Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
А тым часам, як кожны думаў, што я залёг у бярлог і, мабыць, няскора падымуся, я выведаў пра інтэрас і гандаль майго супраціўцы з Вэрле і што ён не толькі змалпаваў маё імя і вопратку, але яшчэ і завёў сабе звычку красці пона-
чы, калі можна было шмат чым разжыцца; вось тут якраз я і прачнуўся, на чым і палягаў мой план. Двух сваіх слуг я ўжо выдрэсіраваў, як падстрэлчых выжлаў; яны ўжо былі аж так за мяне, што, калі б трэба было, кожны ў жар голым задам сеў бы, бо ўжо ж пілі і елі ў мяне на круглую губу, ды яшчэ і без таго мелі, дай божа кожнаму другому. Аднаго з іх я паслаў у Вэрле да праціўніка; гэты ж вазьмі дый выкладзі таму, нібыта я, як яго былы гаспадар, зажыў цяпер як пусты шалапут і coujon' і крыжам зарокся век не хадзіць у наезды, і вось яму, слузе, ну аніякай рахубы няма далей у мяне заставацца, і ён таму прыйшоў паслужыцца іншаму пану, бо ён, новы пан, апрануўшыся ў зялёнае, паводзіцца, як яно і след бывальцу-жаўнеру. А ўжо ён, слуга, ведае тут усе норы, праноры і закануркі і можа падказаць, дзе тут і чым можна раздабыцца, etc. Мой добры даверлівы цяльпук паверыў майму кнэхту і даўся на ўгаворы, што прыме яго і ў адну пэўную ноч пойдзе з сябрамі ў адну пэўную авечую кашару забрытаць там колькі тых укормленых бараноў а я з Гізуйчмутам і хлопцамі загадзя нагдезеў і падкупіў пастуха, каб той навязаў сабак і дазволіў гасцям спакойненька падкапацца ў хлеў, дзе я ўжо гатовы буду пачаставаць іх баранінай. Калі ўжо яны зрабілі пралазіну ў хлеў, той з Вэрле пажадаў, каб мой кнэхт палез першы. А ён адказаў: «Не, а раптам там засада, дадуць па конаўцы і садухі; спярша абсачу, разведаю, што і як там да чаго». Я дастаў шпагу, насадзіў на яе капялюш, прасунуў у дзірку і сказаў: «Пабачым спярша, ці дома святы Улас, а ці не». Пасля гэтага егер з Вэрле палез першы. Тут яго і ўшчаміў Гізуйчмут і прыхапіў за руку, у якой той трымаў шпагу, і спытаўся, ці не папросіць ён пардону. Гэта пачуў ягоны сябар і збурыўся даць лататы; а як я не ведаў добра, каторы з іх егер, і быў увішнейшы і лягчэйшы ў нагах, дык скокнуў раз-другі і дагнаў. Я спытаўся: «Хто такія будзеце?» Той адказаў: «Імперцы».
1 Баязлівец, нягоднік, смаркач (франц.). 234
Я спытаўся: «Якога палка? Я таксама імперскі шалапут, які адцураўся свайго пана!» Той адказаў: «Мы драгуны з Зёста і прыйшлі па баранчыка другога; браце, спадзяюся, калі і вы імперскія, дык пусціце нас». Я адказаў: «А хто вы такія будзеце ў Зёсце?» Той адказаў: «Мой таварыш у кашары Лавайчык». «Вы мардахлысты! сказаў я. Чаго вы абіраеце свае ж кватэры? Лавайчык з Зёста не такі раззява, каб дацца застукаць сябе ў кашары». «Ах не, з Вэрле, я хацеў сказаць», зноў адказаў мне той, і пакуль мы так дыспутавалі, тут і нахапіліся мой слуга і Гізуйчмут з маім праціўнікам. «Ну вось бачыш, сокал ты мой яснадзюбы, вось мы і судасіліся, сказаў я яму. А каб жа не шанаваў я імперскае зброі, якая табе дадзена змагацца з ворагам, я адразу пусціў бы табе кулю ў пустую булавешку тваю! Я Лавайчык з Зёста, быў ім і раней, а ты самахвал і кундалеў сын, пакуль не выбераш шпагі і не сыдзешся са мною паводле добрага жаўнерскага правіла!» Тым часам мой кнэхт, які, як і Гізуйчмут, нацягнуў на сябе агідную чарцячую маску з рагамі, паклаў да ног дзве цалкам аднолькавыя шпагі, якія