• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
    Сімпліцы дае Хэрцбрудэру сто дукатаў і развітваецца, як з родным братам.
    Як толькі пра гэтую прыгоду даведаўся Хэрцбрудэраў капітан, ён адразу адабраў у яго пісарскае месца і выдаў яму віновую масць, і з гэтага часу ім так пагарджалі, што любы сабака мог задраць на яго ножку, аж ён хацеў лепей памерці, чым жыць. Старому бацьку так далегла ад усяго гэтага, што ён даўся ў нядугу і ўжо рыхтаваўся да смерці. Як ён напрарочыў сабе, 26 ліпеня (а дзень гэты ўжо набліжаўся) ён стане перад пагрозай жыццю і здароўю, дык стары папрасіў у палкоўніка дазволу яшчэ раз пабачыцца з сынам, каб даць яму апошні бацькоўскі наказ і выказаць сваю апошнюю волю. Я быў сведкам іхняй сустрэчы, трэцім удзельнікам іхняй журбы. I я ўбачыў, што сыну не было ў чым апраўдвацца перад бацькам, бо бацька добра ведаў яго лагодны нораў і далікатнае выхаванне і быў пэўны за яго поўную невінаватасць. Ён, як чалавек мудры, кемны і глыбакамысны, лёгка вылічыў, што Олівер уладзіў лазню ягонаму сыну з прафузавай дапамогай; але што ён мог паставіць супроць чарадзея, якога толькі ўвядзе ў лішнюю злосць, калі той западозрыць спробу помсты? Да таго ж ён ужо прадбачыў сваю смерць і не мог памерці незаспакоены, душою няўрымшчаны, пакінуўшы сына ў такой ганьбе, у якой і сын жыць не мог, а таму прагнуў памерці раней за бацьку. Была такая скруха глядзець на гэтую болесць, што я шчыра заплакаў.
    Нарэшце рашылі ў цярпенні і пакоры даверыць сваю долю Богу, а сын павінен быў падумаць пра сродкі на дарогу, як бы іх дастаць у сваім атрадзе і пашукаць свайго шчасця ў іншым месцы. Калі яны як след усё прыкінулі і ўзважылі, тут і выйшла на святло, што не хапае грошай, каб адкупіцца ад капітана, і пакуль яны тужылі і бедавалі, у якую нагоду загнала іх беднасць, як яна абцяла ўсе іхнія 191
    надзеі палепшыць іх лёс, я ўспомніў пра свае дукаты, якія ўсё яшчэ насіў у асліных вушах, папытаўся, колькі ім трэба ў іхняй крайняй патрэбе. Малады Хэрцбрудэр сказаў: «Калі б хто прыйшоў і прынёс нам сто талераў, дык думаю, я выкараскаўся б з усіх маіх нягодаў». Я адказаў: «Браце, калі табе гэта дапаможа, дык я шчырай душою; я дам табе сто дукатаў». «Ах, браце, адказаў ён зноў, што з табою? Альбо ты сапраўды дурны, альбо такі легкадумны, што яшчэ і збыткі строіш з нашае глыбокае жальбы?» «Ды не ж, сказаў я, я табе зараз дам грошы», сцягнуў сваю камізэлю і дастаў адно вуха з рукава, распароў яго, адлічыў роўна сто дукатаў і аддаў яму; астатняе пакінуў сабе і сказаў: «А гэтымі я хачу памагчы твайму хвораму тату, калі яму будзе патрэба». Тут яны кінуліся мне на шыю, пацалавалі і ад радасці самыя не ведалі, што рабілі, называлі мяне анёлам-збаўцам, якога паслаў сам Бог на суцяшэнне, хацелі пакінуць мне паперу, каб ёю запэўніць мяне, што разам з сынам я стануся таксама спадкаемцам альбо што яны мяне, калі Бог спасобіць ім дастацца да сваіх, адшкадуюцца гэтакай самай сумай разам з інтэрасам і з вялікай падзякай, але я нічога не прыняў, а толькі цалкам даверыў сябе іхняй дружбе. Малады Хэрцбрудэр хацеў прысягнуць, што папомсціць Оліверу альбо сам памрэ. Але бацька забараніў яму гэта і сказаў, што той, хто заб’е Олівера, прыме смерць ад мяне, Сімпліцыя. «Але ж, сказаў ён, я добра ведаю, што ніхто з вас абодвух не заб’е другога і ніводзін з вас не мае быць забіты зброяй». Потым ён настояў, каб мы абодва прысягнулі любіць адзін аднаго да смерці і ва ўсіх нягодах стаялі адзін за аднога.
