• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
    Сімпліцы кажа, калі след мыцца, каб з іншых людзей не глуміцца
    Хоць я і вельмі ўдала ўцёк з гусінага катуха, але якраз у тым і адчуў усю веліч свайго няшчасця, бо нагавачкі мае былі поўненькія і я не ведаў, як, чым і дзе даць рады гэтай калатушы. У доме ў майго пана было ціха, усё спала; таму мне нельга было назаляцца варце, якая стаяла каля дома; а галоўная варта, з corps de garde, вядома, не прапусціць, бо надта ж ад мяне патыхала; заставацца на дварэ дзе ж тут набудзешся за такой халадэчай, а куды падзецца? хто
    яго ведае. Было далёка за поўнач, калі мне стрэліла ў галаву а пашукаю ж я рады ў памянёнага добрага святара. Я рушыў за поклічам свайго сэрца і пастукаўся ў дзверы; і зрабіў гэта так настойліва, што служанка з вялікага нехаця нарэшце ўпусціла мяне. Калі ж яна ўнюхала, якога гасцінца я прывалок у хату (а яе доўгі нос адразу пацэліў у маю таямніцу), дык яшчэ больш знеахвоцілася. I пачала яна бурчаць і сварыцца; яе пан ад гэтага шуму прачнуўся, а такі нябось, можа, і выспаўся, і ўсё пачуў. Ён паклікаў нас абаіх да сябе да ложка, быццам яму самому закарцела прынюхацца. Але як толькі ён змікіціў, на чым тут гандаль трымаецца, ён, наморшчыўшы нос, сказаў, што што б там ні пісалі календары, а цяпер сама-сама добрая нагода памыцца, і лепш зрабіць гэта без адкладу, чым быць у тым стане, у якім я цяперака. Ён сказаў служанцы, не, бадай, папрасіў дзяўчыну, каб яна, пакуль зусім не развіднела, памыла мне нагавачкі і павесіла каля печы, а мяне самога паклала ў ложак, бо, мусіць, ён бачыў, што я зусім скалеў. Ледзьве паспеў я сагрэцца, як ужо й на дзень занялося; святар ужо стаяў каля ложка, прыйшоў падзівіцца, як тут у мяне ўсё абышлося, а мае кашуля і штанцы былі яшчэ мокрыя, то я не мог устаць, каб падысці да яго.
    Я расказаў яму ўсё і пачаў з «мастацтва», якога мяне навучыў прыяцель, і як я кепска той навукай скарыстаўся. Далей я паведаміў, што госці пасля таго, як ён, святар, пайшоў, зусім падурэлі і, як зноў жа сказаў мой прыяцель, хацелі прадлубаць у доме падлогу; item, які жахлівы страх на мяне напаў, праз што я і трапіў у гусіны катух, і што ў тым хлевушку ад тых дваіх, якія незнарок мяне вызвалілі, уведаў з іхніх слоў і дзеяў і якім чынам я іх там замкнуў замест сябе. «Сімпліцы, сказаў святар, блага табе прыпала, зусім блага. Пайшло ў цябе спярша вельмі гладка; але баюся, вельмі баюся, што ты перабаршчыў і ўсё сапсаваў. Выбірайся баржджэй з ложка ды ляці хутчэй з дому, каб і я разам з табою не асяніўся няласкаю пана, калі б цябе згледзелі
    ў маім доме». I я мусіў ісці ўвесь у мокрым і першы раз на сабе зведаць, як ліпнуць усе да таго, хто ў шаноўлі; і як жа коса глядзяць на таго, хто пачаў накульгваць, а тая ласка тым часам уся злашчылася.
    Я пайшоў у харомы да майго пана, там усё яшчэ мёртва спала, апрача Кухара і некалькіх ягоных дзяўчат. Дзяўчаты прыбіралі ў пакоі, дзе ўчора банкетавалі, а кухар з рэштак былога едзіва гатаваў сняданак ці, лепей сказаць, нейкую пярэкусь. Спярша я падышоў да дзяўчат; у іх там усё было дагары нагамі: бітыя куфлі, шыбы, у некаторых месцах было поўна таго, што выходзіла з гасцей зверху і спадыспаду, месцамі стаялі вялікія лужыны разлітага віна і піва, так што падлога нагадвала карту, на якой можна было разгледзець моры, астравы і сухія, цвёрдыя кантыненты. Ва ўсім пакоі стаяў смурод нязгорш таго майго, катушынага, таму я доўга і не забавіўся, а пайшоў на кухню, каб там каля агню дасушыцца да канца на жывым целе, са страхам чакаючы, як абернецца да мяне Фартуна, калі мой пан праспіцца і ўстане. I тым часам разважаў пра дурноту і марнасць свету, узгадваў, што мяне напаткала мінулага дня і асабліва ўначы і што яшчэ я пабачыў, пачуў і даведаўся. Такія думкі навялі мяне на рахубу, што жыццё маё ў пустэльніка, у нэндзы, галечы і ўбогасці, было куды дабрашчаснейшае, ажна мне захацелася зноў вярнуцца ў былое.
