• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    1 Галоўная цвярдыня пратэстантаў падчас Трыццацігадовай вайны; знаходзілася на месцы ўпадзення ракі Кінцыг у Майн.
    2 Гаўптвахта (франц.).
    часаліся, не завіваліся, а тырчалі космамі ва ўсе бакі; запарушаныя шматгадовым пылам замест пудры ці валасянога парашку, як гэта бывае ў блазнаў, яны так маляўніча ўклаліся на галаве, што мой бледна-жоўты тварык выглядваў з-пад іх, як растапыраная сава, калі мерыцца дзяўбці мыш, альбо калі высочвае яе. А як што я хадзіў з голай галавой, мае валасы былі ад прыроды кучаравыя, ну, дык жывы турка ў турбане. Астатняя вопратка выдатна пасавала да галоўнай акрасы; на мне быў пустэльнікаў каптан, калі б нехта зарызыкаваў назваць яго каптаном, бо зыходны матэрыял, з якога ён быў пашыты, цалкам вычарпаў сябе і ад яго не засталося нічога, апроч, бадай што, формы, якая, залатаная тысячай латак ўсялякага колеру і фарбы, падшываная, цыраваная-перацыраваная, гафтаваная і фастрыгаваная, усё яшчэ заставалася формай і прэтэндавала на нейкі фасон каптана. На гэтым заношаным і шматкроць рэстаўраваным каптане я яшчэ насіў безрукавую кашулю-лёлю, замест палітона ці плашча, бо рукавы мне якраз надаліся на неблагія панчохі, і таму я іх паабцінаў; а само цела было ззаду і спераду аперазана жалезнымі ланцугамі, крыжнакрыж, як гэта ў намаляванага св. Вільгельма альбо як усё роўна ў тых, каго захапілі ў палон басурманы, і тыя пасля жабравалі па краіне. Чаравікі мае былі выразаныя з дрэва, валокі-подвязкі з ліпавага лыка, а самыя ногі былі чырвоныя, бы печаны рак, нібы на іх былі панчохі гішпанскага цялеснага колеру, альбо калі б я нашмараваў іх фарнамбукам. Мне здавалася, што калі б мяне тады падабраў які-небудзь прахадзімец, рыначны шарлатан ці валацуга і выдаваў за самаеда або за грэндландца, думаю, вялікія грошы меў бы не адзін дурань прасадзіў бы свае крэйцары, каб пабачыць такое дзіва. I хоць любы разумны чалавек па адным змардаваным і згаладалым выглядзе і заношаных трантах мог бы лёгка здагадацца, што ні ад якога гаспадара я не ўцякаў, ні ад якой гаспадыні, ні з двара вяльможнага пана, тым не менш мяне ўзялі пад варту. Жаўнеры лупілі на
    мяне вочы, а я з такім самым подзівам разглядваў блазенскі ўбор іхняга афіцэра, якому я адказваў на яго пытанні. Я не ведаў, хто гэта быў ён ці яна, бо афіцэр насіў валасы і вусы па-французску, абапал галавы спадалі дзве доўгія касы, як конскія хвасты, а вус быў гэтак падстрыжаны і закручаны, што паміж ротам і носам засталіся лічаныя кароткія валаскі, вялікія вочы трэба мець, каб разгледзець, не тое што палічыць. У не меншы сумнеў наконт яго полу прыводзілі яго шырозныя штаны, больш падобныя на спадніцу, чым на пару мужчынскіх калашын. Я нават быў падумаў сабе: «Калі гэта мужчына, дык у яго павінны быць барада як барада, вусы як вусы, а гэты індык не такі малады, як з сябе строіць. Калі ж ён баба, дык чаму ў старое шлюхі столькі шчэцця на мордзе? Пэўна, усё-такі баба, бо ў прыстойнага мужчыны барада ніколі не будзе, як здрасаваная пожня, нават казлы і тыя ад сораму не ступілі б у чужое стада, калі б ім так уцялі бароды». Я ўсё стаяў у паняверцы і не ведаў, якая цяпер мода, і нарэшце рашыў лічыць яго разам і за мужыка і за бабу.
    Гэтая мужыкаватая баба ці бабісты мужык загадаў абшукаць мяне, але пры мне нічога не знайшлі, апрача кніжкі з бяросты, у якую я запісаў свае дзённыя малітвы і куды паклаў тую цыдулку, якую, як пра тое расказана ў папярэднім раздзеле, пакінуў мне на развітанне мой пабожны пустэльнік. Кніжку афіцэр адабраў; мне не хацелася страціць яе, і я ўкленчыў перад ім, абхапіў яго за калені і сказаў: «Ах, мой мілы гермафрадыт, пакінь мне мой малітоўнічак!» «Ашавурак дурны, адказаў ён, які чорт сказаў табе, што мяне завуць Герман?» і загадаў двум жаўнерам звесці мяне да губернатара, даў ім з сабою і памянёную кніжку, бо то ж сам гэты задавасты кавалер, як я заўважыў, не ўмеў ні чытаць, ні пісаць.
