Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
адважных, самых моцных і разумных мужчын, вы тым не меней здзівіцеся, што яно адольвае і слабую жанчыну. Цябе зусім не запрашаў сюды нейкі мсьё дзеля вашай лютні, як запэўнілі вас і мсьё Канара, а паклікала за вашу незраўнаную прыгажосць самая прыгожая дама Парыжа, якая гатовая лепш памерці, чым не ўбачыць анёльскага вобразу пана і не атрымаць асалоды ад сузірання яго. Таму яна загадала мне сказаць пра гэта пану як майму суайчынніку і ўпрасіць яго, як Венера свайго Адоніса, каб ён правёў у яе гэты вечар і дазволіў наталіцца сваёй прыгажосцю, у чым ён, спадзяюся, не адмовіць ёй, як знатнай даме». Я адказаў: «Мадам! Я проста не ведаю, што і падумаць, а яшчэ таго меней, што павінен сказаць. Я не ведаю за сабою такіх якасцяў, каб дама, якая займае высокае становішча, магла запабягацца перад маёй нікчэмнасцю. А звыш таго мне прыходзіць на мыслі, што калі дама, якая пажадала мяне пабачыць, такая прыгожая і знакамітая, як пра тое паведамляе мне мая высокашаноўная суайчынніца, дык лепей паслала б па мяне раніцай, а не загадвала клікаць мяне ў такую адлюдненую мясціну на ноч гледзячы. Дзеля чаго яна не загадала прыйсці адразу да яе? Што мне тут рабіць у гэтым садзе? Хай даруе мне высокашаноўная суайчынніца, калі я, самотны чужаземец, маю пэўны страх, што тут нешта крыецца, бо мне ж было сказана, нібыта мяне клічуць да нейкага мсьё, а насамрэч усё зусім іншага кшталту. Але калі я заўважу, што тут вераломна і па-ліхому ідзе намышленне супроць майго жыцця і здароўя, дык перад смерцю я здолею знайсці ўжытак сваёй шпазе!» «Ціха, ціха, мой высакашаноўны пане суайчыннік, сказала яна, жанчыны дзіўныя і асцярожныя ў сваіх упадабаннях і задумах, да іх нялёгка прынаравіцца. Калі б тая, што кахае пана найбольш за ўсё, пажадала, каб ён атрымаў пра яе асобу дакладныя звесткі, дык жа ж, напэўна, загадала б прывесці яго спярша не сюды, а наўпрост да яе. Вунь там ляжыць капюшон (яна паказала на стол), які пан надзене, калі пана адгэтуль павядуць да яе, бо яна сама
зусім не хоча, каб пан пазнаў мясціну, не кажучы ўжо пра тое, у каго быў; а таму прашу і заклінаю пана ўсім святым, чым магу, паказаць сябе годна перад гэтай дамай і з прычыны яе высокага стану і таго невыказнага кахання, якім яна да яго загарэлася; а калі пан разважыць інакш і не захоча ёй паслужыць, дык хай яму будзе вядома, што ў яе хопіць улады адразу ж і пакараць гардыню і пагарду. А калі пан будзе трымацца з ёю як належна, дык можа быць пэўны, што нават самая малая ягоная паслуга будзе аддзячана».
Спакваля звечарэла, і забралі мяне розныя трывогі і апаслівыя думкі, так што я сядзеў, як драўляны балван, і не мог сабе ўявіць, як мне вымкнуцца адсюль; дзеля гэтага я згадзіўся на ўсё, чаго ад мяне хацелі, і сказаў старой: «Ну што ж, высокашаноўная пані суайчынніца, калі ўсё так, як вы мне сказалі, дык давяраю сваю асобу вашай прыроднай нямецкай сумленнасці, спадзеючыся, што вы не дапусціце, а яшчэ менш паспрыяеце таму, каб ні ўчым не вінаваты немец трапіў у якую-небудзь падступную пастку. Дык выконвайце ўсё, што вам было сказана рабіць са мною; спадзяюся, у дамы, пра якую вы мне казалі, вочы не васіліскавы, каб ад іх позірку скруціць сабе карак!» «Божа барані! усклікнула яна. Было б пахібна, калі б такі статны чалавек, якім можа ганарыцца ўся наша нацыя, прыняў такую заўчасную смерць. Ён убачыць больш усялякіх забаваў, чым мог да гэтага дня падумаць!» Як толькі атрымала яна маю згоду, адразу клікнула Жана і П’ера; тыя выступілі з-за габелена, кожны ў бліскучай кірасе, кожны ўзброены з галавы да ног, з алебардамі і пістолямі ў руках; гэта так мяне напалохала, што я аж змярцвеў. Старая гэта прыкмеціла і сказала з усмешкай: «Не трэба баяцца, ідучы да жанчыны!» Пасля сказала ім абодвум зняць латы, узяць ліхтары і ісці за намі з аднымі толькі пістолямі. Пасля нацягнула мне на галаву капюшон з чорнага аксаміту, узяла пад паху мой капялюш і павяла мяне за руку дзіўнымі шляхамі. Я выдатна заўважыў, што мяне правялі праз мноства дзвярэй, а потым мы