я прыхапіў з Зёста, і даў егеру з Вэрле права выбару, бяры якую хочаш, і тут небарака егер так спалохаўся, што сталася з ім тое самае, што колісь са мною ў Ханау, калі я сапсаваў скокі. Ды ж і нахляпаў столькі, што стаяць з ім побач было нельга; ён і яго прыяцель дрыжалі, як мокрыя цуцыкі, яны бухнуліся на калені і прасілі літасці. Але Гізуйчмут, як з ланцуга сарваўся, наляцеў і закрычаў як не з поўнага горла: «Бяры шпагу, каб цябе пабрала, бо вязы скручу, круцель ты забрынданы! «Ах, высокашаноўны пане д’ябле, адказваў той, я прыйшоў сюды не на эспадронах мерацца. Пане д’ябле, аслабані мяне ад гэтага, і я зраблю, што ты хочаце». Пакуль там тыя гаворкі, мой конюх даў яму адну шпагу, а мне другую; а таго так калаціла, што і ўтрымаць яе не мог. Месяц свяціў ясна, і пастух з падпаскам са свайго будана ўсё добра бачылі і чулі. Я паклікаў пастуха падысці, каб на гэты наш гандаль быў жывы сведка. А той,
падышоўшы, напусціў на сябе, што зусім не бачыць гэтых двух у масках, і спытаўся, чаго гэта я тут у кашары завёўся з гэтымі двума хлопцамі; калі ў мяне да іх які інтэрас, дык выбірайцеся ў іншае месца і дайце кашары спасу з вашымі разборкамі, ён спраўна плаціць штомесяца «кантрабусю» і хоча жыць спакойна. А ў тых двух спытаўся, чаго гэта яны дазваляюць мне збыткі з іх строіць, чаму не прыкончаць на месцы? Я сказаў: «Ты віславух, яны хацелі пакрасці твае авечкі». Селянін адказаў: «Вой, такім разам няхай пацалуюць мне і маім авечкам у фэ», і выйшаў. Тут я зноў пачаў напіраць на фехтаванне, а той ані-ані; ён ледзь на нагах ад страху трымаўся; ён і ягоны прыяцель развялі такую жальбіну, што я, нарэшце, пашкадаваў іх і ўсё дараваў. Але Гізуйчмуту было гэтага мала, ён настойваў, каб егер тром авечкам бо столькі яны хацелі ўкрасці пацалаваў-такі ў фэ, ды яшчэ так яму падрапаў твар, што той, як на блізір, глядзеўся, нібы з адной міскі з катамі еў, і гэтая пацеха мне вельмі спадабалася. Егер неўзабаве знік з Вэрле, бо сам не ведаў, куды яму падзецца ад сораму. Ягоны ж прыяцель раззваніў па ўсім наваколлі і бажыўся, кляўся, што пры мне сапраўды было двох кадукоў, якія служыліся мне, таму мяне тым больш пачалі баяцца і тым меней любіць.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Сімпліцы бярэ ў палон Юпітара і шмат цікавага ў яго выпытвае
Гэта неўзабаве я заўважыў; таму я замкнуў сваё ранейшае богаадступнае жыццё з яго дзікімі шаламі і пабожна ступіў на сцежку ціхіх цнотаў. Праўда, як і раней, я хадзіў на вылазкі, але аказаў сябе да ворагаў, як і да сяброў, з такой ласкай і пачцівасцю, што ўсе, хто трапляў мне ў рукі, пачыналі думаць зусім інакш, чым раней, наслухаўшыся ўсякай агуды і няпраўды; акрамя таго я ўстрымаўся ад непамысных
шчадротаў, сабраў неблагую калекцыю дукатаў і кляйнодаў, прыхаваў іх у патайных спратах і сховах у наваколлі Зёста, бо так мне параіла адна знаёмая варажбітка, якая запэўніла, што ворагаў у мяне больш у самым горадзе і ў маім палку, чым у варожым гарнізоне, і яны дужа квапяцца на мае грошы. I як што тым часам усюды разышліся чуткі, што егер знік і не аказваецца, я, пакуль там тыя цешылі сябе добрай весткай, валіўся ім як снег на галаву, і, перш чым куды дойдзе вестка, дзе я, я ўжо быў там; я лётаў, як бура, то тут, то там, пра мяне загаварылі больш, чым раней, калі самазванец выдаваў сябе за мяне.
