Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
і ўсіх яго святых, я адпушчу цябе, куды схочаш». На гэта селянін адказаў, што колькі жыве, а не меў нічога супроць святых, што не меў нічога супроць Бога і не мецьме, бо, як урачыста (soleniter) бажыўся, ён не ведае Бога і не прагне ў ягонае царства. На гэтым жаўнер пусціў яму кулю ў лоб, але эфект быў такі, як бы яна пацэліла ў жалезную гару. Тады жаўнер высвіснуў з похваў шырокую шаблю і сказаў: «Хо-ля, дык ты з пякельнага роду? Я абяцаў адпусціць цябе, куды сабе хоч; глядзі, зараз я адпраўлю цябе ў пякельнае царства, калі ты не хочаш нябеснага», і разваліў яму чэрап аж да зубоў, Калі той упаў, жаўнер сказаў: «Так трэба помсціць, так трэба караць гэты зброд і ныне і прысна».
Тым часам жаўнеры ўзяліся і за астатніх чатырох, якія павінны былі лізаць, яны прывязалі іх да паваленага дрэва за рукі і за ногі так пекненька, што (s. v.) іхнія задніцы пазіралі ўгору, сцягнулі з іх нагавіцы, узялі некалькі сажняў кнота, завязалі на іх вузлы і прасмычылі тымі мазалястымі кнатамі задніцы так спраўненька аж кроў пасвіствала. «Вось так, сказалі яны, хай падсохнуць ачышчаныя сярыльніцы». Сяляне хоць і крычалі жаласна, але спагады ім не было, жаўнеру хай хвілінная, але ўсё-такі пацеха, яны не пераставалі пілаваць, пакуль не выдралі скуру і мяса да касцей. А мяне зноў адпусцілі дахаты, бо прыбылая група жаўнераў сама ўжо ведала дарогу далей. Дык я ўжо і не далажу вам, чым там яно ўрэшце ўсё скончылася з тымі сялянамі.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Сімпліцы застаецца без свайго майна, яму сніцца сапраўдная вайна
Калі я вярнуўся да сябе, аказалася, што мой агмень і ўвесь хатні набытак разам з запасамі сякога-такога майна і ежыва, якое я цэлае лета даглядаў у сваім агародзе і цяпер бярог, каб было што ўкусіць зімой, усё чыста прапала, як у торбу
ўпала. « Што зараз?» падумаў я. Вось калі ўпершыню бяда навучыла мяне маліцца. Я сабраў усю сваю рызыку і жывы розум, каб даць сабе рады што мне рабіць, што мне чыніць, ці пакінуць усё, як было. Але як што дасведчанасці мне не ставала, дык я і не мог прыдумаць нічога разумнага; самае лепшае аддаць сябе ў рукі Госпаду Богу і ўсе мае спадзевы пакласці толькі на яго аднаго; інакш, несумненна, я дамся ў роспач і загіну. Да таго ж з памяці ніяк не выходзілі ўсе акалічнасці з пакалечаным святаром і тымі пяццю сялянамі, з усім, што я тагодня пачуў і пабачыў; я не так думаў пра які там наедак ці як ацалець самому, як пра тую антыпатыю, што паўстала і пануе цяпер паміж жаўнерамі і сялянамі; але з дурасці сваёй не мог нічога выдумаць, як толькі заключыць, і ў гэта я верыў, што мусова павінны быць на свеце людзі дваякага кораня, не аднаго толькі Адамавага, але яшчэ й іншага, дзікага і рахманага, як сярод неразумных жывёл, нездарма ж людзі так люта ўзаемна грызуцца.
У такім роздуме я і заснуў ад маркоты і холаду і з пустым чэравам. I мне прыснілася, быццам усе дрэвы вакол майго будана раптам неяк перамяніліся, і вось ужо яны нейкія зусім іншыя. На кожнай вяршаліне сядзела па кавалеру, а ўсё голле было ўвешана не лісцем, а рознымі дзецюкамі-маладзікамі; у каторага з іх была ў руцэ доўгая дзіда, у каторага мушкет, кароткая стрэльба, алебарда-пратазанка, сцяжок, ці там барабан які, ці жалейка. Смех было глядзець, бо ўсё так спраўна і строга паступова, па ступенях, падзялялася. А карэнне было з люду чорнага, непатрэбнага такія там рамеснікі, падзёншчыкі, а найбольш халопаў і ім падобных, але тым не меней якраз яны і давалі дрэву сваю сілу і потым зноў аддавалі, калі дрэва з часам сілу траціла; так, яны кампенсавалі недахоп апалага лісця сваім усё большым і большым знемажэннем і высільваннем. Пры гэтым яны ўздыхалі і шкадавалі тых, якія сядзелі на дрэве, і, трэба сказаць, незаслужана; увесь цяжар дрэва прыпадаў на іх і ціснуў так,
што ў тых з торбаў, з-пад сямі замкоў, сыпаліся грошы. Калі ж грошам дужа не хацелася, іх проста выграбалі паны-камісарыі венікамі, гэта называлася вайсковай рэквізіцыяй, і тады з сэрца стогны, з вачэй слёзы, з пазногцяў кроў, з ног мозак-мархель. Але і пасля гэтага заставаліся іншыя людзі, ні з тых, ні з іншых, іх называлі блазнотай; гэтым ужо клопат малы: усё і ўсіх бралі на пагоршкі і на плечы і, несучы крыж свой, замест уцехі трывалі ўсялякія здзекі і гвалт.