ішлі па бруку. Нарэшце, прыкладна праз чвэрць гадзіны, прыйшлося мне падняцца па невялікай каменнай лесвіцы. Тут адчыніліся маленькія дзверцы ўгору, потым зноў некалькі прыступак уніз, і тут праз шэсць крокаў перад намі шырока расчыніліся яшчэ адны дзверы. Калі я нарэшце ўвайшоў туды, старая зняла з мяне капюшон, і я апынуўся ў зале, убранай з вялікай раскошай. Сцены былі ўвешаныя прыгожымі карцінамі, горка поўная срэбнага посуду, а ложак, які там стаяў, убраны занавескамі, вышытымі золатам. Пасярэдзіне стаяў накрыты стол, а каля каміна балея, вельмі нават прыгожая з выгляду, аднак жа, як на мой розум, яна псавала ўсю залу. Старая сказала мне: «Сардэчна прашу, пане суайчыннік! Няўжо і цяпер вы яшчэ будзеце казаць, што вам рыхтуюць патупу і здраду? Дык жа адкіньце вашую прыкрасць і паводзьцеся так, як напярэдадні ў тэатры, калі Плутон вярнуў пану Эўрыдыку. Mary цябе запэўніць, што тут ты знойдзеш больш прыгожую, чым там страціў».
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
Сімпліцы знямог ад пяшчоты і ласкі, шчасце, што хоць пасаблялі каўбаскі
3 гэтай прамовы я зразумеў, што тут я мушу дазволіць не толькі любавацца мною, але і зрабіць нешта зусім іншае; і я сказаў сваёй старой суайчынніцы, што таму, хто знямогся ў смазе, мала толку сядзець каля забароненага калодзежа. А яна сказала, што ў Францыі не такія ліхія людзі, каб забараняць піць з калодзежа, калі вада ліецца цераз берагі. «Так, сказаў я, мадам, сказалі б вы мне гэта, калі я быў нежанаты!» «А, глупства!адказала старая бязбожніца. Хто ж вам паверыць у нявінныя ночы: жанатыя кавалеры рэдка прыязджаюць у Францыю; а хай сабе нават і так, я ўсе адно не паверу, што пан такі дурны і хутчэй памрэ ад смагі, чым дазволіць сабе напіцца з чужога калодзежа.
асабліва калі тут весялей і вадзіца смачнейшая, чым дома». Такі быў наш дыскурс, у час якога высакародная паненка, якая глядзела за камінам, зняла з мяне чаравікі і панчохі, якія я, ідучы ў змроку, моцна запэцкаў, бо тагачасны Парыж быў даволі брудны горад. Тады сышоў загад выкупаць мяне перад вячэрай; памянёная паненка забегала туды-сюды і хуценька пананосіла мне ўсяго патрэбнага для мыцця, і ў пакоі запахла мускусам і духмяным алеем. Прасціны былі з самага белага палатна, вытканага ў Камэрыху, і абшытыя дарагімі галандскімі карункамі. Я быў засаромеўся і не хацеў, каб старая бачыла мяне голага, але нічога не дапамагло, мусіў раздзецца і дацца вымыць сябе; а паненка на гэты час крыху адышлася ўбок. Пасля мыцця мне далі тонкую кашулю і дарагі шлафрок з фіялетавай тафты, а таксама панчохі такога ж колеру. А начны каўпак і туфлі былі абшытыя золатам і пэрламі, і пасля купання я сядзеў важны, як чырвовы кароль. А тым часам старая выцірала мне валасы, і прычэсвала, і ўходжвалася каля мяне, як каля князя ці малога дзіцяці; а шмат разоў памянёная паненка насіла розныя наедкі, і калі ўвесь стол быў застаўлены, у залу ўвайшлі тры боскія юныя дамы, чые белыя, як алавастар, грудзі, бадай што, былі ці не залішне адкрытыя, а твары зусім закрытыя маскамі. Усе тры здаліся мне даволі прыгожымі, а адна была яўна прыгажэйшая за дзвюх другіх. Я моўчкі глыбока ім пакланіўся, і яны падзякавалі мне гэтак сама цырымонна, і гэта, натуральна, выглядала так, як калі б сабраліся нямыя і надумаліся перадражніваць гаваркіх. Яны селі ўсе разам, і я ніяк не мог адгадаць, якая з іх самая знатная і якой я павінен паслужыцца. Першае, пра што зайшла мова, ці гавару я па-французску? Мая суайчынніца адказала: «Не». На гэта другая сказала папытацца, ці не заўгодзіцца мне сесці. Калі гэта адбылося, трэцяя распарадзілася, каб мая перагаворшчыца таксама села з намі, а таму я зноў не мог вызначыць, якая ўсе-такі самая знакамітая. Я сядзеў побач са старою насупраць гэтых трох
