Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Але, як той казаў, калі Бог не даў, дык і не будзе. Гэта на мне якраз і спраўдзілася, бо калі мы паплылі ўніз па Рэйне і наш карабель у Рэйнхаўзэне быў візітаваны, дык мяне адразу пазналі філіпсбуржцы, схапілі і адпэндзілі ў Філіпсбург, дзе я зноў упрогся ў мушкецёрства, што вельмі засмуціла майго добрага карнэта і мяне самога, бо нам давялося раз’ехацца. Але ён не адважыўся ўмяшацца ў мае дачыненні, бо яму самому давялося парупіцца ў добрую сілу, каб працерабіцца далей.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
Сімпліцы ўпадае з заганы ў загану, а паспавядацца не хоча каппану
Ну вось, зычлівы чытач цяпер ведае, якая небяспека насела на мае жыццё. А што да небяспекі душы, дык варта ведаць, што я, носячы свой мушкет, даволі зваўкавацеў, стаў чалавекам, які не дужа турбуецца ні за Бога, ні за сваё слова: ужо не было такога зладзейства і ліхой вычваркі, каб я не быў здольны ўтачыць туды свой нос. Тут ужо былі забытыя ўсе міласціны і даброці, спасланыя Госпадам; я не маліўся ні за часовае, ні за вечнае шчасце, а толькі з вераю ў старога імператара жыў быдла быдлам. Ніхто не паверыў бы, што выхаваў мяне пабожны пустэльнік. Рэдка хадзіў у царкву і зусім не дзеля споведзі; і, зусім жа не думаючы пра сваё душэўнае выратаванне і мігдалы нябесныя, уядаўся ў косці
сваім блізкім. Я ганіў людзей не толькі ўпотай, але і адкрыта, абы толькі нагода якая давалася. Падвярніся толькі хто пад гарачую руку, а не перапушчу, я нават хваліўся, што, бадай, ніхто не ўнік маіх кпінаў. За гэта мяне часта лупцавалі, а яшчэ часцей садзілі на драўлянага асла, мне нават пагражалі шыбеніцай і шворкай, але ж нічога не памагала, я і далей жыў, забыўшы Бога, як набягала, аж здавалася, быццам усё паставіў на кон і стрымгалоў ляцеў у пекла. I хай я не ўчыніў ніякага ліхадзейства, вартага смерці, але настолькі зацяўся ў грахоўнасці, што, не лічачы ведзьмароў і садамітаў, наўрад ці можна было б знайсці большага баламута і гарэзу.
Гэта змеціў наш палкавы каплан і, як што ён быў сапраўды пабожны руплівец душэўнага ратавання, дык на вялікім тыдні паслаў па мяне, каб папытацца, чаму гэта я не з’явіўся да споведзі і камуніі. А я, пасля многіх шчырадушных ушчуванняў, абышоўся з ім, як колісь са святаром у Л., і гэты сумленны і добры чалавек анічога ад мяне не дабіўся. I калі ўжо здавалася, што святая вада і алей былі патрачаны на мяне марна, ён сказаў напаследак: «Ах, нябога чалавекі А я ж думаў, што ты памыляешся ад няведання, а цяпер вось заўважаю, што ты закасцянеў у грахах ад бязбожнасці і ліхіх намыслаў. Ах, хто ж, думаеш сабе, паспагадае маёй беднай душы і пашкадуе за яе пагібель? Са свайго боку на почут усім звястую перад Богам і людзьмі, што не прымаю віны за тваю пагібель, бо рупею і дбаю і буду няспынна рачыць, каб здабыць табе вечнае выратаванне, а калі гаротная душа твая пакіне цябе ў цяперашнім тваім запамарачэнні, дык мне не застаецца нічога іншага, як пахаваць цябе не на асвячонай зямлі разам з дабрамыснымі хрысціянамі, а каля скуралупні, куды сцягаюць усякую падлу, альбо ў такім месцы, дзе закопваюць такіх самых, як ты, аблуд і адышлых без пакаяння».
Гэтая суровая пагроза гэтак жа мала дастала мяне, як і ранейшыя ўмаўленні, і не з якое там прычыны, а толькі таму, што я саромеўся спавядацца. О, які я быў дурань! Я ча-
ста расказваў пра свае выхілясы цэлай кампаніі, і нічога, яшчэ і прыбрэхваў дзеля аздобы, а цяпер, калі павінен быў пакаяцца і паслухмяна прызнацца ў грахах аднаму чалавеку замест Бога, атрымаць дараванне, дык вось маўчаў, як жарсцвяк. Я сказаў правільна: жарсцвяк, бо і праўда жарсцвяк, калі сказаў: «Я служу імператару як жаўнер, і калі я памру як жаўнер, дык не дзіва, калі і мяне прыграбуць, як і іншых жаўнераў, якіх зусім не заўсёды хаваюць на асвечанай зямлі, а часта дзе-небудзь у чыстым полі пад калінай, у канавах, а то і ў страўніках у ваўкоў і крумкачоў і не мусова на могілках».
