Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Недзе за месяц да Калядаў я ўжо маршыраваў з мушкетам на плячы з лагера ўздоўж Брысгау з намерам атрымаць на святочным кірмашы ў Страсбургу дваццаць талераў, пасланых мне цесцем, а потым выправіцца разам з купцамі ўніз па Рэйне, бо па дарозе было шмат імперскіх гарнізонаў. Але калі я праходзіў міма Эндынгена і наблізіўся да аднаго хутара, па мне стрэлілі, ды так трапна, што куля прашыла край майго капелюша, і адразу ж з дома выхапіўся здаравенны плячысты дзяцюк і закрычаў, каб я кінуў зброю. Я адказаў: «Божа вялікі, зямляча, ня думай і ня мыслі!» і ўзвёў курок. А той высвіснуў з похваў нейкую жалезіну, якая болып удавала на катаў меч, чым на шпагу, кінуўся да мяне і давай размахваць. I як што я спетрыў, што жартамі тут не пахне, дык бабахнуў і так умеціў яму ў лоб, што той закруціўся, як ручайка, а тады ўзяў і упаў. Каб не даць пудлу, я момантам выхапіў у яго з рукі меч і ўжо быў хацеў праткнуць яго; але гэта не ўдалося, бо ён раптам усхапіўся на ногі, цапнуў мяне за патлы, а я яго; аднак меч ягоны я ўжо адкінуў убок, і ён не мог ім скарыстацца. I пайшла ў нас такая сур’ёзная пацеха, што кожны пнуўся з усёй сілы, а верху ўзяць не мог. To я быў пад ім, a то ён пада мною, то абодва на нагах, але нядоўга, бо кожны хацеў уходаць другога. Кроў залівала мне рот і нос,
морда ўся раскулешана, я пляваўся крывёю яму ў твар, раз ён яе так прагнуў; гэта дало мне перавагу, бо сляпіла яму вочы. I так мы качалі адзін аднаго па снезе і гразі гадзіны паўтары і да таго ўмардаваліся, што бяссіласць аднаго ніяк не магла адолець стомленасці другога аднымі толькі кулакамі, і ніхто не мог адною сваёй сілай без зброі забіць другога.
Дывановае майстэрства, у якім я часта практыкаваўся ў Л., памятаеце, вельмі мне прыдалося, бо інакш і гаварыць няма пра што, я прайграў бы, і загнуў бы ён мне мікіткі, бо вораг мой быў дужэйшы за мяне, моцны, як валун. I калі мы ледзь не да смерці знясілілі адзін аднаго, калі ў мяне ўжо сілы не ставала трымаць пад сабою праціўніка, той, нарэшце, заблагаў: «Перастань, браце, здаюся!» Я сказаў: «Спярша ты павінен быў саступіць мне дарогу!» «Якая табе выгода, калі я памру?» адказаў ён. «А што табе з таго, калі б мяне прыстрэліў, у мяне ўсё адно ані талера ў торбе?» На гэтыя словы папрасіў ён у мяне дараваць яму, я ўмякчыўся сэрцам і дазволіў яму ўстаць, пасля чаго ён пабажыўся, што не толькі будзе трымацца міру, але яшчэ і хоча быць мне сябрам і слугою. Але я ўжо не верыў яму і не прымаў ягоных слоў, памятаючы ягоныя падступныя ўчынкі і зладзейскія прыёмы.
Падняўшыся, мы падалі адзін аднаму руку, абяцаючы забыць усё, што адбылося, і узаемна дзівавалі, што знайшоўся такі штукар, бо кожны ж думаў пра сябе, што яго скура загаворана ад ран, а тут зайшла каса на камень. Я пастараўся не развейваць яго ўпэўненасці, каб ён, калі б я аддаў яму зброю, не паспрабаваў зноў насесці на мяне. Ад майго стрэлу ён дастаў вялізнага гузака на лоб, а я быў увесь у крыві; але нішто так не пацярпела, як нашыя каркі, якія былі так укручаны, што ніводзін з нас не мог як след падняць галавы аж так мы нацягаліся.
А як што бралася ўжо на вечар і мой праціўнік сказаў мне, што да самага Кіцынга1 я не сустрэну ні ката, ні сабакі,
1 Рака, прыток Рэйна.
не кажучы пра чалавека, а ён жыве непадалёк ад дарогі ў зацішнай хатцы і можа прапанаваць добры кавалак утушанага мяса і глыток віна, дык я даўся ўгаварыць мяне і пайшоў з ім, тым часам як ён увесь час уздыхаў і бедаваў, як яму прыкра, што ён абразіў мяне.
РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
Сімпліцы даведаўся, што яго лёс да разбойніка Олівера занёс
Рэзалютны жаўнер, які прысвяціў сваё жыццё вечнай рызыцы і мала за яго турбуецца, падобны на тое дурное быдла, якое, нібы авечка, спакойна дазваляе весці сябе ў разніцу. Можна ўзяць тысячу малойцаў, і сярод іх наўрад ці знойдзецца адзін такі рызыкант, каб пайшоў немаведама куды ў госці да чалавека, які толькі што напаў на яго, каб забіць. Я спытаўся па дарозе, у чыім ён войску; тады ён сказаў, што няма цяпер над ім гаспадара, а ваюе ён сам за сябе; і ў сваю чаргу папытаўся, чый я буду? Я сказаў, што быў вэймарскі, а цяпер зрабіў ручкаю і думаю падацца дахаты. Ён спытаўся, як мяне завуць, і калі я адказаў «Сімпліцыюс», абярнуўся да мяне (бо я, не давяраючы яму, прапусіўу яго наперад) і пільна ўгледзеўся мне ў твар. «А ці не завуць цябе яшчэ і Сімпліцысімусам?» Я сказаў, што завуць, што нягоднік той, хто адмаўляецца ад свайго імя. «А цябе як завуць?» «Ах, браце! сказаў ён. Я Олівер, якога ты ведаў пад Магдэбургам», адкінуў убок мушкет і ўпаў на калені, благаючы дараваць яму за тое, што меў намер так блага абысціся са мною, і сказаў, што і марыць не мог знайсці калі-небудзь на свеце лепшага сябра, бо я павінен стаць яму ў прыгодзе і адважна папомсціцца за ягоную смерць, як прадказваў стары Хэрцбрудэр. А я, зноў жа, не мог дзіву не дацца з такое небывалае сустрэчы, але ён сказаў: «Гэта не дзіва, што толькі гара з гарою ніколі не
сыходзяцца, а чалавек з чалавекам уга! ці вялікая штука, што мы абодва так перамянілся з сакратара і афіцэра я зрабіўся лясным прыгоднікам, а ты з пацешнага дурня адважнікам-жаўнерам стаў. Эх, каб тое ўдалося сабраць тысяч дзесяць такіх урвікавалкаў, як мы з табою, дык, павер, мы заўтра раніцай узялі б Брайзах, а ўрэшце над усім светам запанавалі б мы з табою».
Ведучы гэтакі дыскурс, дайшлі мы, а ўжо і ноч залегла, да невялікай хаціны, у якіх такіх звычайна жывуць падзёншчыкі, і хоць мне агідная была ягоная пахвальба, я ўсё ж яму падтакваў, асабліва, можа, якраз таму, што я ведаў яго падступны, хцівы нораў. Мне трэба было падтрымліваць яго настрой, каб ён не намысліў якое подласці, пакуль я ад яго не адграбуся. I хоць я не верыў яму ні на мезенец, аднак жа ўвайшоў за ім у памянёную халабудзіну, дзе нейкі мужык паліў якраз у печы. Олівер спытаўся: «Ты што-небудзь згатаваў?» «Не, азваўся той, але ёсць яшчэ смажаны цялячы сцягняк, што я сёння спрамысліў у Вальдкірху». «Ну, добра, сказаў Олівер, ідзі і валачы сюды ўсё, што там у цябе, ды прыхапі барылку віна!»
