Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Было мне вельмі ліха ісці вось так у ланцугах; а збыткавала б з мяне ўсякая ворвань, калі б не раскашэліўся сакратар Олівер, бо я не мог выставіць на святло божае мае дукаты, якія ўсё яшчэ былі пры мне, іх усё адно адабралі б,
і гэта паставіла б мяне ў яшчэ большую небяспеку. Згаданы Олівер таго ж вечара расказаў мне, чаму мяне так строга ахоўваюць, а наш палкавы солтыс атрымаў загад правесці шкрутыніум (экзамен!) і дапытаць мяне, каб паказанні мае як мага хутчэй перадаць генерал-аўдытару; мяне трымалі не проста як віжа і выведніка, а яшчэ і як за таго, хто ўмее вядзьмарыць, бо яшчэ зусім нядаўна, пасля таго ўжо, як я ўцёк ад майго палкоўніка, было спалена некалькі ведзьмаў, якія перад смерцю прызналіся і на тым стаялі да канца, што бачылі мяне на іхнім генеральным шабасе, на які яны ўсе сышліся, калі былі намыслілі высушыць Эльбу, каб вораг лягчэй захапіў Магдэбург. Пункты, на якія я павінен быў даць адказ, наступныя:
Першае: ці вучыўся я ў школе, ці проста так сам навучыўся пісаць і чытаць?
Другое: чаму я ў вопратцы блазна прыйшоў у лагер пад Магдэбургам, тым часам як на службе ў ротмайстра, як і цяпер, я ў дастатковым розуме?
Трэцяе: з якіх прычын я пераўвабраўся ў жаночую вопратку?
Чацвёртае: ці не быў я разам з іншай нечысцю на вядзьмарскім шабасе?
Пятае: дзе мая радзіма і хто мае бацькі?
Шостае: дзе я быў, перш чым дастаўся ў лагер пад Магдэбургам?
Сёмае: дзе і навошта я навучыўся бабскаму рамяству, такому як: праць, пячы, гатаваць etc, item, граць на лютні?
Я хацеў ужо быў расказаць усё маё жыццё, каб асвятліць усе акалічнасці маіх дзіўных прыгодаў, ды зразумела і даходліва давесці ўсю праўду па гэтых пытаннях. Але палкавы солтыс не быў такі цікаўны да ўсяго, ён стаміўся ў паходзе, і яму было прыкра, таму ён загадаў коратка і ясна адказаць на тое, пра што пыталіся. Адпаведна з гэтым я і адказаў наступнае, з чаго нельга выявіць нічога такога асаблівага і грунтоўнага, а менавіта:
На першае пытанне: я хоць і нідзе не вучыўся, але навучыўся чытаць і пісаць па-нямецку.
На другое: бо не было іншае вопраткі, дык і надзеў, што было, блазенскае.
На трэцяе: бо абрыдла блазенская, а мужчынскай не дастаў.
На чацвёртае: так, быў, але супроць маёй волі і чараваць не ўмею.
На пятае: мая радзіма Шпэсэрт, а мае бацькі сяляне.
На шостае: у Ханау ў губернатара і ў краацкага палкоўніка, званага Корпес.
На сёмае: у краатаў супроць маёй волі мусіў навучыцца праць, пячы і гатаваць, а ў Ханау іграць на лютні, бо вельмі падабалася і хацелася.
Калі гэтае маё прызнанне было запісана, ён сказаў: «Як ты можаш хлусіць і казаць, што не вучыўся, калі ты, яшчэ хадзіўшы ў блазнах, аднаму святару падчас імшы на словы «Domine, non sum lignus!»1 адказаў таксама на лаціне, каб ён такога не гаварыў, бо яно і так усім вядома?» «Пане! адказаў я. Гэтаму мяне навучылі іншыя людзі і сказалі, што гэта словы з малітвы, якую трэба гаварыць на імшы, калі наш каплан спраўляе набажэнства». «Так, так, сказаў палкавы солтыс, я бачу, што ты з тых невінаваценькіх, якім трэба развязваць язык абцугамі». Я падумаў: «Памажы, Госпадзе, бо на коне мая дурная галава». На раніцу прыйшоў ад генерал-аўдытара загад нашаму прафузу, каб ён прыглядваў за мною; бо ён так мяркуе, што пакуль у войсках зацішак, ён сам дапытае мяне, і ў такім разе я не пазбегну тартураў, калі толькі інакш не судзіцьме Бог. У гэтай турме я ўвесь час думаў пра майго святара з Ханау і пра памерлага старога Хэрцбрудэра, бо яны праўду такі сказалі, што са мною будзе далей, калі я скіну з сябе блазенскі ўбор. Я думаў таксама, як гэта цяжка і немагчыма на вайне беднаму дзеўчаняці захаваць сваё дзявоцтва і пранесці яго ў беспахібнасці.
