• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    пякельным гнаныя. Цёмная ноч не змагла стрымаць іхняга ўлёту, і хоць яны штомігу напорваліся на сукі, карані, галіны, камяні, камлі і дрэвы, а яшчэ часцей спатыкаліся і ляцелі потырч носам, падхопліваліся і перлі далей, нібы з іх дух выперла. I нарэшце я ўжо іх болей не чуў; я тым часам так рагатаў, што здаецца, аж лес стагнаў, і, мусіць, чуць гэта ў такой цямрэчы вусцішная жудасць.
    Калі ўжо я павярнуўся ісці, тут і напароўся на кінутую стрэльбу; адно скула на (s. v.) срацы лішняя, дай, думаю вазьму, бо ў краатаў я навучыўся, як з ёю абыходзіцца. Рушыўшы далей, наступіў на ранец-заплечнік, зроблены, як і маё адзенне, з цялячай скуры; я падняў і яго патранташ быў з порахам, свінцом і ўсім, што трэба, астатнім, вісеў на ранцы, я ўсё навесіў на сябе, узяў на плячо, як жаўнер, і схаваўся непадалёк у густым карчэўі крыху паспаць. Але як толькі занялося на дзень, уся тая хэўра вярнулася шукаць згубленую стрэльбу і ранец; я натапырыў вушы, як ліс, і затаіўся, як мыш. He знайшоўшы нічога, яны пасмяяліся з тых двух, што ўцяклі ад мяне. «Цьху на вас, боўдзілы, сказалі яны, пабойцеся Бога, спалохаліся нейкага заморка, паўцякалі, яшчэ і стрэльбу кінулі, нааралі дарог!» Але адзін душою закладаўся, што хай яго чорт забярэ, калі гэта быў не чорт, ён, бач, нават абмацаў яго калючую шэрсць і рогі. Другі чуўся не лепш і сказаў: «Чорт, а ці маці ягоная мне адзін чорт, знайсці б толькі заплечнік». Адзін з іх, якога я лічыў ці не начальнікам, адказаў яму: «А на чорта яму, таму чорту, твая стрэльба і заплечнік? Даю галаву на адрэз, калі гэта не той хлопец ганьбы вам даў і спрытна ўцёк, прыхапіўшы тое і другое, а вы мне тут балбатні панаразмазвалі». Гэтаму запярэчыў яшчэ адзін і сказаў магло, бач, стацца, што тут ужо пабывалі сяляне, знайшлі пакінутае і пабралі. Нарэшце ўсе пагадзіліся, што мелі-такі чорта за хвост, а не ўтрымалі, упусцілі, тым болей што і тыя, якія мацалі мяне ў цемры, не толькі з праклёнамі пацвердзілі гэта, але яшчэ і апісалі грубую іскрыстую шэрсць і рогі, як самы пэўны знак д’ябальскай істасці. Я нават быў падумаў,
    што калі б яны раптам зноў убачылі мяне, ляцелі б усе чортведама як і куды.
    Нарэшце, колькі ні шукаўшы і нічога не знайшоўшы, яны пайшлі сваёй дарогай, а я адшпіліў заплечнік, каб паснедаць, і з першага хапу выцягнуў мяшэчак, у якім было трыста і шэсцьдзясят дукатаў. Як я ўзрадаваўся, і пытацца няма чаго; але чытач хай будзе пэўны, што я быў бы яшчэ больш рады, калі б там была ежа, як я лічыў, а не гэтая кругленькая сума ў шчырым золаце. А як што сярод простых жаўнераў рэдка бывае такое, каб нехта насіў золата пры сабе, я падумаў, што халоп толькі нядаўна ўсё гэта прыдбаў, забраў і потайкам прыткнуў у ранец, каб не дзяліцца з іншымі.
    Пасля я весела паснедаў, знайшоў яшчэ чыстую крынічку, асвяжыўся з яе і палічыў свае дукаты. Нават калі б мне гэта каштавала жыцця, я не сказаў бы, у якой краіне ці мясцовасці я тады быў. Спачатку я доўга шыўся ў лесе, наколькі мне дазваляў правіянт, які я спажываў вельмі ашчадна. Калі ж ранец спаражнеў, голад пагнаў мяне да сялянскіх хат; я залазіў ноччу ў скляпы і кухні, браў ежу, што знаходзіў і колькі мог панесці; усё гэта валок да сябе ў лес, туды, дзе ён быў самы дзікі і густы. Там я зноў павёў пустэльніцкае жыццё, як і раней, з тою, аднак, розніцай, што цяпер я многа краў і меней рупіўся ў малітвах, не меў сталага жытла, а бадзяўся то тут, то там. Яшчэ добра абышлося мне, што быў пачатак лета; а калі мне быў патрэбен агонь ці калі я хацеў, разводзіў сваёй стрэльбай.
    РАЗДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы на шабасе; чортава кола ледзь і яму не закручвае голаў
    Падчас маіх тулянняў у лесе мяне сюд-туд напатыкалі самыя розныя сяляне, але кожнага разу яны ўцякалі; ужо й сам не ведаю, ці тое з тае прычыны, што ўсіх запалоха-
    ла вайна і ні ў кога нідзе не было сталага дома і надзейнага прыпірышча, а ці таму, што марадзёры развялі па ўсім краі авантуры, а таму ўсе, хто сустракаў мяне, шчыра верылі, што ў іх краі завёўся, туляецца і валэндаецца нячысты дух. Аднаго разу я сам крыху прызаблудзіўся ў лесе, нышкарыў некалькі дзён і занепакоіўся, што выйдуць запасы страўнасці, а гэта ўжо мецьме згубныя скуткі, бо прыйдзецца зноў, каб не выпруціць ногі, есці карэнне і зеляніну, а я, бедны і страдны, ад такое гасціны даўно ўжо адвык. У такім вось роздуме я і надыбаў на двух дрывасекаў; пачуўшы іх стук, я ўзрадаваўся. Я пайшоў на стук сякер і, убачыўшы іх, узяў з мяшэчка цэлую жменю дукатаў, падкраўся да іх, паказаў прывабнае золата і выткнуўся з языком: «Панове, калі вы чакалі мяне, дык восека ж ён я, наце вам жменю золата». А тыя як убачаць мяне з маім золатам, як не возьмуць лахі пад пахі, як не дадуць лататы, калуны пазабываўшы і сякеры, і сыр, і торбу з хлебам. Я пераклаў усё гэта дабро ў заплечнік, падаўся далей у лес і зарокся, колькі жыцьму, не выходзіць да людзей.
    Па доўгім намысле я падумаў: «Хто ведае, што з табою можа спрыгодзіцца, але ж у цябе ёсць грошы, і калі ты іх прыстроіш у добрых людзей, дык на іх яшчэ доўга жыцьмеш». I вось надумаўся я іх зашыць; з асліных вушэй, якія так напалохалі людзей, я зрабіў сабе нарукаўнікі, далучыў да маіх ханаўскіх дукатаў яшчэ і гэтыя, грабежніцкія, паклаў іх усе ў нарукаўнікі і ўвязаў на рукаў вышэй локцяў. Прыладзіўшы скарбы, я зноў пайшоў да сялян, дастаў у іх ежы, усё, што мне трэба было і што я мог панесці. I як што я ўсё яшчэ быў нядэшлы і прастадушны, дык і быў разумна хітры, каб ніколі другі раз не вяртацца на тое месца, дзе пажывіўся, таму мне і шыхавала ў крадзяжах і мяне ні разу не прыхапілі.
    Аднаго разу на сконе траўня, калі я намерыўся сваім пахібным, але мне звыклым спосабам расстарацца якоенебудзь перакускі і выйшаў нарэшце на сялянскі двор,
    ціха-ціхенька ўплішчыўся на кухню, але неўзабаве заўважыў, што людзі яшчэ былі на нагах (да ўвагі: я ніколі не заходзіў туды, дзе былі сабакі); таму я прачыніў дзверы, якія з кухні на двор, каб, калі прыпячэ, можна было сігануць напрасткі, і затаіўся, як мыш, чакаючы, калі людзі паўкладаюцца. Тут я заўважыў шчыліну з кухні ў пакой; я падкраўся паглядзець, ці скора людзі паснуць. Але чаканка мая была марная, бо, наадварот, яны якраз апраналіся, а замест лямпы на ўслоне гарэла нейкае сіняе сернае полымца, каля якога яны нечым націралі жэрдзі, дзеркачы, вілы, крэслы і ўслоны; шмараваліся і самі і выляталі ў акно. Я моцна здзівіўся, і на мяне найшла немарасць; але я быў прывычны і да большага страху, няма што колькі жыву, а не чытаў і не чуў пра такія страхоцці, дык я не вельмі і збаяўся, можа, яшчэ і таму, што ўсё чынілася спехам, больш за тое, калі ўсе нашмараваліся і вылецелі ўпрочкі, я адважыўся прашыцца ў сам пакой, падумаў яшчэ быў, што б гэта ўзяць і дзе чаго шукаць, і, поўны гэтакіх думак, на хаду прысеў на ўслончык. Але як толькі я сеў, той узвіўся ўмомант разам са мною, шугануў у акно, без заплечніка і стрэльбы, якія я адклаў убок, і такім чынам сплаціў каштоўныя мазі і націркі. Як сеў, як вылецеў і як устаў —усё гэта адбылося ў адно імгненне; і апынуўся, як мне здалося, у вялікім тлуме людзей, можа, гэта таму, што я ад страху не заўважыў, колькі доўжылася падарожжа. Людзі скакалі нейкі дзівосны карагод, якога такога я, колькі жыву на белым свеце, яшчэ не бачыў; яны пабраліся за рукі і ўтварылі многа колаў, адно ў адным, стоячы спінамі адно да аднога, як гэта малююць трох грацый, калі яны стаяць тварамі вонкі. Унутранае кола было з сямі-васьмі асобаў, наступнае з настолькі ж асобаў больш, трэцяе больш за першыя два, і так далей, аж у вонкавым коле было ўжо болып за дзвесце. I як што адно кола, танцуючы, рухалася ў адзін бок, а другое ў другі, я не мог разгледзець, колькі ўсяго было тых колаў і што было ўсярэдзіне, вакол чаго яны завіхаліся. А выглядала