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
    Сімпліцы пажу адпёк пірагі, адкрыўшы сакрэты левай нагі
    Калі пан мой устаў, ён паслаў свайго целаахоўніка па мяне ў гусіны катух; той прынёс вестку, што знайшоў дзверы зачыненыя і прарэзаную за засаўкай дзірку, дзякуючы якой, відаць, вязень і ўцёк. Але яшчэ да гэтага паведамлення мой пан даведаўся ад іншых, што я даўно на кухні. Тым часам
    слугі ўжо бегалі, збіраючы ўчарашніх гасцей на сняданак, разам з якімі клікнулі і святара, які павінен быў паявіцца раней за іншых, бо пан, перш чым сесці за стол, хацеў перагаварыць з ім з прычыны, так бы сказаць, мяне. Ён сур’ёзна спытаўся ў святара, за каго той мяне мае, за блазна і дурня ці за хітрага праныру і баламута; які я ці прастадушны рахманіна і цюхця, а ці, наадварот, падступны скалазуб і цмыгун, і пры гэтым расказаў яму ўсё-ўсенька, як непачціва я ўчарашняга дня і ўвечары паводзіўся пры каляцыі і ў танцах і што многія госці прынялі гэта і расцанілі, як ліхі намысел супроць іх, і быццам усё гэта загадзя прадумана дзеля афронту, каб дапячы ім; item, што ён загадаў замкнуць мяне ў гусіны катух, каб убяспечыцца ад падобных розбрыкаў і анцыбураў, якімі я яшчэ мог падседзець яго перад людзьмі, і з якога, катуха, я вылузаўся і цяпер брыняю ў цяпле і выгодзе на кухні, як нейкі шляхцючок, перад якім усе павінны прагінацца, а не ён служыць нам, і што колькі на свеце жыве, не памятае, каб нехта ўшыхаваў яму пры высакародным людстве столькі ўсякага дэспэкту і канфузіі, і што ён не бачыць ніякага іншага выйсця, як толькі загадаць, каб мяне патрактавалі як след пугамі і дубцамі, і што ўжо калі я аж такі невылечны ёлупень, дык паслаць мяне к чартаматары і не пускаць да стала.
    Тым часам, пакуль мой пан так наракаў, пачалі вызбірвацца госці. Пан выгаварыўся, і святар адказаўяму, што калі б ласкавы пан узычыў хоць прагалінку часу і цярпліва паслухаў, дык ён мог бы расказаць пра Сімпліцы пропадзь чаго такога пацешнага, чаго ні сумысля, ні спопрыску не прыдумаеш, але з чаго несумненна вынікае не толькі поўная невінаватасць дзіцяці, але і тое, што часцей за ўсё плятуць усялякую небывальшчыну пра яго паводзіны, і хай пан дасць веры, што хай ўсе, хто пачуў сябе зняважаным, адкінуць усе нядобрыя падазрэнні. Пан губернатар дазволіў, але хацеў, каб гэта было расказана за сталом, а то ж хай паслухае сабе на пацеху ўся кампанія.
    Калі вось так у верхнім пакоі гаварылі пра мяне, унізе са мною акардаваў той кручаны фэндрык, якога я замест сябе замкнуў у хлеўчуку і які ўсякімі пагрозамі, лёстачкамі і, нарэшце, талерам, якога ён сунуў мне ў руку, дамогся, каб я паабяцаў ані шу-шу пра ягоныя амурныя ўходы, каб не вякнуў чаго не папала на памяло.
    Сталы былі накрытыя і, як і ўчарашняга дня, застаўлены ежаю і абсаджаны людзьмі. Вермут, шаблі, алант1, цытрыноўка, іншыя віны разам з «гіпакратам»2 мелі давесці да ладу галовы і жываты гасцей, бо ўсе ж былі як у чорта на тартурах. Іх першая гутарка была пра іх самых, пра тое, як яны ўчора так ладна панабіраліся і як не было сярод іх нікога, хто прызнаўся б, што пераквасіўся з лішкам, хоць яшчэ ўчора чортам кляліся, што ўжо ані-ні больш. Некаторыя прызнавалі, што захмялелі так сабе збольшага, а іншыя даказвалі, што яны ніколі не ўпіваюцца данясхочу, а так толькі, дзеля настрою, кампаніі і хэнці. Калі ўжо стаміліся гаварыць і слухаць пра свае дзівацтвы і вычуды, прыйшла чарга да небаракі Сімпліцыя; губернатар сам нагадаў святару, каб той адкрыў публіцы абяцаныя вясёлыя пікантнасці і нягегласці.
