lustig und maenniglich nutzlich zu lesen
An Tag geben: Von German Schleifheim von Sulsfort. Monpelgart.
1669
Littera scripta
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Авантурнік Сімпліцысімус
Littera scripta
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Авантурнік Сімпліцысімус
Гэта ёсць:
Апісанне жыцця аднаго дзіўнага шалапута на імя Мэльхіёр Штэрнфэльз фон Фуксгайм дзе рыхтык і якім кшталтам Ён прыйшоў у свет што ёну ім пабачыў чаго навучыўся што спазнаў і ператрываў а таксама чаму ён з усім гэтым дабрахоць паквітаўся.
Адмыслова пацешлівая і няма ладу якая карысная чытанка,
якую пераклаў з нямецкай мовы спадар Васіль Сёмуха з хутара Ясенца, што каля Пружаное.
Мінск Выдавец Раман Цымбераў 2024
УДК 821.112.2-31
ББК 84(4Нем)-44
Г84
Серыя заснаваная ў 2009 годзе.
Гэтае выданне сталася магчымым дзякуючы рупнасці і спрыянню дачкі Васіля Сёмухі Алесі Сёмухі-Грынбэрг
Прадмова
Галіны Сінілы
Каментары
Васіля Сёмухі і Лявона Баршчэўскага
Пераклад зроблены паводле выдання:
Н. J. Chr. von Grimmelshausen. Der abenteuerliche Simplicissimus. Insel Taschenbuch 739.
Insel Verlag, Frankfurt am Main, 1983.
Грымэльсгаўзэн, Г. Я. K. фон
Г84 Авантурнік Сімпліцысімус I Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн; пер. з нямецкай Васіля Сёмухі. — Мінск : Раман Цымбераў, 2024. — 500 с. — (Littera scripta).
ISBN 978-985-7334-01-8
Нямецкіяземлі часоўТрыццацігадовай вайны гэтасвет Ганса Якаба Крыстофэля фон Грымэльсгаўзэна (1622 -1676), чый раман «Авантурнік Сімпліцысімус» упершыню выйшаў з друку ў 1668 годзе і з’яўляецца найвыбітнейшым творам еўрапейскага літаратурнага барока.
Пераклад рамана ў яго першай версіі на беларускую мову, выкананы ў сярэдзіне 1990-х гг. Васілём Сёмухам, справядліва лічыцца адным з найлепшых здабыткаў нацыянальнай школы мастацкага перакладу.
Адрасуецца шырокай чытацкай аўдыторыі.
ББК 84(4Нем)-44
УДК 821.112.2-31
ISBN 978-985-7334-01-8 © Пераклад, каментары. В. С. Сёмуха,
2019.
© Каментары. Л. П. Баршчэўскі, 2024.
© Прадмова. Г. В. Сініла, 2024.
ШЛЯХ ДА САМОГА СЯБЕ
(Прадмова да першага выдання, 1997 г.)
Я хаджу па шляху праўды...
Прытчы Саламонавы, 8:20
«,..Я задумаўся і азірнуўся на пражытае жыццё, і закарцела мне парахавацца з самім сабою. Жыццё тваё не было жыццём, а смерцю; дні твае цяжкія цені, гады цяжкія сны, асалоды цяжкія грахі; твая маладосць міраж, блізір, тваё дабрадзенства скарб алхіміка, які коціць у трубу і пакідае цябе, перш чым ты паспееш гэта ўразумець! Ты зведаў многія небяспекі на вайне, дзе перападалі табе і шчасце і няўдачы, то ты ўзносіўся, то падаў, то быў знакаміты, то нікчэмны, то багаты, то бедны, то рады, то засмучаны, то ўсімі любімы, то ўсімі ненавісны, то ў гонары, то ў пагардзе. Але ты, о гаротніца душа мая, што здабыла ты ў гэтых прыгодах? Вось што сталася тваёю доляй: я збяднеў дабрынёю, сэрца маё ўціснута клопатам, я нядбалы на ўсё добрае, я гультай, я сапсаваны, а што найгорш сумленне маё парушана і патрывожана, а сам я заграз у поскудзі грэху і беззаконня!» Так звяртаецца да сябе і да нашага з вамі сумлення, судзячы сябе самай высокай мерай, дзівак Сімпліцы Сімпліцысімус. Створаны ў далёкім XVII стагоддзі, вобраз Сімпліцыя вельмі арганічна ўвайшоў у духоўны свет нашага сучасніка, пасля некалькіх вякоў забыцця стаў поруч з тымі, каго называюць вечнымі спадарожнікамі чалавецтва, Дон-Кіхотам, Гамлетам, Фаўстам. Менавіта ў XX стагоддзі быў нанова адкрыты і перакладзены на шматлікія еўрапейскія мовы раман Г. Я. К. фон Грымэльсгаўзэна «Сімпліцысімус».
