Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
1 Далей (лац.).
2 Больш правільна: Фурнут (або: Карнут) рымскі філосаф-стоік (I СТ. Н. 3.).
3 Ваяўнічыя норавам жрацы Марса (лац.).
каваныя і неспанатраныя спярша ў паляўніцтве, мысліўстве, якраз такімі павінны быць і тыя, хто мае стаць на чале войска, навучаныя наперад і загадзя ў ціхім і прыемным пастухоўскім пакліканні. Усё гэта мой татусь выдатна разумеў і ведаў, бо меў кемлівы і хітры capitolium1 і, значыцца, глуздаваў глыбакамысна, калі аж да сённяга дае мне немалыя надзеі на будучую бліскучую славу.
Але тым часам вернемся да маіх бараноў; ведайце, што ў ваўках я быў гэтак сама малаабазнаны, як і ў самім сабе; таму мой татусь даставаў мяне сваімі інструкцыямі. Ён казаў: «Еж, еж, баржджэй акладайся, не давай, каб авечкі разбягаліся, дудзі больш, дудзі, палохай воўка, каб не нахапіўся тою парою, бо шкоды будзе, шкоды, гэта ж зараза, такі ненаяда і злодзей, людзей рэжа, скаціну рэжа, каб яму ў чэраве рэзала, глядзі, а не дагледзіш, самому мікіткі загну». Я адказваў з такою самай мілатою: «Та-ат, а скажы мне, хто бачыў воўка, я яшчэ воўка не бачыў». «Галава ты асловая, адказвае ён, наелася абы-чаго і чаўпе абы-што, дзіву даюся, што з цябе вырасце, калі ўжо зараз такая доўбня, а ўсё не ведае, які ён прайдоха, гэты воўк». Ён даваў мне торбу розных мудрых настаўленняў, потым астываў, крыху пабурчаўшы, выходзіў, мабыць, думаючы, што мой тугі і неабструганы, нават ягонымі парадамі не падгабляваны глузд не спраможа ўцяміць яго далікатных падналусак, не кажучы, каб ужо ўздольніцца на нешта разумнае.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Сімпліцы адважна дудзіць на дудзе, аж бач салдатня ўжо ідзе
I пачаў я тады са сваёю дудою, і нарабіў такога гвалту, што куды там тым жабам-каропаўкам у гародзе, а ўсё каб у поўную досыць убяспечыцца ад ваўка, які ніяк не выхо-
1 Гульня словаў: пац. caput (галава) і Capitolium (Капітолій).
дзіў мне з галавы; і часам яшчэ ўспамінаў мамцю (так звалі яе ў Шпэсэрце і Фогельсбергу1), як яна часта казала, што баіцца, каб ад маіх спеваў усе куры не павыздыхалі, і што такім разам лепей бы мне ўжо пяяць супроць ваўкоў, каб дадаць моцы лекам (remedium), а менавіта ж бо такую песню, якое я навучыўся ад мамці:
О пагарджанае сяло, 3 цябе ўсё добрае пайшло; Табе і слава, і хвала, Мы, як без мамці, без сяла.
Як нешчаслівілася б нам, Калі б не меў зямлі Адам? 3 таго, хто свой капаў гарод, Павёўся і шляхецкі род. Прайшло праз клопаты твае Усё, што поле нам дае, Усё, чым корміцца зямля, 3 твайго здабыта мазаля.
I караля, што даў нам Бог, Каб нас ад ліха убярог, I афіцэраў, і салдат, Што часам чыняць збой і гвалт.
Даеш нам мяса і віно, Даеш на цела палатно, Каб хлеб радзіў, арэ твой плуг, Каб быдла ела, косіш луг. Мы ўсе здзічэлыя жылі б Без сельскіх хатак і сяліб, Журботна жыць усім было б, Калі б не сельскі наш халоп.
Таму праславіцца няхай, Хто поіць-корміць цэлы край.
1 Мясціна непадалёк ад Шпэсэрта; у той час славілася як жытніца.
Прырода будзе хай з табой, I Бог адорыць мілатой, Калі мужык зямлю арэ, Яго й хвароба не бярэ, А толькі тых багатыроў Паноў дваран і іх сяброў.
Без пыхі ты, не цвеліш нас У цяжкі, у галодны час. Жыві без пыхі, хай Гасподзь Цябе адорыць устакроць.
А слава горняя салдат Адно мацуе твой пасад. He пераймайся лішне ты За страту бэбахаў пустых.
Якраз толькі дагэтуль дайшоў я ў сваёй мілагучнай песні, калі раптам умомант, як сплюснуць вокам, мяне разам з усёй чарадой авечак абчапіў цэлы атрад кірасіраў, якія заблудзіліся ў лесе і тут высыпалі на гладкую дарогу на маю музыку і пастушыныя крыкі.
