Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
Сімпліцы пра памяць слухае казань і як не забывацца павінен блазан
Раніцай, калі я прачнуўся, абодвух пасцельнікаў-суцельнікаў ужо не было; я ўстаў, і калі ад’ютант узяў ключы да гарадское брамы, я ціхенька шмульнуў з дому да майго святара. Яму я расказаў усё, што са мною спрыгодзілася, як на небясех, так і ў пекле. Убачыўшы, як я яшчэ ўгрызаюся сумленнем, што, вось бач, столькіх бо людзей і асабліва майго пана ваджу за нос, прыкідваючыся блазнам, ён сказаў: «Не рабі сабе пустога клопату; дурны свет хоча, каб яго дурылі, дык і дуры, калі ў табе яшчэ захаваны здаровы розум, ужыві яго сабе на карысць і падзякуй Богу, што ты ўсё перацерпеў, а такі дар не кожнаму даецца. Уяві сабе, што ты, як той фенікс, з нярозуму праз агонь зноў паўстаў у розум, а значыцца, нанава нарадзіўся для людскага жыцця. Але ведай пры гэтым, што пакуль што ты не маеш пэўняка, пакуль што з небяспекай для розуму ты ўвязнены ў гэтай блазенскай шапцы, схавайся пад ёю; час цяпер такі ліхі і хісткі, што ніхто не скажа, ці выцерабішся ты без стратаў і ў здаровай скуры. Лёгка ўскочыць у пекла, а дастацца з яго назад вой, колькі намогі трэба, захакаешся, засапешся. Ты яшчэ невялікі, а не можаш абысці ўсіх небяспек, якія
цябе чакаюць, як, можа, думаеш сабе; таму набярыся асцярогі і розуму, яны табе спатрэбяцца больш, чым калі ты не ведаў, што разумна, а што неразумна. Давер сябе апецы Божай, рупліва маліся, скарайся і цярпліва чакай перамены».
Ягоная казань была наўмысна застрашлівая; нябось я нават падумаў, што ён проста чытаў з майго лоба, як я ганаруся, што так спрытна і хітра ўсіх абышоў і вылузаўся з небяспекі. А па твары ягоным бачу, што ўжо яму мяне досыць, што я яму надакучыў; ды і тое праўда, што яму з мяне? Таму я перамяніў гаворку і шчыра падзякаваў яму за добрыя лекі, якія ён мне даў, каб з панталыку не збіцца; я рабіў проста немагчымае, усё, чаго вымагала мая запазычанасць яму, каб заўдзячыцца і надалей, каб аплаціцца загадзя. Гэта яму ўлесціла і вывела яго на іншы лад; ён пачаў хваліцца сваімі лекамі і расказаў мне, што Сіманід Мелік1 вынайшаў сродак, удасканалены з вялікімі намогамі Метрадорам Сцэпсіем2, з дапамогаю якога ён можа вучыць людзей, што ўсё, што яны хоць калі чулі альбо чыталі, можна ўпакаваць у словы і паўтарыць слова ў слова; і гэта, сказаў ён, без тых падмацавальных лекаў, якія ён мне даў, было б немагчыма. «Ого, падумаў я, даражэнькі мой пане святару, яшчэ жывучы ў пустэльніка, я чытаў у тваіх кнігах зусім іншае пра тое Сцэпсіевае «мастацтва вывастрэння памяці». Але я быў хітры і не сказаў нічога з таго, што быў падумаў, бо з таго часу, як мяне прызначылі дурнем, ва ўсім, што датычыла праўды, я стаў хітрэйшы і выказваўся сціпла і асцярожна. Ён, святар, пайшоў далей і сказаў мне, як Кір ведаў кожнага са сваіх 30 000 жаўнераў па імені, а Люцый Сцыпіён3 ведаў паіменна ўсіх грамадзянаў Рыма, а Кінэй,
1 Сіманід з Кеоса (559-469 да н. э.), старажытнагрэцкі паэт.
2 Рытар і дзяржаўны дзеяч пры двары пантыйскага цара Мітрыдата Еўпатара (канец II сярэдзіна I ст. да н. э.).
3 Рымскі палкаводзец, жыў у II ст. да н. э.
