• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    Тут гофмайстар абвясціў за сталом, што я, нядаўна вярнуўшыся з больверка, то-бок з вала фартэцыі, сказаў, што я ведаю, як учыніць гром і маланку; што я бачыў на двух падводах два камлюкі, пустыя ўсярэдзіне, дуплястыя; у іх насыпалі насення цыбулі з белай морквінай, якой абцялі хвост, пасля гэтыя камлі паказыталі зубатым кіёчкам, ад чаго з тых камлёў спачатку паваліў дым, потым бабахнуў гром і шугануў пякельны агонь. Такіх жартаў нагаварылі за сталом шмат, нарагаталіся ўволю, так што пад закусь гаварылі, бадай, толькі пра мяне, з мяне і смяяліся. Усё гэта спрычыніла агульны вырак мне і прывяло да маёй пагібелі, што калі мне дазволяць гаварыць, што хачу, з мяне выйдзе выдатны застольны блазан, якім дабраволяць ўладары свету і з якіх могуць парагатаць нават простыя смертныя.
    РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
    Сімпліцы бачыць без мілых падманаў не выстаіць нават фартэцыя ў Ханау
    I вось акурат калі гэта сама-сама ўсе сабраліся паброварыць і, як учора, дружна спаражніць посуд, варта абвясціла з уручэннем паслання пра прыбыццё камісарыя, які ўжо, сказалі, каля брамы, а пасланы ён мілітарнай радай шве-
    дскай кароны збадаць тутэйшы гарнізон і зрабіць візітацыю ў фартэцыю. Гэта адразу з’ёлчыла ўсе жарты, і вясёлы рогат аціх, як пішчалка дуды, калі з яе выйшла паветра. Музыкі і госці рассеяліся, як тытунёвы дым, пакінуўшы пасля сябе толькі пах; мой пан сам памчаўся з ад’ютантам, які нёс ключы, і з атрадам галоўнай варты, з паходнямі, да брамы, каб асабіста ўпусціць таго візітанта-атраманта, чарнільную душу, як ён яго назваў. Зычыў, каб яму чорт карак скруціў, перш чым ён укруціцца і нагою паткнецца на парог цвярдыні. Але як ён яго ўпусціў і прывітаў на ўнутраным мастку, бракавала вельмі малога альбо зусім нічога, каб з ходу-лёту, у доказ сваёй адданасці не паслацца гладкім лістам, узаемная пачцівасць у тыя хвіліны была такая вялікая, што камісарый спешыўся і прайшоўся ножкамі з маім панам да ягонага лажаменту, і кожнаму тут зарупіла ісці, канечне ж, леваруч, etc. «Ах, падумаў я, які ж гэта шаленчы дух аж так людзей пантае, што кожны кожнага за дурня мае?» Мы, такім чынам, падышлі да галоўнай варты, і вартавы крыкнуў: «Хто там?» хоць выдатна бачыў, што гэта мой пан. А гэты заўпарціўся з адказам, саступаючы гонар высокаму госцю; вартавы зноў, як бы не бачачы, яшчэ мацней паўтарае сваё пытанне. Нарэшце, аж за трэцім разам, пан будзе адказваць на тое «хто там?» «Чалавек, які дае грошы!» Калі мы праходзілі міма варты, а я ішоў апошні, дык і дачуў, што вартавы, які толькі нядаўна завербаваўся ў жаўнеры, а да таго сядзеў на гаспадарцы, даволі заможны вясковец з Фогельсберга, буркнуў: «Каб ты так дыхаў, падла; чалавек, які дае грошы! Сабака, які іх выдзірае, вось хто ты! Столькі грашыскаў злупіў з мяне, што хай бы цябе пярун улупіў раней, чым ты выпаўзеш з горада». 3 гэтай хвіліны я быў у поўнай пэўнасці, што чужы пан у аксамітах святы чалавек, раз не толькі ніякая кляцьба не ўзяла яго, але і нёпраталі ягоныя чынілі яму учту, ласку і даброць усялякую; яшчэ тае ж ночы ён быў па-каралеўску патрактаваны ўсялякімі прысмакамі і лагодкамі ўганараваны і да таго ж раскошнай пасцеллю ўпачціўлены.
