Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Калі ён не толькі ўбачыў, які давер я маю да яго, але і такую пропадзь грошай, з якімі я і без яго мог бы зрабціца будзь-будзь якім марцыпанам і печанай рэдзькі не еў бы, дык сказаў: «Браце, колькі я цябе ведаю, ты толькі тое і робіш, што дорыш мяне сваёй дзейснай любоўю і вернасцю! Аднак жа скажы мне, ці змагу я зноў табе ўсё аплаціць? Галоўнае тут не грошы, якімі ты мяне запазычаеш, бо па часе, магчыма, іх удасца аддаць назад, а чым я аддам табе за любоў і вернасць, асабліва за твой высокі давер да мяне, якому, даверу, цаны няма? Гэта змушае мяне чырванець ад сораму, бо я мушу прызнацца, што ніколі ніводнаму чалавеку на цэлым свеце не давяраў настолькі, як ты мне. Адным словам, браце, твой добрасны нораў робіць мяне тваім рабом, і тое, што ты робіш дзеля мяне, больш здзіўляе, чым дазваляе адплаціць табе. О сумленны мой Сімпліцы, якому ў наш бязбожны час, калі свет поўны вераломства, не прыходзіць у галаву, што бедны, згалелы Хэрцбрудэр можа прыўлашчыць такую кучу грошай, а самога яго асудзіць на зубожанасць і галечу! Будзь пэўны, браце, што твая шчырая дружба больш прывязвае мяне да цябе, чым багацей, які дарыў бы мне тысячы. Але прашу цябе, браце мой, заставайся ты
валадаром, ахоўнікам і дарыльнікам сваіх грошай; годзе мне і таго, што ты мне сябар!» Я адказаў: «Якія дзіўныя словы ты кажаш, высокашаноўны Хэрцбрудэр! Ты вусна заяўляеш мне і даеш зразумець, што прывязаны да мяне і з добрага дзіва супрацівішся, каб я без толку прасвістваў нашыя супольныя грошы на шкоду і табе і мне». I такія вось дзіцячыя спрэчкі вялі мы, бо любілі адзін аднаго, аж я быў гатовы паверыць, што дрэнная тая любоў і даверлівасць у людзей, калі яны часам не мелюць ніякай лухты. I вось зрабіўся мой Хэрцбрудэр адначасова і маім настаўнікам, і скарбнікам, і слугою, і маім панам, а ў вольны час расказаў мне гісторыю свайго жыцця, якім чынам ён стаў вядомы графу фон Гёцу і атрымаў ад яго павышэнне, пасля чаго я расказаў Хэрцбрудэру ўсё, што спрыгодзілася са мною пасля таго, як памёр яго светлай памяці бацька, бо раней нам вольнай хвілінкі не выпадала; і калі ён даведаўся, што ў мяне ў Л. засталася маладая жонка, дык папікнуў мяне, што я не адправіўся да яе замест таго, каб ісці з ім у Швейцарыю, бо гэта было маім святым абавязкам. А я апраўдваўся, што не мог знайсці ўправы свайму сэрцу і пакінуць у такой гароце свайго найлепшага на зямлі сябра, пасля чаго ўгаварыў ён мяне напісаць жонцы і расказаць ёй усе мае прыгоды з абяцаннем неўзабаве да яе вярнуцца, да чаго я яшчэ дадаў свае перапросіны за доўгую адсутнасць, бо давялося мне перажыць шмат перашкодаў, і як ахвотна замест гэтага я быў бы з ёю.
Калі Хэрцбрудэр са звычайных навінаў даведаўся, што ў графа фон Гёца ўсё ўдала паправілася, асабліва, што ён апраўдаўся перад яго імператарскай вялікасцю і зноў выйшаў на свабоду і нават атрымаў камандаванне арміяй, дык паслаў яму ў Вену рапарт пра сваё становішча, а таксама напісаў у армію бадэнскага курфюрства пра сваю маёмасць, якая заставалася яшчэ там, і паклаў надзею на свой лёс і далейшае шчаслівае павышэнне; таму мы рашылі, што вясною расстанемся, бо ён збіраўся да памянёнага графа, а я ў Л. да сваёй жонкі. А каб зіма не заела лянотай, мы
вывучалі ў тутэйшага інжынера фартыфікацыю, ды так, што ні кароль гішпанскі, ні французскі не мог бы набудаваць столькі фартэцый, колькі мы набудавалі на паперы. Заадно я пазнаёміўся з некаторымі алхімістамі. Убачыўшы, што ў мяне водзяцца грошы, тыя рашылі навучыць мяне, як рабіць золата, абы каб я ўзяў на сябе выдаткі, і, я думаю, яны ўгаварылі б мяне, калі б Хэрцбрудэр іх не спраторыў, сказаўшы ім, што сам не асамішся, калі Бог не дасць, і ім, такім здольнікам і ўмельцам, няма чаго хадзіць у жэбры, бо сабачы глос няйдзе да нябёс, нарабіце сабе золата самі, калі аж такія разумныя ўмельцы і рызыканты!