I вось развітаўся я з гэтым духоўнікам, які з усім сваім святым дбаннем за ратаванне маёй душы ані кропелькі ў мяне нічым не пажывіўся, апрача таго, што аднаго разу я паднёс яму зайца, чаго ён часта прасіў у мяне пад тую зачэпку, што яму дужа-такі абыходзіць самому ставіць сілкі, бо калі пятля захлісне яго самога і забярэ з жыцця, дык непрыстойна будзе аддаць яго як удушэнца пахаванню на неасвечанай зямлі.
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ
Сімпліцы Хэрцбрудэра зноў сустракаежаўнерская клятва навекі яднае
Дык вось, ніякага паляпшэння маёй духоўнасці не настала; чым далей, тым больш я зацінаўся. Аднаго разу палкоўнік сказаў мне, што калі ўжо я не хачу паводзіцца прыстойна, дык ён прагоніць мяне як нягодніка. Але ведаючы, што сказана было пад гарачую руку, я весела адказаў, што гэта можна зрабіць не толькі лёгка і без лішняй прыкрасці мне, калі толькі ён са мною за кампанію адпусціць і прафузавага піздрыка. I той махнуў на мяне рукою, зразумеўшы, што караю не запалохаеш, што можна ўтрымаць мяне толькі дабром, даўшы поўную волю; а таму і я з нудам і болем у сэрцы
мусіў застацца ў мушкецёрах і цярпець голад, аж пакуль не настала лета. Аднак чым бліжэй падступаўся са сваім войскам граф фон Гёц, тым бліжэй было і маё вызваленне, і вось, калі граф асталяваў сваю штаб-кватэру ў Брухзале, мой добры Хэрцбрудэр, якога я як верны сябар выручыў грашыма ў табары пад Магдэбургам, быў пасланы генералітэтам у нашу крэпасць з даручэннем, і тут яго прынялі з вялікай учтай. Я якраз стаяў на варце перад пакоямі палкоўніка, калі там задавалі гасціну; і хоць Хэрцбрудэр быў у чорнай аксамітавай камізэлі, я пазнаў яго з першага позірку, але не адважыўся загаварыць да яго адразу, каб ён пры такой сіцжме людзей не засаромеўся мяне, а то ж бо мог і зусім не знацца са мною, бо як з вопраткі, дык ён быў на высокіх пасадах, а хто я? вашывы, задрыпаны мушкецёрык. Калі мяне змянілі, я папытаўся ў слугі пра імя і званне ягонага гаспадара, каб ужо быць зусім пэўным, што не абазнаўся, але і тут не набраўся духу загаварыць з ім, а напісаў яму вось гэтае пісьмо і раніцай аддаў камердынеру:
«Мсьё, etc. Калі майму высокашляхетнаму васпану заўгодна будзе таксама і цяпер уратаваць з найгаротнейшага ў свеце становішча, у якое закінула яго гульня непастаяннай Фартуны, таго, каго ён аднойчы сваёй адвагай выбавіў з кайданоў у час бітвы пад Вітштокам, дык гэта не толькі не запатрабуе ад яго асаблівых намаганняў, але і дасць яму вечна ўдзячнага і без таго заўсёды адданага слугу, а сёння найнешчаслівейшага і пакінутага
Сімпліцысімуса».
Як толькі ён прачытаў пісульку, тут жа і загадаў упусціць мяне і сказаў: «Зямляк, а дзе той хлопец, які даў табе гэтую запіску?» Я адказаў: «Пане, ён сядзіць у палоне ў гэтай крэпасці». «Добра, сказаў ён, дык ідзі і перадай, што я дапамагу яму, нават калі на яго ўжо накінулі шворку». Я сказаў: «Пане, няма на тое патрэбы, аднак жа дзякую за такую рэдкую ў наш час гатоўнасць». I, бачачы, што ён уважлівы, я дадаў: «Я ж той самы бедны Сімпліцысімус,
які прыйшоў цяпер, каб падзякаваць за выратаванне пад Вітштокам, а таксама і з просьбаю зноў вызваліць яго ад мушкета, які мусіў узяць супроць сваёй волі», Ён не даў мне дагаварыць, абняў мяне і запэўніў, што гатовы дапамагчы. Адным словам, ён зрабіў усё, што толькі можа зрабіць верны сябар; яшчэ не распытаўшы, як я трапіў у крэпасць і мусіў несці такую службу, паслаў свайго слугу да тамтэйшых жыдоў купіць мне каня і вопратку. А тым часам я расказаў яму, як ягоны бацька памёр пад Магдэбургам, а даведаўшыся, што я той самы Лавайчык з Зёста, пра якога ён шмат начуўся жаўнерскай пахвальнасці, ён пашкадаваў, што не распытаўся пра гэта раней, бо ўжо тады мог бы дапамагчы мне атрымаць добрае месца.