Піраў пасол1, на другі дзень пасля свайго прыезду ў Рым ужо ведаў імёны ўсіх консулаў і арыстакратаў. «Мітрыдат, цар Понта, сказаў ён, валадарыў над дваццаццю двума народамі і ўмеў гаварыць з кожным з іх іхняю ж моваю і з кожным паасобку, як піша Sabell. Lib. 1072, cap. 9. Вучоны элін Хармід3 гаварыў па памяці кожнаму, хто што хацеў ведаць з любой кнігі ў бібліятэцы, калі толькі ён яе хоць раз прачытаў. Люцый Сэнэка мог назваць дзве тысячы імёнаў у тым парадку, як яму іх называлі, і, як сведчыць Равізій4, прачытаць напамяць дзвесце вершаў двухсот вучняў па парадку і наадварот. Эздра, як піша Euseb. Lib. Temp. Fuig. Lib. 87s, cap. 7, ведаў напамяць пяць кніг Майсея і мог слова ў слова падыктаваць іх пісцам. Фэмістокл вывучыў персідскую мову за год. Крас мог у Азіі гаварыць на пяці розных дыялектах грэцкай мовы і судзіў на іх сваіх падданых. Юлій Цэзар чытаў, дыктаваў і слухаў адначасова. Ужо і не казацьму пра рымлян Элія Адрыяна6, Лятронэ7 і іншых, скажу толькі пра святога Гераніма, што ён ведаў габрэйскую, халдэйскую, грэцкую, персідскую, мідыйскую, арабскую і лацінскую мовы. Пустэльнік Антоні8 навучыўся ўсёй Бібліі напамяць на слых, як яму чыталі. Як піша Colerus9 lib. 18,
1 Жыў у III ст. да н. э.
2 Спасылка на кнігу «Дзесяць кніг добрых прыкладаў» італьянскага гуманіста Марка Антонія Кочы Сабеліка (1436-1536).
3 Г этая асоба з фенаменальнай памяццю згадваецца ў Цыцэрона.
4 Французскі гуманіст Жан дэ Равізі (пам. у 1544).
5 Спасылка на гісторыка ранняга хрысціянства Эўсевія (пам. у 340) выглядае памылковай. Габрэйскі жрэц Эздра жыў у V ст. да н. э.
6 Рымскі імператар у 117-138 гг.
7 Рымскі рыторык (пам. у 39 г. н. э.), настаўнік Авідыя.
8 Перасяліўся з Рыма ў Егіпет, пам. у 356 г.
9 Пратэстанцкі прапаведнік XVII ст. у шведскім Норчэпінгу; родам з нямецкага Любэка.
cap. 21 паводле Марка Антонія Мурэта1 пра аднаго карсіканца, той, выслухаўшы імёны шасці тысяч чалавек, мог хуценька паўтарыць іх усе ў правільным парадку.
Пра ўсё гэта я кажу, сказаў ён далей, каб ты не лічыў за немагчымае, што медыцына можа ўмацаваць чалавеку памяць і захаваць яе гэтак сама ж, як і рознымі спосабамі паслабіць яе альбо ж і зусім вытруціць, як піша Plinius lib. 7, cap. 242, самае дурное ў чалавеку гэта ягоная памяць і што яна ад хвароб, пярэпалаху, парушэння, клопату і трывогі альбо зусім прападае, альбо ў значнай меры траціць сваю моц.
Так пра аднаго вучонага з Афінаў чытаем, што ўсё, чаго ён навучыўся, нават альфабэт, ён ураз забыў, калі на яго згары зваліўся камень. Другі ўпаў з вежы і забыўся ўсё чыста, што ведаў, нават імёны сваіх сяброў і найбліжэйшых родзічаў. Яшчэ адзін раз праз хваробу забыў імя свайго слугі, а Месала Корвін3, які меў выдатную памяць, не мог успомніць свайго ўласнага імя. Шрамганс4 піша ў «Fascicule historiarum» fol. 60 гэтак сама бахвальна, як калі б пісаў сам Пліній, што адзін князь напіўся крыві са сваёй жылы і забыўся чытаць і пісаць, ва ўсім астатнім памяць не парушылася; а калі ён праз год на тым самым месцы і ў той самы час зноў напіўся сваёй крыві, дык, як і раней, пачаў і чытаць і пісаць. Сапраўды верагодна, як піша Ёган Вірус5 у De praestigiis daemon, lib. 3, cap. 18, што чалавек, з’еўшы мядзве-
1 Французскі гуманіст, філолаг, жыў у XVI ст.
2 «Натуральная гісторыя» Плінія-старэйшага, напісаная к. 77 г.
3 Рымскі гісторык і аратар (пам. у 13 г. н. э.).
4 Магчыма, жарт або блытаніна аўтара: такое прозвішча носіць ландскнэхт у адным са шванкаў Ганса Закса (1494-1576). Існавала, аднак, кніга з такой назвай («Пучок гісторый») аўтарства нейкага Ёганэса Шрама.
5 Лейб-лекар герцага Вільгельма Клеве (пам. у 1588). Яго кніга мае назву «Пра дэманаў падманаў».