Аднаго разу я засеў з дваццаццю пяццю хлопцамі непадалёк ад Дорстэна, асабліва асцярожна падпільноўваючы канвой з некалькімі падводамі, што меўся тут прайсці ў Дорстэн. Па сваёй завядзёнцы я стаяў у дазоры, бо непрыяцель быў блізка. Аж бачу ідзе чалавек, ладна апрануты; ідзе і гаворыць сам з сабою ды неяк дзіўна пакручвае ў руцэ, як бы фехтуючы, доўгую марскую першпектыўную трубку; я нічога не разабраў, што ён там тарочыў сабе пад нос, пачуў толькі: «Я сам упакору свет, і няхай тады бэсцяць маё высокае імя», з чаго я заключыў, што гэта, мабыць, нейкі магутны князь, які ходзіць пераапрануты, даследуючы жыццё і норавы сваіх падданых, і цяпер вось пастанавіў сабе ўзорна пакараць іх за тое, што яны жывуць не паводле ягонай волі. Я падумаў: «Калі ён з ворагаў, дык будзе неблагі выкуп; калі не, дык абыдуся з ім ветліва і так улагоджу яму сэрца, што век памятацьме», выскачыў да яго, сунуў пад нос ручніцу і сказаў: «А ці не заўгодзіцца пану прайсці паперад мною ў кусты, калі пан не хоча быць патрактаваны як непрыяцель?» Ён адказаў вельмі сур’ёзна: «Такая трактацыя да гонару мне падобным». Але я ветліва патурыў яго ў кусты і сказаў: «Хай пан не супрацівіцца, хай пан падпарадкуецца». I калі ў кустах я падвёў яго да сваіх і назначыў новы дазор, спытаўся, хто ён такі будзе. Той адказаў даволі велікадушна, што, бач, мне гэта мала абыходзіць, калі я
і без таго добра ведаю, што ён вялікае божышча. Я падумаў, што ён, відаць, мяне ведае, нейкі, відаць, шляхцючок з Зёста ці хто там яшчэ, і кажа так, каб паказытаць мяне, бо жыхыры Зёста любяць марна спамянуць імя Госпада і яго залатыя шаты, але неўзабаве я пераканаўся, што замест князя захапіў у палон нейкага арцыбаламута, які, мусіць, лішне перавучыўся і ад высокай паэзіі крыху падупаў глуздамі, бо той ледзь толькі крыху адагрэўся, як абвясціў сябе Юпітарам.
Лепш бы я і не меў з ім марокі, падумалася; але як што дурань быў вось ён, трэба было трымаць яго, пакуль мы ў засадзе, бо пойдзе, разнясе; а як мне ўжо досыць збрыдла тырчаць тут, я рашыў разгаварыць гэтага ёлупа і абярнуць сабе на карысць ягоныя таленты; таму я сказаў яму: «Як жа так яно ўсё спрычынілася, што твая высокая боскасць пакінула трон нябесны і сышла на нашу грэшную зямную цвердзь? Даруй мне, о Юпітар, маё пытанне, якое ты, можа, палічыш рэзкім, мы ж бо тут на зямлі таксамака лічым сябе пэўным чынам божымі родзічамі, бо многія нашыя сільваны народжаны ад фаўнаў і німфаў, ад якіх не павінны быць утоены гэтыя таямніцы». «Прысягаю табе Стыксам, адказаў Юпітар, што ніколі ты пра гэта не даведаўся б, нават калі б быў сынам самога вялікага Пана, калі б не быў аж так падобны на майго чашніка Ганімеда; а таму я паведамляю табе, што вялікі лямант пра грахі свету дайшоў да мяне праз хмары на неба, і высокая рада багоў пастанавіла, што я, як у часы Лікаона, справядліва знішчу ўсё на зямлі, наслаўшы на яе патоп. Але як што я дабраволю чалавечаму роду з адмысловым мілажалем ды і без таго ўчыняю на зямлі больш даброці, чым ліха, дык вось хаджу цяпер і вандрую, каб на свае вочы пабачыць людскія чыны і звычаі; і хоць, бачу, тут намнога лішэй, чым я думаў, я ўсё ж схільны не вынішчаць усіх людзей без разбору, а пакараю толькі тых, хто заслужыўся на кару, а потым падтрымаю астатніх, каго пакіну, маёй боскай воляй».
Я ледзь не зарагатаў, але стрымаўся і сказаў: «Ах, Юпітар, твае намогі і праца несумненна запрапасцяцца, калі ты зноў, як раней, не пойдзеш супроць свету вадою, а яшчэ лепей агнём. Бо калі нашлеш ты на яго вайну, дык усе ліхія людзі збягуцца і пачнуць мучыць мірашчасных і пабожных; а пашлеш голад, дык гэта толькі на руку ўсялякім злыдням, бо яны адразу падымуць цэны на хлеб; а нашлеш пошасць, гэта дасць прыбытак розным прагным ліхаздзірцам, бо яны шмат уварвуць ад спадчыны; таму, калі сапраўды хочаш пакараць свет, вырві яго з карэннем і бадыллем зусім і вынішчы».