Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
1 Дзяржаўны інтэрас (лац.). 114
наму кулакамі, накладаць крэсламі, ножкамі з лавак, услонамі, шпагамі і ўсім, што пад руку навернецца; ужо юха дудкаю б’е, ужо... Але мой гаспадар сунімае гэты вэрхал.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Сімпліцы бачыць, як пан казла дзярэ, і яго ліхая агіда бярэ
Калі зноў запанавалі мір і злагада людская, піткі пабралі музыкаў і баб і перайшлі ў другі дом, дзе была зала пад іншыя блазноты. А мой пан сеў на ложак, бо ці тое ад злосці, ці тое ад пераеду, але яму заблажэла. Я пакінуў яго, дзе ён лёг, хай, думаю, адпачне і выспіцца, але не паспеў я падысці да дзвярэй, як ён ужо спрабаваў свіснуць мне, ды не змог. Ён крыкнуў, але ў яго выйшла толькі: «Сімпле!» Я падскочыў, а ў яго вочы закаціліся, як у недарэзанага цяляці. Я стаяў перад ім слупам і не ведаў, што рабіць; а ён паказаў на паліцу і замармытаў: «Пр-пр-прынясі ты, ллайдддак, ттта-азік, ббуду кка-аззла драць». Я борздзенька прынёс тазік і калі падышоў да яго, ён надзьмуў шчокі, як сурмач, потым схапіў мяне за руку і паставіў перад сабою так, што я трымаў тазік у яго пад носам. I тут яго прарвала, з сутаргамі і балючымі курчамі ён рыгануў у падстаўлены тазік гідотную субстанцыю, аж я мала не самлеў ад невыноснага смуроду, тым больш што пырскі (sal. ven. з дазволу сказаўшы) паляцелі мне ў твар. Я ледзь быў не далучыўся да яго за кампанію, але ўбачыўшы, як ён спалатнеў, стрымаўся на паўдарозе ад страху, што сама душа ў яго зараз спагоніць ахвоту і вывернецца ў той тазік разам з гідотай, бо вось ужо й халодны пот выступіў на лобе, і ўвесь твар зрабіўся як усё роўна ў нябожчыка. Калі ж ён праз колькі хвілін перастаў і крыху адчаўраў, дак сказаў мне прынесці свежай вады, каб прапаласкаць свае тэльбухі.
Пасля загадаў вынесці «казла». He бачыў я ў гэтым ніякай заганы, хоць перада мною ў срэбным тазіку ляжала, як
мне здалося, едала на чатырох мужыкоў, якое не заслужылася, каб яго выкідалі ў памыйніцу. Да таго ж я ведаў, што мой пан не браў у рот нічога паскуднага, а толькі цудоўныя далікатэсныя паштэты і ўсякія розныя печывы, драбяціну і дзічыну, мяккія цялячыя выразкі, усё гэта яшчэ можна было ў тазіку выдатна пазнаць і адрозніць. I я панёс усе тыя лагодкі, не ведаючы, аднак, што з тым дабром рабіць, але і папытацца не мог. Я пайшоў да гофмайстра; паказаў яму ўсе панскія прысмакі і спытаўся, што рабіць з «казлом». Ён адказаў: «Дурны, нясі і аддай кушнеру, хай скуры вырабляе». Я спытаўся, дзе той кушнер. «Не, адказаў ён, убачыўшы маю прастадушнасць, затарабань доктару, хай паглядзіць-пабачыць, чаго там наш мілы панок нахрапаўся». Такі жарт я скроіў бы, калі б гофмайстар не баяўся нарвацца на горшае; ён сказаў мне занесці гасцінца на кухню дзяўчатам, хай усё гэта паперчаць, пасыплюць перным зеллем і ашчадзяць да наступнага разу; я сур’ёзна выканаў ягоны загад, але тыя шлюндры на кухні толькі збэсцілі мяне.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцы прыходзіць на панскія танцы, ды зноў упускае выдатныя шанцы
Калі я пазбавіўся ад тазіка, выйшаў і мой пан; я ішоў следам за ім да вялікага дома, дзе ў зале ўбачыў мужчын, жанчын і людзей нежанатых; усё там скакала, кішэла, грымела, падбрыквала і вішчала так, аж я падумаў быў, а ці не павар’яцелі яны ўсе, бо я ніяк не мог зразумець, навошта гэты гвалт і валтузня ўся. Глядзець на іх збоку проста жудасць, шаленства і страхалюдства нейкае, у мяне валасы падраслі, пакуль глядзеў, у мяне скура сшэрхла, я не мог падумаць нічога, як толькі, што ўсе яны тут кручаныя шаляніцы, з глузду з’ехалі, з быка пападалі. Калі мы падышлі бліжэй, я пазнаў гэта ж былі нашыя госці,
якія яшчэ ад полудня былі ў добрым гуморы. «Божа мой, падумаў я, што тут робяць гэтыя няшчасныя? Ах! Іх і праўда, мусібыць, апантала». А потым падумалася, што сюды пазбіралася ўсякая пякельная нечысць і цяпер тут такім вось чынам збыткуе і пацяшаецца з усяго чалавечага роду, зладзіўшы шабас і малпіна гамузаванне; я падумаў калі б у іх былі чалавечыя душы і Божае падабенства, яны не паводзілі б сябе так не па-людску. Калі мой пан ступіў на парог і ўжо мерыўся ўвайсці ў залу, шалы прыпыніліся, хоць усе ўсё яшчэ патузвалі і торгалі галовамі, дрыгалі і шоргалі нагамі, аж мне здалося, што яны прыгладжваюць тыя калдобіны, якіх панавыбівалі ў глінянай падлозе. Па потных тварах і пыхценні я зразумеў, што яны добратакі намардаваліся; але весялосць на тварах сведчыла, што намогі не былі ім горкія.
