Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Адразу пасля мой ротмайстар быў узведзены ў падпалкоўнікі, а я ў яго атрымаў пасаду, якую за даўнім часам Давід займаў у Саўла; у лагеры я іграў яму на лютні, а ў паходах насіў за ім ягоныя даспехі, што было досыць цяжка. А як што браня была вынайдзена, каб абараняць яе носьбіта ад варожых удараў, дык у мяне атрымалася якраз наадварот, мае ўласныя дзеткі, якіх я сам на сабе напладзіў, пад гэтай абаронай дапякалі мяне, як горш і не бывае. Пад бранёй мае вошы мелі волю вольную і прастору, свае зборышчы і паходы, аж так выглядала, быццам нашу я браню дзеля іхняй бяспекі, а не сваёй, тым болей што я не мог туды залезці рукою і пачасацца. Жаўнеры адразу зрыфмавалі на мяне песеньку:
Пацешу песенькай харошай: Пад пахай злева сотня вошай, Пад пахай справа яшчэ больш, На спіне войска іх на вошы вош.
На якія толькі стратагеты вайсковай хітрасці я ні кідаўся, каб знішчыць гэтую армаду, але не было ні часу, ні нагоды высмаліць іх агнём, як гэта робяць у духоўцы, ні вадою, ні атрутаю, а я ведаў, што памагае ртуць, яшчэ менш было магчымасці звесці іх, памяняўшы вопратку і бялізну, а толькі ж мусіў цягаць іх на сабе і карміць крывёю і плоццю. I як што яны кусалі і жэрлі мяне пад даспехамі ды ўжо так дапяклі, што я дастаў пістолю, нібыта каб зарадзіць яе імі замест куль, але ўзяў толькі шомпал і сапсаваў ім гасціну, пашураваўшы пад панцырам. Нарэшце прыдумаў вось што: наматаў на шомпал кавалачак футра і зрабіў з гэтага такі ліпучы квач у сетачцы; калі ж тады гэтай вашанай вудай соваў пад браню, дык адным заходам выквэцваў тузінамі з іхніх сховаў, сярод іх пападаліся такія ўкормленыя, важныя прынцы, з якімі я, зрэшты, абыходзіўся, як з малымі свету гэтага, і скідаў іх з каня прэч; але і гэта мала дапамагала.
Аднаго разу мой падпалкоўнік з моцным атрадам быў пасланы ў кавалькаду па Вестфаліі, і калі б ён тады меў столькі райтараў, як я вошай, ён перапалохаў бы цэлы свет; але як што іх не было, ён мусіў ісці асцярожна, абачліва, хавацца ў Гэмэр-Марцы, так называецца лес паміж Гамам і Зёстам. Тады якраз з маімі гасцямі дайшло да крайняга крэсу; яны так угрызлі мяне, што я баяўся, каб увогуле не пазапаўзалі пад скуру. Якое ж тут дзіва, што бразільцы ад злосці і гневу жаруць сваіх вошай, калі тыя як след налягуць! Аднойчы думаў, што не вытрываю пакуты; я адышоўся, калі з райтараў хто чысціў коні, хто спаў, а хто стаяў у дазоры, крыху ўбок пад дрэва, каб даць там генеральную бітву непрыяцелю. Я зняў з сябе даспехі, хоць перад бітвай іх якраз трэба надзяваць, і ўчыніў такое мардаванне і душэнне, што неўзабаве ў мяне абодва мячы на вялікіх пальцах да тронак
пачырванелі ад крыві і былі ўсыпаны мёртвымі жужламі, нават цэлымі гронамі; а якіх я не змог забіць, тых адправіў у выгнанне на шпацыр пад дрэва. Успомніў пры гэтым другі куплет песенькі; спявалася яна так:
I вось пайшоў вайной Сімпліцы. Вош вошы кажа: «Ўсё, сястрыца, Каб не такі ліхі малец, He быў бы войску нашаму канец».
Як толькі калі ўзгадаю гэтую баталію, мне аж скура шэрхне на ўсім целе, быццам я ў разгары сечы. Я нават падумаў быў, што нельга так зацінацца супроць сваёй крыві і плоці, як той Ірад, асабліва супроць сваіх верных слуг, якія са мною пайшлі б у шворку, на калесаванне ды яшчэ і служылі замест мяккага пухавіка, калі мне здаралася спаць у чыстым полі пад ракітай на сырой зямлі. Але ў сваёй тыраніі я не пакладаў рук і лютаваў, як звер, нават і не заўважыў, як імперцы залучылі майго падпалкоўніка, пасля дабраліся і да мяне, вашапруда, жахнуўшы маіх бедных вошак, а самаго ўзялі ў палон, бо яны не пахіснуліся перад маёй адвагай, якая зусім нядаўна ўздольніла мяне ўправіцца з тысячамі і паставіла мяне вышэй за таго краўчука, які адным махам сямёх забівахам.
