• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    ці дастатковая мне па даўжыні гэтая магіла», зняў ланцугі разам з каптаном і палез у яму і ўмасціўся ў ёй, як чалавек, хочучы легчы спаць, кажучы: «Ах, Божа вялікі, прымі цяпер душу, якую ты мне даў, Госпадзе, у рукі твае аддаю я свой дух» etc. I з гэтым пяшчотна самкнуў вусны і заплюшчыў вочы; а я стаяў як слуп і не верыў, што яго любасная душа пакінула цела, бо раней я часта бачыў яго ўзрушанага.
    Я чакаў, як ужо сталася звычкай у падобных выпадках, некалькі гадзін каля ямы, у малітве. Калі ж мой дарагі пустэльнік не захацеў уставаць, я спусціўся да яго ў яму і пачаў трэсці, цалаваць і лашчыць; але ў ім ужо больш не было жыцця, ліхая і бязлітасная смерць забрала ў беднага Сімпліцыя яго святога старца. Я акрапіў ці, лепей сказаць, забальзамаваў знежыццёвелае цела сваімі слязьмі. Рвучы на сабе валасы і пляскаючы рукамі, я яшчэ пабегаў вакол з жаласным енкам, а тады ўзяўся, уздыхаючы, за рыдлёўку і пачаў засыпаць яго зямлёю; ледзь толькі прысыпаў яму твар, зноў спусціўся ў магілу, разгроб яго, каб яшчэ раз пабачыць і пацалаваць. I так было цэлы дзень, пакуль закончыў гэтыя funeralia, exequias і ludos gladiatorias', зрабіўусё сам, бо не было ні мараў, ні труны, ні века, ні паходняў, ні насільшчыкаў, ні працэсіі і ніякага кліру, каб як след адпець нябожчыка.
    РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы намысліў пабачыць свепту, але адкідае подумку гэту
    Праз некалькі дзён пасля расцялеснення майго дарагога і любаснага сэрцу пустэльніка я пабываў у памянёнага святара і расказаў яму пра смерць майго пана, папрасіў яго
    1 Пахавальны абрад, заўпакойныя маленні і памінальныя гульні гладыятараў (лац.). Г. зн., пустэльнік быў пахаваны як «паганец», без хрысціянскіх абрадаў.
    заадно параіць, як мне паводзіцца пры такіх вось акалічнасцях. Нягледзячы на тое, што ён моцна адгаворваў мяне далей заставацца ў лесе і маляўніча апісаў небяспекі, якія атачалі мяне, я цвёрда вырашыў ісці слядамі майго папярэдніка усё лета рабіць тое, што павінен рабіць пабожны мнішак. Але як яно заўсёды з часам усё мяняецца, так спакваля суцішылася і мая журба па пустэльніку, якая тачыла мне сэрца, а даволі моцны зімовы холад астудзіў унутраны пал майго цвёрдага намеру. Чым больш я вагаўся, тым меней руплівіўся ў малітвах, і, замест каб сузіраць нябесны промысел Госпада Бога, я распаліў у сабе прагу паглядзець свету; і як што я такім чынам не бачыў разумнай карысці, як мне спасобіцца на добрае ў цёмным лесе, намысліў я зноў пайсці да святара, паслухаць, а ці не нараіць ён мне пакінуць лес. 3 гэтай подумкай я і рушыў да яго сяла; але як толькі выйшаў з лесу, бачу гарыць яно, сяло, ясным гарам, полымем шугае, шуруе-буруе і ў трубу коціць там толькі што разгавелася банда райтараў, усё зруйнавала, патаптала-здрасавала, адных сялян павыбівала, другіх паразганяла, а каторых пахапала ў палон, сярод іх і самога святара. Ах, божачкі, якое ж ты злашчаснае і ліхое, жыццё чалавечае! Толькі-толькі пазбыліся аднаго няшчасця, аж шусь! маеш другое. He дзіва, што язычніцкі філосаф Цімон з Афінаў панастаўляў шыбеніц, каб людзі зашморгваліся самі, каб маглі, так бы мовіць, танным коштам і нядоўгай мукай пакласці крэс свайму гаротнаму жыццю. Райтары былі ўжо на адыходзе і ўжо вялі святара, як беднага грэшніка, на шворцы. Некаторыя крычалі: «Прыстрэліць гада!», а другія спадзяваліся ад яго выкупу. А той узводзіў рукі да сіняга неба і імем Страшнага Суду прасіў-благаў літасці і хрысціянскага мілажалю; які там вам жаль, што вы, мой пане! адзін райтар збіў яго канём з ног, уваліў па галаве; падаючы, ён выцягнуўся на ўсе чатыры і ацалі Божа яго нявінную душу! Другім яшчэ пазасталым сялянам абышлося не лепей.
