Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
1 Галандскую (стар. бел.). 390
пастоях, прадаваў іх і ўраз спускаў усё, што ўдавалася выручыць; я ціхенька падкрадваўся ўначы да намётаў і выцягваў адтуль самае каштоўнае проста з-пад падушак. А на маршы я пільным вокам цікаваў за скуранымі валізкамі, якія вазілі з сабою жанчыны, абразаў іх з вазоў і прэч з вачэй, пакуль не сталася баталія пад Вітэнваерам, калі мяне захапілі ў палон і зноў пагналі пеша і запхнулі ў полк, гэтым разам ужо вэймарскім жаўнерам.
Аднак і табар пад Брайзахам не прыйшоўся мне даспадобы, а таму я сказаў сабе: Олівер, годзе! загадзя падабраў полы і змыўся адтуль, каб з таго часу ваяваць ужо толькі за самога сябе, як ты бачыш.
I ведай, браце, з той пары я ўхайдокаў шмат розных фарсістых малойцаў, шмат грошыкаў праспераваў (prosperierf) і не пакіну гэтага, пакуль не ўбачу, што ўжо й браць больш нічога не засталося. А цяпер твая чарга, раскажы, як там у цябе ў жыцці склалася».
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ
Сімпліцы дзіву даецца з наканавання і з Оліверавага ваявання
Калі Олівер так закончыў свой дыскурс, канца не было майму здзіўленню з божай запабеглівасці. Я змог спасцігнуць, што найперш у Вестфаліі мой добрасны Бог не толькі па-бацькоўску асланіў мяне ад гэтага вылюдка, але яшчэ і так усё скіраваў, што ўсяліў у яго жах перада мною. Цяпер толькі я расшалопаў, якую штуку я ўчыніў з Оліверам, як яму і прадказваў стары Хэрцбрудэр, і што ён, Олівер, як гэта можна бачыць з раздзела шаснаццатага, зразумеў усё па-свойму, да таго ж на маю карысць. Бо калі б гэтаму зверу стала вядома, што я якраз той самы егер з Зёста, дык ужо ж бы ён адгадзіўся за ўсё, што я ўчворыў у кашары. I я зноў падумаў, як жа мудра і цьмяна ста-
ры Хэрцбрудэр выказаў свае прадказанне, што хоць, як правіла, словы яго праўдзяцца, але ўсё неяк можна павярнуць інакш, бо вось і гэтым разам, дзіўна і амаль неверагодна, каб я помсціўся за смерць такога чалавека, які заслужыў і вяроўку, і кола і які за сваё пацяробскае ўтрапенне не варты хадзіць па зямлі. Апрача ўсяго, мая была выгода і з таго, што я першы не расказаў яму пра сваё жыццё, бо тады я сам адкрыў бы яму, што менавіта я яго зняславіў; і я зрабіў выснову, што мой добрасны Бог не пакінуў мяне без свайго мілажалю, і я меў надзею, што Бог пашле мне шчаслівае і неганебнае збавенне. Аддаючыся такім думкам, на твары ў Олівера я заўважыў некалькі шнараў, якіх пад Магдэбургам у яго яшчэ не было, а таму нават падумаў, ці не былі гэта меціны, якія пакінуў яму Гізуйчмут, калі ў масцы чорта расхрыстаў Оліверу ўсю морду; я спытаўся ў яго, адкуль у яго гэтыя засечыны, дадаўшы, што хоць ён і расказаў мне ўсё свае жыццё, аднак я лёгка здагадаўся, што ён змоўчаў самае цікавае, бо яшчэ не паведаў мне, хто яго так распісаў. «Э, браце, адказаў ён,— калі б я завёўся ў распавяданні пра ўсе мае вычуды і шалаганствы, дык нам абодвум, мне і табе, гэта хутка абрыдла б. Але каб ты ўпэўніўся, што я нічога не ўтоіў з сваіх прыгодаў, дык скажу табе ўсю шчырую праўду і пра гэта, хоць, здаецца, яно была ўчынена, каб пазбыткаваць з мяне.
