• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
    Сімпліцы-жабрак і лекар дарожны з дурных раззяваў збірае грошы
    А я ж мог тады жэрці, як малатарня, каўдун мой быў ненаедны і вымагаў усё больш і больш, а ў мяне ўжо ніякіх запасаў не было, акрамя аднаго-адзінага залатога пярсцёнка з дыямантам, які каштаваў каля дваццаці кронаў. Я пусціў яго за дванаццаць і, вельмі добра разумеючы, што ненадоўга іх хопіць, бо ў дадатак да іх я нічога не здабыў, дык рашыў заняцца лекаваннем. Я купіў сабе materialia на складанне theriacae Diatesseron' і прыгатаваў яго, каб пра-
    Тэрыяк, сродак супроць атруты (лац.).
    даваць у малых гарадах і мястэчках. На лекаванне сялян я ўзяў крыху ядлоўцавага латвергу, змяшаў яго з дубовым лісцем, вярбовымі пупышкамі і іншымі ўстойлівымі інгрэдыентамі, потым прыгатаваў з траваў, карэння, алею і некаторых тлушчаў зялёнае мазідла на гаенне ран, і было яно такое, што можна было вылечыць і скалечанага каня, item, гальмею, крэменю, рачыных вачэй, шміргелю і трэпелю парашок чысціць зубы; далей зрабіў я блакітны эліксір з лугу, медзі, сальміяку і камфары ад шкорбуту, паганага паху з рота, зубнога болю і хваробы вачэй, закупіў таксама процьму розных бляшаных і драўляных скрыначак, пушачак і пудэлкаў, паперы і шклянак параспіхваць у іх свой тавар, а каб надаць сабе важнасці, загадаў скласці і надрукаваць па-французску цэтлікі, на якіх было пазначана, што ад чаго пасабляе. За тры дні я ўправіўся, патраціўшы на ўсё заледзьве тры кроны ў аптэцы і на куплю шклянак. I вось, упакаваўшы ўсё гэта, рашыў я ісці ад вёскі да вескі і, збываючы па дарозе тавар, дабрацца да Эльзаса, а значыцца, да Страсбурга як нейтральнага горада, а там пры нагодзе выйсці на Рэйн і разам з купцамі ў Кёльн, а адтуль сваёй дарогай да мілахі-жоначкі. Намысел быў куды к чорту які, але выйшла не з рукі.
    Калі я першы раз прыйшоў да царквы са сваёй знахарскай аптэкай, гандаль мой не пайшоў, бо я быў настолькі дурны, што не пасабляў яму ні языком, ні якімі-небудзь шарлатанскімі штучкамі; затое я адразу змеціў, што трэба ўзяцца за справу з другога канца, калі хачу зарабіць і збыць гэта паскудства. Я пайшоў з маім крамам у тракцір і за сталом даведаўся ад гаспадара, што паполудні ў яго каля дома пад ліпамі збіраецца люд, тут я і мог бы сёе-тое прадаць, калі тавар дыхтоўны; адна бяда па краіне бадзяецца столькі ўсякай набрыдзі, што людзі неахвотна аддаюць грошы, пакуль на свае вочы не ўбачаць надзейнай пробы, не пераканаюцца, што тэрыяк без падману. Пачуўшы, колькі тае бяды, я раздабыў шклянку выдатнага страсбургскага
    брантвайну, злавіў люгашку, з тых, якіх завуць жарлянкамі, ці «манашкамі», і якія звычайна ўвесну і летам заводзяцца ў нячыстых лужынах і там кумкаюць, такія, ведаеце, залаціста-жоўтыя, a то і чырвона-жоўтыя, а знізу на жыватку чорныя плямкі, вельмі нявінныя з сябе. Адну такую я пасадзіў у слоік з вадою і паставіў каля майго тавару пад ліпамі. Вакол назбіралася досыць людзей, і многія думалі, што я буду выдзіраць зубы абцугамі, якія пазычыў у шынкара, але я пачаў так: «Спадарства і шарамі сяброве (я яшчэ не зусім дасканала гаварыў па-французску). Я вам не які там Вырвізуб, а ёсцека ў мяне на вочы прымочка, каб, гэта, не