Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
1 Квінтэсэнцыя (лац.).
пісьме пры сваім імені шляхецкага маёнтка, які ён нядаўна прыкупіў сабе за 20 000 крон непадалёк ад Парыжа? Item, чаму ён рашыў парабіць сваіх сыноў дактарамі і прымушае іх сур’ёзна вучыцца, замест каб купіць ім, раз ужо ён набыў шляхецтва, як і іншым кавалерам, якую-небудзь пасаду і тым самым канчаткова замацавацца ў шляхетным званні? «Не, адказаў ён, калі я прыходжу да якога-небудзь князя, дык чую: «Пане доктар, прысядзьце!», а шляхціцу кажуць: «Пачакай!». Я сказаў: «А хіба пану доктару невядома, што ў кожнага ўрача тры абліччы: першае анёльскае, калі на яго глядзіць хворы, другое боскае, калі ён дапамагае, і трэцяе д’ябальскае, калі хворы папраўляецца і доктара выстаўляюць? Значыць, гонар гэты доўжыцца датуль, пакуль у хворага ў целе гуляе вецер; калі ён выйдзе і рэзі ў жываце аціхаюць, дык настае канец і гонару і тады кажуць: «Лекар, тваё месца за дзвярыма!» I хіба шляхціцу менш гонару ад яго стаяння, аніж доктару ад яго сядзення, бо шляхціц увесь час паслугуецца свайму прынцу і мае гонар нікуды ад яго не адлучацца? Пан доктар надоечы ўзяў у рот пакаштаваць нечагась княскага1, а я лепш буду дзесяць гадоў стаяць і слугаваць, чым каштаваць чужую нечыстату, хоць ты пасадзі мяне на чыстыя ружы». Ен адказаў: «Не трэба было мне так рабіць, але я ахвотна зрабіў гэта таму, што калі князь убачыць, як цяжка мне скласці правільнае меркаванне пра ягонае здароўе, павага да мяне яшчэ пабольшае. I чаму б гэта мне не скаштаваць нечыстаты таго, хто дасць мне за гэта некалькі сотняў пістоляў, а я яму тым часам нічога не заплачу, калі ён у мяне сплямкае што-небудзь не менш чыстае? Вы кажаце пра гэтыя рэчы як немец; калі б вы належалі да іншай нацыі, дык я сказаў бы, што вы гаворыце, як дурань!» Я задаволіўся гэтай сентэнцыяй, бо заўважыў, што ён вось-вось угневаецца, і, каб зноў навесці яго на вясёлы лад, папрасіў яго прапусціць мне маю прастадушнасць і нагаварыў яму кучу ўсяго прыемнага.
1 Мача, якую лекары каштавалі на смак. 328
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
Сімпліцы ў тэатры грае Арфея, дамская публіка стогне і млее
Як што мсьё Канару прыносілі болып, чым часам пажыралі тыя, у каго былі паляўнічыя дамы, і яму перападала болып хатняй жыўнасці, чым ён мог з’есці сам з усімі дамачадцамі, дык у яго кожны дзень прыматкабожвалася процьма ўсякіх застольных падсуседаў-зачарэўнікаў і падмяталася ўсё, і выглядала на тое, быццам ён трымаў адкрыты стол. Аднаго разу яго ўгонарылі візітацыяй сам каралеўскі цырымоніймайстар і іншыя важныя прыдворныя асобы, якім ён выстраіў княскую каляцыю (collation), бо добра ведаў, якіх сяброў трэба забрытаць, а менавіта тых, якія ашываліся каля караля альбо карысталіся яго ласкамі. Каб паказаць ім сваю найвялікшую прыхільнасць і добрае ўпадабанне, каб зрабіць ім усялякую прыемніцу, ён пачаў упрошваць мяне, ці не захачу я зрабіць яму гонар і дагоду знакамітым гасцям і паспяваць пад лютню нямецкую песеньку. Я ахвотна згадзіўся, бо якраз быў у гуморы, як гэта бывае ў захопленых рознымі летуценнямі музыкантаў, а таму пастараўся начысціць клямкі да бляску і ўжо так спраўна паднатурыў усім прысутным, што цырымоніймайстар сказаў, як шкада, што я не ўмею пафранцузску, a то ён канечне ж далажыў бы пра мяне каралю і каралеве. Мой гаспадар, занепакоены, што мяне могуць звабіць з ягонай службы, адказаў таму, што я знакамітага роду і не забаўлюся доўга ў Францыі, таму цяжка будзе заўжыцца мною як музыкантам. Цырымоніймайстар сказаў на гэта, што колькі жыве, а не нагодзілася яму бачыць, каб у адной асобе так гарманічна спалучыліся рэдкая прыгажосць, чысты голас і майстэрская ігра на лютні; бліжэйшым часам у Луўры ў прысутнасці караля мае быць разыграна камедыя, і калі б ён меў магчымасць знайсці мне там удзел, дык ён спадзяецца гэтым самым зыскаць