Тым часам як у Хэрцбрудэра выйшла добрая дагода з памянёным венскім графам і ён атрымаў прыемны адказ з цвёрдымі абяцаннямі, я каб хоць слоўца якое, каб хоць літарку з Л., хоць пісаў многа лістоў in duplo. Гэта вельмі мяне бянтэжыла і сталася прычынаю таго, што ўвесну я не скіраваў дзюбы ў Вестфалію, а ўпрасіў Хэрцбрудэра ўзяць мяне ў Вену, каб нацешыцца панадным шчасцем. I вось на грошы, якія былі ў мяне, набылі мы вопратку, коней, слуг і зброю, як два кавалеры, і выправіліся праз Канстанц да Ульма, адтуль паплылі па Дунаі і праз восем дзён шчасліва апынуліся ў Вене. Па дарозе я не змеціў нічога такога, бо мы дужа як спяшаліся, не лічачы таго, што маладзіцы, якія жылі па берагах, калі хто, праплываючы, задзіраў іх, адказвалі не толькі словам, але і ўзаемнасцю задзіралі такія аргумэнты, што было-такі на што падзівіцца.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцы зноў на Фартуну спадзяецца, ды на вайне ж як калі каму павядзецца
Як дзіўна ўсё перакручана ў гэтым зменлівым свеце! Звычайна кажуць: будзеш ведаць усё, хутка разбагацееш, а я скажу так: хто можа ўпісацца ў час, той стане вялікі
і магутны. Сёй-той гіцаль альбо жмінда (а гэтыя пачэсныя тытулы даюць скупым) хутчэй разбагацеў бы, калі б ведаў і ўмеў знаходзіць усюды выгоды, а таму ён ніколі не ўвойдзе ў пашану, а застанецца і будзе смыкацца і гоўтацца ў вечнай халепе, як дагэтуль ва ўбогай беднасці. А хто ўмее ўзвысіцца і стаць магутам, хто мужчына-здаравец, той мужчына-гмах, таму багацце на пяты насядае, і Фартуна годзіць не ўбогаму, а патрэбнага ў душу бярэ. Фартуна, якая дорыць уладу і багацце, пазірала на мяне даволі спагадліва і, калі я прабыў у Вене з тыдзень, не раз давала мне нагоду без ніякіх завадаў падняцца па прыступках пашаны і гонару; але я, як добры дурань, не зрабіў гэтага. Чаму? папытаецеся. А я думаю таму, што мой фатум (fatum) праторыў мне іншую сцежку, а менавіта тую, па якой павяла мяне, чмута, мая фатуітас (fatuitas) дурасць мая.
Граф фон дэр Валь, пад чыім камандаваннем я колісь вызначыўся ў Вестфаліі, якраз быў у Вене, калі мы з Хэрцбрудэрам туды прыбылі; на банкеце, дзе разам з іншымі імперскімі вайсковымі радцамі і самім графам фон Гёцам быў і памянёны камандзір, зайшла гаворка пра розных хітрамудрых людзей, вынаходлівых жаўнераў і славутых удальцоў у вылазках, успомнілі егера з Зёста і расказалі пра яго столькі ўсяго ўсялякага пахвальнага, што многія дзіву даваліся з ягонай маладосці і шкадавалі, што хітры гесэнскі палкоўнік С. А. навесіў яму на шыю нейкую зацухмоленую растопу-бабу, каб ён альбо адклаў убок шпагу, альбо ўзяў ў рукі шведскі мушкет. Тут памянёны граф фон дэр Валь падрабязна растлумачыў, як гэты пры той гутарцы вельмі нават дужа хацеў паспрыяць маёй удачы, перапрасіўся і набіўся дазволіць яму ўставіць свой грош, і пусціў голас, што ведае егера з Зёста лепей, чым хто другі на белым свеце, і што гэта не толькі спраўны жаўнер, які не баіцца нюхнуць пораху, але яшчэ і шыкоўна ездзіць на кані, умельскі фехтавальшчык, выдатны стралок
і бамбардзір, а звыш усяго не саступіць ніякаму інжынеру; ён пакінуў у Л. не толькі жонку, з якою пашлюбіўся такім ганебным манерам, але і ўсю сваю маёмасць і цяпер зноў жадае паступіць у імперскую службу, бо ў мінулую кампанію быў пад камандаю ў графа фон Гёца, і калі гэтага егера захапілі ў палон вэймарцы і ён разам з адным капралам, ягоным прыяцелем, і іласцю мушкецёрамі захацеў зноў перайсці да імперцаў, дык тыя, што былі пасланыя ўнагонку, іх пабілі і абрабавалі; і як што ён сам прыбыў з ім у Вену, каб зноў змагацца з ворагамі рымскай імператарскай вялікасці, але на такіх кандыцыях, якія былі б для яго прыстойныя, бо ён не хоча больш служыць пасмешышчам як просты шараговец.