У чым жа таямніца гэтага незвычайнага рамана? У чым сакрэт яго актуальнасці для нашага часу? Ён нарадзіўся на нямецкай зямлі ў адну з самых цяжкіх і трывожных эпох еўрапейскай і асабліва германскай гісторыі. «Эпохай жуда-
сці і ганьбы» назавуць пазней гэты час нямецкія гісторыкі, параўноўваючы яго па бездані падзення толькі з часам нацызму ў Германіі. Рэфармацыя, распачатая ў XVI стагоддзі Марцінам Лютэрам, пры ўсім яе пазітыўным значэнні, прывяла да яшчэ большага расколу і раздрабнення Нямеччыны. У пачатку XVII стагоддзя ў паўднёвых і часткова сярэдніх і паўночных землях узмацняецца хваля Контррэфармацыі, каталіцкая царква адваёўвае свае пазіцыі. Частку княстваў падпарадкоўвае сабе моцны аўстрыйскі імператарскі дом, які карыстаўся падтрымкай каталіцкага Рыма. Другая частка княстваў застаецца вернай лютэранству (усяго ж-у Германіі было каля трохсот княстваў і некалькі дзясяткаў «вольных» гарадоў). Калі ўспыхнула Трыццацігадовая вайна (1618-1648) вайна паміж каталікамі і пратэстантамі, Германія аказалася разарванай на дзве варожыя часткі, і немцы пачалі забіваць немцаў...
Трыццацігадовая вайна цэнтральная і самая жудасная падзея еўрапейскай гісторыі XVII стагоддзя. 3 поўным правам яе можна лічыць калі не першай сусветнай, дык дакладна першай агульнаеўрапейскай вайной, бо ў яе кола так ці інакш былі ўцягнутыя амаль усе еўрапейскія краіны. Сапраўднай яе прычынай было імкненне некаторых краін захаваць і пашырыць сферу свайго ўплыву эканамічнага і палітычнага, і таму, напрыклад, каталіцкая Францыя падтрымлівала пратэстанцкі блок і брала актыўны ўдзел у ваенных дзеяннях на яго баку, забіваючы сваіх братоў па веры. Дый наогул хрысціяне забівалі хрысціян, прыкрываючыся імем Хрыстовым, ад абодвух варожых бакоў аднолькава цярпелі іншавернікі (перш за ўсё яўрэі). Самае прыкрае: рэлігія была толькі падставай для вайны, пустой зачэпкай. Найлепшыя людзі эпохі з горыччу ўсведамлялі, наколькі гэта супярэчыць высокім ідэалам хрысціянства, наколькі ганьбіць чалавека перад Абліччам Божым.
Ініцыятарамі вайны выступілі іспанскія і аўстрыйскія Габсбургі дзве роднасныя дынастыі, якіх падтрымліваў
папскі Рым і якія марылі аб панаванні ў Еўропе і захаванні дамінуючай ролі каталіцкай царквы (невыпадкова ж іспанскі кароль нават называўся «Яго Каталіцкая Вялікасць»). Габсбургі ўзначалілі Каталіцкую лігу і распачалі ваенныя дзеянні супраць Евангелічнай уніі. Вайна пачалася з жудаснай трагедыі чэшскага народа: былі выразаны амаль усе чэшскія пратэстанты (Чэхія Багемія уваходзіла тады ў склад Аўстрыі). Пасля гэтага так званага «чэшскага» перыяду вайны дзеянне «дацкага», «шведскага», «французскага» перыядаў у залежнасці ад таго, якія новыя сілы ўступалі ў вайну, разгортваецца на тэрыторыі Германіі. Немцы апынуліся ў самым жахлівым становішчы: тры дзесяцігоддзі ў краіне панавалі вайна і смерць, вырасла цэлае пакаленне, якое не ведала, што такое мір. 3 вайной па колькасці чалавечых ахвяр спаборнічала чума: з часоў страшэннай чумы XIV стагоддзя Германія не ведала такой колькасці эпідэмій. Больш за ўсё цярпелі і пакутавалі сяляне ад гвалту і рабаўніцтва.
У 1648 годзе быў заключаны доўгачаканы Вестфальскі мір, але Германія амаль не адчула палёгкі такімі вялікімі былі яе страты. У вайне загінулі тры чвэрці яе насельніцтва, а ў некаторых княствах напрыклад, у Вюртэмбергу і Баварыі дзевяць дзясятых. Былі зруйнаваны, спалены многія гарады і вёскі, разбураны старажытныя ўніверсітэты. У многіх адносінах краіна была адкінута на некалькі стагоддзяў назад. Але менавіта ў гэтыя часы Германія дала свету вялікіх людзей: у паэзіі Андрэаса Грыфіуса, у музыцы Генрыха Шуца, заснавальніка нямецкай опернай школы.
