Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
довага бруду. Як толькі ён скончыў, прынеслі белую кашулю, чаравікі і панчохі, верхняе, капялюш і пёры; штаны таксама былі шыкоўныя, абшытыя галунамі; не хапала толькі камізэлькі, над ёю якраз у вялікім спеху працавалі краўцы. Прыйшоў кухар з лацным кулешыкам і кельнерка з напоем. Так і сядзеў мой Сімпліцы, як маладое графянятка, прыбраны, як цацка. Адважна ўзяўся за ежу, я ж бо не ведаў, што там яшчэ будзе са мною далей, я ж тады нічога не чуў пра апошнюю гасціну асуджаных на кару горлам. Таму гэты цудоўны пачатак так улагодзіў і зрахманіў мяне, што і сказаць не магу, і нахваліцца слоў не стае. Думаю, не было ў маім жыцці дня, каб я адчуваў такую раскошу і асалоду, як тады. Калі ж была гатовая камізэлька, мяне ў яе апранулі, і ў гэтых новых строях я паўстаў перад вачыма пана губернатара, нібы які дарагі трафей ці як штыкеціна з плота, бо краўцы скроілі і пашылі ўсё крыху велікавата, маючы надзею, што я неўзабаве папраўлюся, і ў гэтай надзеі яны не падмануліся, бо пры добрай страўнасці і здаровым смаку я не забаўлюся дадаць у вазе. Мой лясны ўбор разам з ланцугамі і ўсімі акрасамі здалі ў куншткамеру да іншых рэдкіх рэчаў і ў антыкварыят, а мой партрэт на поўны рост выставілі побач.
Пасля вячэры мой пан а ім быў я сам быў пакладзены ў ложак, якога такога другога не было ў мяне ні ў татуся, ні ў пустэльніка; але жывот мой бурчаў і вурчаў цэлую ноч, аж я заснуць не мог, відаць, не з якой там іншай прычыны, як толькі таму, што яшчэ не ведаў, якое яно ёсць дабро, альбо ад подзіву з таго прыемнага і смачнага ежыва, якое яму перапала. Але я не дбаў пра тое, я вылежваўся сабе, аж пакуль сонца не засвяціла, бо было холадна, і я перабіраў у памяці ўсе тыя дзіўныя прыгоды і здарэнні, што даліся мне апошнімі днямі на долю, я думаў, як гэта дарагі мой Бог уладзіў усё так хораша і добра, што прывёў мяне ў такое выгоднае месца.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
Сімпліцы ўведаў, хто той пустэльнік быў, што яго чытаць і пісаць навучыў
Тае ж раніцы губернатараў гофмайстар загадаў мне, каб я пайшоў да памянёнага святара і даведаўся, пра што гаварыў з ім мой пан. Ён даў мне целаахоўцу, які і правёў мяне, а святар кліча мяне ў свой вучэбны кабінет, садзіць, сядае сам і будзе казаць: «Дарагі Сімпліцы, пустэльнік, у якога ты жыў у лесе, не толькі швагер тутэйшага губернатара, але і быў ягоным памочнікам і найлепшым сябрам на вайне. Як мне ласкава расказаў губернатар, не бракавала яму ў маладосці ні гераічнай салдацкай адвагі, ні пабожнасці, ні Божае чты, як гэта звычаіцца ў мніхаў, хоць абедзве гэтыя цноты рэдка страчаюцца разам. Яго духоўны змысел і сумніўныя спатканні стрымалі ўрэшце поступ яго свецкай дабрашчаснасці, аж ён зрокся свайго шляхецтва і пагардзіў значнымі маёнткамі ў Шатландыі, дзе нарадзіўся, бо свецкае жыццё яму збрыдзела, падалося нясмачным, марным і абрыды вартым. Ён спадзяваўся, адным словам, сваю свецкую высокасць замяніць будучай яшчэ лепшай славай, бо яго высокі дух гідзіўся ўсякай часавай пышнасці і ўсе ягоныя фантазіі і высілкі былі скіраваны толькі на такое нікчэмнае і гаротнае жыццё, у якім ты і заспеў яго ў лесе і нішчымніўся з ім да самай яго смерці. На маю думку, ён начытаўся папісцкіх кніг пра жыццё старых эрэмітаў альбо збегам розных неспрыяльных акалічнасцяў быў даведзены да гаротнага стану.
