Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
пудрай, бо калі людзі пабачаць, якія ў гэтым не разбіраюцца, дык яны ж могуць падумаць, што паню паршыўка абсела і сыплюцца пархі; гэта тым болей шкада, што ў пані такія бліскучыя вочы, якія чарнатою больш іскрацца, чым сажа ў майго татуся ў адчыненай печы, якая так страшэнна блішчала, калі Ганка стаяла каля яе са жмутам саломы і распальвала, і свяцілася так, быццам гэта быў агонь на распал свету. Яе шчочкі такія пекна ружовыя, але не так вогненна-чырвоныя, як тыя новыя стужкі, якімі швабскія фурманы з Ульма абшылі нядаўна штаны і кішэні. А чырвань высокая, я б сказаў нават пурпура, якая ў яе на вуснах, далёка пераўзыходзіць такую фарбу, і калі яна выскаляецца альбо гаворыць (прашу, хай пан толькі вокам кіне!), вы бачыце ў яе вуснах два радочкі зубоў, такіх прыгожых белых шнурочкаў, падобных на цукар, быццам яны выразаныя з кавалка белай рэпы. О дзівоснае дзіця, не думаю, што камусьці забаліць, калі ты імі ўкусіш! I шыя ў яе такая бялюткая, як добра выстаялае кіслае малако, а яе цыцачкі, што ўклаліся ніжэй, такія самыя беленькія і, далібог жа, такія пругкія і тугенькія, як казінае вымя, што пухне ад малака. Яны, канечне ж, не такія абвіслыя, як у тых старэч, што надоечы апратвалі мне маю паню Фэ, калі я быў на небе. Ах, пане, падзівіцеся на яе ручкі і пальчыкі, яны такія тоненькія і доўгія, такія далікатныя, такія зграбныя і такія спрытна-ўвішныя, як у цыганкі, калі тая шнарыць па кішэнях, каб што-небудзь сцібрыць. Але што гэта ў параўнанні з усім яе целам, якога, на жаль, я не бачу! Ці ж яно не такое далікатнае, тоненькае, шчупленькае і шчыгульненькае, як калі б яна цэлых восем тыдняў запар, не прасыхаючы, дрыстачкаю бегала». Тут грымнуў такі рогат, што болын ужо ніхто мяне не слухаў, а я гаварыць не мог, і з гэтым я даў лататы, як галандзец з поля бою, задаволены сабою, і хай сабе мяне лічаць дурнем, колькі ім улезе.
РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ
Сімпліцы пра тое, чаму такі падкі плюгавы нашчадак на тытулы й спадкі
Пасля абедалі, і я зноў адважна выступіў, бо я пастанавіў сабе выстаўляць усе глупствы і караць усякую марнасць, пахібнасць і пыху, на што вельмі прыдаваўся мой тагачасны стан; не было нікога за сталом, каго я не мог бы ўпікнуць і ўшчыкнуць за ягоную загану і патузаць, і калі катораму гэта было не даспадобы, дык у дадатак яго альбо яшчэ і высмейвалі іншыя, альбо мой пан заяўляў, што мудры чалавек не павінен гневацца на блазна. Кручанага фэндрыка, майго заклятага ворага, я хуценька вывалак на святло і пасадзіў-такі на асла. А першы, хто па знаку майго пана паспрабаваў запярэчыць і выставіцца з розумам, быў сакратар, бо калі я назваў яго кавалём тытулаў і, высмейваючы марнасць тытулаў, спытаўся, як бы ён патытулаваў прабацьку людзей, ён адказаў: «Ты гаворыш, як неразумнае цяля, бо не ведаеш, што пасля нашых прабацькоў жылі розныя людзі, якія за свае рэдкія цноты, такія як мудрасць, мужчынская адвага і вынаходства прыгожых мастацтваў, увысакароднілі сябе і свой род аж так, што ўзвысіліся з усіх людзей над зямнымі рэчамі, нават над зоркамі да самых багоў. Калі б ты быў чалавек альбо калі б ты, прынамсі, як чалавек, чытаў гісторыю, ты зразумеў бы і розніцу, якая паўстала паміж людзьмі, і адпаведна гэтаму ўмеў бы кожнаму даваць пачэсны тытул; з увагі ж на тое, што ты цяля і няздатны ці няварты на чалавечую пашану і гонар, дык і вярзеш пра ўсё як дурное цяля і не аддаеш высокаму роду таго, што ёсць яго радасць і шчасце». Я адказаў: «Я быў чалавекам, як і ты, я многа чытаў, а таму магу меркаваць, што альбо ты няправільна разумееш свой гешэфт, альбо маеш інтэрас гаварыць інакш, ніж думаеш. Скажы мне, якія такія цудоўныя чыны, якія такія пахвальныя здольствы і мастацтвы прыдуманы, якія былі б да146
