• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    Гэта так прыемна лесціла і казытала мне вушы, што я быў падумаў, быццам мне ўжо дастаткова выпала ўцехі за ўсё, што я перацерпеў у пустэльніка. Губернатар спытаўся, ці не ведаў яго памерлы швагер, што ён, губернатар, тады якраз камандаваў у Ханау. «Вядома, адказаў святар, я сам яму пра гэта казаў. Але ён слухаў мяне з радасным прасветленым тварам і рахманай усмешкай досыць холадна, нібыта ніколі не чуў і не ведаў пра ніякага Рамсэя, аж яшчэ быў сабе падумаў дзіўная самастойнасць і цвёрдасць у гэтага чалавека, калі ён з такім лёгкім сэрцам не толькі адцураўся свету, але і свайго найлепшага сябра, які быў паблізу, ці не збіўся ён з тропу». Губернатару, у якога было зусім не мяк-
    кае жаночае сэрца, а які быў адважны гераічны жаўнер, слёзы набеглі на вочы. Ён сказаў: «Калі б я ведаў, што ён жывы і дзе яго можна знайсці, дык нават супроць яго волі я загадаў бы даставіць яго сюды, каб аддзячыць яму за ягоныя добрыя дзеі; але як жа адвярнулася ад мяне шчасце, калі я, замест каб яму, мушу дабразычыць ягонаму Сімпліцыю і адгаджаць пасля ягонай смерці такім вось чынам. Ах! сказаў ён далей. Наш добры кавалерыст меў усе падставы бедаваць па сваёй цяжарнай жонцы, бо няшчасная была пераследавана атрадам імператарскіх райтараў і ўзятая ў палон у Шпэсэрце. Калі я пра гэта даведаўся і яшчэ, што быццам мой швагер загінуў пад Хёхстам, я адразу выслаў да непрыяцеля выведніка распытацца пра маю сястру, каб выбавіць яе з палону, але нічога гэтым не патрафіў, апрача як толькі дазнаўся, што памянёны атрад райтараў быў у Шпэсэрце рассеяны і што акурат у тым баі мая сястра прапала, так што я дагэтуль не ведаю, куды яна падзелася».
    Пра гэта ўсё такое якраз і гутарылі за сталом губернатар са святаром, пра майго пустэльніка і ягоную каханую, якіх, мілае сямейнае пары, было так шчыра шкада, бо пажылі яны разам усяго, можа, з які год. Я стаў губернатаравым пажам, такім хлопчыкам, якога людзі, асабліва сяляне, калі я пра іх дакладваў майму пану, ужо называлі панічом пане хлопча! казалі, бо ж яно рэдка калі можна ўбачыць хлопчыка, які ўжо быў бы панам, затое колькі хоч паноў, якія колісь былі хлопчыкамі.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
    Сімпліцы за няверства людзей дакарае і за балвахвальства з іх спаганяе
    На той час у мяне не было нічога каштоўнейшага за чыстае сумленне і шчырую пабожнасць, авінутую высакароднай нявіннасцю і прастатой. Пра грэх я ведаў толькі тое,
    што чуў і чытаў пра яго, і калі я бачыў, як хто сапраўды грашыў, было гэта мне страшэнным і неверагодным злачынствам, бо я быў выхаваны і прывучаны заўсёды і ва ўсім бачыць прысутнасць Бога і жыць сур’ёзна, выконваючы яго святую волю; і таму што я гэта ведаў, дык і стараўся асланіць людзей ад грэшных учынкаў. I мне здавалася, што навокал я бачу адну ліхату, жорсткасць і страх. Госпадзе Божа, як здзівіўся я, калі першы раз пабачыў Закон і Евангелле з усімі шчырымі засцярогамі Хрыстовымі, і раптам бачу творывы людзей, якія выдавалі сябе за Хрыстовых вучняў і паслядоўнікаў! Які жаль! Замест чыстых помыслаў, якія павінны пеставаць шчырыя хрысціяне, бачу марную, агудную, асудную прорву ўсялякага іншага глупства ва ўсіх па-плоцку намысленых свецкіх людзей, я аж сам засумняваўся а ці хрысціяне перада мною, ці не. Бо добра бачыў і разумеў, што многія ведалі волю Божую, але на самым поўным сур’ёзе яе не выконвалі і я гэта бачыў на свае вочы.