    Наступнымі днямі пры інспекцыі было ўсяго-ўсялякага. Я, дурны немысель, быў, аднак, досыць упарты і ўвішны, каб гэтага хітрага камісарыя, а ягоныя ж абавязкі не можа несці дзіця горкае, дурыць і вадзіць за нос, як малога; навучыўся я гэтага меней чым за гадзіну; уся мудрасць была ў тым, каб лічыць ад пяці да дзевяці і біць у барабан, бо я быў яшчэ замалы, каб выцягнуць на цэлага мушкецёра. На гэты выпадак апранулі мяне а мае падкасаныя пажовыя штонікі не пасавалі да падзеі у адмысловыя пазычаныя строі і далі адмысловы, таксама пазычаны барабан вядома з той прычыны, што і сам я быў пазычаны; і я выдатна прайшоў інспекцыю. А як што пры маёй блазноце не вельмі верылі, што я здолею ўтрымаць у памяці нязвыклае імя, на якое я павінен адгукнуцца і выступіць з шыхту наперад, дык я і застаўся Сімпліцыем; прозвішча прыдумаў сам губернатар і загадаў запісаць мяне ў рэестр як Сімпліцыя Сімпліцысімуса, паставіўшы мяне, такім чынам, як скурвысына, байструка ў першым калене, бо, як ён сам разважыў, я быў вельмі падобны на ягоную родную сястру, якая прапала. Я пазней захаваў за сабою гэтыя імя і прозвішча, аж пакуль не даведаўся сапраўднага, і граў з імі сваю ролю на немалую карысць губернатару і на невялікую шкоду шведскай кароне досыць паспяхова праз увесь час вайсковай службы, якою я паслужыўся шведам, а таму і іхнія ворагі не мелі ніякай падставы ненавідзець мяне за гэта.
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
    Сімпліцы ў пекле, ледзь не да смерці лупцуюць яго рагатыя чэрці
    Калі камісарый з’ехаў, памянёны святар таемна паклікаў мяне да сябе ў пакой і сказаў: «О Сімпліцы, мне шкада тваёй маладосці, а твае будучыя нягоды клічуць мяне да спагады. Паслухай, дзіця маё, і ведай гаспадар твой намерыўся
    зрабаваць твой розум і зрабіць з цябе дурня, нават загадаў ужо з гэтай прычыны пашыць табе блазенскі ўбор. Заўтра цябе пасадзяць у такую школу, дзе ты зусім пакінеш свой розум; не сумняваюся, у ёй з табою будуць абыходзіцца так жорстка і гнюсна, што ты, калі Гасподзь Бог ці іншае што не запабегнуць, сапраўды збаламуцішся. А як што гэта досыць сумніўнае і ненадзейнае рамяство, я ад шчырай павагі да пабожнасці пустэльніка і, ведаючы тваю нявіннасць, хачу з хрысціянскай любові ўзычыць табе добрай парадай і патрэбным настаўленнем і даць сапраўдныя лекі. Таму паслухай маёй навукі і прымі гэты вось парашочак, які ўмацуе твае мазгі і памяць у такой меры, што ты, не пашкодзіўшы свайму розуму, ператрываеш усё лёгка. I вось табе яшчэ бальзам; натры ім сабе скроні, цемя, патыліцу, таксама ноздры; абодва гэтыя лекі ўжыві ўвечары, калі будзеш класціся спаць, маючы на ўвазе, што кожнае хвіліны не будзеш пэўны, што цябе не звалакуць з ложка. Але глядзі і сачы пільна, каб ніхто не пранюхаў пра гэтыя лекі і каб не даведаўся пра маю засцярогу табе, інакш і табе і мне будзе крута. А калі цябе пачнуць цвічыць, дык глядзі і не вер, што б табе ні казалі, адно рабі выгляд, што паверыў. Гавары мала, каб твае настаўнікі не заўважылі па табе, што яны малоцяць пустую салому; інакш катаванні твае зацягнуцца, і тут ужо я сам не ведаю, што яны яшчэ прыдумаюць, што будуць з табой вырабляць. Але перш чым на цябе надзенуць блазенскія строі і каўпак, прыйдзі зноў да мяне, каб я табе параіў, што і як рабіць далей. А тым часам я буду маліць Бога за цябе, каб ён захаваў табе чысты розум і здароўе». I пасля гэтых слоў ён даў мне той парашок і масць, і я пайшоў дамоў.
