Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
3 гэтага расказу я дакладна ўведаў, што даводжуся майму пустэльніку і сястры губернатара Рамзая любімым сынам; але, ах гора ты маё! Надта позна, бо бацькі мае былі ў нябожчыках, а пра дзядзьку я не мог нічога разведаць, апроч таго, што ханаўцы турнулі яго з горада разам з усім шведскім гарнізонам, аж ён ад прыкрасці і гневу набраўся вялікай журбы, умілаваўся і розумам высівеў.
Я напаіў свайго хрышчонага бацьку да ўпаду, а на другі дзень сказаў клікнуць і ягоную жонку. А калі я ім адкрыўся, дык яны гэтаму паверылі толькі тады, калі я паказаў ім на грудзях валасяны радзімы знак.
РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ
Сімпліцы-ўдавец ажаніўся зноў, робіцца бацькам аж трох сыноў
Неўзабаве пасля гэтага я ўзяў хроснага да сябе і выправіўся з ім вярхом у Шпэсэрт раздабыць там дакладнае пасведчанне і дакументы пра сваё паходжанне і нараджэнне ў законным шлюбе, што я і зрабіў без лішніх клопатаў па храмавых кнігах і сведчанні майго хроснага. Я адразу ж
завярнуў да святара, які жыў у Ханау і колісь мяне там даглядаў. Гэты выдаў мне пісьмовую легітымацыю пра скон светлай памяці майго бацькі і што я быў пры ім да самай ягонай смерці, а потым пад імем Сімпліцы пэўны час жыў у пана Рамзая, губернатара ў Ханау; і я паклапаціўся, каб уся мая гісторыя была сабрана з усіх вусных сведчанняў і грунтоўна занатавана ў дакуменце, завераным праз натарыуса, бо быў падумаў: «Хто ведае, на што табе гэта яшчэ можа спатрэбіцца!» Гэтая паездка абышлася мне ў чатырыста талераў, бо па дарозе назад нас прыхапіў, ссадзіў з коней і абрабаваў раз’езны гуф, дык я і мой татусь, ці хрышчоны, вярнуліся дамоў голыя і босыя, як стаялі, мала што горлам не заплацілі.
Тым часам і дома ўсё перакасілася; бо як толькі жонка мая дазналася, што муж яе шляхціц, тут і пачала не толькі строіць з сябе няма ладу якую васпаню, але і сваім нядбальствам глуміла ў хаце ўсё, што магла, а я цярпеў моўчкі, бо яна якраз хадзіла пры надзеі; звыш таго ўтачылася бяда і ў хлеў, і павыздыхала найлепшае быдла.
Усё яшчэ можна было ператрываць, але о, тігйт!1 ніводная бяда не ходзіць адна: у той самы час, як жонка разрадзілася, ляжала ў родах і служанка. Праўду кажучы, дзіця, якое яна прывяла, было вельмі падобнае на мяне, а тое, якое нарадзіла мая жонка, як вылітае на нашага парабка. У дадатак і тая самая дама, пра якую вышэй было гаворана, тае ж самай ночы падкінула да майго парога немаўля з пісулькай, што я даводжуся яму бацькам, так што я адным банкетам тры радзіны справіў, і мне ўжо здалося, што няйначай як з кожнага кутка вылезе яшчэ па адным, сівой галавы дастаць можна з такое долі. Але ж якраз такая доля, а не якая не іншая чакае ўсіх, хто жыве бязбожна, бадзяла і распусна, як жыў тады я, следуючы сваім жывёльным пахацімствам.
1 О дзіва! (лац.)