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
Сімпліцы сніць пра вайну і паходы, з якіх жаўнеру ніякай выгоды
I вось усе карані гэтых дрэў жылі ў вечным енку і цярпелі гароты, пляготы, але і тыя, што на ніжэйшых галінах, прабіваліся ўгору праз цяжкую працу і ўсялякія нягоды; аднак ім хоць часам было крыху весялей на душы, чым тым, на карэнні, яны ж, праўда, былі больш учэпістыя, жорсткія, часцей за ўсё бязбожнікі, і перападала ад іх караням ліха не менш, чым ад верхніх. Сярод іх хадзіла модная песенька:
Голад, холад, дождж і снег
Пераносіць звык ландскнэхт; Гвалт, бяспраўе, мардабой Дзелім мы паміж сабой.
Гэтыя вершыкі былі не проста пустая выдумка, яны добра клаліся на іхняе жыццё і промыслы, бо жэрці і жлукціць, галадаць і смягнуць, блудзіць і юрыць, бразгаць і граць, напівацца і пахмяляцца, забіваць і быць забітым, мардаваць і мардавацца, мучыць і быць мучаным, гнаць і быць гнаным, палохаць і баяцца, рабаваць і быць абрабаваным, плюндрыць і быць сплюндраным, нішчыць і быць знішчаным якраз у гэтым і быў іхні адзіны сэнс, мэта і сутнасць, і нішто іх не спыняла ні зіма, ні лета, ні снег, ні лёд, ні гарач, ні холад, ні
дождж, ні вецер, ні горы, ні долы, ні лясы, ні балоты, ні ямы, ні цясніны, муры, вада, агонь, ні завалы, ні бацька, ні маці, ні браты і сёстры, ні нават загроза жыццю, душы і сумленню, ні сама страта жыцця, ні страта неба ці чаго яшчэ іншага, што мае назву. А яны віравалі ў сваім упраўстве з неаціхальным запалам, пакуль адзін за адным у бясконцых сутычках, бойках, аблогах, штурмах, паходах, і нават на кватэрах, дзе толькі і ёсць жаўнеру сапраўдны рай на зямлі, асабліва калі ўдавалася забрытаць сытых сялян, не гінулі, не паміралі не калечыліся і не здыхалі, як сабакі, усе да аднаго, да тых нямногіх, якія за маладым векам не бралі, не кралі і на сабе не аралі і якім наканавана стаць жабракамі, тулягамі і валацугамі. Найбліжэй да гэтых убогіх рупліўцаў у вечнай пагрозе свайму хісткаму стану сядзелі старыя курашчупы, якія на ніжнім вецці доўгія гады прабіваліся, прагрызаліся ў людзі і якім пашыхавала-такі ўмыкнуцца ад смерці. Гэтыя ўжо выглядалі спаважней і сумленней, чым ніжэйшыя, бо вось, бач, яны ўжо ўсцерабіліся на сук вышэй. Але над імі гнездаваліся яшчэ вышэйшыя, якія болып успрытніліся, бо камандавалі ніжнімі і называліся малацьбітамі, бо сваімі доўбнямі і алепердамі (s. v. алебардамі) вымалочвалі спіны і галовы простым ландскнэхтам і мазалі задніцы мушкецёрам, каб тыя не забываліся мазаць стрэльбы.
Над гэтымі ўсімі тырчаў сук без вецця, нацёрты рознымі дзіўнымі рэчывамі, а найперш мылам няпрыязі, таму ніводзін просты чалавек, хоць бы ён быў і са шляхты, ані мужнасцю, ані спрытам, ані ведамі не мог працерабіцца туды і вышэй, памажы яму Божа, як бы ён ні пяўся, бо сук той быў адпаліраваны гладчэй, чым мармуровы слуп або сталёвае люстэрка. А па-над сядзелі тыя са сцяжкамі; былі яны каторае маладзейшае, каторае ў веку; маладзейшыя пападсаджвалі сваіх лабузнікаў-братоў-сватоў, старыя ж часткова самі ўспяліся альбо падняліся па срэбраных лесвіцах, называных подмазкамі, або з якім іншым прынагоджаным падсобкам за недахопам шчасця ці іншага спосабу.