    I мяне павялі ў горад, і ўсе збягаліся падзівіцца, быццам сюды прывялі напаказ марское страшыдла; і кожны пнуўся лепш разгледзець дзівосіну, і кожны бачыў ува мне тое,
    што хацеў бачыць. Адны прымалі мяне за шпіёна, другія за вар’ята, шаленца, а тыя зноў жа за дзікага чалавека, а ўжо аж тыя за духа, за здань ці яшчэ за якое дзіва, якое павінна стацца нейкай таямнічай азнакай ці тое неба, ці пекла. Былі і такія, што лічылі мяне блазнюком, юродам, яны, бадай, былі б найбліжэй да праўды, калі б я не ведаў мілага Госпада Бога.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
    Сімпліцы вядуць на адсідку ў турму, але нечакана пашыхавала яму
    Калі мяне прывялі да губернатара, ён спытаўся, хто я такі, чыў я буду і адкуль іду. Я адказаў, што не ведаю. Тады ён будзе пытацца далей: «А куды ты ідзеш?» А я адказваю: «Не ведаю». «Што ж, у халеры, ты ведаеш? пытаецца ён далей. Чым жа ты займаешся?» А я зноў, як і раней, адказваю, што не ведаю. Ён пытаецца: «Дзе твой дом?», і калі я зноў сказаў, што не ведаю, той аж з твару сышоў, ці тое ад злосці, ці ад здзіўлення. А як што кожны стараецца западозрыць благі намер, асабліва калі паблізу вораг, які, як я ўжо далажыў, мінулае ночы захапіў Гэльнхаўзэн і паглуміў там цэлы драгунскі полк, ён прыняў бок тых, якія лічылі мяне перш за ўсё здраднікам ці віжам, варожым выведнікам, і загадаў абшукаць мяне. Калі ён даведаўся ад жаўнераў варты, якія прывялі мяне да яго, што гэта ўжо зроблена і нічога пры мне не знойдзена, акрамя кніжачкі, якую яны яму тут жа і перадалі, той прачытаў некалькі радкоў і спытаўся ў мяне, хто мне даў гэтую кніжачку. Я сказаў, што ад самага пачатку гэтая кніжачка мая, бо я сам зрабіў яе і сам напісаў у яе. Ён спытаўся: «А чаму менавіта на бяросце?» Я адказаў: «Бо з іншых дрэў кара непрыдатная». -»Ты, хамуйла, малаціла засцянковае, сказаў ён, я пытаюся, чаму ты не пісаў на паперы?» «Ай, кажу я, у лесе ў нас яе не было».
    Губернатар спытаўся: «Дзе? У якім лесе?» Я зноў адказаў ранейшым манерам, што не ведаю.
    Тады губернатар павярнуўся да сваіх афіцэраў, якія чакалі яго, і сказаў: «Альбо гэта круты прахадзімец, альбо галган неабструганы і поўны дурань. Але зноў жа які з яго дурань, калі ўмее пісаць». I, гаворачы так, гартае маю кніжачку, каб паказаць ім маё пісанне, і тут жа з яе выпадае пустэльнікаў цэтлік. Падымае; я збялеў, бо гэта ж быў мой самы вялікі скарб і святыня, і губернатар, відаць, узяў гэта пад увагу і яшчэ больш западозрыў здраду, асабліва калі разгарнуў цэтлік і прачытаў; тады ён сказаў: «Я пазнаю гэтую руку і ведаю, што тут напісана адным маім добра знаёмым афіцэрам; але не магу ўспомніць, якім». I сам змест цэтліка падаўся яму вельмі дзіўным і незразумелым; ён сказаў: «Гэта несумненна тайная мова, якое ніхто не разумее, акрамя тых, з кім умоўлена». А ў мяне ён папытаўся, як мяне завуць, і калі я адказаў: «Сімпліцы», ён сказаў: «Так, так, і ты той самай кароўкі ягнятка! Прэч, прэч, накіньце яму кайданы на рукі і ногі, каб можна было выдабыць з шалапута яшчэ што-небудзь». I абодва мае памянёныя жаўнеры павандравалі са мною да новага жытла ці, правільней, да турмы і перадаверылі мяне там турэмнаму наглядчыку, які, выконваючы загад, у дадатак да нацельных ланцугоў яшчэ больш абчапіў мяне жалезнымі ковамі і ланцугамі, па руках і нагах, нібыта і без таго на мне было мала жалеза.