    Малады Хэрцбрудэр паразумеўся са сваім капітанам за трыццаць рэйхсталераў, капітан па-добраму з ім развітаўся, а ён з астатнімі грашмі і пры добрай пагодзе выправіўся ў Гамбург, купіў сабе там два кані і ўступіў у шведскае войска добраахвотнікам-райтарам, даручыўшы мне свайго бацьку.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
    Сімпліцы расказвае, як прадказанні Хэрцбрудэраў лёс мазалём завязалі
    Ніхто з палкоўнікавых людзей не прыдаўся на догляд за старым Хэрцбрудэрам лепей за мяне, і як што хворы таксама больш, можа, чым варта было, быў мною задаволены, дык палкоўнічыха і ўсклала на мяне гэтыя абавязкі, якія далі яму шмат добрага, а ўлічыўшы, што разам з гэтым яшчэ і няблага ўклаўся лёс ягонага сына, дык з кожным днём стары папраўляўся, так што яшчэ задаль да 26 ліпеня ён ужо амаль зусім ачуняў. Але яму хацелася крыху патрымацца за хваробу, пакуль назначаны дзень, якога ён яўна баяўся, не мінецца. А тым часам да яго забягалі розныя афіцэры з абедзвюх армій, яны хацелі ўведаць сваё будучае шчасце, бо з увагі на тое, што ён быў добры матэматык, кеміў у планетах і быў выдатны фізіянаміст і хірамант, ягоныя прадказанні рэдка калі не збываліся; ён назваў нават дзень, калі дайшло да бітвы пад Вітштокам1, таму якраз да яго і завітвалі многія, каму выпадала загроза гвалтоўнай смерці якраз на той час. Палкоўнічысе ён прадказаў, што пасля родаў яна яшчэ шэсць тыдняў прабудзе ў табары, бо да таго часу Магдэбург не будзе наш. Палкоўніку Оліверу, які строіў з сябе перад ім поўную нявіннасць і прыкідваўся такім добрым дурнікам, ён ясна сказаў, што той памрэ гвалтоўнай смерцю і што я, Сімпліцы, за яго смерць, калі б яна ні сталася, адпомшчу і заб’ю ягонага забойцу; таму Олівер з таго часу вельмі высока ставіў мяне за гэта. А самому мне за гэта стары распавёў увесь будучы распабег майго жыцця так грунтоўна, быццам жыццё маё ўжо прайшло ў яго на вачах, праўда, я не надаў гэтаму асаблівай вагі, хоць потым часта многае згадваў, пра што ён мне казаў наперад, але што
    1	Гэтая бітва на тэрыторыі Брандэнбургскай маркі мела месца
    4 кастрычніка 1636 г.
    ўжо альбо збылося, альбо якраз і спраўдзілася; найперш ён асцерагаў мяне ад вады, бо што менавіта ў ёй я і знайду сваю пагібель.
    Калі ж настала 26 ліпеня, ён наказаў мне і аднаму стралку, якога мне па яго жаданні даў палкоўнік, каб у гэты дзень мы нікога да яго ў намёт не пускалі. Стары ляжаў адзін і бесперастанку маліўся; бо было ўжо пад полудзень, калі прыскакаў з райтарскага табара адзін лейтэнант і папытаўся палкоўнікавага канюшніка-штальмайстра. Яго паслалі да нас, а мы яму адразу адмовілі; ды ён не паслухаўся, а папрасіў стралка ўпусціць яго да штальмайстра, з якім яму, сказаў, яшчэ да вечара мусова трэба перагаварыць. Але як што і гэта не дапамагло, той пачаў лаяцца, клясціся громам і градам, Ka­sa^ што ўжо столькі разоў меў ласку прыязджаць да штальмайстра і ні разу яго не заспяваў; а як што ён вось якраз тут, дык ці не будзе яму зроблены гонар сказаць таму толькі адно слоўка; лейтэнант злез з каня і, не даўшыся, сам адшчапіў намёт; я ўкусіў яго за руку і атрымаў за гэта добрую засвістку. Увайшоўшы і ўбачыўшы майго старога, ён сказаў: «Прашу пана дараваць мне маю дзёрзкасць, калі я скажу вам адно слова». «Кажы, адказаў штальмайстар, што пану наўме?» «Нічога, скакзаў лейтэнант, апрача толькі таго, што я хачу папрасіць у пана, каб пану заўгодзілася зрабіць мне расклад планет». Штальмайстар адказаў: «Хачу