He хачу ўтоіць ад цябе і таго, як ён у Шпэсэрце па сваёй волі прыйшоў да такога бядотнага пустэльніцкага жыцця, каб у будучым ты мог расказаць пра гэта іншым людзям. Другое ночы пасля таго, як была прайграна крывавая бітва пад Хёхстам1, ён адзін прыйшоў у маю плябанію, калі
1 Гэтая бітва, 20 чэрвеня 1622 г., прынесла паразу пратэстанцкім сілам на чале з Крысціянам Браўншвайгскім і камандзірам
я з жонкай і дзецьмі толькі што ўсталі, пад раніцу ўжо, бо ад шуму і гвалту ва ўсім наваколлі, які звычайна ў такім выпадку падымаюць і ўцекачы і пераследчыкі, мы не спалі цэлую ўчарашнюю ноч і палавіну мінулай. Спярша ён пастукаўся ціха і прыстойна, потым даволі моцна, аж ускалаціў мяне і ўсю заспаную чэлядзь; і калі я на яго наляганні і пасля кароткага апытання, даволі сціплага з абодвух бакоў, адчыніў яму, убачыў кавалерыста, які злазіў з каня. Яго дарагая вопратка была гэтак жа запырскана варожай крывёю, як і аздобленая золатам і срэбрам; і як што ён трымаў у руцэ аголеную шаблю, на мяне напалі страх і жудасць. Калі ён уклаў яе ў похвы і стаўся вельмі ветлівы, я ўжо меў прычыну здзівіцца, што такі станісты пан просіць схову ў простага вясковага святара. Я, з увагі на яго здатную пярсону і багаты выгляд, загаварыў з ім як з самім Мансфэльдам. Але ён сказаў, што зраўняць яго з Мансфэльдам можна сёння не толькі ў іхнім няшчасці, але можна нават даць яму перавагу. За тры рэчы шкадаваў ён: першае, што згубіў сваю цяжарную жонку, другое прайграная бітва, і трэцяе, што ён, падобна іншым добрым жаўнерам, не меў шчасця аддаць сваё жыццё за Евангелле. Я хацеў яго суцешыць, але хутка ўбачыў, што ягоная шчырадушнасць не вымагае ніякага суцяшэння; пасля я прапанаваў яму ўсё, чым хата багата, сказаў паслаць яму свежай саломы на жаўнерскі ложак, бо ён упёрся і не хацеў легчы ні на які іншы, хоць я ж бачыў, як яму быў патрэбен добры адпачынак. Першае, што ён зрабіў на раніцу, гэта падарыў мне свайго каня, грошы і, як што меў пры сабе нямала чаго ў золаце, раздаў некалькі каштоўных пярсцёнкаў маёй жонцы і чэлядзі. Я не ведаў, што і падумаць, і не мог высветліць ягоных намераў, бо ж жаўнеры яны наровяць больш прыхапіць, аніж даць, таму я моцна задумаўся, не адважваючыся прыняць такіх дарун-
партызанскіх атрадаў Мансфэльдам, якім, аднак, удалося надалей аб’яднаць свае сілы.
каў, якіх я ўжо аніяк і нічым не заслужыў і не ведаю, як мог бы іх заслужыць; да гэтага дадаў, што, крый бог, убачыць хто ў мяне ці ў маіх такія багацці, асабліва дарагога каня, якога нідзе не схаваеш, як тут жа падумае, што я ўкраў яго або адабраў разбоем. Але ён сказаў, каб гэтым разам я не турбаваўся і жыў сабе спакойна, ён сваёю рукою засцеражэ і аслоніць мяне ад небяспекі сваім пісьмом на гэты конт; больш за тое, яму, як сказаў, няма патрэбы насіць у маёй плябаніі нават кашулі, не кажучы пра дарагое ўбранне. I з гэтымі словамі ён адкрыў мне сваё рашэнне стаць пустэльнікам. Я бараніў яго рукамі і нагамі, як толькі мог, бо мне здавалася, што такі намер ідзе ад папства, нагадаў яму, што ён бы лепей паслужыўся Евангеллю сваёй шпагай. Але дарма; ён так доўга і настойліва гаварыў са мною, пакуль я не згадзіўся з ім, нават даў яму тыя кнігі, абразы і сёе-тое з хатніх рэчаў, якія ты бачыў у яго, а ён за ўсё, што мне падараваў, захацеў узяць толькі ваўняную посцілку, на якой тае ночы спаў на саломе; з яе ён дазволіў толькі пашыць яму каптан. Я мусіў таксама аддаць яму ланцуг з воза, які ён увесь час потым насіў на сабе, за залаты ланцуг, на якім ён насіў свой наймілейшы contrefait', і ў яго не засталося ні грошай, ні каштоўнасцяў. Мой пахолак завёў яго ў самае пустэльнае месца ў лесе і дапамог яму там паставіць будан. Як уладзіў ён там сваё жыццё і чым я яму часам памагаў, добра ведаеш сам, бадай, лепш за мяне.