    I вось бачачы, што гэтыя райтары ў сваёй тыранічнай жорсткасці зусім пашалелі, другая кодла ўзброеных сялян сыпанула з лесу, от як бы хто разварушыў асінае гняздо. I як не закрычаць, як не заягляць, як не наробяць галасу, гвалту і страляніны у мяне аж валасы дыбарам усталі, я зроду не бачыў такога фэсту, бо шпэсэрцкія і фогельсбергскія халопы гэтак сама не дадуцца на дурніцу, як і смердзь гесэнская, заўэрландская і шварцвальдская. Тут райтары лататы! Кінуўшы не толькі захопленае быдла і свае манаткі падхапіць не паспеўшы, усе клункі-шмарункі і дай бог ногі! каб самім не дастацца трафеем у мужыцкія лапы; але ўсё-такі некаторыя дасталіся! вой, не дай бог зведаць іх горкае долі!
    Гэтая прыгода крыху падцяла маю ахвоту пакідаць пустэльню і выпраўляцца ў белы свет, бо я падумаў сабе, а што, калі і ў свеце ўсё так броіцца, дык лепей ужо мая нетра. Але ўсё ж хацелася пачуць, што скажа на тое святар. А той ад ран і пабояў ужо ледзьве клеваў, аслаб, зусім знясілеў, але ўсё-такі сказаў, што ні памагчы мне, ні параіць нічога людскага не можа, бо, вось бачыш, сам у такім стане, што ўжо хоць ты з кіем старцом ідзі, пры дарозе прасі кавалак хлеба надзённага, а калі я і далей заставацьмуся ў лесе, дык каб не спадзяваўся на ягоную, святаровую, дапамогу і суцяшэнне, бо, вось сам падзівіся на чыстыя вочы свае, усё дымам-попелам пайшло. I я зажураны пайшоў у лес дахаты, і як што з гэтай вылазкі ў людзі вярнуўся мала суцешаны, а больш сам у сабе намыслены, дык пастанавіў сабе ніколі не пакідаць нетру, а прысвяціць сваё жыццё, як і мой пустэльнік, сузіранню Божага промыслу; тым часам я не забыўся яшчэ падумаць, што як бы гэта абысціся без солі, якое мне раней фундаваў святар, як бы гэта жыць наадасобку ад усіх людзей і не патыкацца да іх.
    РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы расказвае, якія кашмары ўчынілі сялянам ліхія райтары
    Каб спраўдзіць гэтую маю пастанову і стацца сапраўдным лясным анахарэтам, я ўсцягнуў на сябе пакінутую пустэльнікам кашулю-вярэту і падперазаўся ягоным ланцугом, і не таму, што была патрэба ў знемажэнні маёй разбуялай плоці, а каб прыпадобніцца да папярэдніка як у жыцці, так і ў адзенні; а і не толькі, а каб неяк ахараніцца гэтымі святымі шатамі ад суровай зімовай сцюжы.
    Другога дня пасля таго, як была сплюндрана і спалена святаровая вёска, акурат я сядзеў у сваёй халабудзіне і пад малітву пёк сабе на пасілак жоўтую рэпу, абчапілі мяне нешта з сорак-пяцьдзясят мушкецёраў; яны, хоць і дужа здзівіліся з нязвыкласці маёй асобы, усё-такі прашуравалі ўвесь мой будан, прамацалі ўсё чыста-начыста, чаго толькі шукаючы; а як што апрача кніг нічога не было, дык і іх параскідалі, бо навошта ім тыя кнігі. Нарэшце, разгледзеўшы мяне як след і зразумеўшы па маім пер’і, якога палёту птаха яны ўпалявалі, мушкецёры лёгка прыйшлі да высновы, што спадзявацца на добры луп тут не выпадае аніяк. Яны падзівавалі з майго суровага пустэльніцтва і ўмілажаліліся з маёй пяшчотнай маладосці, асабліва афіцэр, які імі камандаваў; ён абышоўся са мною дужа пачціва і ласкава і папрасіў мяне паказаць яму і ягоным людзям дарогу з лесу, у якім яны заблудзіліся і ўжо доўга швэндаліся як упоцемках. Я зусім не ўпіраўся, а, каб хутчэй пазбыцца непрыязных гасцей, павёў бліжэйшай дарогай да вёскі, у якой мой дарагі святар быў так блага патрактаваны, тым болей, што ніякай іншай дарогі я і не ведаў. Але як толькі мы выйшлі з лесу, тут і нахапіліся на сялян, нешта чалавек з дзесяць, частка якіх была азброена стрэльбамі-ручніцамі, а астатнія, бяззбройныя, корпаліся ў зямлі, нешта заграбаючы. Мушкецёры з ходу шухнулі на іх, закрычалі: «Стой!