Дастаўся я аднаму драгуну, а найлепшы ягоны трафей былі даспехі майго падпалкоўніка, якія ён у Зёсце, дзе яны кватаравалі, вельмі выгадна прадаў каменданту. Так ён стаў за час вайны маім сёмым панам, а я быў ягоным пахолкам.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЯВЯТЫ
Сімпліцы расказвае, як жаўнеру жывецца ў раі выдатна праз меру
Наша гаспадыня, яна зусім не хацела, каб ёй увесь дом абсадзілі маім войскам, так што яна вымушана была вызваліць ад яго і мяне; яна павяла працэс крута і рашуча: су-
нула ўсе мае транты ў напаленую печ і павыпякала іх так спраўна, як усё адно старую люльку, так што я зажыў без маіх кузак, як чыста ў ружавым садзе; хто паверыць, як мне добра было, што я раптам з той катоўні, у якой, як у мурашніку, жыў некалькі месяцаў, перабраўся ў рай. Затое неўзабаве я ўзяў на сябе іншы крыж, бо мой пан быў адзін з тых жаўнераў, якія верылі, што царства нябеснае без іх прападзе; ён пастанавіў жыць толькі на свой жаўнерскі зольд і больш не мець аніякага клопату праведнасць дык праведнасць; увесь ягоны набытак складаўся толькі з таго, што ён панавыслужваў з каравулаў і што панаадкладваў са штотыднёвых заробкаў. А як што заробкі тыя былі не дужа каб, дык ён ашчаджаў, дрыжаў над імі, як над усходнімі пэрламі; кожан грошык зашываў у вопратку, а каб запасы скарбаў раслі і множыліся, дык прыпрог да свайго коніка і мяне, мы абодва меліся яму пасабляць. 3 таго і выходзіла, што я мусіў праз сілу і змогу лыкаць сухія пумпернікелі, запіваючы іх чыстаю вадою, а калі шанцавала, дык рэдзенькім півам, і ўсё гэта ставала мне папярок горла, і не дзіва, што ад такога пасілку ўсё маё горла знасілася, цела ссохла і зжэбрала. А каб перахапіць што лепш наеднае, трэба было прыкрадваць, але зноў жа з пэўнай аглядкай і ў меру, каб нічога не пазначылася і каб ён не заўважыў нічога. Дзеля яго не завялі б шыбеніц, асліных сёдлаў і барабаншчыкаў, якія выбівалі на барабанах зару, бо ўся ягоная істота з усёй яго чыннасцю і статэчнасцю была чужая жэрцю, піццю, гульні і розным там дуэлям. Калі яго пасылалі ў канвой, на вылазку ці яшчэ ў які-небудзь раз’езд, ён валокся туды разам са мною, як старая баба з кульбакай. Я таксама цалкам усведамляю, што калі б гэты добры драгун не меў у сабе такіх гераічных жаўнерскіх цнотаў, ён не зважаў бы на вашывага пахолка, а памчаўся б за маім падпалкоўнікам. Я не спадзяваўся разжыцца ў яго новай адзежай, бо і сам ён насіў цыраванае-перацыраванае, як усё роўна мой колішні пустэльнік. I ўся збруя і сядло таксама на тры грошы не
цягнулі, кабыла з голаду ледзьве ногі перастаўляла, так што ні шведу, ні гесэнцу не выпадала баяцца працяглай пагоні.
