• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
    Сімпліцы ў лес дае лататы, а ў лесе палохаецца цемнаты
    I я пачаў глядзець і прыглядацца да таго няшчасця, якое звалілася проста на вачах, пачаў прымяркоўвацца, як бы гэта спрытней выкаўзнуцца і ўцячы. Але куды? He на мой дзіцячы розум было прыдумаць нешта людскае; але ўсётакі падвечар удалося выхапіцца ў лес, я нават не забыўся ў гэтай дзікай калатэчы прыхапіць сваю дуду. Але куды цяпер, куды далей, калі ўлічыць, што лес і лясныя сцежкі я ведаў гэтак сама добра, як дарогу па Лядовым моры ад Новае Зямлі да Кітая? Непраглядная цёмная ноч акрыла мяне, яна не была дастаткова цёмная, таму я зашыўся ў густы хмызняк, адкуль добра чуў крыкі і лямант сялян, але і песні
    салаўёў, якія зусім не лічылі сялян (а сяго-таго з іх называлі: «Гэта птах, скажу я вам!») вартымі спагады, каб хоць з увагі на яго пакуты, спыніць свае мілыя спевы; я таксама без лішніх згрызотаў прыкархнуў на вуха і заснуў. Калі ж на ўсходзе зайграла ранішняя зорка Мілавіца, я ўбачыў татусеў двор шугаў у чыстае неба, але ніхто не ляцеў тушыць яго. Я выправіўся туды, спадзеючыся сустрэць кагонебудзь ад татуся, але мяне змецілі адразу пяцёра райтараў і закрычалі: «Гэй, малы, гайда сюды, a то, трасца табе ў бок, як бабахну, аж тэльбухі горлам палезуць». А я, наадварот, аслупянеў, разявіў рот, не ведаючы, якое ж такое трасцы хацеў даць, на што замерваўся райтар, і пакуль я так глядзеў, як баран на пусты цэбар, а тыя не маглі далезці да мяне па гразкім балоце, іх бы яно засмактала, адзін з іх наставіў на мяне сваю стрэльбу-ручніцу, злажыўся ад нечаканага агню і неспадзяванага бабаху, шматкроць жахліва паўторанага рэхам, я так спалохаўся, бо ж нічога такога я зроду не чуў і не бачыў, што тут жа і хляпнуўся вобзем, рукі і ногі выцягнуўшы на чатыры бакі, ад перапуду я не варухнуўся ані жылачкай, і як што райтары пашыбавалі сваёй дарогай, несумненна палічыўшы мяне за нежывога, я цалюткі той дзень не чуў сэрца ў сабе, ні каб падняцца, ні каб хоць трошкі разгледзецца па баках. Калі ж мяне зноў агарнула ноч, я ўстаў і павалокся далей у лес, аж пакуль не ўбачыў здалёк нейкае гнілое дрэва, якога спалохаўся яшчэ больш, і вось такім чынам, гнаны ад адной старадрэвіны да другой, я прабавіў усю ноч. Мне памог, дзякаваць Богу, ясны дзень, які наказаў дрэвам даць мне святога спакою нарэшце; але і гэта яшчэ не дапамагло, бо сэрца заходзілася ад страху і жуды, сцёгны круціла ад зморы, пусты жывот падвяло ад голаду і смагі, у галаве круціліся ўсялякія дурныя відзежы і ўявы, а вочы зліпаліся так хацелася спаць. Я пайшоў далей, сам не ведаючы куды. I чым глыбей заходзіў, тым далей адбіваўся ад людзей. Тады я першы раз адчуў, праўда, зусім непрыкметна, вынікі свайго невуцтва і неабазнанасці;
    на маім месцы любая неразумная жывёліна лепш за мяне ўцяміла б, што ёй рабіць дзеля свайго ратунку. Але ўжо і тады я быў такі рызыкант, што калі ноч зноў заспела мяне ў лесе, я залез у вялікае дупло, ясна, з маёй даражэнькай дудою, і цвёрда рашыў заначаваць там.
    РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
    Сімпліцы чуе пабожную казань, бачыць пустэльніка і млее адразу
    Ледзь толькі я зладзіўся спаць, як чую голас: «О вялікая любоў да нас, няўдзячных! Ах, мая адзіная ўцеха, маё спадзяванне, багацце маё, Божа мой!» і яшчэ шмат чаго такога, чаго ні запомніць, ні зразумець я не змог. Гэтыя словы павінны былі падбадзёрыць, суцешыць і ўзвесяліць хрысціянскую душу ў нягодзе, а такі быў якраз я са сваёю душою. Але, о душа мая простая, о цемра мая! Тут вакол былі толькі непралазныя нетры і зусім незразумелая мова, з якое я не мог уцяміць нічога, яна была такая дзіўная, аж мяне жахнула. Але яшчэ раней я чуў, што таму, хто на ёй гаварыў, яна спатольвала голад і смагу; а мой амаль зусім нясцерпны голад і ад доўгага няеддзя зусім сперазаны жывот падказвалі мне набіцца на госці; і вось я набраўся рызыкі, вылез з майго дупла і наблізіўся да пачутага голасу. I тады я ўгледзеў высокага чалавека ў доўгіх чорна-сівых валасах, якія досыць скаўтунена спадалі яму на плечы. На ім была дзікая барада, амаль як швейцарскі сыр; твар у чалавека хоць і быў бледна-жоўты і худы, але ж і даволі прыязны, а яго доўгі каптан залатаны, можа, ці не тысячай латак з самай рознай тканіны, адна па адной; на шыі і вакол цела вісеў цяжкі жалезны ланцуг, як у святога Вільгельма1, і, як на мае вочы, глядзеўся так брыдка і страшна, што я задрыжаў, як мокры сабака.
    1 Вядомы з XII ст.; здзейсніў пілігрымкі ў Рым і Палестыну.
    А што яшчэ больш нагнала страху, дык гэта крыж, прыкладна ў шэсць футаў удоўжкі, які вісеў на грудзях, і як што я чалавека не ведаў, дык і не мог падумаць нічога іншага, як што толькі гэты стары як рыхтык і ёсць той самы воўк, пра якога мне нядаўна баяў татусь. Ад такога страхоцця я адразу схапіўся за дуду, з якою, маім адзіным, самым пэўным і каштоўным скарбам, я ўратаваўся ад райтараў; я надзьмуў мех, задудзеў, каб хутчэй прагнаць гэтага жудаснага воўка; з маёй незвычайнай музыкі ды ў такім незвычайным дзікім месцы пустэльнік спачатку не менш дзіву даўся, мусіць, лічачы, што тут выхапілася нячыстая сіла, каб, як і Вялікага Антонія1, спакусіць, уціснуць і запамрочыць яму розум.
    Але як толькі ён крыху ачуняў ад здзіўлення, тут і пачаў пакепваць з мяне, спакусніка з дупла, куды я зноў рэтыраваўся, убачыўшы, што ён ужо супакоіўся і рушыў да мяне, каб пасароміць як супастата роду чалавечага. «Эй ты, сказаў ён, ты, хлопча, слабенькі, як... святы без Божага дабраславення», etc. Больш я нічога не разабраў, бо як толькі ён пайшоў да мяне, тут такая жудасць мяне апантала, такі страх забраў, што ў галаве ўсё закруцілася, замітусілася, і я самлеў.
    РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
    Сімпліцы дасыта наеўся і напіўся, дзіўна, што пустэльнік сам запусціўся
    Якім чынам я зноў ачуўся і прыйшоў да памяці, забіце, а не памятаю, адно скажу, што стары выкалупаў мяне з дупла, узяў на калені і расшпіліў мне курту. Як толькі я ачуняў як след і ўбачыў пустэльніка, я закрычаў так страшна, быццам ён вось-вось возьме і выме мне сэрца з грудзей. Але ён сказаў: «Сыне мой, суйміся, я не зраблю табе нічога благо-
    1 Пілігрым, памёр у Егіпце ў 356 г.
    га, супакойся», etc. Але чым больш ён мяне суцяшаў і лагодзіў, тым мацней я раздзіраўся: «Вой, ты з’ясі мяне! Вой, ты з’ясі мяне! Ты воўк, ты хочаш мяне з’есці!» «Ай, ды не ж, сыне, сказаў той, супакойся, я цябе не з’ем». Гэтая калатня і лямант цягнуліся доўга, пакуль я не даўся ўгаварыць сябе пайсці ў ягоны буданчык; там за гаспадыню была галеча, за кухара голад, за кухмайстра нястача. Там жывот мой быў улагоджаны гароднінай і вадою, а сумбурныя думкі і настрой зноў даведзены да ладу суцяшальнай прыязнасцю старога. Я крыху схітраваў, даўшыся ашукаць сябе спакусаю салодкага сну, пераклаўшы сваю віну на прыроду. Пустэльнік заўважыў маю заклапочанасць і дазволіў мне застацца аднаму ў будане, а там адзін толькі я і мог змясціцца. Недзе пад поўнач я прачнуўся і пачуў, як ён спявае песню, якую пазней ахвотна запомніў і я сам.