    Стой!» але тыя не стаялі, а адказалі стрэламі. Убачыўшы, што жаўнераў куды больш, чым іх, яны сыпанулі хто куды, так што стомленыя мушкецёры не ўгналіся за імі і не злавілі ніводнага. Затое ім закарцела даведацца, што гэта там тое халоп’е закапала. Гэта далося спарней, чым пагоня, бо сяляне пакідалі матыкі і рыдлёўкі, якімі працавалі. Але толькі капнулі раз, другі, як пачулі голас з-пад зямлі: «О сабакі! О пацяробкі! О праклятыя здзіры! Думаеце, неба пакіне без адплаты вашу нехрысціянскую ссучанасць і гнюсоту? Аж не, ёсць яшчэ спраўныя хлопцы на зямлі, яны пакараюць вас за нялюдскасць вашу, і зышчацца вам. I спагоніцца з вас, і заісціцца праўда мая, і ніхто з вашых памагатых не падліжа вам сракі». Жаўнеры пераглянуліся, не ведаючы, што тут рабіць. Адны падумалі здань, а я падумаў, што мне прыснілася. А афіцэр загадаў адважна капаць далей. Дакапаліся да бочкі, прабілі века, а там хлопец, без носа, без вушэй, але ўсё яшчэ жывы. Як толькі ён крыху ачуняў і пазнаў некаторых сваіх, ён расказаў, што зрабілі сяляне ўчора, калі некаторыя з яго атрада былі на рэквізіцыі, шасцёра з іх дасталіся ў палон, пяцёх з іх, паставіўшы ў рад, праз гадзіну застрэлілі, а шостага апошняга, яго, куля не дастала, бо папярэдне прашыла пяць галоў і патыліц, а на ім страціла сілу, дык яму проста абцялі нос і вушы, але перад тым яшчэ прымусілі, каб ён тым, пяцём (s. v.1), вылізаў сракі. Пасля таго як гэтыя без Бога і сумлення ў сэрцы прахвосты так ганебна яго спагардзілі і збэсцілі, ён, як што яны хацелі пасля лізання адпусціць яго жывога, пачаў гаварыць на іх розныя непатрэбныя брыдкія словы, якія толькі мог выдумаць і згадаць, называў іх самымі паскуднымі мянушкамі, спадзеючыся, што каторы з іх у гневе не пашкадуе яму кулі ў лоб. Але марна, як толькі давёў іх да шалу, тыя запакавалі яго ў гэтую вось барылу і закапалі жыўцом, кажучы: калі ўжо так палка прагнеш смерці, дык не ж, з усёй нашай
    1 s.v. (salva venia) даруйце, што так кажу (лац.).
    ласкай не можам у тым дагадзіць, жыві і гадуйся сабе на здароўе!
    Пакуль ён бедаваў з перажытай плягі, ішла тым часам лесам другая шобла пешых ваякаў; яны якраз і перанялі ўцекачоў-сялян, пяцёх схапілі, астатніх пастралялі. Сярод палонных чацвёра былі з тых, што нядаўна так нягожа абышліся з райтарам-рэквізітарам. Калі цяпер абедзве грамады апыталіся і пазналіся, што ўсе яны свае, яны сышліся разам і разам паслухалі ад самога райтара, што сталася з ім і яго таварышамі. Трэба было бачыць і чуць, як узяліся за тых сялян. Адны хацелі ў парыве першай лютасці прыстрэліць іх на месцы, другія сказалі: «Не, гэтых птахаў трэба спачатку як след абскубсці і ўваліць ім таго, чаго яны запазычыліся на гэтым райтары». А тым часам ім ужо і без таго ўвалілі мушкетамі ў рэбры, тыя аж крывёю харкалі. Тут наперад выступіў адзін жаўнер і сказаў: «Панове, паколькі яно ёсць ганьбаю ўсяму нашаму ваяцтву, што гэтага прахвоста (і паказвае на бязносага) пяцёра халопаў так жудасна патралявалі, дык справядліва будзе сцерці пляму ганьбы, і хай гэтыя вышчаркі выліжуць райтару стакроць». А яшчэ адзін сказаў: «Гэты бузук не варты такога гонару; калі б ён не быў такі баўтрук і воўнянка, ён не даўся б на пацеху ўсім на такую ганебную справу, а лепей тысячу разоў памёр». Нарэшце ўсім гамузам пастанавілі, што кожны селянін мусіць справіць абрад ачышчэння ад ганьбы на дзесяці жаўнерах і пры кожным разе мае сказаць: «Гэтым самым я пагашаю і сціраю ганьбу, учыненую ўсяму жаўнерству праз тое, што адзін ваш прыдурак вылізаў нам сраку». А толькі ўжо потым яны вырашаць канчаткова, што ім рабіць з сялянамі, калі тыя выканаюць ачышчальны абрад. I з гэтым прыступілі; але сяляне былі такія цвердалобыя, рогам уперліся, што ані на просьбу, ані на грозьбу, ні на абяцанку, што іх паадпускаюць жывых, ні на сякія-такія прынукі не паддаліся. Адзін жаўнер адвёў пятага селяніна, які зацяўся і не хацеў лізаць, крыху ўбок і сказаў яму: «Калі ты зрачэшся Бога