Ну, якое тут рады дасі? Ніякае ўправы на баб я мусіў ахрысціць усіх дзяцей, ды яшчэ і сплаціць накладзеную на мяне па законе грашовую віну1, а як што ўлада тады стаяла шведская, а я да таго служыў імперцам, дык мне тым даражэй абышоўся чужы пахмел, што, зрэшты, было яшчэ толькі прэлюдыяй да новае плягі. I ў той час, як гэтыя нянаджаныя бедствы мяне вельмі засмучалі, жонка мая пра тое ані не дбала, а ў дадатак яшчэ дзень у дзень дацінала і дапякала, мучыла і пляскала за вясёленькую знаходку пад парогам і за тое, што мне давялося рабіць тую сплату віны. А калі б яна даведалася, якія шашні я сплёў са служанкай, дыкужо, напэўна, тыраніла б яшчэ лішэй; але добрая дзеўка была такая недацеклівая, што паладзіла са мною роўна за такую самую суму, якую я выклаў бы ёй як за байстручыную віну, і згадзілася прыпісаць малое аднаму рызыканту, які летась у мяне гуляў на вяселлі і нібыта сыграў на валасянцы, хоць насамрэч да служанчынага бусла аніяк не дачыніўся. Усё-такі ёй давялося вымятацца з хаты, бо мая жонка падазравала мяне ў тым, у чым я яе з парабкам, але не магла ні да чога прычапіцца, бо я ёй удзёўб, што не мог адначасова быць і ў яе, і ў гэтай дзеўкі. Тым часам, пакуль мы так тузаліся, даймала мяне дакука, што мушу я гадаваць дзіця, прыстроенае парабкам, а маё кроўнае не стане маім спадчыннікам, і што я мушу яшчэ маўчаць і радавацца, што ніхто нічога не ведае.
Такія думкі ўгрызалі мяне як у Бога дзень, а жонка тым часам звесяляла сабе душу віном, бо з самага вяселля не адстаўляла чаркі і кожнае ночы ішла спаць на добрым падпітку. I так яна дачасна спаіла ў магілу сваё дзіця і учыніла ў сваёй нутробе такое запаленне, што неўзабаве зрабіла мяне зноў удаўцом, і я так чула прыняў гэты клопат у сваё датклівае сэрца, што рагатаў, як усё роўна жывога вярблюда ўбачыўшы.
1 Штраф (стар. бел.). 440
РАЗДЗЕЛ ДЗЯСЯТЫ
Сімпліцыю сяляне плятуць прыгоды пра возера Мумэльзэе дзіўныя воды
Калі я такім чынам зноў атрымаў свабоду, пасвабаднеў і мой кашалёк, а ўся гаспадарка адразу пералішнілася быдлам і чэляддзю; таму я ўзяў ў дом хроснага татуся Мельхіёра за бацьку, хросную за маці, а байстручка Сімпліцыя, якога мне падкінулі ў парог, абвясціў сваім спадчыннікам, перадаў старым дом і двор з усім дабром і грунтамі, акрамя невялікай долі залатовак і каштоўнасцяў, якіх я яшчэ не распусціў, а адклаў на выпадак крайняй патрэбы; і я адчуў такую агіду да усіх баб паасобку і ў сукупнасці, што рашыў: калі ўжо я так на іх апёкся, дык прападзі яно ўсё пропадам, аніколі больш не жанюся. Старая пара, з якою in re rusticorum' ніхто зраўняцца не мог, адразу перакроіла ўсю маю гаспадарку на зусім іншы лад; яны збылі з двара ўсю непатрэбную чэлядзь з быдлам разам і завялі толькі тое, з чаго можна было зыскаць прыбытак. Стары татусь, ці новы хросны, разам з мамцяй назычылі мне ўсялякага шчадроцця і абнадзеілі, што калі я пакіну іх тут на гаспадарскіх грунтах, дык у мяне заўсёды будзе напагатове конь у стойле, і зладзяць яны ўсё так, што любым часам і парою я змагу з сумленным чалавекам распіць бутэльку віна. Я адразу скеміў, каму даверыў свае грунты і дабро: хросны з чэляддзю мамэнтам упрагліся араць тыя грунты, гандляваць і кірмашыць быдлам, лесам і смалою круцей за любога жыда, а мамця даглядала быдла і адна выручала і адкладвала столькі, колькі не маглі мне даць дзесяць рыкуній2, якіх я трымаў раней. Праз нядоўгі час гаспода мая мела дастаткова ўсялякага прычындалля, а таксама буйной і дробнай быдласці, што ўжо лічылася самаю лепшаю
1 У сельскай гаспадарцы (ляц.).
2 Аканомка, ахмістрыня (стар. бел.).
ў той мясцовасці. А я мог спакойна выпраўляцца на шпацыры і рабіць абсэрвацыі, бо бачыў, што хросная больш выціскала з пчолаў на адным воску і мёдзе, чым мая распанелая жонка з рагатай жывёлы, свіней і інш., дык я быў пэўны, што і ва ўсім астатнім свайго не ўпусціць.