чырванелі і каб не цякло з іх». «Во, во, сказаў адзін, па тваіх вачах гэта як рыхтык і відаць, яны гараць, як балотныя гнілякі». Я сказаў: «Што праўда, тое праўда, але без прымочкі я б зусім аслеп. Зрэшты, гэтай вады я і не прадаю; прадаю толькі тэрыяк, ці як яшчэ яго называюць арвіетан, і парашок адбельваць зубы ды мазь на раны, а прымочку толькі даю ў дадатак. Я не які там Гарлапан альбо Абсярысялюд. Я прадаю гэты тэрыяк, бо праверыў яго, і калі ён табе не падабаецца, дык ніхто ж цябе не няволіць браць яго». I я папрасіў аднаго з тых, што абступілі мяне, выбраць пудэлачка з тэрыякам, дастаў з яго жалватку памерам з гарошыну, апусціў яе ў шклянку з гарэлкай, якую гледачы лічылі проста вадою, расцёр яе там і, дастаўшы абцужкамі з слоіка люгашку, сказаў: «Глядзеце, шарамі сяброве! Калі гэтая трупехліна нап’ецца тэрыяку і не здохне, дык настойка ні к чорту нявартая, і не купляйце тады, і не марнуйце грошай тады». 3 гэтымі словамі я ўзяў няшчасную люгашку, якая нарадзілася і ўзгадавалася ў вадзе і не пераносіла ні лікёраў, ні іншай стыхіі, і сунуў у слоік з гарэлкай, накрыў лістком паперы, каб не выскачыла. I пачала яна там шалець, выкаблучвацца і кардэбалеты строіць весялей, чым калі б я кінуў яе на жар, бо гарэлка была ёй задужа не тое, задужа моцная; і яна там патузалася, паўпіралася, паціхеньку сканала і выпруціла ўсе чатыры лапкі. Тут халоп’е раты
    параззяўляла, што хоць жывую жабу кладзі, і торг рушыў бо ўсе ж на свае чыстыя вочы бачылі надзейную пробу. Людзі падумалі, што на ўсім белым свеце няма другога такога ці лепшага тэрыяку, як у мяне, а ўжо маім клопатам было загортваць у паперу гэтую дрэнь і лічыць грошы. Пазнаходзілася тут і такіх, што бралі з запасам, па тры, чатыры, пяць, па шэсць загортак на выпадак якой пільнасці; куплялі яны і сваім сябрам, сваякам, якія жылі ў іншых мясцінах, так што я на чысцюткую дурніцу, бо дзень быў не кірмашовы, таго ж вечара ўзяў гатоўкай дзесяць кронаў ды яшчэ й тавару больш палавіны засталося. Тае ж ночы я перабраўся ў другую вёску, бо меў страх, каб які задужа дацеклівы мужык не пасадзіў у ваду жабу сам і не зрабіў пробы майму тэрыяку і, калі яна не ўдасца, не наклаў мне ў гімаль. Мне ж ніякай патрэбы не было ўчыняць такія ашуканствы, якія выкрывае высокавучоны Матыёлус у шостай кнізе Дыяскарыда «De veneris»1, калі піша пра рыначных лекараў і шарлатанаў-гарлахватаў. А пакуль мне хапала «манашак» з калюжын, дык можна было абысціся і без малпачкі ці якой-небудзь іншай рэдкаснай свінкі, каб марочыць галаву дурным людзям. Яшчэ ў Парыжы я навучыўся ў аднаго нямецкага шулера вырабляць самыя пікантныя фокусы на картах, каб збіраць раззяваў і трымаць іх, пакуль не ўчыню апісаным вышэй спосабам пробу майму тэрыяку і не пад’юджу люд патрэсці сваімі торбачкамі і капшукамі. А каб даказаць адмысловую сілу і карыснасць майго супрацьяддзя яшчэ і іншым спосабам, я рабіў з мукі, шафрану і чарнільнага арэшка жоўты мыш’як, arsenicum, а з мукі і купарвасу Mercurium sublimatum2, сублімат жывога срэбра. Робячы пробу, ставіў на стол дзве аднолька-
    1 Каментары італьянскага лекара і батаніка XVI ст. да прац старажытнагрэцкага медыка Дыяскарыда (Венецыя, 1544) былі свайго часу адной з найпапулярнейшых кніг.