А калі явіўся жыд, наладаваны самым розным жаўнерскім адзеннем, Хэрцбрудэр выбраў самае лепшае, сказаў мне апрануцца і пайшоў са мною да палкоўніка. I сказаў таму: «Пане, у вашым гарнізоне сустрэў я жаўнера, які стаіць перад вамі, якому я абавязаны так многім, што не магу згадзіцца, каб ён заставаўся ў такім нізкім званні, хоць бы ён сваімі якасцямі і не быў бы варты лепшага; дзеля гэтага прашу пана палкоўніка, ці не заўгодзіцца яму зрабіць мне вялікую ласку: альбо ўладзіць яму павышэнне, альбо дазволіць мне ўзяць яго з сабою, каб памагчы падняцца па службе ў войску, на што, магчыма, пан палкоўнік тут і не маюць аказіі». Палкоўнік перажагнаўся ад здзіўлення, калі пачуў, што нехта мяне пахваліў, і потым сказаў: «Хай не ўгневаецца высокашаноўны мой пан, калі я думаю, што яму заўгодна толькі выпрабаваць мяне, ці гатовы я служыць яму гэтак сама, як ён таго дастоіцца; і калі ён так думае, дык няхай спатрабуе што-небудзь іншае, што ў маёй уладзе, каб я мог выявіць усю маю гатоўнасць. А што да гэтага хлопца, дык, паводле ягоных слоў, ён належыць не мне, а да палка драгунаў, да таго ж гэты дзяцюк такі дурны і хітрамысны, што з таго часу, як ён тут, майму прафузу дадалося працы больш, чым раней было на цэлы полк, так што я і праўда
думаю, што яго ні ў якой вадзе не ўтопіш». Закончыў ён, засмяяўся і пажадаў мне поспехаў на полі змагання.
Аднак гэтага было майму Хэрцбрудэру мала, і ён папрасіў яшчэ ў палкоўніка, ці не будзе ён пярэчыць, каб запрасіць мяне да стала, на што той згадзіўся. А на заканчэнне пры мне расказаў палкоўніку ўсё, чаго наслухаўся пра мяне ад графа фон дэр Валя і каменданта ў Зёсце, распісаўшы аж так, што прысутныя павінны былі палічыць мяне за найлепшага жаўнера. Пры гэтым я трымаўся так сціпленька, што палкоўнік і яго падначаленыя, якія ведалі мяне раней, не маглі падумаць інакш, як толькі тое, што разам з новай вопраткай я зрабіўся зусім іншым чалавекам. А калі палкоўніку закарцела даведацца, як да мяне прыляпілася прозвіска «доктар», як мяне называлі, я расказаў пра сваё падарожжа ад Парыжа да Філіпсбурга і колькі мужыкоў я ашукаў, каб насыціць сваю нутробу, з чаго яны нямала парагаталі. Нарэшце адкрыта прызнаўся, што меў намер самымі рознымі ліхамыснымі інвенцыямі так яго, палкоўніка, дастаць і вымучыць, каб ён мусіў спраторыць мяне з гарнізона і здабыць сабе спакой, пазбыўшыся ўсіх нараканняў на мяне.
Пасля палкоўнік расказаў пра процьму вычудаў, якія я ўчыніў за той час, што быў у гарнізоне, а менавіта, як я нагатаваў гароху, зверху заліў растопленым лоем і прадаў за сапраўдны шмалец; item поўны мех пяску за чыстую соль: наклаў пясок на дно, а зверху насыпаў солі; далей, як я вадзіў за нос то аднаго, то другога і даймаў усялякімі пашквілямі; увесь абед толькі і гаворкі было пра мяне, што нарабіла шмат здзіўлення і смеху. Аднак калі б у мяне не было такога выдатнага сябра, дык усе мае ўчынкі былі б палічаны вартымі пакарання. Пры гэтым я атрымаў выдатны прыклад таго, як яно бывае пры двары, калі сёй-той нягоднік і хітрун у фаворы ў караля.