«Хо-хо, падумаў я, вось табе і маеш, вось табе тыя чатырногія прайдохі і зладзюгі, пра якіх казаў татусь», а ўбачыў я спачатку коней і людзей, як, мабыць, колісь амерыканцы іспанскую кавалерыю, як адно нейкае стварэнне, і не мог не падумаць, што гэта яны і ёсць, ваўкі, і што я павінен, як сабака, скокнуць на гэтага страшнага кентаўра і нагнаць страху. Але не паспеў я зладзіць сваю дуду для наступу, як адзін з іх падхапіў мяне пад крылы і так порстка шматануў на неасядланага сялянскага каня, якога яны, мусіць, таксама недзе прыўлашчылі за трафей, што я пераляцеў цераз каняку і гупнуўся з другога боку якраз на сваю дуду, якая толькі жаласна застагнала і заенчыла, бедная, нібы хацела ўвесь свет заклікаць да мілажалю, але нічога не дапамагло, бо яна не зберагла апошняга ўздыху, каб аплакаць маю нядолю: мяне зноў узвалаклі на каня, Бог ведае пад якія песні і словы дуды.
Але што найбольш замаркоціла, дык гэта што райтары не далі мне яе падняць, і, мабыць, менавіта таму яна жаласна заяўкала. I вось мая кабыла са мною запусцілася ў рысь, як primum mobile', аж на татусеў двор. Дзівосныя крозы і тарабарскія вычуды мроіліся ў маіх мазгах; я ўявіў сабе, што калі ўжо я сяджу на такой жывёліне, якое зроду ў вочы не бачыў, дык я ж таксама пераметамарфузуюся ў такога жалезнага хлопца, а тыя, што везлі мяне, былі якраз у жалезе. Але як што такога ператварэння не адбылося, іншыя мроі стлуміліся ў маёй дурной галаве; я падумаў, што гэтыя чужыя жалязоўцы маюць наўме памагчы мне загнаць авечкі дахаты, бо вунь жа, возьмем пад увагу, аніводзін з іх аніводную яшчэ не задраў, і ўсе яны дружненька трухаюць нацянькі да татусевага двара. Таму я пачаў разглядацца, а ўжо ж ці не згледжу татуся і мамцю, як гэта яны выйдуць насустрач і запросяць усіх у хату у харомы, госцейкі, у харомы! Але дарма: ні яго, ні мамці з Урсулай, татусевай адзінай і любай дачушкай, у парозе не было; ні з хлеб-соллю, ні паражняком гасцей мілых не страчалі.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцыю рэзідэнцыю спапялілі, салдацкі разбой не запынілі
Хай я і не дужа ахвочы ўводзіць міралюбнага чытача з тымі легкадумнымі райтарамі на татусеў двор і ў дом, бо вой было б там, вой было б, але ж гісторыя мая вымагае, каб я пакінуў дарагому нашчадству дакумант пра тое, якія агідныя і нечуваныя жорсткасці чыніліся ў гэтай нашай нямецкай вайне, прынамсі, засведчыць маім уласным прыкладам, што ўсё такое ліха часта проста дзеля патрэбы наканавалася ад дабрыні Усявышняга якраз нам на карысць. Бо, дарагі
1 Тут: першапачатковы рух (лац.).
чытач, хто сказаў бы мне, што на небе ёсць Бог, калі б ніякія ваяры не сплюндрылі татусеў дом і праз гэтакую прыгоду не выпхнулі мяне ў людзі, якіх я ўведаў як мае быць? Да гэтага ж я не мог ведаць, не мог і ўявіць сабе, што мой татусь, мамця, Урсула, як і ўся астатняя чэлядзь, зусім не адныя былі на зямлі, бо я ж не бачыў ніводнага чужога чалавека, ніводнага дома, апрача раней апісанай шляхецкай татусевай рэзідэнцыі, у якой я сноўдаўся дзень у дзень.
Але неўзабаве я даведаўся, адкуль бяруцца людзі на зямлі і што яны не маюць сталага жытла, а часта ж, як толькі прыдбаюць якое, тут жа і мусяць выбірацца. Я быў толькі кшталтам чалавек і толькі імем дзіця Хрыстовае, а ва ўсім астатнім чыстая жывёліна! Але Навышні глядзеў на маю нявіннасць мілажальнымі вачыма і хацеў прывесці мяне да пазнання і яго і сябе самога. I хоць ён меў тысячы розных шляхоў да такое мэты, але ён несумненна хацеў паслужыцца толькі гэтым, на якім мае татусь і мамця дзеля навукі іншым людзям панеслі кару за маё пахібнае выхаванне.