Як ні дзіўна, але гэтая эпоха пакут і няшчасцяў нарадзіла вялікую паэзію, якая стала фундаментам нямецкай класічнай традыцыі. Растлумачыць гэта можна толькі процістаяннем чалавечага духу заняпаду і смерці. «Сярод мноства пакут» (М. Опіц) паэты нямецкага барока М. Опіц, П. Флемінг, Ф. Логаў, А. Грыфіус нагадвалі пра неўміручасць духоўнасці, сцвярджалі адказнасць чалавека перад часам
і самім сабой, выкарыстоўвалі ўсе вядомыя ім паэтычныя сродкі для спасціжэння і пераадолення няўмольнай рэчаіснасці. Яны не былі спакойнымі назіральнікамі, яны пакутавалі разам з роднай зямлёй. I часцей вымаўлялі замест «я» «мы». «Wir sind doch nunmehr ganz, ja mehr denn ganz verheeret...» («Мы цяпер цалкам, ды больш чым цалкам, спустошаны... ») так пачынаецца славуты санет А. Грыфіуса «Тгапеп des Vaterlandes. Anno 1636» («Слёзы Айчыны. Anno 1636»). У ім паўстае вобраз змрочнага, крывавага, спыненага часу, калі нават рэкі цякуць запаволена, бо іх завалілі трупамі. «Ужо тры разы па шэсць гадоў мы трываем гэтыя пакуты», пісаў дваццацігадовы паэт, і парцэляцыя (тры разы па шэсць, аказваецца, не тоесная ў паэзіі васямнаццаці) падкрэслівае няспыннасць шаленства і бядоты. «Blut fette Schwert» («Ад крыві тлусты меч») гэтай метафарай-эмблемай паэт перадае ўвесь жах і алагізм рэчаіснасці: не чырвоны, а сыты, тлусты меч страшэнная ненажэрная пачвара, што п’е чалавечую кроў і ёсць чалавечае мяса. Паэзія барока гэта паэзія віртуознай паэтычнай тэхнікі, пры гэтым вытанчаная, адшліфаваная ва ўсіх дэталях форма была ў вачах паэтаў барока сродкам непрыняцця бясформеннай, хаатычнай рэальнасці, сродкам процістаяння ёй.
Невыпадкова галоўным напрамкам у мастацтве Германіі XVII стагоддзя стала барока. Сама крывавая, скатаваная зямля нараджала барока з яго трагічным поглядам на быццё, з яго дуалізмам плоці і духу, з яго супярэчлівым успрыманнем чалавека як маленькай пясчынкі, што згубілася ў бясконцых прасторах светабудовы, і адначасова як волата духу, воля якога заўсёды свабодная, насуперак самым жахлівым і прыніжаючым чалавека абставінам. Неверагодная моц і адначасова неверагодная слабасць, кволасць чалавека усё гэта адлюстравалася ў знакамітай формуле Паскаля: «Чалавек трыснёг, які мысліць» (кволы трыснёг, што асмельваецца пазнаваць таямніцы Сусвету і процістаяць сваёй тленнасці).
Філасофскай базай барока стаў неастаіцызм адроджаная філасофія антычных стоікаў Зянона, Эпіктэта, Сенекі, Марка Аўрэлія. Яна арганічна спалучалася з хрысціянскім светапоглядам і дазваляла разумнаму, духоўна багатаму чалавеку трымацца над крывавымі міжканфесійнымі бойкамі. Неастаіцызм даў мастацкай сістэме барока два асноўныя прынцыпы, якія абумовілі яго светаўспрыманне: прынцып «vanitas mundi» («тленнасць свету», «марнасць быцця») і прынцып «discordia concors» («спалучэнне неспалучальнага», «злучэнне процілегласцей»), Такім чынам, свет паўстае перад вачыма мастака барока зменлівым і поўным кантрастаў. Адсюль вынікаюць такія рысы паэтыкі барока, як незвычайны дынамізм і падкрэсленая антытэтычнасць вобразнай сістэмы: спалучэнне рацыянальнага і ірацыянальнага, натуралізму і містыкі, камічнага і трагічнага, канкрэтнага, амаль што рэчыўнага адлюстравання рэчаіснасці і яе алегарычнага, метафарычнага ўвасаблення. Рэзкая антытэтычнасць барока прамы працяг трагічных антыномій свядомасці і быцця. 3 філасофіяй неастаіцызму звязана і такая важная для барока ідэя пастаянства чалавечай душы насуперак непастаянству свету, неабходнасць духоўнага процістаяння ліху. Невыпадкова настольнай кнігай пісьменнікаў-неастоікаў стаў трактат нідэрландскага філосафа і філолага Юста Ліпсія «De Constantia» («Аб Пастаянстве», 1584), дзе пастаянства разумеецца як маральны фундамент і як духоўная пазіцыя, якая дапамагае чалавеку абараніць сваю душу ад націску і гвалту з боку навакольнага свету. «Сцісніся ўнутр сябе», раіў знакаміты Марк Аўрэлій. Галоўная этычная задача чалавека захоўваць вернасць самому сабе, цэласнасць свайго «я». Пра гэта гаворыць адзін з самых таленавітых паэтаў нямецкага барока Паўль Флемінг у санеце «Да самога сябе», які гучыць як маніфест, як credo чалавека эпохі неастаіцызму. Гэтая ж ідэя будзе кіраваць героем Грымэльсгаўзэна на яго цяжкім шляху пазнання свету.