Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Тут я кінуўся яму на шыю і з вялікай радасцю павёў сябе інакш, быццам прыняўшы яго ледзь не за анёла альбо прарока, які пасланы з неба вызваліць мяне з блазенскага каўпака; мы селі на зямлю, і я расказаў яму ўсё сваё жыццё; ён паглядзеў на мае далоні і падзіваваў з мінулых і будучых прыгодаў у маім жыцці, але зусім не хацеў, як сказаў, каб я ў бліжэйшы час скідаў з сябе блазенскае ўбранне, бо, як сказаў, хірамантыя падказвае яму, што фатум выракае мне вязніцу ў спалучэнні з пагрозай жыццю і здароўю. Я падзякаваў яму за яго добрую волю і за параду ды папрасіў
Бога, каб ён узнагародзіў яго за сардэчнасць, а яго самога прасіў, каб мяне, забытага ўсім светам, не пакінуў у бядзе і застаўся шчырым настаўнікам і бацькам.
Пасля мы ўсталі і пайшлі на гульнёвы пляц гэта такое гульбовіска, дзе гуляюць у косці касцярства! дзе акладаюць адзін аднаго кленічамі ў тры столкі і лаянкай на пяць кален, пахершчынай, пасцяганай з усіх караблёў, карветаў і брыганцін, тонамі важанай маскальшчыны з усіх гарадскіх памыйніц і сметнікаў. Пляц быў такі вялікі, як стары рынак у Кёльне, усюды столікі, плашчы (замест сталоў), абсаджаныя гульцамі і раззявамі. Кожная кампанія мела па тры гульнёвыя косці, якім давяралася шчасце, бо гэтыя кубікі дзялілі і перадзельвалі іхнія грошы, аддаючы аднаму тое, што адабрана ў другога. I каля кожнага стала ці плашча стаяў свой шкурдзёр (вой, я хацеў сказаць «шундзер», а сказалася, можа, і правільней) гэта такі адзін, які сачыў за парадкам. Ён жа павінен быў і тварыць справядлівы суд, каб нічога такога ніякага; яны ж, шкурдзёры (цьху, зноў!), шундзеры, пазычалі грошы, столікі і косці, за што мелі свой барыш з выйгрышаў, і ў выніку выходзіла, што калі ў кожным коне ўсё адно нехта выйграваў, іх доля і іхні луп былі найбольшыя; але і ў іх, як тое шчасце ў рукі йшло, так яно і сплывала; а грошы іх не дужа казыталі выйгравалі, прайгравалі даставалася ўсё маркітантам альбо хірургам, бо менавіта ім найчасцей праломвалі чарапы.
Глядзець на гэтых ёлупаў была шчырая пацеха: кожны меціў, ды не кожны цаляў, а ўсе ж ладзіліся на выйгрыш, а гэта проста немагчыма, бо ўсё выйгаранае трэба браць з чужое кішэні; і хоць кожны светлай надзеяй сэрца сваволіў, а выходзіла колькі галоў, столькі розуму, і кожная галава шукала сваю рахубу, а ў выніку на бочку каму луста, каму пуста, хто з гразі ў князі, а хто з шаты ў шматы. А таму адны лаяліся, другія кляліся, трэція шулеравалі і шмуглявалі, чацвёртыя зноў жа шыліся ў дурні. Пераможцы рагаталі, як з гары едучы, а прайгранцы сціскалі зубы, кусалі губы;
адны прадавалі адзенне ці што там у іх было каштоўнага, другія зноў адыгрывалі свае грошы; адным падавай непадробленыя косці, другія, наадварот, спадзяваліся на фальшывыя і непрыкметна падкладвалі іх у гульню, а трэція іх вылоўлівалі, разбівалі, разгрызалі і білі морду шундзерам. Сярод фальшывых касцей былі «галандцы»; іх кідалі нізам, унакатку, бо ў іх былі вострыя горбікі з «пяцёркамі! I «шасцёркамі» як хрыбціны ў худых аслоў1, на якія саджалі за правіну салдат. Былі «обэрлэндцы», ім падавай баварскія горы, іх накочвай з горкі, калі хочаш выйграць. Некаторыя былі з аленевых рагоў, лёгкія зверху і цяжкія знізу. Другія залітыя «жывым срэбрам» іртуццю альбо волавам, а яшчэ напханыя сечаным воласам, трутам, парахнёй і тоўчаным вугалем; у тых былі вострыя рэбры, у іншых, наадварот закругленыя, сточаныя; адны даўжманыя барылкі, другія шырокія і пляскатыя. I ўсе яны былі вырабленыя дзеля спрытнейшага падману; і яны рашалі сваю задачу, на якую і былі нацэлены, няважна, ці іх ціхенька качаць, ці кідаць згары: супраць іх не памагалі ніякія хітрыкі, не кажучы пра такія, на якіх увогуле было па дзве «пяцёркі» ці дзве «шасцёркі» альбо, наадварот, па два разы ачко ці па дзве «двойкі». I вось гэтымі махлярскімі касцямі людзі абкрадвалі адзін аднаго, абіралі, абдзіралі і рабавалі грошы, мабыць, таксама нарабаваныя альбо ж, прынамсі, урваныя з вялікай пагрозай жыццю і здароўю альбо зысканыя якімнебудзь іншым цяжкім клопатам.
