Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
накіраванню, дык ужо ж, напэўна, Бог павядзе нас туды, дзе нашыя душы здабудуць спакой, неагуднасць і злагаду!» Але я сказаў яму, што мы не павінны спакушаць Бога, а мусім стасавацца да абставінаў і часу, заўжываючы сродкі, ад якіх не можам адмовіцца, асабліва таму, што паломніцтва сярод жаўнераў не практыкуецца, і калі мы ўяўнім свой намер, нас прымуць за дэзерціраў, а не за пілігрымаў, што можа спрычыніць нам немалыя турботы і клопат, а таксама паставіць пад пагрозу наша здароўе і нават само жыццё, бо вось жа і сам святы апостал Павел, з якім мы аніяк не можам раўняцца, надзіва хораша дастасаваўся да часу і звычаяў свету гэтага; аж пад канец Хэрцбрудэр змогся і саступіў, і я атрымаў пашпарт, каб выправіцца ў полк. Маючы гэты пашпарт, выйшлі мы з надзейным правадніком з горада ў той час, як ужо зачынялася брама, быццам збіраліся ў Ротвайль, але неўзабаве збочылі на вакольную дарогу і тае ж ночы перайшлі швейцарскую граніцу, а на раніцу завярнулі ў вёску, дзе экіпаваліся, купіўшы сабе даўгаполыя чорныя світкі, хабіты, паломніцкія кіі й ружанцы, а правадніка адпусцілі з Богам, шчодра яму заплаціўшы.
Усё ў гэтай краіне здавалася мне дзіўным, не як у іншых нямецкіх землях, быццам я апынуўся ў Бразіліі альбо ў Кітаі. Я ўбачыў, як там, у міры і спакоі, усе занятыя кожнае сваім, у хлявах поўна быдла, сялянскія двары кішаць курамі, качкамі і гусямі; вуліцы бяспечныя дарожнікам, у корчмах паўным-поўна люду, усё бушуе, весяліцца і радуецца, людзі жывуць, не баючыся непрыяцеля, рабунку, без клопату за магчымую страту дабра, здароўя, a то і самога жыцця; усе жывуць бяспечна пад смакоўніцамі і алівамі і, калі параўнаць з іншымі нямецкімі землямі, у поўнай спатолі і радасці, аж мне гэтая зямля здалася раем зямным, хоць норавы там былі даволі грубыя. Усю дарогу я толькі і зіркаў па баках, а Хэрцбрудэр перабіраў ружанец; таму часам ён папракаў мяне, бо хацеў, каб я тварыў малітвы, а я ніяк не мог да гэтага прывыкнуць.
У Цюрыху ён выкрыў усе мае хітрыкі і таму вельмі суха выклаў мне ўсю праўду, бо калі мы ўчора начавалі ў Шафхаўзэне, дзе ў мяне ад гароху вельмі забалелі ногі, дык раніцай я пабаяўся ісці па гароху і папрасіў яго прыварыць, а тады ўжо зноў ссыпаць у боты, пасля чаго весела датупаў да Цюрыха; а ён ледзь ногі валок і сказаў мне:»Браце, на табе пакоіцца вялікая мілата Божая, бо ты і па гароху ідзеш, як па гладкай дарозе, весела і бадзёра». «Так, адказаўя, пашаноўны і любасны Хэрцбрудэр, я яго зварыў, а то ж бо дзе мне адмахаць такую далеч». «Божа міласэрны! усклікнуў ён. Што ты нарабіў? Лепей бы ты яго зусім выкінуў з ботаў, каб жывых смехаў не чыніць. Мне трэба паклапаціцца, каб Гасподзь не пакараў нас абодвух, цябе і мяне. He залічы гэта ў ліха, дружа, калі па братняй любові я скажу табе панямецку шчыра ўсё, што мне на сэрцы набалела-накіпела, а вось што: я па тым бядую і ўжальваюся, што, калі ты не перастанеш гнявіць Бога, не будзе табе вечнага выратавання. Ахвотна прызнаюся і скажу табе чыстую праўду, што я нікога так не люблю на белым свеце, як цябе, аднак не буду і тоіць, што калі ты не выправішся, дык мусіцьму пасароміцца і адцурацца нашага з табою сяброўства». Я знямеў ад страху, аж, здавалася, не вымаўлю ні слова; нарэшце адкрыта павінаваціўся яму, што паклаў гарох у боты не дзеля богашанавання, а толькі каб дагадзіць яму, каб ён узяў мяне з сабою паломнічаць. «Ах, браце! адказаў ён. Бачу я, далёка адышоў ты ад сцежкі збавення, калі б не было б тут нават ніякага гароху. Хай пашле табе Бог выпраўленне, бо без яго не выстаіць нашая дружба».