    2 Сулема, хлорная ртуць (лац.).
    выя шклянкі з вадою, падмешваў у адну aqua fortis' альбо spiritus vitrioli2. У гэтай шклянцы я разбоўтваў драбочак майго тэрыяку, а потым націраў у абедзве яду, колькі мне было трэба. Ад гэтага чыстая вада, без тэрыяку, а значыцца, без салетравай кіслаты, чарнела, як чарніла, а другая заставалася чыстая, як была, з прычыны салетравай кіслаты. «Авоечкі! ахаў тады народ. Дзівіся, сапраўды, каштоўны тэрыяк, яшчэ й такі танны» А калі я потым зліваў абедзве шклянкі разам, усё зноў рабілася празрыстым. Вось тут добрыя мужыкі і развязвалі свае мошны і куплялі, што не толькі ўдаброцілася майму галоднаму жывату, але і пасадзіла мяне на каня, яшчэ і немалыя грошы на дарогу дало, і такім чынам я шчасліва дабраўся да германскай мяжы. А таму, любасныя мае сяляне і дарагія мужыкове, не верце ніякім кірмашовым загранічнікам, шарлатанам і штукарам! далібог жа, ашукаюць, бо да аднаго месца ім вашае здароўечка, а важныя толькі пенязі!
    РАЗДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ
    Сімпліцы, вандруючы лекарам-спецам, трапляе ў лапы жаўнерам-імперцам
    Пакуль я дзёрся праз Латарынгію, увесь мой тавар разышоўся, а як што я пабойваўся гарадоў, дзе стаялі гарнізоны, дык не было магчымасці абнавіць асартымент, і я мусам павінен быў узяцца за што-небудзь іншае, пакуль не знагоджуся нарабіць тэрыяку. Я купіў дзве меры гарэлкі, падфарбаваў яе шафранам, разліў у пляшачакі-пуздэркі, паўлота кожная, і прадаваў людзям за выдатную залатую ваду, вельмі карысную ад трасцы узяў за яе трыццаць флорынаў. I калі забракавала пуздэркаў, я, дачуўшыся
    1 Салетраная (азотная) кіслата (лац.).
    2 Купарвасны спірт (серная кіслата) (лйц.).
    пра шкляную гуту ў Флекенштайне, выправіўся туды прызапасіцца; і тым часам, як я кружляў вакольнымі дарогамі і сцежкамі, мяне накрыў філіпсбургскі дазор, што стаяў тады ў замку Вагельнбург; і я страціў усё, што здолеў выцягнуць з даверлівых чалавекаў сваім махлярствам за час падарожжа. А калі мужык, які пайшоў са мною паказаць дарогу, сказаў, што я медыкус, мяне павезлі як доктара ў Філіпсбург усяму наперакор.
