Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
Сімпліцы ў Олівера наядаецца ўдосыць і новую грэшную вопратку носіць
На вячэру ў нас быў белы хлеб і памянёны печаны халодны цялячы сцягняк; а яшчэ і добры глык віна, а яшчэ і цёплы пакой. «А што, Сімпліцы, сказаў Олівер, ці ж
не лепей тут, чым у траншэях, апрошах пад Брайзахам?» Я адказаў: «А ўжо ж такі, калі б толькі весці такое жыццё з большай годнасцю і ў поўнай бяспецы». На што ён зарагатаў на ўсё горла і сказаў: «А хіба небаракі ў апрошах у болыпай бяспецы, чым мы з табою, ці не трэба ім штохвіліны баяцца вылазкі? Мілы мой Сімпліцы, я, праўда, бачу, што ты скінуў ідыёцкі каптур, аднак носіш на плячах дурную галаву, што добра, а што блага; не будзь ты Сімпліцы, які, паводле прадказання старога Хэрцбрудэра, павінен адпомсціць за маю смерць, дык ты ў мяне адразу згадзіўся б, што я вяду высакароднае жыццё не горш за якога барона». Я падумаў: «Што ж гэта будзе? Тут патрэбны іншыя словы, a то гэты высмердак з такім падлюгам-мужыком ураз табе зазасціць». А потым сказаў: «Дзе такое чулі, каб чаляднік лепей разумеў рамяство за самога майстра? Вось што, браце, калі ўжо, паводле тваіх слоў, ты вядзеш такое высакароднае і шчаслівае жыццё, дык дзеля старога нашага камарадства далучы мяне да свайго дабрадзенства, бо шчасце мне дужа як патрэбнае». На гэта Олівер адказаў: «Браце, будзь пэўны, што я люблю цябе гэтак сама свята, як самога сябе, і тая абраза, якою я змазаў цябе сёння, яшчэ больш паліць мяне, чым куля, якая зачапіла мой чэрап, калі ты абараніўся ад мяне, як яно і належыцца маладому зухвальцу; таму мне не выпадае ў чым-небудзь адмаўляць табе. Заставайся ў мяне, калі табе гэта залежыць; я мецьму за цябе святы клопат, як за самога сябе; а калі нямашака ахвоты, дык дам табе грошай і правяду куды захочаш. А каб ты бы ў пэўны, што словы мае ад шчырасці сэрца, скажу табе, чаму я так цябе палюбіў і так высока цаню, хоць шанаваць кагосьці не ў маіх правілах. Ты, канечне, памятаеш, як правільна ўсё прадказаў стары Хэрцбрудэр, вось, бачыш, пад Магдэбургам ён зрабіў прадказанне, якое я дагэтуль трымаю на памяці: «Олівер, паглядзі як след на нашага добрага кепа, прыйдзе час, ён сваёю адвагаю ўгоніць цябе ў страх і ўчворыць табе такую штуку, якое не спадобішся
за ўсё сваё жыццё, бо ты яго на тое вымусіш, і ў такі час, калі вы абодва не пазнаеце адзін аднаго. Аднак ён не толькі падорыць табе жыццё, якое будзе цалкам у ягоных руках, але і праз пэўны час з’явіцца на тое месца, дзе цябе заб’юць, і будзе там такі ўдачлівы, што як пераможца адпомсціць за тваю смерць». I вось, любасны мой Сімпліцы, дзеля гэтага прадказання я гатовы падзяліць з табою апошнюю кашулю, і падобна на тое, як ужо спраўдзілася першая частка прадказання, што я спадобіў цябе на прычыну стрэліць, як яно і належыць браваму жаўнеру, мне проста ў галаву і адабраць меч, чаго, вядома, яшчэ нікому не ўдалося, а таксама дараваць мне жыццё, калі я ляжаў пад табою і быў за тры чвэрці да смерці, дык і не сумняваюся, што гэтак сама збудзецца і ўсё астатняе, што было прадказана пра маю смерць. I гэтая помста дазваляе мне, ласкавы браце, сказаць, што ты мне самы верны сябар і станеш ім яшчэ больш, бо калі б ты не быў такі, дык і не абцяжарыў бы сябе такою помстаю. Вось перад табою чарцёж майго сэрца, а цяпер скажы мне, што ты думаеш рабіць». Я падумаў: «Чорт бы табе паверыў, а не я! Калі я вазьму з цябе грошай на дарогу, дык ты, можа стацца, мяне прышпіліш, а застануся з табою, буду баяцца, каб нас разам не чвартавалі». А таму рашыў правесці яго за нос і застацца ў яго, пакуль не знагодзіцца шаркі на баркі і дзёру; таму сказаў, што калі ён гатовы цярпець маю бытнасць, дык хацеў бы застацца ў яго пакуль што там якое з тыдзень-другі, каб агледзецца, пабачыць, а ці прывыкну я да такога жыцця; як прыпадзе даспадобы яно мне, дык ён мецьме ўва мне вернага сябра і спраўнага жаўнера, а не прыпадзе, дык мы можам у любы час па-добраму разысціся. Тут падступіўся ён да мяне з віном; а я не давяраў яму і прыкінуўся ўпітым, каб пабачыць, ці не скроіць ён мне якой штукі, калі я больш не змагу абараняцца.
