Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Я ахвотна запярэчыў бы Оліверу, што тыя самыя пустэльнікі-людзі, у тым ліку і ён, якія няславяць і бэсцяць храмы, ужо адным гэтым самым паставілі сябе ў вялікую агуду. Але як што я не давяраў яму і не было ў мяне лішняй ахвоты яшчэ раз братацца з ім, каб абараніць сваё жыццё, дык дазволіў яму адолець мяне. Пасля гэтага ён папрасіў, каб я расказаў яму ўсё, што сталася са мною з таго часу, як мы разышліся пад Вітэнбергам, і адкуль у мяне ўзялася ідыёцкая вопратка, у якой я з’явіўся ў магдэбургскім табары? Але як што я быў даволі вялы з прычыны хваробы горла, дык я перапрасіўся і папрасіў яго, можа, ён спярша раскажа пра свае прыгоды, якіх, мабыць, у яго па завязкі, і мне пашанцавала, бо Олівер згадзіўся і панарасказваў мне такіх рэчаў, што я мог бы лёгка падумаць: калі б я да таго расказаў яму пра ўсё, што я ўчыніў з таго часу, як стаў жаўнерам, дык ён, несумненна, скінуў бы мяне са званіцы, пра што чытач даведаецца з далейшых раздзелаў.
РАЗДЗЕЛ ВАСЯМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы слухае, як Олівер змалку умеў уваткнуіуь у калёсы палку
«Мой бацька, пачаў Олівер, нарадзіўся непадалёк ад горада Аахена ад людзей незнакамітых, таму, падросшы, мусіў паступіць на службу да багатага купчыны, які справаваў у масянжовым гандлі. Ён паказаў сябе такім дзельнікам, што купец навучыў яго пісаць, чытаць і рахаваць і паставіў яго над усім сваім гандлем, як калісьці за даўнейшым часам Патыфар Язэпа над сваёй гаспадаркай. Гэта паспрыяла добрай дагодзе і таму і другому, бо руплівасць і прадбачлівасць майго бацькі чым далей тым больш множыла багацце патрона і гонар майго бацькі, які аж так узвысіўся, што пачаў саромецца сваіх бацькоў, на што яны марна наракалі. Калі ж бацьку майму стукнула дваццаць пяць, купец загавеў светам, пакінуўшы старую ўдаву і дзеўку-дачку, якая незадоўж да таго дала маху, ды каб жа якому, а то ж лавачнаму служку, ды і прыпузілася, акацілася хлопчыкам, які неўзабаве юркнуў следам за дзедам. Калі мой бацька агледзеў, што дачка засталася без роду і без прыплоду, але ж не без грошай, ён не паглядзеў на тое, што яна падмахнула да шлюбу, а, падлічыўшы яе багацце, падбабіўся, падбіў ёй клінкі, што ўдава вельмі ахвотна прыняла не толькі дзеля таго, каб начапіць вяночак на даччын грэх, але і таму, што мой бацька добра шалопаў у гандлі і кумекаў лепш за любога жыда ў ліхвярскім гешэфце. I вось, сам таго не чакаючы, пасля такога вяселейка бацька мой стаў багатым купцом, а я яго першым спадчыннікам, якога ён выгадаваў у поўным дастатку і раскошы. Мяне выстрэнчвалі, як шляхцюка, кармілі, як барона, а ва ўсім астатнім танянекалі і пялегавалі, як графа, за што я павінен дзякаваць больш медзі і цынку, чым золату і срэбру.