    Такі пачатак гасціннасці быў якраз толькі пачатак, бо да мяне прыйшлі кат і турэмнікі-дапытнікі з жудаснымі тартурнымі прыладамі, якія, нягледзячы на тое, што я суцяшаў сябе сваёй невінаватасцю, зрабілі мой гаротны стан проста жахлівым. «О Божа, сказаў я сабе, так мне і трэба! Сімпліцы ўцёк ад службы Богу і пайшоў у белы свет, каб гэты выкідзень хрысціянства прыняў сваю справядлівую адплату, на якую заслужыўся сваёй легкадумнасцю. О няшчасны Сімпліцы, да чаго давядзе твая няўдзяка? Толькі што Бог прыняў цябе на сваю службу, а ты ўжо ўцякаеш і паказваеш яму спіну! Ці ж
    бо ты не еў бы ўдосыць жалудоў і бобу, як еў раней, калі б вытрываў на службе ў Творцы? Ці ж бо ты не ведаў, што твой добры пустэльнік і настаўнік збег ад марнасці свету і ці ж бо не выбраў ён сабе дзікую лясную гушчэчу? Ах ты, аслеплая доўбня! Ты пакінуў самоту ў марным спадзяванні задаволіць сваю пахібную прагу пабачыць свету. Дык вось цяпер дзівіся, думаючы, што наталяеш свае вочы; ты будзеш круціцца і марнавацца ў гэтым небяспечным вар’яцтве. Ці ж бо ты, дурны пахолак, не мог сабе ўявіць, што твой дабрашчасны папярэднік не аддаў бы ўсіх радасцяў свету за тое суровае жыццё, якое ён вёў у пустэльні, каб спадзяваўся знайсці ў свеце сапраўдны мір, ціхі спакой і вечнае шчасце? Ты, гаротны Сімпліцы, цяпер памкніся, прымі належную плату за свае плыткія подумкі і за непраглядную дурасць! He след табе наракаць на крыўду, не можаш суцяшацца бязвіннасцю, бо ты ж сам страмотыч ляцеў насустрач сваім катам і сваёй смерці, ты сам на сябе наклікаў няшчасце».
    Так я сам сябе вінаваціў, прасіў у Бога даравання і даручаў яму сваю душу. Так мы падышлі да вежы і вось калі патрэба найвышша, божая помач найбліжша! Бо калі ўжо я стаяў, акружаны вартай і тлумам народу, каля турмы, той самы мой добры святар, чыя вёска нядаўна была сплюндравана і спалена, якраз і ўбачыў, што тут рабілася, бо ён тым часам таксама сядзеў пад арыштам у вязніцы. Выглянуўшы ў акно і ўбачыўшы мяне, ён крыкнуў: «О Сімпліцы, няўжо гэта ты?» Пачуўшы і ўбачыўшы яго, я ўскінуў да яго абедзве рукі і закрычаў: «О войча! О войча! О войча!» А ён спытаўся, што я нарабіў. Я адказаў, што, далібог, не ведаю, а, мабыць, мяне прывялі сюды таму, што я ўцёк з лесу. Калі ж яму сказалі з натоўпу, што мяне прымаюць за здрадніка і шпіёна, ён папрасіў, каб мяне не чапалі, пакуль ён сам не падасць пану губернатару ліст па маёй справе, у якім ён папросіць вызваліць з турмы нас абодвух, каб пан губернатар не памыліўся часам з намі, бо то ж ён, святар, ведае мяне лепш, чым хто-небудзь яшчэ.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
    Сімпліцы мае ад шчадротаў Бога ўсяго-ўсялякага ўдосыць і многа
    Яму дазволілі пайсці да губернатара, а праз паўгадзіны паклікалі і мяне, пасадзілі ў чалядніцы, дзе ўжо было двох краўцоў, шавец з чаравікамі, купец з капелюшамі і панчохамі і яшчэ адзін нейкі з усялякай патрэбінай, каб я там хуценька пераапрануўся. 3 мяне сцягнулі злахманены, цыраваны-перацыраваны, латаны-пералатаны каптан разам з ланцугамі і заношанай кашуляй, каб краўцы знялі правільную мерку. Потым з’явіўся палявы цырульнік з нейкім едкім лугам і пахучым мылам, і як толькі гэты ўжо хацеў быў паказаць на мне свой спрыт, паступіў новы загад, які мяне страшэнна перапалохаў, бо сказана было, каб я зноў надзеў сваё рыззё. Нічога ў тым ліхога не было, як я баяўся, бо прыйшоў нейкі мастак са сваімі прычындаламі: з вохраю, цыноберам на мае вейкі, з індыгавым лакам і лазуркам на мае каралава-чырвоныя губы, з аўрыпігментам і масікотам на мае белыя зубы, якімі я ляскатаў з голаду, з сажаю, чорным вугалем і умбраю на мае залацістыя валасы, з бяліламі на мае агідныя вочы і яшчэ з рознымі фарбамі на мой стракаты каптан; а яшчэ ў яго была поўная жменя пэндзлікаў. I пачаў ён мяне аглядаць, патузваць, абмацваць, падмалёўваць, нахіляць галаву то туды, то сюды, каб лепей ацаніць сваю працу над маёй паставай. To ён падправіць вочы, то валасы, то ноздры, a in summa ўсё, што напачатку зрабіў не так, як трэба, пакуль нарэшце не намаляваў прыродны ўзор таго, кім быў Сімпліцы, аж я сам жахнуўся сваёй страшэннай падобы. А там яшчэ над мною пазавіхаўся палявы цырульнік, ён вымыў мне галаву і гадзіны паўтары ўпраўляўся з валасамі; пасля пастрыг па тагачаснай модзе, бо валасоў на мне было аж залішне. Потым пасадзіў мяне ў лазню і вымыў, адшараваў маё худое згаладалае цела ад трох-чатырохга-