    Гэты найперш папрасіў не залічваць яму ў грэх, калі ён змушаны будзе ўжыць некалькі слоў, якія, магчыма, і не дужа стасуюцца з яго духоўным санам, але што тут паробіш праўда ёсць праўда; і пачаў распавядаць, спачатку пра тое, з якіх такіх чыста прыродных прычын мяне даймала цялесная пляга ў кішках, пра тое, як я шчыра ўсё выклаў сакратару ў канцылярыі, як я быў навучаны разам з варажбою пэўнаму мастацтву і як блага ўчыніў першае выпрабаванне, item, якімі дзіўнымі здаліся мне танцы, якіх я зроду ні разу на вочы не бачыў, як мне ўсё растлумачыў прыяцель і з якое прычыны я ўчапіўся ў знакамітую даму і як трапіў
    1 Віно з дадаткам дзівасілу.
    2 Гатунак віна з дабаўкамі зёлак: цынамону, міндалю, мускату.
    у катушок. Усё гэта святар падаваў у вельмі прыстойнай манеры, але ўсе сінелі і бакі рвалі ад смеху, папрасіў ласкава выбачыць мне маю прастадушнасць і неабазнанасць, і каб не астыла да мяне панава прыхільнасць, і каб не адстаўлены я быў ад службы каля стала; а пра тое, што спрыгодзілася ў мяне ў катушку, як я выбавіўся адтуль, ён не схацеў сказаць, баючыся, каб на яго не ўгневаліся некаторыя сатурналісты і перапітыя казлы, якія лічаць, што асобы духоўныя ўсё і заўсёды бачаць толькі ў благім святле. А мой пан, дык той акурат і спытаўся ў мяне, каб пацешыць гасцей, чым жа я сплаціў свайму прыяцелю за навуку, за досвед, і калі я адказаў:»Нічым!» ён сказаў: «Ну дык я заплачу яму поўны ганарар за тваю вывучку», і таго паклалі на карыта і высвісталі так, як і мяне ўчора, калі я выпрабоўваў мастацтва і схібіў.
    Мой пан дастаткова добра ўведаў пра маю прастадушнасць, але хацеў падахвоціць мяне, каб я пацешыў яго і гасцей яшчэ больш; ён быў упэўнены, што сваімі дурнотамі я пераплюну ўвесь іхні аркестр. Ён спытаўся, навошта я парэзаў дзверы ў катуху і даў лататы. Я адказаў: «Гэта, можа, хто іншы зрабіў». Ён спытаўся: «Хто ж тады?» Я сказаў: «Можа той, хто прыйшоў да мяне». «А хто ж да цябе прыходзіў?» Я адказаў: «Я не павінен гэтага нікому казаць». Пан мой быў спрытнюга ў клёку, ведаў, як да мяне пад’ехаць і падступіцца; таму ён апярэдзіў мяне пытаннем: «Хто ж гэта табе забараніў?» Я адразу адказаў: «Кручаны фэндрык». Аднак па вялікім рогаце гасцей я скеміў, што зноў даў пудлу, а кручаны фэндрык, які таксама сядзеў за сталом, пачырванеў, як печаны рак, і калі б я не хацеў больш нічога расказваць, ён не запярэчыў бы. Але мой пан толькі кіўнуў раз кручанаму фэндрыку, і таму як зацяло, а я ўжо мог гаварыць усё, што ведаў. Пасля мой пан спытаўся, што ж там той кручаны фэндрык такога нафэндрыў пасля мяне ў катуху. Я адказаў: «Ён прывёў туды адну паненку». «I што ж ён рабіў далей?» спытаў мой пан, а я адказаў:
    «Мне здалося, што яму прыспічыла пацурболіць». Мой пан спытаўся: «А што ж пры гэтым рабіла паненка, нябось засаромелася, га?» «Ды не, мой пане, сказаў я, яна задрала спадніцу і хацела (s. v. , мой высокашаноўны, цуда-, шанаі цноталюбны чытач, даруй майму непачціваму пяру, што піша яно так груба, як я тады сказаў, але зноў жа, праўда ёсць праўда) падставіцца». Тут сярод прысутных падзеяўся такі рогат, што мой панок не толькі слухаць, але і пытацца далей не мог; ды яно і патрэбы не было, бо інакш можна было б ужо наразіць на кепікі і смех саму пачцівую паненку (scil. зразумела!).