Ужо на восьмым годзе праклюнулася, штб з мяне вырасце, бо маладая крапіва балюча стрыкае. Мне было дазволена ўсе, любое махлярства, любое шахрайства, і калі выпадала ўрэзаць якую-небудзь штуку, я ўжо не перапускаў, бо ні бацька, ні маці ніколі ні за што не каралі. Я з аднагодкамі і старэйшымі ліхарэзамі на скрут галавы гойсаў па вулках і смела лез у любую закалотку з дужэйшымі за сябе; а калі, бывала, скрояць мне порткі і ў цымбалы ўваляць, бацькі мае абураліся: «Што такое? Такі вялікі ўбоіна з дзіцем зацінаецца!» А калі падпускаў завусеня я, бо я ж драпаўся, кусаўся, біў куды папала і чым зарваў, яны казалі: «Наш Оліверка чалавекам будзе, каго хоч куды хоч заткне!» Натуральна, нахрапістасць толькі расла. На малітву я быў яшчэ немаўлятка, а калі маліўся, як рамізнік, дык гэта азначала, што я яшчэ немысель. Так, дзень у дзень я рабіўся ўсё больш і больш няўпраўны, аж пакуль мяне не паслалі ў школу. А ўжо там, што б ні прыдумалі ліхія свавольнікі, якія ўсё-такі баяліся дубца і не ўсё рабілі самі, я рабіў без разбору. Калі я драў кнігі альбо пэцкаў іх кляксамі, маці хутка даставала мне новыя, на што, зрэшты, мой скупы бацька зусім не гневаўся; а калі я чворыў зусім нахаёныя злыдствы, напрыклад, біў камянямі шыбы ў людзей, бо чаму б і не! дык умеў так жаласна адгаварыцца, што і тут у бацькі на мяне рука не падымалася. А ўжо настаўніку дапякаў, хай бог крые! А той не адважваўся на строгасць, бо меў важкія дарункі ад бацькоў і выдатна ведаў пра іх неакілзаную, рассупоненую малпіную любоў да свайго чада. Улетку лавіў я ў полі конікаў і напускаў іх у школу канцэрты былі шыкоўныя; узімку краў сушаную чамярыцу і высыпаў яе каля таго месца, дзе вучням давалі дубца. Калі караны пачынаў брыкацца, што бывала часта, мой парашок падымаўся хмарай, і ўсе чыхалі пацеха была вялікая. Другім разам я забіў адным стрэлам двух зайцоў, што мне вельмі ўдалося: падстроіў настаўніку ляпу і ўсё зваліў на другога, які выдаў мяне, калі я страляў з ключа,
напхаўшы яго порахам. Паслухай, як спрытна я ўсё гэта зладзіў! Я ўзяў замерзлы гаўняк, што мужыкі складваюць пад плот, прыйшоў зараней у школу, распароў скураную падушку на крэсле ў настаўніка, паклаў туды і зашыў. А іголку з зялёнай ніткай, якая яшчэ звісала з вушка, уваткнуў пад каўнер майму ворагу, калі мы грэліся каля печы, ды так, што нітка звісала вонкі. I як толькі настаўнік усеўся на мой гасцінец, размяў і ўгрэў яго, пайшоў такі смурод, што хоць нос затыкай. I тут пачалося, бо ўсе давай абнюхваць адзін у аднаго задніцы, як сабакі пры сустрэчы; нарэшце знайшлі прычыну, якраз там, дзе я яе падклаў. А настаўнік па зялёнай нітцы адразу спетрыў, што след тут свежанькі, ды і па самой зашыўцы відаць было, што не кравецкая тут праца. Тым часам усе бажыліся, што не, не ён, не ён, а настаўнік загадаў учыніць вобыск, каб знайсці іголку. Іголкі, праўда, знайшлі ў некалькіх хлопчыкаў, але ўсе з белымі ніткамі, так што ніводзін з іх не падпадаў пад вінаватага. А калі ўжо ўсе падумалі, што небяспека мінула, хлопчыкі заўважылі зялёную нітку, што звісала з-пад каўняра майго ворага, пра што было адразу абвешчана, і невінаватаму як неабвержна выкрытаму злачынцу нашлогалі ў семпітэрню1, каб сесці не мог, а я толькі пасмейваўся ў кулак. Пасля таго мне ўжо здалося надта простым рабіць звычайныя пракуды і ўсе свае каверзы я чыніў паводле гэтага ўзору. Часам украду што ў аднаго і падсуну ў торбу другому, калі хачу падвесці пад шалабоны; такім чынам мне ўдавалася рабіць усё шыта-крыта цуцык здох, і я амаль ні разу не засыпаўся. Няма чаго panep расказваць пра баталіі, якія мы ўчынялі пад маёй камандай, item, пра грымакі, якія і мне перападалі (я вечна хадзіў з падрапанай мордай і гузакамі на галаве); кожны і без таго ведае, што робяць хлапчукі. Так што ты па расказаным можаш меркаваць, які я быў замаладзь ва ўсім астатнім».