3 таго самага часу я следаваў за ім у глыбокім смутку і ў пахілай зубожанасці, як чалавек, якога вядуць на шыбеніцу; сумленне пачало тачыць мяне, і калі я думаў, паўставалі перад маімі вачыма ўсе мае безлічныя пракудствы, якія чыніў я ў зямным жыцці. Тады найперш ахінуўся я слязою за сваю прастадушнасць, з якою выйшаў з лесу і якую пракепіў і прасвістаў у свеце; а што яшчэ больш дадавала жалю, гэта
тое, што Хэрцбрудэр гаварыў са мною мала і толькі ўздыхаў, пазіраючы на мяне, і мне было так горка на душы, быццам ён ведаў пра вечнае маё асуджэнне і шкадаваў мяне.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
Сімпліцы скруціўся з нячыстым духам, а ўсё таму, што сябра не слухаў
Вось такім чынам мы дабраліся да Айнзідэльна і зайшлі ў кірху якраз у той час, калі святар заклінаў нейкага апантанца; мне гэта была навіна і дзіва; таму я пакінуў Хэрцбрудэра кленчыць і маліцца, колькі яму трэба, а сам пайшоў паглядзець на гэты смяхотны спектакль. Але ледзь толькі я наблізіўся, як нячысты дух залямантаваў з небаракі: «Эгэ, хлопча, якая халера цябе сюды прыгнала? А я ж думаў, што, вярнуўшыся, застану цябе ў геенскім лёху разам з Оліверам; аж вось бачу, ты тут, ах ты, пералюбны пахацімец і курвель! Няўжо ж ты і праўда падумаў, што табе ўдасца ад нас увінуцца? О вы, паны! He прымайце яго, ён хлус і круцель большы за мяне, ён толькі тое і робіць, што круціць за нос і блюзнерыць з Бога і рэлігіі». Заклінач нячысціка загадаў ліхому духу змоўкнуць, бо яму, як самаму хітраму падзямельніку, і так ніхто не паверыць. «Во, во! выкрыкваў той. Папытайцеся ў спадарожніка гэтага беглага мніха, ён вам, напэўна, раскажа, што гэты атэіст не пабаяўся зварыць гарох, на якім ён прыйшоў сюды паводле свайго зароку!» Я падумаў, што стаю дагары нагамі, пачуўшы такія словы, і ўсе ўтаропіліся на мяне; але святар закляў нячыстага і прымусіў яго змоўкнуць, хоць і не змог выгнаць яго таго дня. Тым часам падышоў і Хэрцбрудэр, калі ўжо я зусім зніякавеў ад страху і, ні жывы ні мёртвы, у надзеі і роспачы, не ведаў, што мне рабіць; Хэрцбрудэр, як мог, суцяшаў мяне і пры гэтым запэўніваў усіх вакол нас, асабліва патара, што я ніколі ў жыцці не быў манахам, а ўсяго толькі
жаўнер, які, можа, і натварыў больш зла, чым дабра, і дадаў, што д’ябал хлус і пустаглуздзень, а ўсю гісторыю з гарохам перавярнуў і паказаў горшаю, чым яно было насамрэч. А я быў так разгублены, што адчуваў сябе, як калі б мяне ўжо сапраўды паліла геена вогненная, святару давялося шмат пакруціцца, каб суцешыць мяне. Яны ўшчувалі мяне і ўгаворвалі паспавядацца і прыняць прычасце, але нячысты дух зноў залямантаваў з апантанца: «Во, во, ён вам зараз выспавядаецца! А ён жа нават не ведае, што такое споведзь! Чаго вы хочаце ад яго? Ён ерэтычнае, падлыжнае выроддзе і з вантробамі ўвесь наш, ягоныя бацькі былі нават не кальвіністы, а пярэхрысты, etc.» Але экзэрцыст яшчэ раз загадаў нячысціку змоўкнуць і сказаць яму: «У такім разе табе будзе яшчэ крыўдней, калі аблудная небарака-авечка будзе вырвана з тваёй пашчы і зноў вернецца ў статак Хрыстовы». Тут нячысты так дзіка заягліў, што вусцішна слухаць было, але з гэтага мярзотнага крыку я атрымаў сваю долю асалоды, бо падумаў, што калі б не было ў мяне болей надзеі на літасць Божую, д’ябал так не курчыўся б.