статковыя, каб увысакародніць і праславіць імёны цэлага роду на сотні і сотні гадоў наперад пасля смерці тых герояў і мастакоў? Ці ж сіла герояў і мудрасць умельцаў і высокі розум не памерлі разам з імі? Калі ты гэтага не разумееш і якасці бацькоў пераносіш на спадкаемцаў-дзяцей, дык я мушу падумаць, што тваім бацькам быў тунец-дурнец, а маці камбала пляскатая». «Ха, адказаў сакратар, калі ўжо ў нас з табою на тычкі-смехі пайшло, дык я магу табе закінуць, што твой татусь быў тупагаловы шпэсэрцкі халоп, і хоць на тваёй радзіме і ў тваім родзе шмат вялікіх галганаў, ты, аднак, дужа здрабнеў, калі дажыўся да стану неразумнага цяляці». «Маеш рацыю, вось тут я цябе і дастаў, адказаў я, гэта якраз тое, што я й кажу, менавіта бацькоўскія цноты не перадаюцца дзецям, і якраз таму дзеці не вартыя бацькоўскіх тытулаў. Што да мяне, дык не ганьба мне цялём быць, бо гэтым самым у гэтай вось скуры я пашанаваны гонарам кіравацца прыкладам магутнага цара Навухаданосара. Хто ведае, можа, якраз гэта ўпадабаецца Богу, калі я, як і цар, зноў стану чалавекам, ды нават, можа, большым, чым быў мой татусь? Я слаўлю тых, якія якраз сваімі цнотамі дасталіся да вышыні ў родзе». «Сказана яшчэ не ўстаноўлена, сказаў сакратар, што дзеці не могуць спадкаваць ганаровых тытулаў сваіх бацькоў, і ты павінен прызнаць і неаспрэчна даказаць мне, што вартыя ўсялякай пахвалы тыя, якія ўвысакародніліся дзякуючы сваім высакародным учынкам. А калі так, дык з гэтага вынікае, што правамерна шануюцца і дзеці, бо яблык падае недалёка ад яблыні. Хто з нашчадкаў Аляксандра Вялікага, калі б каторае засталося жывое, не хацеў бы праславіцца ваеннай адвагаю сваіх продкаў? Гэты праявіў сваю прагу змагацца ў маладосці, калі яшчэ быў няздольны трымаць зброю, сваімі жальбамі, што бацька ягоны ўсё паваюе і нічога яму не застанецца. Хіба ж не скарыў ён цэлы свет да сваіх трыццаці гадоў і ці не насыціўся подзвігамі? Хіба ў бітве з індусамі, калі яго пакінулі свае, не спацеў ён ад
гневу крывавым потам? Хіба не палала аблічча ў яго, быццам абкладзенае полымем, што аж перапалоханыя барбары мусілі адступіць? Хто не ўшануе яго і не паставіць над іншымі людзьмі, калі нават Квінт Курцый1 сведчыць пра яго, што дыханне яго пахла бальзамам, яго пот піжмай, а яго мёртвае цела каштоўнымі духмянасцямі? Я тут мог бы яшчэ зацытаваць Юлія Цэзара і Пампея, з якіх першы, апрача перамогаў у грамадзянскіх войнах, пяцьдзясят разоў выступаў у адкрытым полі і паклаў 152 000 ваяроў. А другі апрача 876 адабраных у марскіх піратаў караблёў захапіў і ўпакорыў 876 гарадоў і сёлаў ад Альпаў да Гішпаніі. Пра славу Марка Сэргія 2я ўжо памаўчу і толькі вокаўзам згадаю пра Луцыя Сіка Дэнтата3; ён быў цэхавы старшыня ў Рыме, калі Спурый Турпэй і Аўл Этэрній4 былі бургамістрамі. Гэты вызначыўся ў 110 бітвах і восем разоў перамагаў тых, хто яго выклікаў на бой; ён мог паказаць 45 шнараў ад ран, якія ён атрымаў, як мужчына, у грудзі і ніводнай у спіну; з дзевяццю камандуючымі хадзіў ён з трыумфам у паходы і ў кожным па-геройску вызначыўся. А ваенная слава Капіталінія Мантлія5 не была б меншая, калі б напрыканцы свайго жыцця ён яе сам не панізіў; бо ён мог бы таксама паказаць яшчэ 33 шнары ад ранаў, не лічачы таго, што ён адзін утрымаў, уратаваў ад галаў Капітолій з усімі яго скарбамі. А біблійныя героі Ясія, Давід, Ёў, Макавеі і многія іншыя, з якіх адны здабылі зямлю абяцаную, а другія зноў жа далі ёй свабоду? Item, асілкі Геркулес,
1 Рымскі біёграф Аляксандра Македонскага; жыў, імаверна, у I ст. н. э.