Калі мужык выйшаў, я сказаў Оліверу: «Браце (я назваў яго так, каб хоць дзеля нейкай пэўнасці за бяспеку, хоць гатовы быў скруціць яму карак за Хэрцбрудэра, калі б мог гэта зрабіць), у цябе ўпраўны шынкар». «А ўжо ж, адказаў ён, шанцуе лорду, як чорту, я кармлю ўсю яго сям’ю, зрэшты, і сам ён здабытчык не абы-які. Усю вопратку, якую я дастаю, я аддаю яму». Я спытаўся, а куды ж мужык падзеў жонку і дзяцей, на што Олівер адказаў, што гаспадар адправіў іх у Фрайбург, дзе іх адведвае два разы на тыдзень і прывозіць адтуль ежу, порах і шрот. Далей паведаў ён мне, што даўно старцуе на вялікай дарозе і цяпер яму куды лепей жывецца, чым калі як ён служыў бы якому-небудзь пану, і ён не мерыцца пакідаць свае заробкі, пакуль не набярэ поўную торбу. Я сказаў: «Браце, ты ўхляпаўся ў небяспечны інтэрас, і калі цябе заспеюць на разбоі, як ты
думаеш, што з табою зробяць?» «Вой, баліць, усклікнуў ён, што я чую! Ты ўсё яшчэ той самы Сімпліцы; што да мяне, дык я ведаю, калі качаюць кеглі, трэба ставіць на кон. Але і ты мусіш ведаць, што панам у Нюрнбергу, перш чым каго зашмаргнуць, трэба таго папярэдне спаймаць». Я адказаў: «Але дапусіцм, браце, што цябе не зловяць (што, аднак, вельмі паняверна, бо ж вядома панадзіўся тхор на птушыны двор будзе пер’е, будзе і шэрсць), дык усё адно жыццё, якое ты вядзеш, самае паганае на свеце, так што я не паверу, каб ты хацеў запруцянецца ў ім па самы кон». «Што, усклікнуў ён, самае паганае? Ды павесь сабе на носе, храбры мой Сімпліцы, што разбойніцтва гэта самае найшляхетнейшае рамяство на ўсім свеце, якое толькі можа быць за нашым цяперашнім часам. Скажы от мне, колькі бо каралеўстваў ці княстваў, ці чаго там яшчэ, здабыта не разбоем? I дзе, і якому каралю альбо князю накінулі ганьбай ці залічылі ў віну, калі ён карыстаецца прыбыткамі са сваіх земляў, якія здабыты разбоем? А што можна яшчэ назваць высакароднейшым за той промысел, да якога я цяпер дапаў? Хіба ты кожнага дня на свае вочы не бачыш, як нават самыя вялікія патэнтаты аббіраюць адзін аднаго? Хіба ты не бачыш, як дужы маніцца накінуць аброць на слабшага? Бачу, ты ахвотна запярэчыў бы мне, сказаў бы, што многіх за ўчыненыя імі забойствы, разбой і крадзяжы пакалесавалі, пачвартавалі, паперавешвалі, абезгаловілі; я ўсё гэта ведаю загадзя і наперад, бо так піша закон; аднак ты не ў бачыш на вісельні нікога, апрача няшчасных, нікчэмных зладзюжак, што, зрэшты, і справядліва, бо хай не лезуць, не прагуцца са скуры, бо хай не замахваюцца на такую выдатную справу, якая па мерцы толькі высакародным і адважным душам. Дзе ты бачыў, дзе ты чуў, каб юстыцыя пакарала хоць адну знакамітую пярсону за тое, што яна занадта абцяжала сабою краіну? Ды што там пярсона, хіба пакараны хоць адзін які ліхвяр, які потайкам аддаецца асалодам гэтага дзівоснага здольства ды яшчэ ж і пад аслонай хрысіцянскай
уселюбові! Хіба варты я кары, калі, паводле добрага старанямецкага звычаю, адкрыта займаюся сваім рамяством, і не ўбіраюся ў рызы святога, і не строюся ў шаты браталюбца? Любасны ты мой Сімпліцы, ты яшчэ не чытаў Мак’явэлі. Я чалавек даволі шчырадушны і вяду такое жыццё ў поўнай адкрытасці і без аніякай боязі. Я змагаюся і стаўлю на кон сваё жыццё, як тыя старажытныя героі, яшчэ і ведаю, што дзеі, пры ўчыненні якіх жыццём рызыкуеш, дазволены. А як што я стаўлю сваё жыццё пад пагрозу, дык з гэтага, каб ты ведаў! неабвержна вынікае, што і мае практыкоўкі ў гэтым умельстве дазволеныя і справядлівыя». На гэта я адказаў: «Дапусцім, крадзьба і разбой, хай дазволены яны табе, хай не, як я ведаю, супярэчаць закону прыроды, паводле якога ніхто не павінен чыніць нікому таго, чаго не хоча, каб учынілі яму самому. I такія несправядлівыя ўчынкі таксама агідныя і зямным законам, якія прадпісваюць вешаць злодзеяў, сячы галовы разбойнікам і калесаваць забойцаў. I напаследак, гэта агідна ў вачах Госпада Бога, што найважней, бо ён ніводнага граху не прапускае без адгоды». «Гэта азначае, як я ўжо раней казаў, што ты ўсё яшчэ Сімпліцы, які не штудзіраваў Мак’явэлі, адказаў мне Олівер, а калі б я мог на такіх прынцыпах заснаваць манархію, дык хацеў бы пабачыць, хто пасля стаў бы супроць гэтага прапаведаваць». Мы яшчэ доўга дыспутавалі б пра гэты прадмет, але падаспеў мужык з ежай і пітвом, і мы селі за стол і елі без дна, што мне тады было вельмі патрэбна.