• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    Пустэльнік: Ты проста дурненькі, калі не ведаеш, як звалі тваіх бацькоў і цябе самога!
    Сімпліцы: Ай, ты ж таксама не ведаеш.
    Пустэльнік: А ці ўмееш ты маліцца?
    Сімпліцы: He, маліліся толькі Ганка і мамця, калі клаліся спаць.
    Пустэльнік: Я не пытаюся, хто калі маліўся, а ці ўмееш ты пацеры.
    Сімпліцы: Ну, умею.
    Пустэльнік: Тады скажы.
    Сімпліцы: Вочы наш, ежу ясі на небясі, свяціца імя тваё, да прыдзе царства тваё, здабудзе воля твая небясі якаў на зямлі, хлеб наш насушаны дай нам есць, даруй нам доўгія на шыі, як мы даруем доўгія на шыі, і не вядзі нас васкушэня, нос баві ас ад лукавага, і сілы і славы і пырскі на векі вякоў, гаман.
    Пустэльнік: А ці ходзіш ты да споведзі?
    Сімпліцы: А то ж бо не! Мамця сюд-туд пасылае а то дроў прынясі, a то па смаляка на распал скокні. 3-пад павеці кожан дзень нашу.
    Пустэльнік: Ах, Божа ты мой мілы, якое ты ў мяне дурное, А пра Бога ты ведаеш?
    Сімпліцы: Дзіва што, ён жа ў нас над дзвярмі павешаны. Мамця хадзіла да мшы, прынесла і павесіла.
    Пустэльнік: Ах, Божа міласэрны, цяпер толькі я спазнаю, якая вялікая ласка Твая, калі Ты адкрываеш ісціну людзям, і які нікчэмны той чалавек, якога Ты абыходзіш. Госпадзе, дапусці мяне славіць імя Тваё святое, ашчасці мяне, каб быў я варты вечна дзячыць Табе за Тваю вялікую ласку. Слухай, Сімпліцы (бо інакш не магу цябе зваць), калі ты гаворыш Войча наш, дык павінен казаць так: Войча наш, Які сутны ў нябёсах, хай свяціцца імя Тваё, хай прыйдзе царства Тваё, хай будзе воля Твая на зямлі, як і на небе, хлеб наш надзённы дай нам сёння, і...
    Сімпліцы: Добра, і сыру да хлеба.
    Пустэльнік: Ах, дзіця маё, маўчы і вучыся, гэта табе больш патрэбна, чым сыр. Ты няўдаліца, як сказала твая маці. Такім хлопцам, як ты, не след перабіваць дарослых, а трэба маўчаць, слухаць і вучыцца. Калі б я ведаў, дзе жывуць твае бацькі, я з радасцю завёў бы цябе да іх, яшчэ й іх навучыў бы, як трэба выхоўваць дзяцей.
    Сімпліцы: Я не ведаю, куды мне ісці: наша хата згарэла, мая мамця ўцякла, потым зноў вярнулася з Урсулай, і мой татусь таксама, а наша служанка хворая была і ляжала ў канюшні; яна сказала мне: бяжы, кажа, хлопча, уцякай, а куды ж тут пойдзеш-пацячэш?
    Пустэльнік: А хто спаліў хату?
    Сімпліцы: Ха, прыйшлі жалезныя мужчыны, сядзелі на такіх во вялізных, як валы, але без рагоў; гэтыя мужчыны пакалолі ўсіх авечак, і кароў, і свіней, печ пабілі і вокны, і тады я таксама ўцёк, а тады пасля спалілі хату.
    Пустэльнік: А дзе быў твой татусь?
    Сімпліцы: Ха, жалезныя мужчыны прывязалі яго, а тады наша старая каза лізала яму ступакі, а мой татусь рагатаў, як дурны, і даў тым жалезным мужчынам многа белых фенікаў, вялікіх і малых, і такіх прыгожых жоўтых, і яшчэ такіх малюпасенькіх штучак і прыгожыя шнуркі з белымі бубачкамі.
    Пустэльнік: Калі гэта было?
    Сімпліцы: Ай, ну калі я авечкі пас, яны яшчэ хацелі адабраць у мяне дуду.
    Пустэльнік: А калі ты пасвіў авечкі?
    Сімпліцы: Ай, ты што, не чуў? Калі прыйшлі жалезныя мужчыны, і пасля гэтага яшчэ і наша Ганка сказала, каб я ўцякаў і бег сюды.
    Пустэльнік: I куды ж ты зараз?
    Сімпліцы: Я і праўда не ведаю! Я застаўся б з табою.
    Пустэльнік: Пакідаць цябе тут ні мне, ні табе не выпадае. Еж, а тады я цябе завяду назад да людзей.
    Сімпліцы: Ай, тады скажы мне, што ж такое людзі? Што гэта за штукі?