Госпадзе, я не варты! (лдц.).
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ
Сімпліцы бачыць, якую канфузу Хэрцбрудэр у бітве спраўляе прафузу
Таго ж вечара, як толькі мы атабарыліся, мяне завялі да генерал-аўдытара, перад якім ужо ляжалі мае паказанні і ўсе пісьмовыя прылады, і ён пачаў сваю дапытку; я расказаў яму ўсё, як было. Але мне не паверылі, і генерал-аўдытар знаць нічога не хацеў, каго ён перад сабою мае дурнога блазна ці зацятага прахвоста, бо пытанні і адказы прайшлі вельмі гладка, а ў чым тут той гандаль і гешэфт, так і няясна, але дзіўна. Ён сказаў мне ўзяць пяро і напісаць, каб пабачыць, што ж я ўмею і ці знаёмы яму мой почырк альбо, можа, з яго ўдасца выдабыць нешта такое яшчэчкі. Я ўзяў пяро і паперу так спрытна, як той, хто кожнага дня толькі тым і займаецца, што піша, і спытаўся, што напісаць. Генерал-аўдытар ужо, відаць, незадаволены, што мой экзамен заехаў глыбока ў ноч, сказаў: «Э-э, пішы: твая маці курва!» Я напісаў яму гэтыя словы, і калі яны былі прачытаны, гандаль мой зусім заняпаў, бо генерал-аўдытар сказаў, што вось цяпер якраз ён ужо сам бачыць, што я за птах такі. Ён спытаўся ў прафуза, ці быў я абшуканы і ці не знойдзена пры мне якіх крамольных пісанняў. Прафуз адказаў: «Не! Што там можна было аглядаць, калі нам яго прывезлі амаль голага?» Але, ах, і гэта не дапамагло; прафуз мусіў пры ўсіх абшукаць мяне, і вось, шчыруючы над загадам, ён знаходзіць, о няшчасце, асліныя вушы з дукатамі на маіх руках. Злоўлены з ліцом. I сказалі: «Навошта нам большыя доказы? Гэты здраднік несумненна падрадзіўся на нейкае вялікае паскудства, бо інакш навошта яму, разумнаму праныру, лезці ў блазенскую апратку і выдаваць сябе за бабу? I зноў жа, як думаеце, з якое такое рацыі ў яго столькі грошай? Мусібыць на нешта важнае? Ці ж не сказаў ён сам, што навучыўся іграць на лютні ў губернатара Ханау, які ёсць самы абстраляны жаўнер на вайне? Што думае панства, 204
якія яшчэ хітрыя практыкі плёў перад тымі дасціпнымі галовамі гэты спанатраны ў розных вычудах шпіцаль? Самае лепшае цяпер заўтранька зранку яго ў катоўню, і хай скажа ўсё чыста, а калі не, дык і ў агонь яго, бо і без таго ён ужо знюхаўся з чарадзеямі і ведзьмамі і лепшага не варты». Што ў мяне тады было на душы, кожны няхай уявіць; я ведаў, што я не вінаваты, і адзіная была надзея на Бога; але разам з тым я бачыў небяспеку і аплакваў страту маіх прыгожых дукатаў, якія генерал-аўдытар згроб сабе.