    Там з мяне ўзялі дапытку, а я зусім не баяўся прызнацца, хто я такі, але мне не хацелі даць веры, думаючы, што я куды больш важны птах, чым з сябе ўдаю; і я мусіў быць доктарам. Я бажыўся, што я з імперскіх драгунаў у Зёсце, што быў узяты шведамі ў палон у Л., item, што ад праціўніка, які не захацеў адпусціць мяне за выкуп, я ўцёк у Кёльн, каб экіпіравацца, а адтуль, насуперак маей волі, трапіў у Францыю і цяпер вяртаюся ў свой полк. А пра тое, што ажаніўся ў праціўніка і яшчэ маюся там атрымаць прапар, я хітра прамоўчаў, спадзеючыся адбрахацца і атрымаць свабоду. Хацелася тады спусціца ўніз па Рэйне і зноў скаштаваць вестфальскай кумпячыны. Але ўсё абярнулася зусім інакш, бо мне адказалі, што імператару патрэбны жаўнеры як у Зёсце, так і ў Філіпсбургу; мне трэба застацца ў іх, пакуль не будзе зручнага выпадку вярнуцца ў свой полк. А калі гэтая прапанова мне не даспадобы, дык мяне чакае вязніца, дзе, пакуль не вызвалюся, са мной будуць абыходзіцца як з доктарам, якога яны, зрэшты, і ўзялі ў палон.
    I вось я перасеў з каня на асла і, насуперак маёй волі, стаў мушкецёрам. Тады мне давялося туга, бо камандзірам там быў скуперда, а жаўнерская страўнасць была страшэнна малая. Я нездарма сказаў «страшэнна малая», бо кожнае раніцы, калі я яе атрымліваў, на мяне нападаў страх, бо я ведаў, што гэта на цалюткі божы дзень, а было там як на адзін гам. I, шчыра кажучы, мізэрнае стварэнне ёсць мушкецёр, які павінен весці такое жыццё ў гарнізоне і задавальняцца скарынкай хлеба, ды яшчэ і знадгаладзь. Гэта
    ўсё роўна як палонны, што жыве на хлебе і вадзе. Яму нават лепей, ён куды шчаслівейшы; бо не павінен ні чуваць, ні хадзіць у дазоры, ні стаяць на варце, а палежвай сабе спакайняком, і ў яго столькі ж сама надзеі калі-небудзь выдастацца з вязніцы, як у беднага гарнізоннага пацука. Што праўда, былі там і такія, якія ўмелі розным гешэфтам крыху паправіць свой дастатак; аднак ніводзін з тых спосабаў, якія я мог выбраць, каб унасыціць нутробу, не быў прыстойны. Некаторыя ў такой бядзе бралі сабе жонак, наложніц, хай нават тыя былі спісаныя ў запас патаскухі, абы каб яны кармілі швівам, праннем, прадзеннем ці дробным гандлем, махлярствам, а хай і крадзяжом. Была сярод баб адна фэндрычыха, яна мела пэнсію, як гэфрайтар; другая была павітуха-полажніца і сваім рамяством здабывала сабе і мужу неблагі пракорм. А іншыя ўмелі мыць і крухмаліць; яны паласкалі халасцякам-афіцэрам кашулі, панчохі, майтачкі і не ведаю, што там яшчэ за плюндрыкі якія, за што ім давалі мянухі. А тыя прадавалі тытунь і набівалі люлькі, калі была патрэба; а каторыя гандлявалі гарэлкай, і йшла слава, што яны разбаўляюць яе вадою, якую самі дыстылююць, таму гарэлка і не траціць смаку, а некаторыя ўмелі шыць, гафтаваць, маглі рабіць усялякія фастрыгі і фасоны, чым і зараблялі; былі і такія, што карміліся полем: зімою выкопвалі слімакоў, увесну сеялі салату, летам абіралі птушыныя гнёзды, увосень умелі даставаць усякае смачненькае. Некаторыя цягалі на сабе дровы на продаж, як уючныя аслы, а другія прамышлялі гандлем. Здабываць сабе такім чынам пракорм і накладаць у каўдун было не па мне, бо ў мяне ўжо была свая жонка. Некаторыя малойцы прабаўляліся гульнёй, бо ведалі розныя штукі і выкрунтасы лепш за любога шмугляра і ўмелі агладзіць сваіх няхлюяў-камарадаў ў касцярстве і ў карты, але ад такога фаху мне млосціла. А дурнейшыя мардаваліся на шанцах, як коні, але я на тое быў гультаяваты. А яшчэ каторыя ўпраўлялі іншыя re-