    Пустэльнік: Людзі гэта чалавекі, як я і ты; твае татусь, мамця і ваша Ганка гэта чалавекі, і калі іх, чалавекаў, набіраецца многа тады іх называюць людзьмі.
    Сімпліцы: Ха-ха!
    Пустэльнік: Ну ідзі, еж!..
    Гэта быў наш дыскурс, і пакуль доўжыўся, пустэльнік часта пазіраў на мяне і глыбока ўздыхаў, не ведаю, ці гэта таму, што вельмі спагадаў мне ў маёй вялікай прастадушнасці і дурным невуцтве, ці тое з прычыны, пра якую я даведаўся толькі праз некалькі гадоў.
    РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ
    Сімпліцы яшчэ ранейшы Сімпліцы, але навучыўся Богу маліцца
    Я пачаў есці і перастаў лашчыцца, і доўжылася гэта не больш, чым трэба было і пакуль стары не сказаў мне ісці. Тады я пачаў падбіраць самыя далікатныя словы, якія толькі ведаў у сваёй грубай мужыцкасці і якія маглі б схіліць пустэльніка не праганяць мяне ад сябе. Хоць гэта яму дужа замінала б, калі я буду круціцца пад рукамі, але ён усё-такі наважыўся пакінуць мяне пры сабе, каб даць мне ўрокі
    хрысціянскай рэлігіі, а не таму, што пры ягоным веку не залішняцца паслугі маладога падсуседа. Самы вялікі клопат быў каб мая пяшчотная маладосць прайшла ў строгасці і суровасці, каб я ўсё перацерпеў да канца.
    Прыкладна тры тыдні павінны былі стацца выпрабавальным годам, на які прыпадаў і дзень святой Гертруды1, калі яна пасабляе людзям у полі, дык пустэльнік заўжыў у яе пакліканні і мяне. Пачаў я так добра, аж пустэльнік не тое каб прыкіпеў душою, але займеў да мяне некае дзіўнае ўпадабанне, і не так за маю працу, якая і раней не была мне за дзіва і навіну, а, бадай што, таму, што я прагна слухаў ягоныя казані і з лёту хапаў іх, а гладкая і чыстая табліца майго сэрца дазваляла яму пісаць на ёй, што ён хацеў. Ці не таму ён і ўзяўся за мяне так рупліва, каб хутчэй наставіць на дабро. Ён пачаў свае ўрокі з адпаду Люцыпара; ад яго перайшоў да раю; а калі нас з нашымі продкамі адтуль патурылі, ён праехаўся па Майсеевым законе і вучыў мяне на грунце дзесяці запаведзяў Бога і іх тлумачэння, пра якія ён сказаў, што яны ёсць той сапраўдны і правільны шлях, на якім можна спазнаць Божую волю і адпаведна з ёю ладзіць сабе богаспадобнае жыццё, адрозніваць цноты ад грахоў, тварыць дабро і ўхіляцца ад ліха. Нарэшце ён перайшоў да Дабравесцяў і расказаў мне пра нараджэнне Хрыста, пакуты, смерць іўваскрэсенне; нарэшце завяршыўурокі Страшным Судом, абмаляваў мне неба і пекла, і ўсё гэта падрабязна, з усім, што было трэба, але без лішняй грунтоўнасці і неабсяжнасці, а, як яму здавалася, таму, што так я мог лягчэй засвоіць і зразумець. Управіўшыся з адным, ён пераходзіў да другога і паказваў сябе такім здольным цярпліва кіраваць маімі пытаннямі і абыходзіцца са мною, што наўрад ці іншым спосабам мог бы дасягнуць большага. Яго жыццё і яго словы былі мне нязбытнай навукай, ад якое мой розум, дарэчы, не такі ўжо пусты і дубовы, з ласкі Божай
    1	17 сакавіка.
    не мог не ўрадзіць, не мог застацца без плоду; прынамсі, не толькі тое, што павінен ведаць хрысціянін, было ўведана за тыя згаданыя тры тыдні, а яшчэ нарадзілася і такая любоў да майго настаўніка і да ягоных урокаў, што аж заснуць я не мог уначы.
    Пасля я часта думаў пра ўсё гэта і ўпэўніўся, што Aristot. Lib. 3 de апіта' слушна разважыў, параўнаўшы душу чалавека з чыстай незапісанай дошкай, на якой можна натаваць што заўгодна, і што ўсё гэта таму дазволена найвышэйшым Творцам, каб гэтая гладкая, чыстая табліца рупліва запісвалася імпрэсіямі і практыкаваннямі і даводзілася да дасканаласці і завершанасці. Таму потым і ягоны Commentator Averroes lib. 2 de anima2 (як што філосаф кажа, што intellectus est potentia3, але што нічога не ўключана in actum'', а праз scientiam5, гэта значыць, што розуму чалавека паддатна многае, але што ён нічога не дакажа без руплівай практыкоўкі) робіць ясную выснову, што памянёная scientia, або практыкоўка, ёсць дасканаласць душы, якая сама ў сабе наогул нічога не мае. Гэта пацвярджае Cicero lib. 2 Tuscul. quaest.6, параўноўваючы душу чалавека без навукі, ведаў і практыкоўкі з такім полем, якое ад прыроды ўрадлівае, але калі яго не ўрабляюць, дык таксама не родзіць.