сабе і мне немалы гонар. Мсьё Канар пераклаў усё гэта мне; а я адказаў, што, калі мне скажуць, якую асобу меў бы ў той камедыі прадставіць і што мне належыць іграць і спяваць, дык хай сабе будзе і на французскай мове, бо, зрэшты, чаму ў мяне павінна быць горшая памяць, чым у шкаляроў, якіх звычайна прыстройваюць на такія ролі, нягледзячы на тое, што ім таксама ж даводзіцца запамінаць словы, пазітуры і ківомігі. Калі цырымоніймайстар убачыў, што я паддаюся, ён узяў з мяне абяцанне, што заўтра прыйду ў Луўр, каб зняць пробу, ці прыдатны я на ролю. I вось у вызначаны час я прыйшоў, як было ўмоўлена. Мелодыі розных песень, якія мне трэба было спяваць, я ўмела {perfect) прыстасаваў пад свой інструмент, бо прыхапіў з сабою табулатурную кніжку, пасля атрымаў і французскія песенькі, каб добра іх завучыць разам з вымаўленнем, а да іх таксама і нямецкі пераклад, каб мог дастасоўваць да іх адпаведную міміку. Гэта было мне не цяжка, я ўправіўся нават хутчэй, чым ад мяне чакалі, і калі слухалі, як я спяваю, тым болей што мяне расхваліў мсьё Канар, дык кожны мог пабажыцца, што я прыродны француз. I калі ўсе мы сышліся на рэпетыцыю, я выступіў са сваімі песнямі, мелодыямі і ківомігамі так жальбатужна, што ўсе падумалі, быццам я рыхтык той самы Арфей, а не толькі ім прыкідваюся, бо ўжо ж так я ўбольваўся па сваёй Эўрыдыцы. Ніколі, колькі жывацею на белым свеце, не было ў мяне больш прыемнага дня, чым той, калі была паказана камедыя. Мсьё Канар даў мне нейкую прытраву, каб голас звінеў яшчэ чысцей, а як што ён хацеў дадаць маёй прыгажосці больш пекнаты з дапамогай oleo talci', а кучаравыя валасы, якія блішчалі ад чарнаты, хацеў прыпудрыць, дык пад канец сказаў, што гэтым мяне толькі псуе. Мяне ўвянчалі лаўровым вянком і адзелі ў нешта антычнае колеру марской хвалі уся мая шыя, верхняя частка тулава, рукі па локці, калені ад палавіны лытак
1 Талькавая пудра, прысыпка (лац.).
да палавіны сцёгнаў былі адкрытыя. А паўзверх накінулі цялеснага колеру тафцяны плашч, які быў больш падобны на палявы прапар. У гэтым убранні я пакручваўся каля сваёй Эўрыдыкі, заклікаючы пяшчотнай песняй заступніцу Венеру і пад канец скарыў сэрца каханай; падчас гэтага дзейства я многа ўсяго прадстаўляў і звяртаўся да каханай, уздыхаў і круціў вачыма. А страціўшы сваю Эўрыдыку, я пераадзеўся ў зусім чорнае, пашытае па тагачаснай модзе так, што мая белая скура ззяла, як снег. Я бедаваў, я ўбольваўся па жонцы і так усё гэта журботліва паказваў, што пасярэдзіне тужлівай мелодыі і песні нагарнуліся на вочы слёзы і плач ледзь не перапыніў песню. Аднак я закончыў у вельмі прыгожай манеры, пакуль не стаў у тартары перад Плутонам і Празерпінай; гэтым я прадставіў у вельмі замілаванай песні іх узаемнае каханне, нагадаўшы ім, каб яны зрабілі выснову як жа пакутуем я і Эўрыдыка ў разлуцы; і я багавейна ўмольваў іх, напяваючы пад лютню, вярнуць мне маю ўмілаванку. I дамогшыся іхняй згоды, я падзякаваў ім радаснай песняй і здолеў свой твар і ўсе свае ківомігі напоўніць такой радасцю, што ўсе прысутныя вялікаму дзіву даліся. А калі я недарэчна зноў страціў Эўрыдыку, дык уявіў сабе вялікую небяспеку, якая чакае кожнага чалавека, і таму аж такі белы зрабіўся, што, здавалася, вось-вось самлею. I як што ў той момант я стаяў на сцэне адзін, а ўсе глядзелі на мяне, я тым старанней выконваў сваю ролю, здабываючы сабе гонар тым, што так па-майстэрску ўсё прадстаўляў. Потым я сеў на скалу і пачаў жаласнымі словамі пад гукі скрушлівай мелодыі аплакваць страту каханай і заклікаць да спагады. Пасля абступілі мяне розныя свойскія жывёлы і дзікія звяры, пагоркі, дрэвы і ўсё астатняе, і сцэна сапраўды набыла такі выгляд, як калі б з дапамогаю чараў ўсё гэта было зладжана надпрыроднай сілай. I я не зрабіў ніводнай памылкі, хіба што толькі ў самым канцы, калі, абыякавы да ўсіх жанчын, я быў задушаны Вакхам і кінуты ў ручай, які быў зробле-
ны так, што відна была толькі мая галава, ўсё астатняе ў поўнай бяспецы пад сцэнай, і мяне павінен быў згрызці дракон; хлопец, якога запхнулі ў таго дракона, каб кіраваць ім, не бачыў маёй галавы, а таму драконава пашча ляжала якраз каля маёй галавы; гэта здалося мне такім смешным, што я не стрываў, каб не выскаліцца, што адразу заўважылі дамы, якія глядзелі на мяне.