Але, перш чым быў запушчаны ў ход гэты мой строгі працэс, Баніеравыя ўчапіліся ў патлы нашым; на самым пачатку арміі біліся за ініцыятыву, а адразу пасля за цяжкую артылерыю, якую нашыя такі страцілі. Наш чысцюля-сабакародзец-прафуз са сваёй камандай і вязнямі, праўда, трымаўся даволі далёка ад баталіі; і тым жа разам мы былі так блізка ад нашага атрада, што ззаду ўсіх пазнавалі па вопратцы, і калі на нашых папёр шведскі эскадрон, мы, як і тыя ў баі, былі аднолькава ў смяротнай небяспецы; бо адным мамэнтам ўсё паветра над намі засвісцела кулямі, аж можна было падумаць, быццам гэта быў салют у гонар нам. Баязлівейшыя ўгіналіся, нібыта хацелі схавацца самі ў сабе; а тыя, у каго хапала куражу і хто ўжо бываў у такіх пераплётах, усё прапускалі, не бялеючы ў твары. У бітве кожны стараўся ўбараніцца ад смерці, забіваючы бліжэйшага непрыяцеля. Жахлівая страляніна, бразгат зброі і даспехаў, ляск коп’яў і дзідаў, крыкі параненых і напаснікаў разам з трубамі, барабанамі і пасвісцёламі вусцішная музыка! He відаць нічога за густым дымам і пылам, які, здавалася, хацеў накрыць сабою жудаснасць параненых і мёртвых. ЧуДіся жаласныя стогны і енкі паміраючых і радасна-залівістая ягла тых, якія былі яшчэ поўныя адвагі; і коні выглядалі, як бы былі ў абароне сваіх гаспадароў, чым далей, тым свяжэй, такімі гарачымі яны былі ў гэтым сваім абавязку, да якога яны былі змушаны сілком. Некаторыя падалі пад сваімі наезнікамі, усе ў ранах, якіх яны без аніякай віны да-
сталі за сваю верную службу; другія з падобнай прычыны падалі на сваіх верхаўцоў і, значыцца, у смерці сваёй дачакаліся гонару, што былі на тых, якія пры жыцці былі на іх, конях. А тыя, пасля як ужо з іх знялі збрую, пакідалі людзей іхняму шаленству і зацятасці, а самыя ўцякалі ў чыстае поле шукаць сваёй першай свабоды.
Зямля, якая звычайна накрывае сабою мёртвых, была сама ў той мясціне ўсыпана мёртвымі, пазначанымі самым розным спосабам. Там ляжалі галовы, страціўшы сваіх натуральных валадароў, а там целы, без галоў; у некаторых былі жудасна вывернуты вантробы, у тых раструшчаны галовы, распырсканы мазгі. Былі відны абяздушаныя целы, пазбаўленыя сваёй крыві і зноў жа, наадварот, жывыя, аблітыя чужой крывёю. Валяліся адарваныя рукі, на якіх яшчэ варушыліся пальцы, быццам усё яшчэ парываліся ў валтузню; і, наадварот жа, уцякалі мужчыны, якія яшчэ не пралілі ні кроплі крыві. Там ляжалі адсечаныя сцёгны, якія, вызваліўшыся ад цяжару тулава, тым не меней былі цяжэйшыя, чым раней. Там раздушаныя жаўнеры, якія благалі смерці, хоць яны і без таго былі ўжо блізкія да скону; і, зноў жа наадварот, знаходзіліся такія, што прасілі дараваць ім жыццё і злітавацца. Summa summarum1 гэта было не што іншае, як гаротнае, жалю вартае відовішча! Шведскія пераможцы гналі нашых пераможаных з месца, на якім тыя так нешчасліва змагаліся, пасля таго як іх раздзялілі, расцерусілі, білі па частках, скорым пераследам канчаткова дабівалі. 3 такімі акалічнасцямі наш пан прафуз, пагражаючы нам смерцю, прымушаў і нас уцякаць разам з ім, як тут прыляцеў малады Хэрцбрудэр з пяццю коньмі і прывітаўяго з пістолі. «Глядзі сюды, сабака паршывы, сказаў ён, і цяпер ты яшчэ хацеў бы рабіць шчанюкоў? Я заплачу табе за твае намогі!» Але куля не ўзяла прафуза, як сталёвае кавадла. «Ого, які ты цвёрды! сказаў Хэрцбрудэр. Я тут табе не на радасць і не на пацеху;
1 У выніку (ляц.). 206
ты, сабака сабачы, здохнеш, нават калі ў цябе душа да плоці прырасла», загадаў аднаму мушкецёру з прафузавай аховы, каб ён, як што сам хоча ацалець, зарубаў яго сякерай. Так прафуз атрымаў сваю плату; а мяне Хэрцбрудэр пазнаў, вызваліў з ланцугоў і кайданаў, пасадзіў на свайго каня і сказаў слузе звесці мяне ў бяспечнае месца.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ
Сімпліцы расказвае, як пасаду агоўтаў, як жэрлі вошы яго і што сталася потым
Калі слуга майго ратаўніка выводзіў мяне з небяспекі, ягоны пан, наадварот, ахоплены прагаю славы і здабычы, так паддаў і прабіўся так далёка, што сам трапіў у палон. I калі пасля пераможцы дзялілі трафеі і хавалі сваіх забітых, Хэрцбрудэра сярод іх не было, а я, ягоны слуга, і коні трапілі да майго ротмайстра; я мусіў служыць у яго пахолкам, але не меў з таго анічога, апрача пустых абяцанак: калі буду служыць спраўна і крыху вырасту са свайго падлецтва, ён павысіць мяне, інакш зробіць мяне райтарам, і я вымушаны быў з гэтым моўчкі змірыцца.