Вельмі хацелася ведаць, што азначала ўсё гэта безгалоўе, і таму я спытаўся ў свайго таварыша, таго самага шчырадушніка і даверанага сардэчнага брата, які нядаўна навучыў мяне вешчаваць праўду, чаму тут такі гвалт і гармідар і як мне глядзець на гэты шалёны разгірдзяш, гэтыя скокі, падскокі і выдыганні. Той сказаў мне чыстую праўду, што ўсе прысутныя згаварыліся ўтрамбаваць у зале падлогу. «Чаму, ты думаеш, сказаў ён, яны ўсе так рассупоніліся і раступаталіся? Ты ж бачыў, як яны павысаджвалі вокны? Так будзе і з гэтай падлогай». «Госпадзе Божа! адказаў я. Тады і мы правалімся разам з імі, і мы, падаючы, скруцім сабе вязы?» «Ну, але ж, сказаў мой прыяцель, на тое яно ўсё і робіцца, каб чорту дагадзіць. Сам пабачыш, скора кожны, як толькі яго прыцісне смяротная небяспека, пачне хапаць хто прыгожую бабу, хто дзеўку, бо, як той казаў, абмінуць таго ўдары, хто падае ў пары». На такіх развагах апанаваў мяне раптам такі страх і такі клопат прыхапіў, што я больш не ведаў, куды падзецца і што рабіць; а калі ўскварылі музыкі, якіх дагэтуль я проста не заўважаў, і мужчыны разбегліся па панях, як кананіры па гарма-
тах, як пачулі яны трубы, як пахапалі яны тых паняў, мне здалося, што вось-вось ужо тая падлога і трэсне і я разам з усімі правалюся ў апраметную. Але што яны зноў загапатавалі, як дурныя, што аж сцены задрыжалі, бо музыкі якраз утнулі нейкую дужа бадзёранькую штуку, я й падумаў: «Ну вось і садухі табе, ну вось і канец настае гэнна граюць. Гэтта скокі вырабляюць! Ну ж бо, Сімпліцы, хоць напаследак пабудзь чалавекам». А падумаўшы, што зараз абваліцца ўвесь дом, я з вялікага перапуду падхапіў за руку нейкую кумпячыстую паню з высокае шляхты і выдатных цнотаў, з якою толькі што гутарыў мой пан, учапіўся ў яе, як мядзведзь, і трымаў, як абцугамі. Яна не ўцяміла, якія бзікі заскочылі мне ў галаву, а я ў поўнай роспачы і адчаі залямантаваў, як недарэзаны. Але мала таго, тут якраз і выкаўзнулася мне нешта ў штаны, і пайшоў такі смурод, якога нос мой даўно не чуў. Музыкі раптам сціхлі, танцоры і танцоркі сталі, а шаноўная пані, якую я трымаў за руку, была ў вялікай крыўдзе, думаючы, што гэта мой пан падгаварыў мяне падкласці ёй такую пігулку. Але мой пан распарадзіўся ўкінуць мне як след і замкнуць куды-небудзь, бо годзе з яго, сказаў, на сённяшні дзень такіх неспадзяванак. Стралкі, якія павінны былі выканаць гэта, умілажаліліся з мяне, але ад таго смуроду не маглі вытрываць, абышліся без лупцоўкі, а толькі завялі мяне ў гусіны катух і замкнулі там. Пасля я шмат разоў думаў над гэтай прыгодай і прыйшоў да высновы, што экскрэменты, якія выдушваюцца з чалавека ад пярэпалаху, смярдзяць куды горш, чым пры ачышчэнні ў спакайнаце.