    Усё гэта я даказаў на сваім прыкладзе; я таму ўсё гэта так хутка скумекаў, чаму вучыў мяне гэты пабожны пустэльнік, і так яно сталася таму, што ён знайшоў ува мне гладкую скрыжалю маёй душы, чысцюткую, як слёзка, без аніводнай на ёй пазначыны, і ўжо ж не мог дазволіць камунебудзь іншаму дарвацца да яе. I якраз таму, што ўва мне
    1 Кніга Арыстотэля, кн. 3 «Пра душу».
    2 Каментатар [Арыстотэля] Авероэс, кн. 2 «Пра душу»
    3 Розум гэта сіла (лац.').
    4 У дзеянне (лац.).
    5 ...навуку (лйц.).
    6 Цыцэрон. «Тускуланскія гутаркі», кн. 2-я.
    заставалася чыстая прастата, даступная ўплывам людзей, пустэльнік, а ні ён, ні я сам не ведалі майго імя называў мяне толькі Сімпліцы прастадушнік.
    У яго я навучыўся маліцца, а як што маё ўпартае наляганне застацца пры ім ён прыняў за дастатковы аргумент, дык мы паставілі яшчэ адзін буданчык, такі, як у яго, з дрэва, голля і дзярна, і ўсё гэта зладзілі, як мушкецёры ў полі свае палаткі або, лепей сказаць, як сяляне ў некаторых мясцінах робяць сабе разбойніцкія лёхі, такі нізкі, што я ледзьве мог у ім умясціцца седзячы. Мая пасцель была з сухое лістоты і травы на ўсю доўж будана, так што я не ведаю, ці мне называць гэта хатай ці пячорай, лежаком па павеццю ці буданом.
    РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ
    Сімпліцы знаёміцца з Кнігай Ёва і вучыцца чытальна-пісальным асновам
    Калі я першы раз убачыў, як пустэльнік чытае Біблію, я і ўявіць сабе не мог, з кім гэта ён так таямніча і, на маю думку, вельмі сур’ёзна гутарыць. Я добра бачыў, як варушыліся ў яго губы, чуў, як ён нешта мармыча, але апрача яго самога не бачыў і не чуў нікога, хто б гэта адказваў яму, і хоць я нічога яшчэ не ведаў ні пра чытанне, ні пра пісанне, я ўсё ж заўважыў па ягоных вачах, што ўсё гэта ён робіць з некім у кнізе. Я прыгледзеўся да яе, а калі ён адклаў яе, я разгарнуў, і з першага ж разу мне трапілі на вочы першы раздзел Кнігі Ёва і абразок наперадзе, выдатны дрэварыт і хораша расфарбаваны. Я па сваёй прастадушнасці спытаўся ў таго абразка пра самыя розныя рэчы. Але ніякага адказу не было. Я знецярплівіўся, раззлаваўся і якраз, калі пустэльнік паявіўся за мною, сказаў: «Эй, вы, агуднікі, чаго гэта вам раптам пазарывала? Вы ж толькі што балабонілі з маім айцом (так я мусіў называць пус-
    тэльніка!). Вось бачу, як вы свайму беднаму татусю гоніце дахаты авечкі, а там ужо запалілі хату. Чакайце, чакайце, я зараз патушу гэты агонь і запыню вас, каб не лезлі ў шкоду». I я ўстаў, каб прынесці вады, бо патрэба яўна вымагала гэтага. «Куды ты, Сімпліцы?» сказаў пустэльнік, якога я не заўважыў за сабою. «Ай, войча, сказаў я, тут таксама салдаты, яны хочуць пабраць авечкі; вось, глядзі, занялі ў беднага чалавека, з якім ты нядаўна гутарыў. Во тут ужо і хата ягоная гарыць, як радуецца, і калі я зараз не патушу, усю выкаціць дашчэнту». I я тыцнуў пальцам у абразок. «Пастой, сказаў пустэльнік, гэта яшчэ не бяда». Я адказаў як мог ветліва: «Ты што, аслеп? Пасачы лепей, каб не сагналі авечкі, а я збегаю вады». «Ай, сказаў пустэльнік, гэтыя карцінкі нежывыя; яны толькі так зроблены, каб паказаць нам на вочы даўно мінулыя падзеі». Я адказаў: «Ты ж толькі што гаварыў з імі; як жа яны нежывыя?»