Першае, што зрабілі гэтыя райтары ў пачэрненых татусевых харомах, гэта яны ўстойлілі свае коні, потым кожны заняўся нечым сваім, і кожнае гэтае «сваё» мела вынікам чыстае знішчэнне і псоту. Бо калі некаторыя ўзяліся за мяса, пачалі гатаваць і смажыць, нібыта меліся зладзіць гасціну, дык іншыя, наадварот, абшнарылі дом знізу даверху; нават пакойчык царскага інтыму перавярнулі дагары нагамі, нібыта там было схавана залатое руно Калхіды. Другія пакавалі вялізны хатуль з хустак, адзення і ўсякіх іншых хатніх трантаў, нібыта хацелі зладзіць нейкі старызніцкі рынак; а чаго не думалі прыхапіць з сабою, пабілі, падралі і нагамі здрасавалі; а тыя пратыкалі шпагамі сена і салому, нібыта ім было мала авечак і свіней, якіх пакалолі яшчэ раней; а тыя вытрасалі пер’е з падушак і, наадварот жа, запіхвалі ў насыпкі сала, вяленае мяса і ўсялякае там іншае, нібыта ўжо на такіх падушках ім спацьмецца ямчэй і мякчэй; а тыя зноў жа расхлябеньвалі печы і білі вокны,
быццам хацелі напусціць у хату вечнага лета; медны і цынкавы посуд спляскалі і спакавалі пагнутыя, пакручаныя кавалкі ў мех; ложкі, крэслы і ўслоны папалілі, хоць на дварэ было да халеры сухіх дроў, цурбакоў і калодак; горшчыкі, міскі напалам, нібыта ім смачней есцімецца смажанае з голай патэльні, або, можа, мерыліся толькі адзін раз паабедаць.
Нашу служанку ў канюшні патрактавалі такім чынам, што яна адтуль выйсці сама не магла, ганьба й казаць вам пра гэта! Слугу звязалі і паклалі на зямлю, усадзілі яму ў горла распорку і ўдулі ў каўдун цэлую дайніцу смярдзючай жыжы з хлява; гэта яны называлі «швэдзкім напоем», але відно было, што пітво яму не ўсмакавала, а, наадварот, нават спрычыніла дужа дзіўныя грымасы на твары; гэтым самым яны яго падбадзёрылі, каб ён завёў іх на іншыя хутары, адкуль потым сагналі да нас людзей і быдла, сярод іх былі і мае татусь, мамця і наша Урсула.
I пачалося: паздымалі з пістоляў крэмені і замест іх давай накручваць мужыкам пальцы і тых гаротнікаў мучыць, нібыта збіраліся паліць ведзьмаў; аднаго прыгнанага мужыка засунулі галавою ў печ і запалілі пад ім, нягледзячы на тое, што ён так і не ведаў, пра што ў яго дапытваліся. А другому зашмаргнулі на шыі вяроўку і круцілі яе палкай, аж у таго кроў палілася з рота, носа і вушэй. In summa, у кожнага з іх была свая метода мучыць сялян, і, значыцца, кожны селянін меў свайго адмысловага ката. Толькі майму татусю, як на мой тадыташні розум, пашанцавала найбольш, бо ён, смеючыся, сказаў тое, што іншыя мусілі сказаць са слязьмі і жаласнымі стогнамі, і гэтакі гонар яму выпаў несумненна за тое, што ён быў гаспадар дома; яго пасадзілі да агню, звязалі так, што ён не мог варухнуць ні рукой, ні нагой, і нашмаравалі ступакі намочанай соллю і далі нашай старой казе, каб лізала, што, вядома ж, моцна казытала, і татусь ледзь бакі не парваў ад рогату. Гэта было так пацешна і весела, а я ніколі ў жыцці не чуў і не бачыў такога заліві-
стага смеху, што я, ці тое за кампанію, ці тое з чаго яшчэ, ад усяго шчырага сэрца парагатаў таксама. У гэтым агульным рогаце ён прызнаўся ў сваёй віне і адкрыў схаваны скарб з золата, перлаў і кляйнодаў, куды багацейшы, чым можна было знайсці ў іншых сялян. Пра паланянак жанчын, служанаку і дачок я мала чаго магу сказаць цікавага, бо ваякі не пусцілі мяне паглядзець, што там яны з імі вычваралі. Я толькі памятаю, што то стуль, то стуль з куткоў чуліся жаласныя крыкі і енкі; думаю, маёй мамці і Урсуле дасталося не меней, чым астатнім. Якраз бо сярод гэтага вэрхалу я займаўся смажанінай і не дужа меў клопату, што там і як, бо, зрэшты, яшчэ і не разумеў нічога як след. Я дапамагаў паполудні паіць коні і праз гэта трапіў на канюшню да нашай служанкі, выглядала яна як кара божая, уся такая растрапаная, неахайная. Я нават не пазнаў яе; але яна загаварыла да мяне балячым голасам: «Вой, дзіцятка, уцякай, бо забяруць райтары; глядзі ж, уцякай, ты ж бачыш, што яны вырабляюць». Больш нічога сказаць не магла.