    Уцеха ночы салавей,
    Зайграй песеньку, запей, Твая нас лашчыць погудзь;.. Хвалі Тварца, ўначы хвалі ж, Бо птушкі спяць, а Ты не спіш, Яны пець больш не могуць.
    Галасок твой
    Хай ліецца, грэе сэрца;
    Толькі ты ж ім
    Можаш славіць Бога ў вышніх.
    Апошні промнік дня пагас, I цемра ахінула нас, Але спяваць усё ж мы можам;.. Пра веліч Бога й мілату I за святло праз цемнату Хвалу Яму памножым.
    Галасок твой
    Хай ліецца, грэе сэрца;
    Толькі ты ж ім
    Можаш славіць Бога ў вышніх.
    I нават рэха з лесу, з гор, Улітае ў дзівосны хор, Пачуцца захацела;.. Здымае чары стомы з нас, 3 якою носімся ўвесь час, I гоніць сон ад цела.
    Галасок твой
    Хай ліецца, грэе сэрца; Толькі ты ж ім
    Можаш славіць Бога ў вышніх.
    I высеў зорак угары 3 цямна да ранішняй зары I славіць і вітае;..
    Сава, хоць голас у яе Да дна душы не дастае, А вось кугіча й тая.
    Галасок твой
    Хай ліецца, грэе сэрца; Толькі ты ж ім
    Можаш славіць Бога ў вышніх. Люці ж сюды, птах баравы, Уславім разам Бога мы, He будзем ленавацца;.. Пакуль лясную глухамень He збудзіць сонечны прамень Да буднай дзённай працы.
    Галасок твой
    Хай ліецца, грэе сэрца; Толькі ты ж ім
    Можаш славіць Бога ў вышніх.
    Пасля гэтага спеву я нават быў падумаў, ці не салавей гэта разам з савою і рэхам завяліся ў адзін голас, а калі б я калі-небудзь чуў песню ранішняй зары і паспрабаваў падладзіцца пад яе са сваёю дудою, я выпаўз бы са свайго будана і датачыў бы свой грош, вось мілая гармонія выйшла
    б; але я зноў заснуў і прачнуўся, калі ўжо добра развіднела, а пустэльнік стаяў перад мною і казаў: «Уставай, дзіця, я дам табе есці і пакажу дарогу цераз лес да людзей, каб ты паспеў да ночы ў бліжэйшую вёску». Я спытаўся ў яго: «А што гэта такое людзі, вёска?» Ён сказаў: «Хіба ты ні разу не быў у вёсцы і не ведаеш, што такое людзі ці чалавекі?» «Не, сказаў я, нідзе, апроч як тут, я яшчэ не быў; але скажы мне, што такое людзі, чалавекі і вёска?» «Божа ты мой! адказаў пустэльнік. Ты што, дурны ці аж такі хітры?» «Не, сказаў я, я мамцін і татусеў хлопча, а не дурны і не хітры». Пустэльнік здзівіўся, уздыхнуў, перахрысціўся і сказаў: «Добра, мілае дзіця, я бяруся, дай мне Божа, крыху павучыць цябе». Пасля ў нас было шмат гутарак, але пра тое ў наступным раздзеле.
    РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
    Сімпліцы паказвае свой розум адразу праз нягеглыя пытанні й адказы
    Пустэльнік: Як цябе завуць?
    Сімпліцы: Мяне завуць хлопча.
    Пустэльнік: Я бачу, што ты не дзяўчо. Як цябе звалі твае бацька і маці?
    Сімпліцы: У мяне не было бацькі і маці.
    Пустэльнік: А хто ж табе даў гэтую кашулю?
    Сімпліцы: Ай, мая мамця.
    Пустэльнік: А як цябе звала твая мамця?
    Сімпліцы: Яна звала мяне хлопча, а яшчэ шалапут, асёл вушасты, галган неабструганы, няўдаліца, ёлуп і шыбенік.
    Пустэльнік: А хто быў мужам у тваёй мамці?
    Сімпліцы: Ніхто.
    Пустэльнік: А з кім твая мамця спала ўначы?
    Сімпліцы: 3 маім татусем.
    Пустэльнік: А як зваў цябе твой татусь?
    Сімпліцы: Ён таксама зваў мяне хлопча.
    Пустэльнік: Як звалі твайго татуся?
    Сімпліцы: Яго звалі татусь.
    Пустэльнік: Як звала яго мамця?
    Сімпліцы: Татусь, a то яшчэ майстар.
    Пустэльнік: I ніколі інакш не звала?
    Сімпліцы: Чаму ж не, звала.
    Пустэльнік: А як?
    Сімпліцы: Мужык, ты доўбня, ты свіння, стары дрыстун і яшчэ па-рознаму, калі сварылася.