Я ўжо зусім быў паверыў, што яшчэ ў чэраве ў маці мне было наперад вызначана хадзіць пазначаным, бо яшчэ зводмаладзь шкаляры раскуракачылі мне храпу, калі нагадзіла мне з імі зацяцца. А яшчэ злядашчыў мяне адзін з тых чартоў, якія падпільнавалі мяне з егерам з Зёста, драпіны ад ягоных пазуроў гоіліся на маім твары шэсць тыдняў, але мне ўсё-такі ўдалося іх звесці дашчэнту. А гэтыя шнары, якія ты цяпер бачыш на маім твары, яны зусім з іншай прычыны, а менавіта: калі я яшчэ кватараваў у шведаў у Памераніі і завёў сабе прыгожую мэтрэсу, гаспадар дома мусіў саступіць нам свой ложак. А ягоны кот, які
прывык штовечара ляжаць на той самай пасцелі, штоночы чыніў нам вялікія завады ў каханні, бо зусім не збіраўся саступаць нам сваё законнае месца так лёгка, як гаспадар з гаспадыняй. Гэта настолькі засмуціла маю мэтрэсу, якая і без таго трываць не магла ніякіх катоў, што яна пабажылася, што ані-ані ў якім разе не выкажа мне свайго кахання, пакуль я не выкіну гэтую поскудзь і што, калі я і далей хачу цешыцца з яе мілай пяшчоты, дык мушу папомсціць кату, маючы сваю з таго асалоду; таму я, не доўга думаючы, запхнуў яго ў мех, узяў з сабою двух велізарных сялянскіх сабак, а сабакі катоў не выносяць, занёс мех на шырокі луг, дзе хацеў зладзіць вясёлую пацеху, думаючы, што раз нідзе няма ніводнага дрэва, куды мог бы ўзляцець той кот, дык сабакі паганяюць яго па роўным месцы, як зайца, а я сабе буду глядзець і дзівіцца. Але злашчасная планіда мая! Вось тут якраз я і зведаў не толькі сабачую жытку, як у нас кажуць, але і кашэчую, якая, дарэчы, дужа дрэнна даследавана, інакш былі б прымаўкі і пра яе, бо той кот, як толькі я развязаў мех, апынуўшыся ў чыстым полі перад сваімі заклятымі ворагамі, і не ўбачыўшы ніякага дрэва, на якім мог бы пашукаць сабе ратунку, і не хочучы заставацца ўнізе, дзе яго ўмомант разадралі б на дробныя шматкі, сігануў мне проста на галаву я ж і быў яму дрэва, а калі я пачаў адбівацца, дык з мяне зляцеў капялюш. Чым больш я стараўся ададраць ката, тым мацней ён ушчаперваўся. Прагныя крыві і лютыя на катоў сабакі не сталі абыякава глядзець на наш двубой, а ўмяшаліся ў яго; раззявіўшы, ашчэрыўшы зяпы, яны скакалі вакол нас, стараючыся дастаць ката, які аніяк не хацеў злазіць, учапіўшыся чатырма пазурастымі лапамі не толькі ў валасы, але і ў твар. I калі ён, адбіваючыся ад сабак, не пацэліць сабаку па мордзе, дык мяне ўжо не абміне. А як што яму ўсё-такі ўдавалася часам зарваць сабаку па пысе, дык і тыя аж заходзіліся, стараючыся сцягнуць ката ўніз, і, што мне з таго іхняга незнароку, таксама баранавалі і скародзілі твар. А калі я сам аберуч
хапаў ката, каб адарваць яго ад сябе, ён кусаўся і драпаўся што сілы і шалу меў. Вось так я і трапіў у кашэча-сабачы закалот, мяне пакусалі, падрапалі і так раскуклацілі, што я, бадай, і на чалавека мала быў падобны; а найгоршае, увесь час была небяспека, што сабакі, лютуючы на ката, маглі паадрываць мне і нос і вушы. Мой каўнер і калет заліло крывёю, як на кузні каля слупа, дзе лягчаюць жарабцоў і пускаюць ім кроў у дзень святога Сцяпана1; я нічога не мог прыдумаць, як мне ўратавацца ад такой пакуты. Нарэшце я кінуўся на зямлю, каб сабакі маглі схапіць ката, і мой капітоліум больш не быў арэнай бітвы. Сабакі мамэнтам разадралі ката, а я так і не атрымаў спадзяванай пацехі, адно толькі паглумішча і смехі жывыя з такога твару, які ты цяперака можаш бачыць. Таму я так угневаўся, што прыстрэліў абодвух сабак, а маю мэтрэсу, якая спрычыніла гэту блазноту, так адчавіў, што з яе можна было адцэджваць алей, пасля чаго яна ад мяне ўцякла к чарцям сабачым, бо не магла ж яна любіць такую куксамордзіну».
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
Сімпліцы бачыць: Олівер нелюбзь; і разважае, кабуцячы як-небудзь
Я ахвотна пасмяяўся б з расказанай Оліверам прыгоды, калі б не мусіў паказваць спагаду. А як пачаў я сам расказваць пра сваё жыццё, мы раптам згледзелі карэту з двума райтарамі абапал усё гэта ехала ў наш бок. Мы збеглі са званіцы і заселі ў доме каля самай дарогі, вельмі зручны для нападу. Свой мушкет я трымаў зараджаны ў запас, а Олівер адразу адным стрэлам паклаў каня і ссадзіў райтара, перш чым яны нас выявілі, і тады другі адразу ўцёк; калі я з узведзеным курком падступіўся да фурмана і прымусіў яго
1 3 жніўня.