А тым часам мяне вельмі даймалі вошы, якіх я набраўся ў Брайзаху; яны ўжо адышлі ў цяпле і больш не хацелі задавольвацца маімі трантамі, а павылазілі наверх, каб
разгуляцца на волі. Гэта заўважыў Олівер і спытаўся, ці не завяліся ў мяне вошы? Я адказаў: «А нягож не, вошы не грошы самыя набягаюць». «Ну, і грошай не заракайся! сказаў Олівер. Калі ты ў мяне застанешся, дык набяжыць і грошай, болей, чым сёння вошай». Я адказаў: «I не кажы, гэта так цяжка, як вошы звесці, якім таксамака хочацца есці».— «Во, усклікнуў ён, будзе і тое, і другое!» і адразу ж загадаў мужыку прынесці вопратку, якая была схавана ў дупле непадалёк ад дома. Там былі шэры капялюш, райтарскі калет з ласінай скуры, пара чырвоных кармазынавых штаноў і шэрая камізэля; панчохі і чаравікі ён абяцаў даць мне раніцай. Убачыўшы такое ягонае дабрачынства, я ўжо займеў да яго давер і весела пайшоў спаць.
РАЗДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы і Олівер у храм заходзяць амы пачытаем бандыцкую споведзь
На раніцу Олівер сказаў: «Уставай, Сімпліцы! Хадзем, у імя Госпада Бога нашага пабачым, дзе там чым прамысліць можна». «Божухна! падумаў я. Няўжо павінен я з тваім найсвяцейшым імем на вуснах ісці на разбойі! Яшчэ ж і раней, як пакінуў пустэльніка, не быў я такі нахабны, каб слухаць без жаху, калі хто зблюзніць каму: «Хадзем, браце, у імя Бога святога, укінем па чарцы-другой», бо ж не лічыў двайным грэхам, калі хто нап’ецца ў імя тваё! Войча нябесны, як жа я перарадзіўся! О шчодры Божа, кім я стану, калі не вярнуся на сцежкі твае? Ах, абсячы шлях благі, які вядзе мяне ў пекла, калі не пакіну яго і не пакаюся!» 3 такімі словамі і думкамі я пайшоў за Оліверам у вёску, дзе не было ніводнай жывое душы; там, каб лепш усё агледзець, мы падняліся на званіцу кірхі, так што святы храм паслужыўся нам замест разбойніцкага
замка альбо маліны. Тут ён хаваў панчохі і чаравікі, якія абяцаў мне звечара, а таксама дзве папекі хлеба, некалькі кавалкаў чаўленага мяса і паўбарылкі віна, з такім запасам ён мог тут адседжвацца хоць цэлы тыдзень. Тым часам, пакуль я нацягваў на сябе ягоныя дарункі, ён расказаў мне, што мае звычку цікаваць на добрую здобыч, а таму вось і прыназапасіў сяго-таго страўнага, і што ёсцека ў яго яшчэ некалькі такіх зручных плацдармаў, дзе можна прыперціся, дзе ёсць што выпіць і чым закусіць у ліхую гадзіну, калі адно месца пакіне святы Улас, дык можна перабавіцца ў другім. Што праўда, я мусіў пахваліць яго розум, але ж і намякнуў, што не лічу прыстойным нячысціць святую мясціну, прысвечаную Богу. «Што, усклікнуў ён, нячысціць? Кірхі, калі б яны ўмелі гаварыць, расказалі б, што ўсё, учыненае мною ў іх сценах, гэта дробязь і бздура ў параўнанні з тымі беззаконнямі, якія правіліся ў іх раней. Колькі мужчын, колькі жанчын, як думаеш ты, заходзіла ў у гэты храм з таго часу, як ён быў збудаваны нібыта дзеля служэння Госпаду, а насамрэч, каб пафарсіць у ім новай рызай, статнай сваёй пазітурай, высокім санам, ды ці мала яшчэ чым? Вось прыходзіць адзін такі індык у кірху, падступаецца да самага алтара, быццам хоча абмаліць ногі ўсім святым; а там у куточку стаіць другі, уздыхае, як мытнік у храме, але ўсе яго ўздыханні скіраваныя толькі да каханкі, на якую ён назіркам наглядзецца не можа, дзеля якое толькі сюды і прыйшоў, а трэці прывалокся з пачкам пазыковых распісак, нібы той, хто збірае грошы на пагарэльцаў, дзеля таго толькі, каб нагадаць пра сябе пазычэнцам, а не каб маліцца; калі б ён не ведаў, што тыя пазычэнцы збяруцца ў кірсе, хваробу ён сюды паткнуўся б, мазалеў бы дома, гартаючы тыя распіскі. А яшчэ часта бывае, калі ўлады хочуць нешта прадпісаць вясковай абшчыне, дык абвясціць пра гэта мае ў нядзелю бірыч, а таму многія сяляне трымцяць перад кірхаю больш, чым які злачынец перад судовай палатай. Альбо мо ты не думаеш, што