Яшчэ лепш умасціліся зверху тыя, якім таксама хапіла свайго клопату, каб прагрэбціся моцнымі локцямі; яны мелі тую перавагу, што маглі пакаваць у свае торбы тое сала, якога яны наўкройвалі нажамі з карэння, гэта ў іх называлася кантрыбуцыяй; найдзельней і найспрытней уганяліся яны тады, калі падыходзіў які камісарый з тазікам і вытрасаў пад дрэва грошы, тут ужо не зявай! Роўні ў спрыце ім не было, яны паспявалі ўварваць самыя смачныя кавалкі, а хвіга з макам ніжнім.
Гэтыя ніжнікі больш каналі з голаду, чым ад рукі ворага, тым часам як верхнія такой долі не падупадалі. Ці не таму менавіта адсюль увесь час караскаліся, батаваліся, успіналіся на гэтае дрэва, колькі ў каго моцы і спрыту, і ўсім хацелася дастацца наверх, на шчаслівае месца, але пракідалася сярод іх і такое ахвосце і пазаддзе, якое і не заслугоўвала жаўнерскага харчу, яно мала дбала пра вышэйшае месца, а проста спраўна несла сваю павіннасць. Ніжнія, сквапныя, прагныя, спадзяваліся і чакалі, калі ападуць верхнія, каб сесці на іх месца, і калі катораму з дзесяці аднаму ніжняму ўдавалася ўспасобіцца ўгору, дык звычайна здаралася гэта аж у тым прыкрым веку, калі лепей бы ўжо яму дома на чарэне пранцы выграваць, чым у чыстым полі перціся на дзіду непрыяцеля; а калі каторае стаяла цвёрда і службу сваю спраўляла спраўна, калі адважна сунулася насустрач усім небяспекам, дык яму зайздросцілі іншыя, і часта хай тое праз непрадбачаны выпадак ці праз іншае глупства ў яго адбіралі і пасаду і жыццё. Hi за што тое каторае так аберуч не трымалася, як за памянёнае гладкае месца; і калі хто меў увішнага фельдфебеля ці сяржанта, дык дужа неахвотна расставаўся з ім, а калі іншага выйсця не было, пераводзіў яго ў фэндрыкі прапаршчыкі. Таму з большай ахвотай набіралі замест старых жаўнераў маладых дрыстуноў (вой! s. v.), камердынераў, падрослых пахолкаў, збяднелых шляхцюкоў, сваякоў і іншы зброд і ўсялякіх блюдалізаў, якія з горла дралі хлеб у служылых і выбіваліся ў тыя фэндрыкі.
РАЗДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы даведваецца, што не толькі вяльможа, але і ландскнэхт ваяваць добра можа
Гэта так маркоціла аднаго старога фельдфебеля, што ён пачаў слініць і жаліцца, а малады шляхціц адказаў яму: «Ці ж ты не ведаеш, што ўсе вайсковыя пасады абсаджваюцца шляхетнымі пярсонамі, якія на гэта найбольш здатныя? Сівыя бароды не б’юць непрыяцеля, ды ці не адно і тое самае было б наняць замест вас стада казлоў! Спяваюць жа:
Старыя змоглыя быкі -
Адна марока ў стадзе: Аб’ездзіць, змуляе бакі, Дзе ўзлезе, там і сядзе.
Надзеі больш, калі бугай Гізуе пад ахвоту, А старасць мудрая няхай Маралізуе цноту.
Скажы мне, стары дышаль, ці ж прыродны шляхціц-афіцэр не ў большай пашане ў жаўнераў, чым тыя, што выбіліся з простых кнэхтаў? I якая тут можа быць ваенная дысцыпліна, калі нямашака ніякага рышпекту? Хіба палкаводзец не больш давярае шляхціцу, чым вясковаму дзяцюку, які ўцёк ад бацькавага плуга, не ўзычыўшы дабра сваім родным? Прыстойны шляхціц хутчэй з гонарам памрэ, чым запляміць і спаганьбіць свой род нявернасцю, дэзерцірствам альбо яшчэ якім паскудствам. Таму шляхціцу і перавага на ўсіх шляхах, ва ўсіх ужытках, як тое мы бачым у leg. Honor. Dig. De honor1. Ёганэс дэ Платэа2 ясна