2 Адважны рымскі ваяр, легат у 168 г. да н. э., прадзед Катыліны.
3 Рымскі ваяр, якога параўноўвалі з Ахілесам; жыў у V ст. да н. э.
4 Імёны рымскіх консулаў, што займалі гэтую пасаду ў 454 г. да н. э.
5 Рымскі палітык і ваяр, які абараніў Капітолій ад галаў у 390 г. да н. э. Пазней быў пакараны смерцю за жаданне стаць царом.
Тэзей і іншыя, пра якіх расказаць немагчыма, а іх несмяротную славу не апішаш ніякімі словамі! Ці ж не павінны яны быць ушанаваныя і ўслаўленыя ў нашчадках?
Але пакінем збройнае і звернемся да мастацтваў, якія хай, можа, крыху менш уражваюць, але тым часам праславілі сваіх выдатных адэптаў. Якую выспрытненасць мы бачым у Зэўкса, які, дзякуючы сваёй умельскай галаве і здатнай руцэ, ашукаў птушак у паднябессі? Item, у Апэла1, які намаляваў Венеру так натуральна, так прыгожа, так субтыльна, так далікатна і мякка ва ўсіх лініях, што маладыя хлопцы кахалі яе, намаляваную? Плутарх піша, што Архімед адной рукою і адной вяроўкай уцягнуў сіракузцам на торжышча вялізны карабель, нагружаны таварам, так лёгка, быццам вёў уючную жывёлу, чаго не маглі б адужаць дваццаць валоў, не кажучы пра падобных на цябе цялят. Хіба гэтыя спрытныя здольнікі не павінны быць упачціўлены ганаровым тытулам, вартым іхняга мастацтва? Хто не хацеў бы вылучыць і ўславіць перад іншымі людзьмі тых, якія персідскаму цару Canopy2 выштукавалі шкляны посуд, які быў такі шырокі і высокі, што цар мог сядзець усярэдзіне яго і бачыць пад сабою, як усходзяць і заходзяць свяцілы нябесныя? Альбо ж ці не мае быць увяльбёны Архіт3, які рабіў такіх драўляных галубоў, што яны, як жывыя птушкі, маглі лётаць у паветры? Альбертус Магнус4 выкаваў галаву, якая ясна вымаўляла разумныя словы. А яшчэ ж і Мемно-
1 Зеўкс і Апэл належалі да самых знакамітых мастакоў Старажытнай Грэцыі. Жылі ў V-IV ст. да н. э.
2 Персідскі цар Шапур II (пам. у 272 г.) быў мецэнатам мастацтваў.
3 Старажытнагрэцкі філосаф, палітык, матэматык, вучань Эўкліда. Жыў у IV ст. да н. э.
4 Альберт Вялікі (Альбертус Магнус; к. 1193 к. 1280) сярэднявечны мысляр, паслядоўнік Арыстотэля, настаўнік Тамаша Аквінскага.
нісаў слуп1, як толькі азарала яго ранішняе сонца, выдаваў зычны, чысты голас. Ужо памянёны Архімед зрабіў люстра, якім спаліў у моры варожыя караблі. Так і Пталамей згадвае пра адно такое цудоўнае люстра, якое паказвала ў сабе столькі твараў, колькі ў дні было гадзін. Хто не назаве высакароднай руку таго пісца, які, як сведчыць Пліній, перапісаў Гамераву «Іліяду», у якой 100 000 вершаў, на такім шматку паперы, што яго можна было ўмясціць у арэхавай шкарлупіне. Іншы ўмелец зрабіў такі дасканалы з усім належным рыштункам карабель, што яго можна было схаваць пад крыло пчалы. А хто адмовіцца ўславіць таго, хто першы прыдумаў літары? Так, хто шматкроць не паставіць над усімі мастацтвамі таго, што вынайшаў высакароднае і ўсяму свету ў найвышэйшай ступені карыснае мастацтва друкавання кніг? Калі Цэрэя, а гэта ж яна першая прыдумала рольніцтва і млыны, лічылася багіняй, чаму ж тады было б несправядліва ўславіць яе ганаровымі тытуламі за іншыя заслугі? Праўда, гэта не залежыць ад таго, ці здолееш ты сваімі ялавічнымі мазгамі ўцяміць гэта ці не. У цябе розуму не як кот наплакаў, а вунь жа як у таго сабакі, які ляжаў на капіцы сена і не падпускаў да яе вала, бо сам не мог тое сена есці. Ты не варты ніякай пашаны і менавіта з гэтай прычыны адмаўляеш у гэтым праве тым, хто пашаны варты».