многія пахаваныя ў кірсе не заслужылі мяча, шыбеніцы, вогнішча ці кола? Колькі-колькі тых каторых, якія не завяршылі б грэхам сваіх любоўных падгэльцак, калі б не паспрыяла кірха. А калі трэба што-небудзь прадаць альбо даць пад ліхву, ці ж не прыбіваюць абвестак на храмавых дзвярах? Калі якому ліхвяру не старчае часу абдумаць усе свае выхітры і выкіндэсы ў будні, ён сядзіць на набажэнстве і выдумляе, і вымудрае, куды гэта яшчэ шпурнуць сваю жыдоўскую дзіду. А тыя сядзяць на імшы купкаю і дыспутуюць, быццам кірха на тое толькі й збудавана, у ёй часта абгаво-ваюць і рашаюць такія гешэфты, гаварыць пра якія у іншых прыватных месцах і тое асцерагліся б. Некаторыя сядзяць і спяць як нанятыя, а тыя толькі й ведаюць, што абшмугольваць людзей языкамі ды падшпільваць: ах, як трапна сёння святар у казані праехаўся па тым ці тым. А яшчэ каторыя пільна сочаць за казанню, але не дзеля таго, каб выправіцца, а каб, калі іх духоўны айцец на нечым саб’ецца (як яны лічаць), папраўляць яго і насміхацца. Я ўжо маўчу пра ўсе тыя гісторыі, якія вычытаў з кніг, пра шашні любоўныя, пра каншахты блядскія, якія з дапамогаю зводнікаў пачынаюцца і канчаюцца ў кірхах; цяпер я і не ўзгадаю ўсяго, што мог бы яшчэ сказаць на такія матэрыі. Але павінен ты ведаць яшчэ, што людзі не толькі пры жыцці пэцкаюць храмы сваімі заганамі і пахібамі, яны і па смерці напаўняюць іх сваёю пыхаю і дурнотай. Як толькі ўвойдзеш у які храм, адразу бачыш па магільных плітах і эпітафіях, як яшчэ фанабэрацца тыя, каго ўжо даўно зжэрлі чэрві. А тады глянеш угору, а там столькі гербаў, шчытоў, мушкетаў, шпаг, сцягоў, ботаў, астрогаў і ўсякага іншага непатрэб’я, што і ў збройнай палаце такога не ўгледзіш, дык вялікая табе штука, калі сям-там у гэтай вайне халопы, засеўшы ў кірсе, абараняюцца, як у фартэцыі. Дык чаму ж, ці чуеш, не дазволена мне як жаўнеру спраўляць у храме сваё святое рамяство, калі, як вядома, колісь два духоўныя айцы за адно толькі сваё nep-
шынства ўчынілі ў храме крывавую лядашчыну, так што дом Божы быў больш падобны на разніцу, чым на святое месца? Я дык хоць гэтага не раблю падчас набажэнства, бо я чалавек свецкі, а тыя як асобы духоўныя не чыняць аніякага рышпекту яго імператарскаму маестату. Дык жа якога такога ражна трэба забараняць мне здабываць сабе пракорм з дапамогаю кірхі, калі яна столькіх корміць? Хіба справядліва, калі той ці іншы багацей, застраміўшы руку, за немалыя грошы пахаваны ў самым храме, каб засведчана была яго пыха і задаволена славалюбства радні, калі гаротны, ушчэрблены бядняк, які такі самы хрысіцянін ды, бадай, яшчэ больш пабожны чалавек, але ў якога нічога за душою няма, закапаны ў далёкім закутку за сценамі храма? Тут ужо як хто спрытнейшы! Калі б я ведаў, як цябе збянтэжыць, што высочваю здабычу з храма, дык добра падумаў бы, што трэба табе сказаць; а пакуль задавольвайся гэтым, аж, можа, дасца мне нагода пераканаць цябе іншымі аргумэнтамі!»