За гэтую камедыю я дастаў шмат пахвал і не толькі вялікую шану, але і новае імя, бо з таго часу французам называлі мяне толькі Beau Аітап Прыгожы Немец. А як што тады якраз спраўлялі запусты, дык было дадзена шмат прадстаўленняў і балетаў, якія таксама не абышліся без мяне, аднак пад канец высветлілася, што мне пачалі зайздросціць, бо я занадта вабіў да сябе гледачоў, асабліва жанчын; я адступіўся ад сцэны, можа, нават таму, што аднаго разу зыскаў сабе грымакоў, калі ў вобразе Геркулеса, нацягнуўшы сабе на голае цела львіную скуру, біўся з Ахелоем за Дэяніру і мяне збатавалі з лішнім праўдападабенствам, чым гэта дапускаюць умоўнасці сцэнічнай праўды.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцы, скарыўшы Парыж без меры, трапляе ў завоблачныя сеткі Венеры
Пра ўсё гэта я стаўся шырока вядомы сярод знакамітых асобаў, аж здавалася, шчасце заззяла перада мною поўным бляскам, бо мне нават прапанавалі службу ў караля, што не кожнаму важніку свеціць. Прыходзіць аднаго разу лёкай, пытаецца мсьё Канара і перадае яму пісьмо пра мяне якраз у той самы час, калі я быў у лабараторыі, дзе рабіў рэверберацыю, бо я ўжо з цікавасці навучыўся ў доктара перлютаваць, распускаць, узварваць, каагуляваць, дэгераваць, кальцынаваць, фільтраваць і рабіць яшчэ шмат якія алхімічныя аперацыі, з дапамогай якіх ён прадукаваў свае фар-
мацэі-панацэі. «Мсьё Beau Alman, сказаў ён, гэта пасланне да вас датычыцца. Па вас пасылае адзін важны мсьё, які жадае, каб вы да яго прыйшлі, бо ён мае намер перагаварыць з вамі і даведацца, ці не згодзіцеся вы паінфармаваць яго сына, што да грання на лютні. Ён дадаў вельмі куртуазнае абяцанне прыстойна аддзячыць вам за клопат і прасіў мяне ўгаварыць вас не адмаўляцца ад запрашэння». Я адказаў, што калі змагу каму-небудзь паслужыцца, акрамя яго (вядома, мсьё Канара), дык я гатовы парупіцца з усім сваім імпэтам. Але ён сказаў, што мне трэба толькі пераапрануцца і пайсці з лёкаем; тым часам, пакуль я выстройваўся, ён загадаў прыгатаваць мне перакусіць, бо дарога няблізкая і я мог дабрацца да назначанага месца толькі пад вечар. I вось, як след прыапрануўшыся, спехам перакусіўшы тым, што было прыгатавана на вечарыну, асабліва ўсмакавалі некалькі маленькіх далікатных каўбасак, якія, як мне здалося, моцна патыхалі аптэкай, я больш гадзіны блукаў з памянёным лёкаем рознымі дзіўнымі завулкамі, пакуль падвечар не падышлі да садовых веснічак, якія былі незамкнутыя. Лёкай адчыніў, а калі я прайшоў за ім следам, адразу зачыніў і замкнуў на начны замок з сярэдзіны; пасля павёў мяне ў паркавы дом, які стаяў у куце саду, і, прайшоўшы ўздоўж даволі доўгіх прысадаў, пастукаўся ў дзверы, якія адразу ж адчыніла нам старая высакародная дама. Яна вельмі ветліва павітала мяне па-нямецку і запрасіла ўвайсці; а лёкай, які не разумеў нямецкай, застаўся за дзвярыма і, калі я падзякаваў яму кіўком, з глыбокім паклонам выйшаў. Старая дама ўзяла мяне пад руку і ўвяла ў залу, увешаную дарагімі габеленамі, шпалерамі і кілімамі і ва ўсім астатнім прыгожа ўбраную; старая папрасіла мяне прысесці і аддыхацца і каб даведацца, з якой прычыны я быў сюды дастаўлены. Я ахвотна паслухаўся і сеў у фатэль каля каміна, у якім тады ўжо палілі, бо было даволі зябка; яна села побач у суседні фатэль і сказала: «Мсьё! Калі вам хоць крыху вядомая сіла кахання, а менавіта, што яно адольвае і скарае самых