Аднойчы гуляў я на кіслых водах і пайшоў туды больш дзеля глытка гаючай вады, чым каб па старой завядзёнцы знаёміцца з моднымі фаготамі, бо я пачаў слухацца ўшчуванняў прыёмных бацькоў, якія адраілі мне вадзіцца з такімі людзьмі, што бесталку працвіртвалі сваё і родавае дабро. Але я трапіў у кампанію людзей сярэдняга дастатку, і яны вялі між сабою дыскурс пра вельмі рэдкі прадмет, менавіта ж пра Мумэльзэе, бяздоннае возера, непадалёк, высока ў гарах; яны таксама паклікалі некалькіх старых сялян, якія маглі расказаць, што ім давялося чуць пра дзівоснае возера, і іхнія рэляцыі я слухаў з вялікай ахвотай і цікавасцю, дарма што лічыў іх пустымі выдумкамі, фальшывымі і смеху вартымі, як некаторыя байкі ў Плінія.
Адзін казаў, што калі ўзяць няцот гарошын, каменьчыкаў альбо чаго хоч яшчэ і ўвязаць у насоўку, а потым апусціць у возера, дык дастанеш цот, а калі апусціш цот, выцягнеш няцот. Другі, а за ім і астатнія пэўнілі і згадвалі прыклады: калі хто кіне ў возера адзін камень альбо некалькі, дык якое б ні стаяла надвор’е, а тут падымецца бура са страшэннай злівай, градам і ветрам. Пасля гэтага яны перайшлі на самыя розныя дзівосныя гісторыі, якія там здараліся, і якое там бывае замроенне ад усялякіх гномаў і вадзянікоў, і пра што яны балакаюць з людзьмі. Адзін сказаў, што аднаго разу, калі пастухі пасвілі непадалёк ад возера, з яго выйшаў гняды бык і ўвайшоў у статак, а потым выскачыў малюпасенькі чалавечак і пачаў заганяць быка ў возера, а калі бык заўпарціўся, той чалавечак загразіў, што калі той бык не вернецца, дык на яго зваляцца ўсе людскія нягоды, і пасля гэтага бык і чалавечак зноў далі нырца ў воды. Другі расказаў, што ў той самы час, калі возера ўжо замерзла,
нейкі селянін пераехаў па ім на валах і хоць бы што яму якое, а быкі везлі ж брусы і дошкі на падлогу, а калі за падводай улёг ягоны сабака, лёд хруснуў, сабака шалёхнуўся ў ваду, і толькі таго сабакі й было, нават бурбалкі не пайшлі. А яшчэ адзін бажыўся, што шчырая праўда, як адзін мыслівец ішоў за дзічынай па следзе да самага возера, дзе на беразе сядзеў маленькі вадзянік, а ў яго поўны прыпол залатых манет, якімі ён бавіўся; а калі мыслівец той, ну, паляўнічы, зладзіўся ў яго стрэліць, чалавечак угнуўся і сказаў: «Калі б ты ў мяне папрасіў памагчы табе ў тваёй беднасці, ты з сям’ёй разбагацеў бы. А за такі твой жарт ты і усе твае нашчадкі будзеце вечна ў гароце». Але самае фантастычнае з таго, што яны панарасказвалі, было вось што: «Даўным-даўно позна ўвечары прыйшоў да аднаго селянша ў Хайдэхёфе1 маленькі чалавечак і папрасіўся нанач; селянін перапрасіўся, што ў яго няма лішняй пасцелі, але калі госць не пагрэбуе ўслончыкам ці сенам на вышках, дык ён ахвотна, чаму ж не! пусціць яго. На гэта чалавечак папрасіў толькі дазволіць яму паспаць ноч у канапляным мачулішчы, дзе яму больш даспадобы, чым у самай мяккай пасцелі. «Што да мяне, сказаў селянін, дык начуй, калі табе гэта дагодзіць, хоць у сажалцы, хоць у калодзежным карыце». 3 гэтым дазволам чалавечак пайшоў да мачулішча і ўбіўся там у канаплянае бадылле і твань, як жаба якая альбо той, хто ў сцюжу зашываецца ў стог сена, каб там забавіць ноч. Калі ж за белы свет селянін падняўся будзіць парабкаў на працу, дык памянёны чалавечак вылез з вады і стаў перад ім ну зусім ва ўсім сухім, у якім ён і залез быў у мачулішча, з чаго селянін вялікаму дзіву даўся і спытаў: «Вой, які ж дзіўны і пацешны госць у мяне!» «Але ж бо, адказаў чалавечак, можа, яно ўсе так, што да мяне тут сто гадоў так добра ніхто не начаваў!» Ведучы такую гутарку, дайшлі яны да таго, што чалавечак на-