I хоць тады я так і не адважыўся на споведзь, ды, зрэшты, колькі жыву, наўме такога не меў, бо ад сораму мяне такі страх разабраў, як чорта перад шчырым крыжам, аднак у тыя хвіліны я адчуў глыбокае раскаянне за патолю сваім грахам і такое гарачае жаданне пакаяцца і адцурацца свайго ліхамыснага і бязбожнага жыцця, што адразу ж захацелася паклікаць духоўніка, і гэты раптоўны наварот і выпраўленне няма ладу як моцна парадавалі Хэрцбрудэра, бо ён заўважыў і выдатна ведаў, што я да гэтага часу не належаў ні да якой канфэсіі. Потым я, каб усе чулі, абвясціў, што прымаю каталіцкую веру, пайшоў да споведзі, атрымаў дараванне грахоў, прычасціўся, пасля чаго мне зрабілася так лёгка і хораша на сэрцы, што і сказаць не магу як; а самае дзівоснае гэта тое, што з таго часу злы дух, які мучыў апантанага, адчапіўся ад мяне назусім, а то ж да споведзі і прычасця ён увесь час чыніў глум і неаболіў мне праз розныя
ачмурныя маталыжнасці, якія я рабіў несвядома, і увесь перавёўся, быццам ён быў якраз на тое I прыстаўлены да мяне, каб весці рахунак маім пахібам і грахам ды патураць маёй сваволі; аднак ніхто, хто чуў яго, не верыў яму, як заядліваму хлусу і неабольніку, бо мае годнасныя пілігрымскія шаты станавілі на вочы зусім іншае.
Мы правялі два поўныя тыдні ў гэтым дабрадайным месцы, дзе я дзякаваў Навышняму за свой наварот і разважаў пра ўчынены цуд, які даволі-такі пасунуў мяне да замілаванасці і мілажальнасці ў Бозе. Але як бы доўга ні поўнілася гэтым душа мая, як што бо наварот мой адбыўся не з любові да Бога, а ад страху перад вечнай асудай, дык пачаў я павалютку зноў западаць у гультайства і нядбальства, бо з памяці знікаў той жах, які нагнаў на мяне злы дух, і калі мы па горла нагледзеліся на святыя кляйноды, шаты і іншыя вартыя падзівавання прычындалы дома Гасподняга, дык выправіліся ў Бадэн, каб там зазімаваць.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Сімпліцы з сябрам спакойна зімуе, а ўвесну зноў манаткі пакуе
У Бадэне я зняў нам абодвум міленькі пакоік з каморкай, якія звычайна, асабліва ўлетку, здымаюць багатыя швейцарцы, калі наязджаюць на воды, больш каб павесяліцца, пакавалерыць ды пакандзебоберыць, чым каб выпаласкаць свае немачы. Умовіўся я і пра кошты, і калі Хэрцбрудэр убачыў, як шырока я размахнуўся, ён пачаў талкаваць мне пра ашчадлівасць, пра доўгую суровую зіму, якая яшчэ наперадзе, бо не быўупэўнены, што маіх грошай хопіць надоўга. Мне яшчэ, казаў ён, мус прыберагчы грошы на вясну, калі будзем адсюль выбірацца; грошы ў дзве рукі сплываюць, калі толькі браць і нічога не класці; у нядзелю, казаў, гуляюць, а ў панядзелак толькі рот палошчуць, грошы, як дым,
назад не вяртаюцца, etc., etc. Пасля такіх душанадрываў я ўжо не мог утойваць ад Хэрцбрудэра, якое багацце ў маім кашальку і што я хачу з яго не голы шчолак сёрбаць, а гушчу есці разам з ім, Хэрцбрудэрам, бо паходжанне і набыццё гэтых грошай такое, што на іх і без таго пакоіцца мілата нябесная, і я не намышляю купіць на іх хутар; і як што я не збіраюся іх укладваць, каб утрымліваць свайго найлепшага на зямлі сябра, дык было б толькі справядліва, калі б ён, Хэрцбрудэр, атрымаўз грошай Олівера адшкадаванне за знявагу, якую меў ад яго пад Магдэбургам. I як што я чуўся ў поўнай бяспецы, дык паздымаў наплечнікі і вылузаў з іх дукаты і пістолі, сказаўшы Хэрцбрудэру, што ён можа карыстацца гэтымі грашмі, як яму на душу навіхнецца, ужываць іх і дзяліць на часткі, як, на яго думку, будзе найлепей нам абодвум.