I калі я так стаяў слупам, сузіраючы «гульбовіска», гульцоў і ўсе іхнія мудрагошчы, мой гофмайстар спытаўся, ці падабаецца мне тое, што тут робіцца. Я адказаў: «Мне не падабаецца, што тут так страшна блюзнераць і зневажаюць імя Госпада Бога, а што да астатняга, дык не магу нічога сказаць, ні так, ні гэтак, бо я ў такіх справах неабазнаны,
1 Драўляны асёл з вострай спінай ужываўся да сярэдзіны XVIII ст.
у арміі і землеўласнікамі з мэтай пакарання. Вінаватага саджалі на такога асла і прывязвалі да яго рэмнямі.
і многае мне тут дзіўна!» На гэта гофмайстар сказаў мне: «А ведай, што гэта самае агіднае і самае пахібнае месца ў лагеры; тут дояць з людзей грошы і марнуюць свае, Як толькі хто-каторы толькі нагою паткнецца сюды, каб згуляць, лічы ён прапашчы, бо пераступае дзясятую запаведзь, якая наказала нам не зажадай сабе дабра твайго блізкага. Калі ты гуляеш і выйграеш, асабліва з ашукаю і з фальшывымі касцямі, ты пераступаеш сёмую і восьмую запаведзі. I можаш дайсці да таго, што ты станеш забойцам ці ворагам таго, каго абыграеш, асабліва калі страта ягоная будзе такая вялікая, што ён упадзе ў галечу, у скрайнюю нэндзу, роспач ці ў яшчэ які пахібны грэх; і тут табе не ратунак, калі скажаш: «Я сумленна паклаў на кон усё сваё і сумленна выйграў», бо ўсё адно ты махляр і прыйшоў сюды з намерам пакарыстацца на шкодзе іншага чалавека. Калі прайграеш, усё адно ты саграшыў, не толькі тым, што страціў сваю маёмасць, а як багаты чалавек, яшчэ стражэй адкажаш перад Богам, бо ты напуста прамантачыў тое, што было дадзена табе і тваім блізкім на здаровы пражытак. Хто ідзе на пляц гуляць, той ідзе на рызыку страціць не толькі свае грошы, але і цялеснае здароўе, жыццё і, што самае страшнае, душэўнае выратаванне. Я кажу табе гэта, дарагі Сімпліцы, дзеля асцярогі, бо ты ж кажаш, што не абазнаны ў гульні, каб, колькі жыцьмеш, столькі асцерагаўся яе».
Я адказаў: «Дарагі пане, калі гульня ёсць такі жахлівы і небяспечны чын, чаму начальства яе дазваляе?» Мой гофмайстар адказаў мне: «Я не хачу сказаць, быццам таму, што некаторыя афіцэры самі гуляюць, а адбываецца гэта таму, што жаўнеры не хочуць кідаць яе, ды і не могуць; бо хто ўжо адзін раз паспрабаваў альбо калі ўцягнуўся ці каго ўцягнуў д’ябал, той будзе і далей, незалежна ад выйгрышу ці пройгрышу, так захоплены ёю, што лепш адмовіцца ад здаровага сну, чым ад яе; мы ж бачым, як некаторыя гуляюць дзень і ноч запар, не ядуць, не п’юць і ідуць дадому без кашулі. Ужо колькі разоў пад страхам кары і смерці гульню заба-
ранялі загадам генералітэту і афіцыйна пераследавалі яе строгім наглядам, і зброяй, і катамі, і ўсялякім насіллем. Але ўсё гэта марна, бо ўсё адно прасаджвалі грошы, сварыліся і круцілі адзін аднаму каркі. I таму што былі забойствы, а і таму што, здаралася, прайгравалі сваю зброю і каня, ды што там нават свой салдацкі кавалак хлеба, дык гульню не толькі зноў афіцыйна дазволілі, а нават там-сям і адвялі спецыяльныя месцы, каб галоўная варта заўсёды мела на воку, дзе што робіцца, дзе што можа здарыцца нядобрага, што не заўсёды можна прадухіліць загадзя і наперад, і каб варта магла заскочыць непарадак, праз які той ці іншы гулец можа і не вярнуцца жывы і здаровы. I паколькі гульня ёсць асабістая інвенцыя праклятага