    I ў галаве маёй закруціліся тысячы розных пахібаў і дзіўных супярэчлівых думак, я нават пачаў упадаць у заганную нязгоду з наказам Хрыста, які кажа: «Не судзеце, каб і вас не судзілі». Затое да сэрца прыпалі Паўлавы словы, напісаныя галатам у пятым раздзеле: «Дзеці плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства, ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, свары, зайздрасць, гнеў, звады, раздоры, змусты, ерасі, нянавісць, забойствы, п’янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць». I я думаў: «Але ж гэта робяць усе адкрыта; чаму ж тады я таксама не магу з адкрытым сэрцам заключыць, са слоў апостала, што не кожны будзе ўратаваны».
    Побач з пыхай і прагнасцю, разам з іх нязбытнымі вынікамі ў заможных штодзённай управай былі абжорства, п’янства, прастытуцыя і дзяўчурства; мне здавалася, аднак,
    найжахлівейшым, што многія, асабліва хлопцы-жаўнеры, сярод якіх грэх караецца не вельмі сурова, толькі кпілі са сваёй бязбожнасці і святой Божай волі і нішто ім, хадзілі ў героях, Напрыклад, аднаго разу я чуў пералюбніка, які яшчэ і хваліўся, яшчэ і задаваўся, яшчэ і сказаў такія словы: «Цярпліваму раганосцу дастаткова, што з мае ласкі мае пару рагоў, і калі сказаць па праўдзе, дык наставіў я іх больш таму мужу на злосць, чым з ласкі да ягонай жонкі, так, каб насаліць яму». «О, якая ўбогая помста! адказаў яму нейкі пачцівец, які стаяў побач. Гэтым самым чалавек пэцкае сваё сумленне і здабывае ганебнае імя чужаложніка!» «Чужаложніка? адказаў той, здзекліва зарагатаўшы. He такі ўжо я і чужаложнік, калі ўзяў сабе крыху чужога. Чужаложнікі тыя, пра каго кажа шостая запаведзь, што ніхто не павінен уваходзіць у чужы сад і рваць вішні, а толькі сам гаспадар саду». I каб гэта было зразумела, тут жа працытаваў са свайго сатанінскага тастаманта сёмую запаведзь, якая падмацоўвае першую думку, абвяшчаючы: «Не крадзь etc.» Такіх слоў нагаварыў ён шмат, аж я ўздыхнуў і падумаў сабе: «О, боганенавісны грэшнік, ты сам сябе называеш чужаложнікам, а добрага Бога спакушальнікам шлюбу, бо муж і жонка сваёй смерцю ўсё ж разлучаюцца». «Табе не здаецца, сказаў я ад лішняй жарсці і прыкрасці, а ён быў афіцэр, што гэтымі бязбожнымі словамі грэшыш больш, чым самым чужаложствам?» А ён адказаў: «Заткніся, гаўнюк, калі не хочаш па мордзе!» Думаю, што «хачу не хачу», а надаваў бы, калі б не баяўся майго пана. Я замоўк, але потым колькі разоў бачыў, што зусім не так рэдка бывала, як нежанатыя ляпіліся вачыма да замужніх, а замужнія да нежанатых і ахвотна папускалі лейцы сваім пажадам.