    Як папярэдзіў святар, так і было. Толькі я заснуў, як у пакой да майго ложка прыйшлі чатыры хлопцы, пераапранутыя ў страшных чартоў; яны скакалі вакол, не раўнуючы як блазны ці запустоўскія казлы; у аднаго ў руцэ былі вогненныя вілы, а ў другога паходня; двое другіх падскочылі да мяне, вывалаклі з ложка, нейкі час скакалі са мною
    і гвалтам апранулі мяне. А я зрабіў выгляд, што прыняў іх за сапраўдных чартоў, жаласна крычаў і енчыў, страшна адмахваўся і адбіваўся; а яны заявілі, што я пайду з імі. Пасля завязалі мне галаву хусткай, так што я не мог ні бачыць, ні чуць, ні нават крычаць. I павялі мяне, бедалагу-дурня, які дрыжаў і калаціўся, бы асінка, па розных праходах і сходах угору і ўніз і прывялі нарэшце ў нейкі склеп, у якім гарэў вялікі агонь, і калі яны мяне зноў развязалі, дык пачалі паіць гішпанскім віном і малмазеяй. I ўсяляк уталкоўвалі, што я памёр і цяпер у апраметнай, а я старанна ўдаваў, што паверыў ва ўсё, што яны хлусілі. «Пі смялей, казалі яны, бо ты будзеш з намі вечна. А калі не хочаш з намі прыяцеліцца і рабіць, як мы, дык укінем цябе ў гэты вось агонь». Небаракі-чарты стараліся змяніць галасы, яны ляпілі іх галасы, каб я не пазнаў іх; але я адразу спетрыў, што гэта былі панавыя слугі, фуражыры; але я не паказаў гэтага па сабе, я пасмяяўся ў кулак, што хлопцы, якія збіраліся скроіць з мяне дурня, самі ў дурні і пашыліся. Я выпіў сваю долю гішпанскага віна; але яны выпілі больш за мяне, а як што такі нябесны нектар ім рэдка перападае, дык магу пабажыцца, што яны набраліся больш за мяне. Мне падалося, што ўжо настаў патрэбны час, і я пачаў хістацца, тыцкацца тудысюды і торгацца, як гэта нядаўна, я бачыў, рабіліся панавыя госці, і нарэшце зусім ужо не схацеў піць, а толькі спаць; але яны соўгалі мяне сваімі віламі, якія ўвесь час ляжалі на агні, ганялі з кута ў кут па ўсім склепе, быццам самыя падурэлі, загадвалі піць яшчэ і не спаць. I калі я ў гэтым гармідары нарэшце ўпаў, а гэта я часта рабіў сумысля, яны падхапілі мяне на ногі і зрабілі выгляд, што вось-вось укінуць у агонь. Такім чынам яны рабілі са мною, як з сокалам, не даючы заснуць, і гэта было самае цяжкае выпрабаванне. Мяркуючы па іх перапітасці і санлівасці, я вытрываў бы і даўжэй за іх; але яны не рабілі ўсяго гэтага разам, а мяняліся; таму ўрэшце я змогся. Два дні і дзве ночы правёў я ў гэтым закураным склепе, у якім не было ніякага інша-
    га святла, апрача агменю; галава мая гула, зусім ашалела, быццам хацела разваліцца на кавалкі, але я нарэшце прыдумаў ратунак, як мне вызваліцца з катоўні і ад саміх катаў; я зрабіў, як хітры ліс, які пырскае сабакам на морду, калі ўжо не спасобіцца ад іх уцячы; і як што прырода мая якраз паднатурыла мяне (5. v.) да патрэбы: я засунуў сабе пальцы ў рот, каб званітаваць, такім чынам, што адначасова напусціў поўныя штонікі і забляваў сабе ўсю камізэлю, заплаціўшы за выпіўку такім невыносным смуродам, што мае бедныя самі не маглі вытрываць. Яны паклалі мяне на нейкую радзюгу і аддубасілі так неміласэрна, што здавалася, усе мае вантробы разам з душою маглі выскачыць з цела. Я сам быў так перастрашаны і аслабеў, што самлеў і ляжаў як нежывы; не ведаю, што яны там далей рабілі са мною, аж так быў без памяці.
    РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
    Сімпліцы з пекла ў рай трапляе, але і там рызыкі не губляе
    Апрытомнеўшы, я ўжо быў не ў пустым склепе сярод чарцей, а ў прыгожай зале пад апекаю трох найгнюсотнейшых старых баб, якіх толькі зямля спарадзіла. Я нават падумаў быў спачатку, калі крыху расплюшчыў вочы, што гэта сапраўдныя выпладні пекла; але як што на той час я ўжо пачытваў старых антычных паэтаў, дык палічыў іх за эўменідаў ці, прынамсі, за адну з іх, за Тысіфону1, якая прыйшла з геены забраць у мяне мой розум, як у таго Атаманта2, але ж я загадзя і наперад ведаў, што я таму тут, што