дам, так што несумненна мая прыгажосць толькі выйгравала каля гэтага старавечнага шкілета. Усе тры дамы глядзелі на мяне зычліва, ласкава і пашаноўна, і я магу пабажыцца, што яны ўсе ўздыхалі. Я не мог бачыць пад маскамі бляску іхніх вачэй. Старая спыталася ў мяне, бо больш ніхто не мог са мною гаварыць, якую з трох я лічу самай прыгожай. Я адказаў, што не магу на ніводнай затрымаць свае вочы. Тут яна засмяялася, паказаўшы ўсе чатыры зубы, якія яшчэ заставаліся ў пашчы, і спыталася, чаму б гэта. Я адказаў, таму што не магу добра разгледзець, але наколькі бачу, усе тры нябрыдкія. Усе, што старая пыталася і што я адказваў, дамы адразу ж хацелі ведаць; старая тлумачыла ды яшчэ і ад сябе дакладала, што быццам я сказаў, нібыта кожныя вусны вартыя ста тысяч пацалункаў; я добра бачыў пад маскамі іхнія губы, асабліва ў тае, што сядзела насупраць мяне. Такою хітрасцю старая падкінула мне думку, што гэтая дама і ёсць самая знатная, і я пачаў пільней да яе прыглядацца. Увесь наш застольны дыскурс якраз і быў у тым, што я прыкінуўся, быццам ні слова не разумею па-французску. I таму што ўсе ішло ціха, а такія маўклівыя вечары не асабліва вясёлыя, дык з вячэрай мы не забавіліся. Потым дамы ўзычылі мне дабраначы і пайшлі ў свае пакоі, і я не паспеў іх правесці далей дзвярэй, бо старая адразу за імі замкнула. Убачыўшы гэта, я спытаўся, дзе ж я буду спаць. Яна адказала, што мне разам з ёю адведзены той ложак, што ў зале. Я адказаў, што пасцель мяне задаволіла б, калі б хоць адна з трох у ёй начавала. «Ну, сказала старая, калі шчыра, дык сёння табе ніводная з іх не дастанецца, прыйдзецца задавольвацца мною». Тым часам, пакуль мы так балакалі, прыгожая дама, якая ляжала ў пасцелі, адвяла заслону крыху назад і сказала старой, каб тая перастала малоць лухту і ішла спаць. Тут я ўзяў у старой свечку, каб паглядзець, хто ляжыць у ложку, але яна патушыла свечку і сказала: «Пане, калі вам дарагая галава, дык не мецьцеся на тое, што маеце наўме! Кладзіцеся і будзьце пэўныя, што калі вы
напраўду захочаце ўбачыць гэтую даму насуперак яе волі, жывы адсюль не выйдзеце». 3 гэтымі словамі яна прайшла праз пакой і замкнула за сабою дзверы; а дзяўчына, якая глядзела агонь, таксама яго патушыла і выйшла праз дзверы, захінёныя габеленам. Пасля гэтага дама, якая ляжала ў пасцелі, сказала: «Allez, monsieur Beau Аітап', хадзі спаткі, сэрца маё, ходзь, прытуліся мне!» такім словам навучыла яе старая немка. Я пайшоў да пасцелі паглядзець, чым тут усё абернецца, і як толькі падышоў, дама кінулася мне на шыю, вітаючы пацалункамі, ды так, што ад неадольнага свайго жадання ледзь не адкусіла мне ніжнюю губу, пачала церабіць мой каўпак і тузаць на мне кашулю, цягнучы да сябе, і так павяла сябе ад неразумнай шалёнай гарачкі, што і сказаць не магу. Яна ўмела па-нямецку толькі адно: «Прытуліся мне, сэрца маё» Усё астатняе яна выказвала целам. Я, праўда, тайком падумаў пра сваю каханую, але дзе ж тут сабе рады дасі? На жаль, я быў толькі чалавек і меў такое далікатнае ва ўсіх прапорцыях цела, поўнае такой прыемнасці, што быў бы сапраўдным цурбаком, калі б мог выйсці адсюль у цноце; звыш таго аказалі сябе і каўбаскі, якімі патрактаваў мяне на дарогу доктар, аж мне самому здалося, быццам я ператварыўся ў казла.