    ўсё разам вельмі страшліва і дзіўна, бо галовы так і мільгаталі адна паўз другое і ў смешнай мітусні. I які дзіўны быў сам карагод, такая была і музыка; як мне падалося, кожны яшчэ і спяваў пад скокі, і ўтваралася нейкая казачная гармонія. Мой услончык, які прынёс мяне сюды, апусціўся каля музыкаў, якія стаялі вакол; у многіх замест жалеек, пішчалак і шалманак былі вужакі, змеі і мядзянкі, на якіх яны весела пасвіствалі. У некаторых былі каты, якім яны фукалі ў дупкі, перабіраючы лады на хвастах; гучала гэта падобна як на дудах. Іншыя гудзелі на конскіх галовах, як на выдатных дышкантах, а яшчэ каторыя, як на гарфах струны, перабіралі пальцамі каровіныя рэбры шкілетаў, якія такія можна бачыць на сметніках; а яшчэ адзін такі там быў штукант з сучкай пад пахай; ён уджыгаў на яе хвасце і перабіраў пальцамі цыцкі. А чэрці гулі і трубілі насамі, аж па ўсім лесе гуло; а як толькі скокі спыніліся, уся гэта пякельная шобла пачала шалець, крычаць, ягліць, вішчаць, бузаваць, лямантаваць, лютаваць, бушаваць, панібраціцца, быццам усе яны разам павар’яцелі і пакруціліся.
    У гэтым страхотлівым шоламе і вэрхале да мяне падышоў нейкі маладзік з вялікай пачварнай жабай пад пахай, такой вялікай, як вайсковы бубен, і ў гэтай рапухі з задніцы лезлі вантробы, а яна іх зноў глытала, і выглядала гэта так гідотна і моташна, што мяне пацягнула на ваніты. «Падзівіся, Сімпліцы, сказаў маладзік, я ведаю, што ты добры дудар; урэж нам штучку-другую, паслухайма». Я спалохаўся, ледзь не ўпаў, што хлопец назваў мяне маім імем, і ад страху зусім анямеў, а і нават падумаў быў, што сплю і сню ўсю гэтую непамыслоту, а таму ў душы і сэрцы папрасіў Госпада Бога Ўсемагутнага, каб ён разбудзіў мяне і дапамог выцерабіцца са сну і кашмару. А той, з рапухай каторы, на якога я пільна глядзеў, пашморгваў носам, тудысюды, як калакуцкі1 індык, і нарэшце садануў мне ў грудзі,
    1 Галандскі (стар. бел.). 172
    аж я ледзь не задыхнуўся. Тады я пачаў на поўны голас заклікаць Бога і сказаў: «Госпадзе Ісусе Хрысце!» Ледзь толькі былі прамоўлены гэтыя магутныя словы, як уся пякельная нечысць прапала, як бы і не было яе. Умомант зрабілася цёмна, а на сэрцы мне так страшна, што я ўпаў на зямлю і сто разоў перажагнаўся.
    РАЗДЗЕЛ ВАСЯМНАЦЦАТЫ
    Сімпліцы хоча, каб чытач паверыў, што ён не выдумаў гэтай хімеры
    Ёсць многа людзей, сярод іх і знакамітыя вучоныя людзі, якія не вераць, што на свеце ёсць ведзьмы і страшыдлы і яны лётаюць у паветры, як я не сумняваюся, што знойдуцца і такія, якія будуць казаць, быццам Сімпліцы тут кроіць вялікім нажом блінды правіць, выдумляе і хваліцца. 3 такімі не буду спрачацца, бо хваліцца хай не мастацтва, але нашым часам і не абы-якое рамяство, вельмі нават пашыранае, як не магу я і адмаўляць, што нічога іншага я і не ўмеў, інакш быў бы нікчэмны няздара. Хто адмаўляе вядзьмацкія лёты, няхай успомніць пра Сымона-чарадзея, які быў падняты нячыстым духам у паветра, а як настала гадзіна малітвы св. Пятра, зноў упаў на зямлю. А Мікалай Рэмігіюс1, які быў адважны вучоны і разумны муж у адным толькі герцагстве Латрынгія, аддаў на спаленне да паўтара тузіна ведзьмаў, расказвае пра Ёгана фон Хэмбаха, што ягоная маці, якая была ведзьма, на шаснаццатым годзе брала яго на свой рэй, каб ён, вучачыся іграць, падыгрываў ім у карагодзе. Пад канец ён залез на дрэва, іграў адтуль і пільна прыглядваўся да скокаў, мабыць, таму, што ўсё гэта здалося яму вельмі дзіўным, бо ўсё там вялося неяк дужа блазнотна; нарэшце ён кажа: «Аслані, мілы Божа, адкуль столькі