Тады ўся гэтая знатная кампанія ужо настолькі запалілася ад прыемных напояў, што пажадала спатоліць сваю цікаўнасць і паглядзець на самога егера, бо Хэрцбрудэр быў такі ўвішны, што прывёз мяне туды ў сваім вазку. Па дарозе ён настаўляў мяне, як мне паводзіцца ў такой знакамітай кампаніі, у такой шыкоўнай кампазіцыі, бо ад гэтага залежала маё назначэнне і будучыня. Таму я адказваў, калі мы прыйшлі, на ўсе пытанні коратка і афарыстычна, навокал пачалі здзіўляцца, бо я не гаварыў нічога лішняга, а ўжо калі і казаў што, дык глыбакамысна. Адным словам, я паказаў сябе так, каб кожнаму спадабацца, бо і без таго граф фон дэр Валь пахваліў мяне як добрага жаўнера. Але тут я захмялеў і пачаў выдурнівацца, і думаю, усе заўважылі, што я яшчэ не ацёрся ў высокім свеце. Скончылася ўсё тым, што адзін пяхотны палкоўнік паабяцаў мне роту ў ягоным палку, ад чаго я не адмовіўся, падумаўшы: «Выбіцца аж у капітаны гэта, браце, не два пальцы абцурболіць!» А ўжо другога дня Хэрцбрудэр выгаворваў мне за шугавейную легкадумнасць і сказаў, што калі б я толькі пратрымаўся даўжэй, дык дастаўся б і вышэй.
I вось ужо я, капітан, быў ангажаваны роце, якая хоць і была цалкам укамплектаваная начальствам са мною in
prima plana1, аднак налічвала не болей сямі годных да вахты. Убачыўшы гэта, я сказаў самому сабе: «Сімпліцы, калі б я быў палкаводцам і меў такога капітана, у якога пад камандаю столькі, колькі ў цябе, я прагнаў бы яго к ліхаматары!» А да таго ж мае унтары былі старыя шэпшалы і цабры, праз іх мне давялося пакалупаць у носе; і, ясна, неўзабаве мне з гэтай ротай добра па пузе высмалілі падчас крутой закалоткі, калі граф фон Гёц быў забіты. Хэрцбрудэр паплаціўся сваімі testiculos ну, каб без лаціны, ялітамі, іх яму зусім адпстрыкнулі, а я сваю долю дастаў у сцягно, што, зрэшты, была не такая ўжо й рана. Таму і выправіліся мы ўдвух у Вену, каб падлечыцца, бо там заставалася ўся нашая майнасць.
Хэрцбрудэравыя раны, што праўда, хутка пагоіліся, але ён запаў у даволі небяспечны стан, які медыкі не адразу здолелі распазнаць, бо ў яго адняліся адразу ўсе канечнасці, як у халерыка, у якога прасмердла жоўць, хоць як на сваю камплекцыю ён зусім не быў схільны да гневу. Тым не меней яму параілі аздаравіцца на кіслых водах у Грысбаху, што ў Шварцвальдзе.
Вось так нянаджана-неспадзявана, без стуку, без груку падклалі мне суку: незадоўга да таго Хэрцбрудэр рашыў ажаніцца са знатнай дзяўчынай і на такі канец стаць баронам, а мяне ўвесці ў шляхту. Але ж якія тут шлюбаванні, калі іншае наўме, і вось, як што ён страціў тое, чаго назад не прышпіліш і што мусова патрэбна на шлюбны працяг роду, а ў дадатак яму адабраў ногі паляруш, які мог зацягнуцца надоўга і пры якім ён не мог абысціся без дапамогі добрага сябра, дык ён склаў тастамант і абвясціў мяне адзіным спадкаемцам усіх сваіх добраў, асабліва калі ўбачыў, што дзеля яго я пусціў на вецер сваё шчасце ў Вене і развітаўся з ротай, каб ехаць з ім на кіслыя воды і там даглядаць яго, пакуль ён не паправіць свае здароўе.