КНІГА ДРУГАЯ
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
I ў катуху Сімпліцы не загіне, калі там паруюцца гусь і гусыня
У гусіным катуху я сядзеў і разважаў пра ўсё, што я апісаў у першай частцы майго «Чорнага і Белага», а таму няма ніякай патрэбы пашыраць гэтую тэму яшчэ і тут. Але я не магу абысці маўчаннем, што яшчэ тады я сумняваўся, ці праўда, што ашалелыя танцоры прадзяўблі падлогу, ці ўсё гэта толькі пустыя набрэхі. Цяпер я раскажу далей, як я вырваўся з гусінага катуха. Цэлыя тры гадзіны, пакуль не скончылася «Прэлюдыя Венеры» (пачэсны танец, павінен вам сказаць) я мусіў сядзець у сваім уласным (s. v.) гаўне, аж пакуль нехта не прабраўся да хлевушка і не зашкрабаў засаўкаю. Я насцярожыўся, як свіння, цурболячы ў лужыну, а хлапец каля дзвярэй не толькі адчыніў іх, але і так хуценька шмуль! усярэдзіну, як я быў бы рады выкаўзнуцца з іх, яшчэ і прывалок за руку нейкую бабу, гэтак, як, я бачыў, робяць у танцах. Адкуль мне было ведаць, што ўсё гэта значыла; але як што я ўжо прывык да шмат якіх дзіўных прыгодаў, якія давялося ў гэты дзень асэнсоўваць маімі блазенскімі мазгамі, і як што я ўжо змірыўся з тым, што трэба прымаць цярпліва і моўчкі ўсё, што толькі пашле мне мой лёс, я ўплішчыўся за дзверы, са страхам і дрыжыкамі чакаючы, чым яно ўсё скончыцца. Неўзабаве паміж парай усчаўся пярэшапт, з якога я не ўцяміў нічога, апрача таго, што адзін голас загаварыў пра агідны смурод у гэтым катуху а другі, наадварот, супакойваў першага. «Вядома, красуня мая, сказаў ён, усім сэрцам убольваюся, што, каб паласавацца пладамі кахання, неспрыяльны лёс не паслаў нам больш хацелага месца. Але я павінен запэўніць вас, што ваша цудоўная прысутнасць высакародніць мне нават гэты агідны заканурак, ён мне здаецца мілым раем». Пасля гэтага я пачуў пацалункі і ўбачыў дзіўныя канфігурацыі; я не ведаў, што гэта было ці што магло азначаць, а таму маўчаў і сядзеў ціхенька, як мыш. Калі
ж азваліся яшчэ іншыя гукі і ўвесь хляўчук, які быў скляпаны з дошак, пачаў моцна і рытмічна патрэскваць, а тая баба пачала ўдаваць, нібыта ёй за гэтым заняткам няма ладу як баліць, я падумаў: «Гэтыя двое з тых вар’ятаў, што дапамагалі таўчы падлогу, і цяпер прыйшлі, каб і тут пашураваць, мабыць, хочуць забіць мяне». Як толькі мне стукнулі ў галаву гэтыя думкі, я адразу схапіўся за дзверы, каб хутчэй уцячы ад смерці, і выскачыў з дзікім лямантам, які гучаў вельмі натуральна, як і той, за які я трапіў сюды; але я быў нагэтулькі здагадлівы, што адразу зачыніў за сабою дзверы на засаўку і кінуўся да адчыненых дзвярэй у дом. Гэта было першае вяселле, у якім я за сваё жыццё ўдзельнічаў, хоць і не быў запрошаны; і хоць я не павінен быў нічога дарыць, а вось жа пасля малады выстраіў мне ладную гасціну, за якую я таксама ладна сплаціў. Ласкавы мой чытач, я расказваю гэтую гісторыю не дзеля таго, каб ты добра з яе пасмяяўся, а каб скончыць яе на добрую ўцеху чытачу, каб ты ведаў, якога плёну можна чакаць ад скокаў як скачаш, так і вытрасеш. Лічу зусім пэўным, што ў скоках і даходзіць часам да многіх кепскіх і неразважных купляў, за якія пасля бывае сорамна ўсёй кампаніі.