    Яшчэ калі я ў свайго пустэльніка вучыўся шукаць дарогі да жыцця вечнага, здзіўляўся, чаму Бог пад пагрозаю страшных караў забараніў свайму народу ўсялякае балвахвальства; бо я думаў, што калі хто хоць адзін раз спазнаў ісціннага вечнага Бога, той ужо ніколі не павернецца да іншага
    і не будзе яму маліцца, і забраў сабе ў дурную галаву, што гэтая запаведзь непатрэбная, лішняя. Але, на жаль, я быў дурны і не ведаў, што думаў; бо як толькі выправіўся ў свет, адразу заўважыў, што, нягледзячы на гэтую запаведзь, амаль кожны свецкі чалавек меў свайго адмысловага пабочнага бога, некаторыя нават больш чым у старых і новых язычнікаў і паганаў. У некаторых былі свае багі ў скрынках, на якія яны пакладалі ўсю сваю ўцеху і надзею; другі каторы меў яго пры двары, дзе ён агінаўся і ашываўся, а сам быў, зрэшты, толькі фаварытам, а часта проста распусным гультаём і трутнем, большым за свайго мольбіта, бо ўсё ягонае эфірнае божышча абапіралася на пераменлівую ласку прынца, як на красавіцкую пагоду. Зноў жа іншыя мелі свайго бога ў рэпутацыі і свецкім бляску і ўяўлялі сабе, што варта ім толькі падтрымаць такіх самых, як і яны стануць паўбагамі. Яшчэ іншыя насілі сваіх багоў у галаве, а менавіта тыя, якім сапраўдны Бог даў здаровы розум і кемнасць, і яны мелі задаткі адзіна да мастацтваў і навук. Гэтыя адсоўвалі ўбок добрага даўцу і больш налягалі на дары ў надзеі, што ён абдорыць іх мілатою сваёю. Былі яшчэ многія, у якіх за бога быў іхні жывот, якому яны штодня прыносілі ахвяры, як калісьці ў дачассі язычнікі ахвяравалі Бахусу і Цэрэры; і калі такі бог не вельмі спрыяў альбо ўточвалася яшчэ якая чалавечая ліхата, дык бедныя людзі рабілі сабе бога з доктара і шукалі жыцця вечнага ў аптэках, адкуль яны, праўда, на самай справе часта з крайнім нецярпеннем і зухваласцю выпраўляліся ў жыццё тамтэйшае. Многія дурні рабілі сабе багіняў з вулічных шлюх; іх яны называлі іншымі імёнамі, маліліся ім дзень і ноч, уздыхалі, спявалі ім песні, у якіх была толькі пахвала ім разам з крыўднай прыніжальнай просьбай, каб гэтыя багіні мелі разам з дурасцю яшчэ і спагаду ў сэрцы і таксама захацелі стаць дурніцамі, як і яны самыя былі дурні. I, наадварот, былі такія бабы, якія сваю ж прыгажосць ахвяравалі свайму богу. Прыгажосць, лічылі яны, яна мяне ўмацуе. Гэты вось ідал
    таксама прымаў ахвяры, кожны дзень яго ўслаўлялі і падмазвалі шмінкай, мазямі, парфумамі парашкамі ды іншымі шмараваннямі. Я бачыў людзей, якія трымалі спецыяльныя дамы ў выгодных месцах гэтым сваім багам, бо яны казалі, што пакуль жывуць у іх, з імі шчасце і здароўе, а грошы самі сыпаліся ў вокны, і з гэтага глупства я дзіву даваўся, бо бачыў прычыну, чаму ўладальнікі гэтых дамоў мелі такі добры прыбытак. Я ведаў аднаго хлопца, які некалькі гадоў не мог спаць ад захаплення тытунёвым гандлем; замест каб Богу ён аддаў сваё сэрца, розум і думкі тытуню; дні і ночы ён маліўся толькі яму, бо толькі з яго ён і багацеў. А што сталася? Гэты прыдурак памёр і сам растаў, як тытунёвы дым. Я тады падумаў сабе: «О ты, гаротны чалавек, чалавек, што растаў, як нікчэмны дым! Калі б у тваім сэрцы святасць і пачцівасць да сапраўднага Бога была пастаўлена гэтак сама высока, як да ідала, што стаіць на тваім прылаўку ў выглядзе бразільца з рулонам тытуню падпахай і люлькаю ў зубах, я непахісна перакананы, ты заслужыўся б на права насіць цудоўны вяночак у тым свеце». У другога хлопца былі яшчэ пусцейшыя ідалы, бо калі ў адной кампаніі расказвалі, якім спосабам кожны жывіўся і ратаваўся ў тыя дарагія часы страшэннага голаду, гэты сказаў ясна і проста, па-нямецку, што ягоны бог слімакі і жабы, і калі б не яны, памёр бы з голаду. Я спытаўся ў яго, кім яму ў той час быў сам Бог, які пасылаў яму на ратунак жыцця такую нечысць; але ёлуп не меў чаго сказаць і здзівіў мяне яшчэ больш, бо я ж яшчэ нідзе не чытаў, што ні старадаўнія балвахвалы егіпцяне, ані найноўшыя амерыканцы не ўзвышалі ў божышчы такую брыдоту, як гэты дурны мэтлах.
    Неяк зайшоў я з адным чалавекам у месца з наборам прыгожых рарытэтаў. Сярод карцін мне найбольш спадабалася «Ессе homo»1 сваёй вельмі далеглівай і літасцівай
    «Гэта чалавек!» (лдц., словы Понтыя Пілата пра Хрыста; Ян, 19:5).