Усё гэта ўпадзвіжыла гэйтмана паслаць яго ў Парадыз Рай, так называўся жаночы кляштар на ахоўную службу, і не таму, шть была ў тым нейкая пільная патрэба і ён найлепш на тое прыдаваўся, не, а каб крыху агладзіўся чалавек, падкарміўся, тым болей і асабліва таму, што законніцы-чарнарызніцы прасілі прыслаць ім прыстойнага, спаважнага, пабожнага і ціхмянага мужыка. Вось і паехаў ён туды, а я з ім пеша, бо ў яго быў, на жаль, толькі адзін конь. «Пашэнціла, Сімпрэхце (не мог запамятаць імя Сімпліцы), сказаў ён па дарозе, вось прыедзем у рай, вось ад’ямося!» Я адказаў: «Назва выдатны намёк; Бог дасць, што і самое месца будзе такое!» «Вядома, сказаў ён (бо не разумеў мяне), калі кожан дзень нам будзе праснак пад піва, дык няблага. Уяві сабе, я хачу справіць сабе новы плашч; тады табе дастанецца мой стары, а ён яшчэ вой які носкі, а калі яго абцяць каптан выйдзе». Назваў яго «старым»; я думаю, што плашч той памятаў яшчэ бітву пад Павіяй1, такі быў заношаны, патрапаны, выцвілы і зашмуляны, што радасці мне было не дужа каб.
Рай і праўда быў такі, якім мы яго хацелі бачыць, а звыш таго яшчэ вадзіліся там замест анёлаў файныя паненкі, якія так трактавалі нас добрай ежай і пітвом, што неўзабаве ў мяне ў пузе кругла стала, морда ад’елася, што і ў цэбар не лезла; падавалі там густое піва, выдатную вестфальскую шынку, тоўстыя і тонкія вэнджаныя каўбасы (аж вы зроду такіх не елі), смакавітую і сакавітую далікатную ялавічыну, якую вымочваюць у салонай вадзе, гатуюць, а ядуць толькі халоднаю. Тут я ўпершыню паспытаў чорнага хлеба, які я намазваў пасоленым маслам таўшчынёю з палец, а наверх клаў сыр-гамолку, каб слізка спаўзала ў чэрава; а як даходзіў да барановага сцягняка, нашпігаванага часныком, ды
' Гэтая бітва мела месца ў лютым 1525 г.
пад ладную конаўку піва, дайце ж рады даброціў сабе душу і цела і забываўся на ўсе мінулыя цярпенні. Карацей, Парадыз спадабаўся мне, нібыта ён быў раем сапраўдным; адно толькі і зажальвала, што я ведаў доўжыцьмецца гэта не вечна, што я мушу хадзіць абадраны, абшморганы, залюманы і... s. V., такім і пайду адсюль.
Але ж гэтак сама, як грудаю валіліся на мяне ўсякія няшчасці, пачало мне нешта прабельвацца, аж падалося, быццам шчасце зноў пабілася ў заклад. Бо як паслаў мяне мой пан у Зёст, каб даставіць увесь ягоны пажытак, знайшоў я па дарозе торбу, а ў той торбе локцяў шарлаху на добры такі плашч разам з чырвоным нязгоршым аксамітам на падкладку. Я ўсё гэта ўзяў, а ў Зёсце памяняў у аднаго суконшчыка на звычайнае зялёнае сукно на адзенне з усім, што ідзе ў дадатак, і з умоваю, што ён мне ўсё пашые і дадасць да ўсяго шапку на галаву. Ну, пасля гэтага бракавала толькі пары людскіх чаравікаў і кашулі, дык я аддаў крамніку срэбныя гузікі і галуны да таго плашча, а ён мне за тое ўсё, што мне было яшчэ трэба, і выкукліў мяне ўсяго пад іголачку. I вось я зноў вярнуўся ў Рай да майго пана, які громам грымеў і раздзіраўся, што я не прывёз знаходку яму; вой, гразіўся і лупцоўкай, і пярцоўкай і ўжо быў амаль гатовы, калі б не пасаромеўся і калі б яму вопратка ўпасавала, вытрасці мяне з абновы і насіць самому, але я ўжо добра ведаў, што рацыю меў я.
Тым часам гэты скнара і жмінда ўсё-такі пасаромеўся, што ягоны слуга апранены лепш ад самога, і з’ездзіў у Зёст, пазычыў у свайго гэйтмана грошай і выстраіўся на іх найлепшым чынам, паабяцаўшы сплаты са свайго золду, і рабіў гэта, што праўда, спраўна. Ён меў бы і сваім коштам зрабіць гэта, калі б не быў аж такі хітры, каб выдаць сябе, бо калі б ён так зрабіў, дык страціў бы сваё ўлежанае месца, на якім мог бы ўсю зіму пранудзіць і лайдачыцца ў Pai, а на яго месца прыслалі б якога-небудзь іншага задрыпанца. У кожным разе гэйтман мусіў яго пакінуць там, дзе той і быў, бо як інакш зыскаў бы з яго свае грошы. 3 гэтага часу лайдац-