д’ябла і нямала яму абыходзіць, ён сфармаваў цэлы атрад адмысловых гульнёвых чартоў і запусціў іх у свет, і яны нічым іншым не займаюцца, як толькі пад’юджваюць людзей да гульні. Яны ўшываюцца ў розныя легкадумныя кампаніі праз розныя пакты і хаўрусы, падгаворваючы, што памогуць выйграць; і наўрад ці сярод дзесяці тысяч гульцоў знойдзецца адзін багаты, а то ж спрэс наадварот бедныя, гарапашныя і знэнджаныя, бо выйгрыш ім лёгка даецца і тым лягчэй забіраецца і прасаджваецца надарма. 3 гэтага і ўзнікла вельмі правільная, але і пуставатая памоўка, што чорт не пакідае гульца, а даводзіць яго да канца, бо ён адбірае ў чалавека дабро, рабро і гонар, але і тады не пакідае, аж пакуль, хай Бог крые яго сваім мілажалем, не затнецца ў цяжбіне за самую ягоную душу. Калі ж гулец акажацца натурай з вясёлым гумарам, велікадушным, што ніякая нягода ці страта не можа ўсадзіць яго ў меланхолію, хімернасць, роспач, тугу, маладушнасць і іншыя цяжкія і ліхія грахі, тады хітры, падступны супастат ловіць яго на тым, што дае яму лёгкі выйгрыш і брытае яго нарэшце ў свой нерат на марнатраўстве, гардунстве, сваволі, ненаедстве, п’янстве, чужаі мужаложстве».
Я перахрысціўся і жахнуўся ад такой папусткі, што такія рэчы, якія несумненна прыдумаў д’ябал, дапускаюцца
ў хрысціянскім войску, асабліва калі цяпер яўна вынікае так многа часовай і вечнай шкоды і яе вынікаў. Але мой гофмастар сказаў, што гэта яшчэ нічога, што ён мне расказаў; хто хоча апісаць усё ліха, якое ідзе ад касцярства, той бярэцца за немагчымае; бо кажуць, што косць, кінутая рукою, яна чортава, і я не магу сабе гэтага ўявіць інакш, як, што з кожнай косцю, кінутай рукою гульца на стол, выкочваецца маленькае чарцяня, якое ім кіруе і цікуе, каб было так, як яно заўгодна ягонаму прынцыпалу. Пры гэтым я мусіў падумаць, што д’ябал не проста так горача і палка прымае гульню, а несумненна мае з таго свае зыскі і выгоды. Пры гэтым заўважыў пазней, што каля гульбовіска ўвесь час таўкуцца і аціраюцца шахер-махеры, крамнікі і жыды, якія ахвотна купляюць у гульцоў усё, што тыя выйграюць: пярсцёнкі, вопратку, каштоўнасці, каб, прадаўшы, зноў гуляць; дык вось і тут віжаваў д’ябал, каб закончаным гульцам выйгралі яны ці прайгралі навеяць душапагібельныя думкі. Тым, хто выйграе, ён будуе страшныя палацы ў паветры; а ў тых, хто прайграе і чыя душа вельмі замарочана і таму больш даступная і зручная для прыёму яго шкодных нашэптаў, ён несумненна ўводзіць такія думкі, якія ўцэлены канчаткова на поўную сказу і паглум чалавека. «Я запэўніваю цябе, Сімпліцы, што маю намер напісаць пра ўсе гэтыя матэрыі кнігу, як толькі вярнуся ў свой родны дом; там я напішу пра страты дарагога часу, які марнуецца на бескарысныя гульні, пра тыя страшныя кленічы, якімі ў гульні зневажаюць Бога. Разгледжу ў ёй многія брыдкія словы, якімі людзі мажуць адзін аднаго, і прывяду яшчэ больш страшныя прыклады і гісторыі, якія здараюцца ў, каля, і па-за гульнёй, пры гэтым не забудуся згадаць пра дуэлі і забойствы, спрычыненыя гульнёю; так, я абмалюю жывымі фарбамі скнарнасць, гнеў, зайздрасць, запал, фальшывасць, падман, махлярства, крадзяжы, адным словам, усе шалёныя глупствы і касцернікаў, і карцёжнікаў, іўсё гэта падман людзям на вочы, каб кожны, хто хоць раз прачы-