жыя мазгі, упадае праз гэта ў такія фантазіі, такія імажынацыі, быццам ён сам зрабіўся мядзведзем, што і даказваецца прыкладам з адным гішпанскім гідальгам, які зжэр мядзведжы мозак, бегаў па лесе і быў прызнаны за мядзведзя. Дарагі Сімпліцы, калі б твой пан ведаў гэтую штуку, ты мог бы абярнуцца ў мядзведзя, як Каліста, альбо ў быка, як Юпітэр».
Святар яшчэ шмат чаго панарасказваў мне, даў яшчэ нейкіх лекаў і парадаў што да далейшых паводзінаў. I я пайшоў назад, а за мною зноў больш сотні падшыванцаў, якія беглі і мэмэкалі, як цяляты; таму мой пан, які толькі што ўстаў, падбег да акна і, убачыўшы столькі блазнаў адразу разам, зрабіў сабе добрую ласку сардэчна парагатаць.
РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ
Сімпліцы пекнасць дамы ўзвышае і ўсіх за сталом да слёз пацяшае
Як толькі я вярнуўся дахаты, адразу мусіў ісці ў святліцу, бо ў майго пана якраз гасцявала нейкая шляхетная баба, якой закарцела паслухаць і пабачыць новага панавага дурня. Я ўвайшоў і застыў, як нямко, а таму той пані, якую напярэдадні я быў прыхапіў у танцы, даў добрую падставу сказаць, што вось жа бачыце, а не казала я вам? гэтае цяля ўмее гаварыць, а цяпер бачу, што памылілася. Я адказаў: «А я дык вось чуў, што малпы не ўмеюць гаварыць, ды вось чую і бачу, што як рыхтык і я памыліўся». «Што, сказаў мой пан, ты думаеш, гэтыя дамы малпы?» Я адказаў: «Калі і не, дык неўзабаве будуць; хто ведае, як яно ўсё абернецца; я ж таксама ніколі не думаў, што стану цялём, а вось жа наце!» Мой пан спытаўся, з чаго, на мой клёк, вынікае, што дамы будуць малпамі. Я адказаў: «У нашае малпы голая задніца, а ў гэтых паняў ужо голыя грудзі; тым часам прыстойныя дзяўчаткі іх пры-
крываюць». «Дурное шалота-балота, сказаў мой пан, ты дурное цяля і па-цялячы дурное пляцеш. Гэтыя дамы паказваюць якраз тое, што варта падзівавання, а малпа з галотнасці сваёй галым-голая ходзіць. Пакуль не позна, адкупі свой грэх, інакш будзеш біты і ў катуху зацкаваны сабакамі, як гэта бывае з наравістымі цялятамі. Паслухаем, а ці ўмееш ты пахваліць даму, апісаць яе прыгажосць, як належыцца?» На гэта я агледзеў даму з галавы да ног і назад з ног да галавы, паглядзеў на яе так пільненька і любоўна, быццам хацеў ажаніцца з ёю і яшчэ раз абхапіцца, нарэшце сказаў: «Пане, ведаю, у чым пахіба; вінаваты ва ўсім злодзей-кравец; тую столку, якая павінна быць на шыі і закрываць грудзі, ён начапіў знізу да спадніцы, таму яна так і валачэцца; рукі паабсякаць такому краўцу, калі не ўмее пашыць як след. Дзева, сказаў я ўжо ёй самой, скінь з сябе, каб людзей не палохаць, як страхалюдзіна якая, знайдзі краўца майго татуся, і хай ён табе скроіць як трэба, яго звалі майстар Паўлюк; ён выдатна шыў маёй мамці, Ганцы і нашай Урсульцы прыгожыя, з хвандамі спаднічкі, знізу ўсе такія роўненькія, не валачыліся, як у цябе, па зямлі, гаўна не замяталі, як у цябе. Ага ж, ты не ўяўляеш сабе, як хораша ён шыў нават апошнім шлюхам, а глядзеліся ж як маляваныя паненкі». Мой пан спытаўся, можа, татусевыя Ганка і Урсулька былі прыгажэйшыя за нашу даму. «А не скажы, мой пане! сказаў я. У гэтай дзевы валасы такія жоўтыя, як калі б малое дзіцятка захляпалася, а на галоўцы прадзела, каб ішлі вошы на дзела такое беленькае і роўненькае, нібы яго са свіное шчэці наклалі, у яе валасы так прыгожа закачаныя, што як усё роўна цурочкі дыму з люлькі альбо як бы калі б пані падвесіла з кожнага боку па пары фунтаў свечак альбо па тузіне сырое каўбасы. Ах, падзівіцеся толькі, які ў яе прыгожы і гладзенькі лоб; а выпуклены ж, а файненькі ж, як той чэрап, што шмат гадоў правісеў на дажджы і ветры! Вось толькі шкада, што далікатная скура ў пані так запэцкана