спадзявацца, высокашаноўны пан даруе мне, што з увагі на маю цяперашнюю нядугу я пану не магу зрабіць гэтай ласкі; а як што праца вымагае вялікіх разлікаў, мая затлумленая галава сёння зрабіць іх не можа; калі ж пану не абыдзе патрываць да заўтрага, я ахвотна дам пану дастатковае адшкадаванне». «Пане, сказаў на гэта лейтэнант, тады скажыце мне што-колечы з рукі». «Мой пане, адказаў стары Хэрцбрудэр, гэтая штука вельмі няпэўная і няўпраўная; таму жывым Богам прашу пана злітавацца; заўтра я ахвотна зраблю ўсё, чаго пан ад мяне жадае». Але лейтэнант не хацеў выходзіць, а падступіўся да самага ложка, сунуў яму пад нос
    руку і сказаў: «Пане, я прашу толькі некалькі слоў пра канец майго жыцця, скажыце, калі будзе гэтае ліха, каб я мог панавыя словы лічыць Божай перасцярогай і як мае быць лепей убяспечыцца; таму прашу напрамілы бог, хай пан адразу і шчыра адкрые мне ўсю праўду, нічога не ўтойваючы!» Мілы старац адказаў яму на гэта коратка: «Ну што ж, будзьце тады вельмі абачлівыя, каб вас, пане, у гэтую гадзіну не павесілі». «Што? Ах ты, халабуда старая, сказаў лейтэнант, ужо не могучы стрымаць шалу, думаеш, ты так можаш гаварыць з кавалерам?» выхапіў меч і закалоў майго дарагога старога Хэрцбрудэра да смерці. Я і стралок нарабілі крыку і гвалту, усе кінуліся да зброі; а лейтэнант доўга не збіраўся, адразу лахі пад пахі і ходу; і ён напэўна ўцёк бы, калі б тут якраз не нахапіўся праездам сам саксонскі курфюрст з райтарамі; лейтэнанта дагналі і ссадзілі. Убачыўшы, як усё абярнулася, ён павярнуўся да фон Хацфэльда, нашага генерала, і сказаў літаральна так: «Дрэнная дысцыпліна ў імператарскім войску, калі нават хворы ў ложку не пэўны за сваё жыццё!» Гэта была рэзкая сентэнцыя і дастатковая, каб каштаваць лейтэнанту жыцця; наш генерал тут жа загадаў павесіць лейтэнанта за далікатную шыю і падняць яго цела ў паветра.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
    Сімпліцы служанка; не меў турботы, як адбіваць дурныя залёты
    3 гэтай праўдзівай гісторыі відаць, што не ўсе прадказанні трэба паняверыць, як гэта робяць некаторыя пустадомкі, упадаючы ў пустую гарэзу. 3 гэтага можна вывесці, што чалавеку цяжка заступіць назначаны яму кон, калі нават на няшчасце яму ўсё было прадказана загадзя і наперад. На пытанне, якое тут магло б паўстаць, а ці патрэбна, ці карысна і ці добра чалавеку, калі яму ўсё прадказана, калі разлічаны планеты, я скажу толькі тое, што стары Хэрцбрудэр
    казаў мне шмат разоў, што я часта жадаў і яшчэ жадаю, каб ён утоіў, бо нешчаслівыя выпадкі, якія ўжо былі, я ніколі не змагу адмяніць і абярнуць назад, а тымі, якія яшчэ наперадзе, мы толькі дарма будзем дадаваць сівізны ў валасы праз свае марныя спробы не дапусцуіць іх, бо і будучыя, і мінулыя мусовыя і няўхільныя, незалежна ад таго, прадбачу я іх альбо не. Што ж да здарэнняў шчаслівых, пра якія чалавеку гавораць наперад, дык я лічу, што часцей за ўсё яны чысты блізір і ашука альбо, прынамсі, не такая ўжо і талань, як прароцтвы на няшчасце. Які толк з таго, што стары Хэрцбрудэр бажыўся мне ўсімі святымі, быццам я народжаны і выхаваны высакароднымі бацькамі, калі з бацькоў я ведаў толькі татуся і мамусю, простых і нягеглых шпэсэрцкіх сялян? Item, што толку і чым дапамагло герцагу фрысляндскаму фон Валенштайну, што яму было напрарочана, быццам ён будзе каранаваны пад ігру на лютні? Хто не ведае, як ён сышоў на ліхі канец у Эгеры? Але хто хоча, таму хай і ў галаве роіцца, а я пераходжу зноў да сваёй гісторыі.