Пасля нядаўняй прайгранай бітвы пад Нёрдлінгенам, калі, як ты памятаеш, мяне зрабавалі, сплюндрылі і моцна пакалечылі, я ўцёк сюды ў бяспеку, бо і без таго тут хаваў сваё што лепшае. I вось калі ў мяне выйшлі ўсе грошы, я ўзяў тры пярсцёнкі і памянёны залаты ланцуг з падвескам, якія я атрымаў ад твайго пустэльніка, сярод якіх быў і гербавы пярсцёнак-пячатка, і занёс усё гэта да жыда памяняць на срэбра; а той з увагі на каштоўнасць і дарагі выраб занёс купіць
1 Падробленая рэч, падвесак (дыял. франц.).
гэта губернатару, які адразу пазнаў герб і contrefait, паслаў па мяне і спытаўся, дзе я ўзяў гэтыя кляйноды. Я расказаў яму чыстую праўду, паказаў пустэльнікаў ліст і расказаў, як усё там было, як ён жыў у лесе, як памёр. Але губернатар не хацеў верыць, а ўзяў мяне пад арышт, пакуль не ўведае ўсёй праўды, і вось калі ён сабраўся паслаць гуф узяць сведку з жытла пустэльніка і прывесці сюды, я бачу раптам, як цябе вядуць у турму. Як што цяпер у губернатара няма ніякіх прычын сумнявацца ў тым, што я расказаў, што я правільна паказаў на месца, дзе жыў пустэльнік, item на цябе і іншых жывых сведкаў, асабліва на майго пахолка, які часта ўпускаў цябе і яго на досвітку ў кірху, а таксама цыдулка, знойдзеная ў тваім малітоўніку, пацвярджае не толькі праўду, але і ёсць выдатным сведчаннем за святасць памерлага пустэльніка, губернатар хоча табе і мне ў памяць пра свайго нябожчыка швагра дапамагчы, як зможа, усім добрым. Ты павінен цяпер толькі вырашыць, чаго ты хочаш, і ён табе зробіць. Хочаш вучыцца, дасць на гэта сродкі; заахвоцішся да рамяства, дапаможа навучыцца, захочаш застацца пры ім, будзе глядзець цябе, як роднае дзіця, бо сказаў, што калі б нават да яго прыцёгся сабака памерлага швагра, і таго прыняў бы».
Я адказаў, што мне ўсё адно; як пан губернатар абыдзецца са мною, так хай і будзе, мне ўсё прыемна, і ўсё буду любіць, і ўсё прыму з падзякай.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Сімпліцы робіцца пажам у пана, а ў пустэльніка жонка прапала
Святар затрымаў мяне да дзясятай гадзіны, перш чым пайшоў са мною сказаць таму пра маё рашэнне і як што той заўсёды ставіў дадатковы прыбор, каб пабыць госцем за ягоным сталом. 3 прычыны таго, што Ханау быў у аблозе, а ў ліхую часіну простаму чалавеку была чыстая бяда, дык
ні тыя, што за нешта сядзелі ў крэпасці, ані тыя, асобныя людзі, якія не дай бог што пра сябе думалі, што-та яны, зусім не грэбавалі замерзлымі рэпавымі лупінамі, выкіданымі багатымі на вуліцу. Святару пашанцавала сесці побач з губернатарам за сталом, а я слугаваў яму з міскай у руцэ, як навучыў мяне рабіць гофмайстар; пасавала мне гэта, як аслу гульня ў варцабы альбо свінні баявая труба. Святар дапоўніў сваім языком усё, у чым хібіў я ад нязграбнасці. Ён сказаў, што я гадаваўся ў пустэльні, ніколі не жыў з людзьмі, а таму мне можна перапусціць, бо я ж і не мог ведаць, як мне след паводзіцца; мая вернасць пустэльніку і суровае жыццё, перанесенае з ім, вартыя подзіву, і ўжо аднаго гэтага даволі, каб сцярпець не толькі маю няўклюднасць, але і вылучыць мяне спасярод самых выхаваных шляхецкіх хлопчыкаў. Далей ён расказаў, што я быў адзінай радасцю і ўцехай пустэльніку, які адорваў мяне сваім найбольшым упадабаннем, бо я, як ён часта казаў, так падобны з твару на яго любасную жонку; аж сам пустэльнік часта дзіву даваўся з маёй вернасці і нязменнай волі заставацца з ім і яшчэ з многіх даброцяў, якія ён ува мне цаніў і хваліў. In summa, цяжка перадаць словамі, з якім сур’ёзным запалам ён незадоўга да сваёй смерці даручаў мяне яму, святару, і як прызнаўся, што любіць мяне, нібы роднае дзіця.