злезці з козлаў, падаспеў Олівер і адным махам рассадзіў яму галаву да самых зубоў, хацеў ўжо прыкончыць жанчыну і дзяцей у карэце, якія былі больш падобныя на мерцвякоў, чым на жывых. Я рашуча ўсупрацівіўся і адрэзаў яму, што калі ён хоча выканаць свой намер, дык няхай спярша заб’е мяне. «Ах, усклікнуў ён, неразумны Сімпліцы, вось ужо ніколі не падумаў бы, што ты і праўда як добры дурань будзеш рацымоніі разводзіць!» Я адказаў: «Браце, якая можа быць шкода ад гэтых нявінных дзяцей? Былі б гэта дарослыя дундукі, дык каб бараніліся, тады іншая рэч». «Што? запярэчыў ён. Калі яйцы на патэльні, позна з іх куранятам выводзіцца! Я добра ведаю гэтых смаркатых крывасмокаў; іхні бацька маёр, сапраўдны гіцаль і ліхая ўбоіна, пашукаць другога такога на свеце!» 3 гэтымі словамі ён усё яшчэ памыкаўся зарэзаць бедных дзяцей; але я стрымліваў яго, пакуль ён, нарэшце, не ўрымсціўся. Там былі пані маёрыха, служанка і трое прыгожых небажат, якіх мне было шчыра шкада; а каб яны нас не выдалі, іх усіх мы замкнулі ў склеп, дзе ім не было ніякай ежы, апроч бруквы і іншай гародніны, хай пасядзяць, пакуль хто-небудзь іх не выпусціць. Пасля мы вымелі карэту, забралі сямёрку выдатных коней і пагналі іх у лес, у самую гушчобу.
А калі мы прывязалі коней і траха агледзеліся, я заўважыў непадалёк ад нас нейкага малойчыка, які ціхенька стаяў пад дрэвам; я паказаў на яго Оліверу, думаючы, што трэба папільнавацца. «Во, дурань! сказаў ён. Дык жа гэта жыд, якога я тут прывязаў; ён, шалаган, нябось даўно ўжо спруцянеў». Олівер падышоў да таго жыда, садануў кулаком пад сківіцу і сказаў: «Ну, сабака, і ты таксама мне шмат дукатаў прынёс». I калі ён яго такім вось манерам паварушыў, у таго з рота выпала некалькі дублонаў, якія няшчасны хітрун схаваў там і трымаў да самай смерці. Олівер тут жа засунуў яму руку ў пашчу і выграб дванаццаць дублонаў і выдатны рубін. «Гэтай здабычай, сказаў ён, я заўдзячаюся табе, Сімпліцы». I падарыў мне рубін,
а сам выправіўся па свайго халопа, наказаўшы мне заставацца каля коней, але добра глядзець, каб мёртвы жыд не пакусаў гэта так ён пакепіў з мяне, намякнуўшы, што ў яго больш адвагі, чым у мяне.
Пакуль Олівер хадзіў па таго мужыка, я пакутліва думаў і прыкінуў, у якую небяспеку ўмазаўся. Але чаго мне ў вяроўку лезці? я рашыў ускочыць на каня і даць лататы, але занепакоіўся, бо а раптам Олівер, можа, якраз дзе падсочвае і адразу стрэліць, я ж пабойваўся, што ён цяпер толькі выпрабоўвае маё пастаянства і затаіўся дзе-небудзь паблізу, каб падпасвіць мяне. Потым падумалася сыду пеша, але тут жа набегла думка а што, калі, уцёкшы ад Олівера, я дастануся ў лапы сялянам з Шварцвальда, пра якіх ішла нядобрая слава, быццам яны даюць жаўнерам па мазгах. А калі возьмеш, думаў, усіх коней, каб адабраць у Олівера сродак пагоні, а цябе захопяць вэймарцы, дык гэта ж пэўнае кола, як злоўленаму злодзею-канакраду. Адным словам, я не мог прыдумаць нічога надзейнага на ўцёкі, асабліва тут, у густым лесе, дзе не ведаў ні дарог, ні сцежак, а звыш таго прачнулася сумленне і мучыла мяне, бо я пакінуў фурмана і стаўся прычынай таго, што ў яго так неміласэрна адабралі жыццё, і ўявіліся мне абедзве няшчасныя жанчыны і нявінныя дзеці, замкнутыя ў склепе, дзе яны, можа, асуджаны на такую ж пагібель, як гэты халдэй пад дрэвам. I я, бязрадны, хацеў суцешыцца сваёй невінаватасцю, бо дзейнічаў супроць сваёй волі і пад прымусам; але сумленне маё падказвала, што іншымі сваімі ўправамі я даўно заслужыў, каб мяне разам з гэтым зацятым бандытам аддаць у рукі юстыцыі на справядлівую кару горлам. Пад канец я паклаў вялікую надзею на Божую літасць і прасіў выратаваць мяне; і калі найшла на мяне такая мілата, я падумаў: «Дурань! ты ж не пад замком і не прывязаны, перад табою адкрыты ўвесь белы свет з прасветам. Ці мала ў цябе коней, каб уцякаць? А не хочаш езна, бяжы пеша, у цябе ж рэзвыя ногі». Тым часам, пакуль я так