1 Укінулі ў задніцу (стар. бел.). 382
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Сімпліцы слухае, якія Олівер штукі ўчыняў у Лютыху1 замест навукі
«Як што багацце майго бацькі дзень у дзень множылася, дык прыбавілася таксама і нахлебнікаў і прыпахлебцаў, і яны на ўсе лады расхвальвалі маю здольную да навук галаву, але замоўчвалі ўсе ліхія схілкі, a то і спрытна іх апраўдвалі; бо добра ведалі і носам чулі, што калі яны гэтага не будуць рабіць, дык не спадобяцца ласкі ні ў бацькі, ні ў маці. Таму бацькі мае нарадавацца не маглі з мілага сынка, як тая мухалоўка, што выседзела зязюльку. Яны нанялі мне прыватна-асабістага прэцэптара-гувернёра і паслалі мяне з ім у Лютых больш дзеля таго, каб я авалодаў раманскімі мовамі, чым каб пайшоў у навукі, бо ім патрэбен быў з мяне не тэолаг, а негацыянт. Прэцэптару было загадана не трымаць мяне ў чорным целе, каб не прышчапіць баязлівасці і рабскага духу. Ён павінен быў увесці мяне ў кампанію хлапцоў-удальцоў, каб выпыліць з мяне ўсякую сарамяжлівасць, і памятаць, што яны, бацькі, хочуць зрабіць з мяне не манаха, а чалавека свецкага, які ўмецьме адрозніць чорнае ад белага.
Але памянёнаму прэцэптару такія інструкцыі не былі патрэбныя, ён сам быў добры вырвіхвост; што ён меў абараняць альбо папраўляць, калі сам чворыў у сто разоў горшае? Бо што ўжо бабнік ды жлукта быў дык першы; а я з натуры больш схільны да лупцовак і закалотак; таму мы з ім ды з падобнымі да яго швэндаліся начамі па вулках і завулках, і неўзабаве я набраўся ад яго ўсякіх пахібаў больш, чым лаціны. А што да навукі, дык я паклаўся на сваю добрую памяць і здаровы глузд, а праз гэта запусціў усё, што можна было, затое ў астатнім ва ўсіх заганах, махлярствах і замешках быў на поўнай вышыні; сумленне маё
1 Нямецкая назва горада Льеж у Фландрыі.
было настолькі шырокае, што вялізная фура з сенам праехаць магла. Мне пляваць было, каго я там у кірсе на казані чытаю, Бэрні, Бурчэла ці Арэтына1, наймілей ва ўсім набажэнстве былі мне словы: «Ite, missa est»2. Пры гэтым я зусім не лічыў сябе свінтухом, я лічыў сябе проста настойлівым чалавекам. Кожны дзень быў мне Мартынавым вечарам, кожны дзень быў фэстам, і як што я ўсюды трымаўся панпанам, і як што прасаджваў і тапіў у юкле не толькі ўсё, што шчодра прысылаў бацька на скрайнія патрэбы, але і матчыны «грошыкі на малачко», дык паднаджвалі нас да сябе і розныя паненкі, асабліва майго прэцэптара. У гэтых патаскух я навучыўся шляганіцца, распуснічаць, гуляць у косці; бушаваць, сварыцца і біцца я ўмеў і раней; а мой прэцэптар не заважаў мне набіваць горла і пуза, бо і сам быў не дурны выпіць і закусіць на дурніцу і папасвіцца разам са мною на чужой мураўцы. На гэтай шляхетна-вольнай студэнцкай вольніцы абвешаліся мы шлюхамі больш, чым браты-якабіты ракаўкамі3, хоць я быў яшчэ даволі малады. Доўжылася гэтая любата паўтара года, пакуль не даведаўся бацька, калі пра ўсё паведаміў яму ягоны фактар4 у Лютыху, у якога мы спачатку мелі стол. Фактар атрымаў загад прыглядваць за намі стражэй, прэцэптара прагнаць, на мне падцягнуць тужэй лейцы і ў далейшым абмежаваць мяне ў грашовых выплатах. Гэта засмуціла нас абодвух, але хоць ён, прэцэптар, атрымаў адстаўку, мы так і не пакінулі адзін аднаго і бурдолілі дзень у дзень, ноч у ноч напрапаш-
1 Італьяскія паэты XV-XVI ст., якія тварылі ў абсалютна рознай стылістыцы ад узвышанай (Бурчэла) да вульгарна-грубай (Арэтына).
2 Канец імшы (ляц.).
3 Манахі-якабаты былі вядомыя тым, што гандлявалі ракавінкамі, якія яны ў вялікай колькасці прывозілі пасля пілігрымак у Сант-Яга-дэ-Кампастэла.
4 Гандлёвы пасярэднік.
ча. Але ўжо не могучы, як раней, раскідацца грашмі, мы далучыліся да кампаніі, якая па начах распранала на вуліцах людзей альбо ж нават і тапіла ў Маасе. А ўсё здабытае з такой небяспекай мы прамантачвалі з нашымі паблядушкамі і амаль зусім закінулі навукі.