Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
пераймаўся, не могучы наважыцца на што-небудзь пэўнае, вярнуўся Олівер разам з нашым селянінам. Ён правёў нас разам з коньмі на хутар, дзе мы падсілкаваліся і па чарзе паспалі па некалькі гадзін. Папоўначы мы паскакалі далей і да полудня паспелі да швейцарскіх пастоў, дзе Олівера добра ведалі і зладзілі нам выдатны пачастунак. I пакуль мы весяліліся, гаспадар паслаў па двух жыдоў, якія купілі ў нас коней за паўцаны. Усё было зроблена так гладка і міла, што не спатрэбілася лішніх дэбатаў. Галоўнае, пра што спыталіся жыды, гэта: «Чые гэта коні імперскія ці шведскія?» Даведаўшыся, што вэймарскія, разважылі: «Ага, дык іх трэба гнаць не ў Базэль, а ў Швабію да баварцаў!» вельмі здзівіўшы мяне сваёй вялікай абазнанасцю і шчырасцю.
Мы банкетавалі па-панску, тутэйшыя стронгі і ракі былі нам сама да смаку. А як што ўжо й звечарэла, мы зноў рушылі ў дарогу, наладаваўшы нашага селяніна, як асла, кумпякамі і ўсякай іншай страўнасцю; з усім гэтым мы на другі дзень завярнулі на адзінокі сялянскі двор, дзе нас прынялі гасцінна і ласкава; мы прабавілі там некалькі дзён з прычыны благога надвор’я, бо вецер, дождж і снег не дужа прыемныя спадарожнікі. Потым прабраліся суцэльным лесам і рознымі сцежкамі да таго нашага дамка, куды мяне Олівер прывёў першага разу, калі браў з сабою.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
Сімпліцы бачыць: адзін ён застаўся, як прадказана, за Олівера паквітаўся
Калі мы так аселі адпачыць і пад’есці, Олівер паслаў селяніна купіць што-небудзь з ежы, а таксама пораху і шроту. Калі той пайшоў, Олівер зняў каптан і сказаў: «Браце, не магу я так далей адзін цягаць гэтыя чортавыя грошы», пасля адвязаў некалькі каўбасак, валікаў такіх, якія ён насіў
на голым целе, кінуў іх на стол і сказаў: «Ты таксама павінен папрацаваць і панасіць, пакуль набяром, каб хапіла абодвум на чорны дзень; гэтыя праклятыя каўбасы намулялі мне бакі; не магу іх больш цягаць на сабе». Я адказаў: «Браце, калі б іх у цябе было столькі, як у мяне, дык не намулялі б». «Што? перабіў ён мяне. Ведай, што маё, тое і тваё, а што здабудзем разам напалам!» Я падняў абодва мяшэчкі і адчуў, што яны цяжкія, бо накладзены шчырым золатам. Я сказаў, што ўсё гэта складзена вельмі нязручна і калі яму заўгодна, дык можна ўсё так зашыць, што насіць будзе лягчэй. А калі ён даў мне на гэта волю вольную, я пайшоў з ім да дуплястага дуба, дзе ў яго былі схаваны нажніцы, іголкі і ніткі; так з пары штаноў я скроіў яму і сабе па пары наплечнікаў, упакаваў у іх мілыя чырвоныя манеткі, і, калі мы надзелі гэтыя наплечнікі пад кашулі, атрымалася, што як бы на нас былі спераду і ззаду залатыя панцыры, што было якраз вельмі дарэчы, бо гэга давала дадатковую бяспеку, калі не ад кулі, дык, прынамсі, ад шаблі. Я падзівіўся і спытаўся ў яго, чаму пры ім няма срэбра, і ён адказаў, што яно ў яго схавана ў дупле, больш за тысячу дукатаў, якімі ён дазволіў апекавацца мужыку, і дакладнага ліку ім не ведае, бо ў грош не ставіць такія авечыя бобахі, як срэбра.
Калі са швівам было скончана і грошы былі ўкладзены, мы выправіліся ў наш ложамент, дзе ноччу гатавалі ежу і грэліся каля печы. А ўдзень, каля гадзіны, калі мы меней за ўсё таго чакалі, у нашу хатку шырока расхлябеніліся дзверы і ўвальваюцца шасцёра мушкецёраў з капралам, са зброяй напагатове і запаленымі кнатамі; яны заяглілі на ўсё горла, каб мы ім здаваліся. Аднак Олівер, які, як і я, заўсёды трымаў пры сабе зараджаны мушкет і востры меч і якраз сядзеў за сталом, калі я стаяў за дзвярмі каля печы, адказаў ім некальімі кулямі, ад якіх двое адразу грымнуліся на падлогу, а я двума стрэламі паклаў трэцяга і скалечыў чацвёртага. Потым Олівер вышмаргнуў з похваў востры меч, які выручаў яго з любой бяды, ды такі востры,
што рэзаў волас і можа быць параўнаны са славутым мячом Калібурнам англійскага караля Артура, і разваліў пятага ад пляча да пупа, аж з яго ўсе тэльбухі вывернула і ён агідна паваліўся ва ўсе гэта сваё. Тым часам я навярнуў шостаму прыкладам па галаве, ён і ногі выпруціў. Такую самую порцыю сам Олівер атрымаў ад сёмага, ды такое сілы, што мазгі вылецелі; а я сваім цёнгам гваздануў гэтага сёмага, і ён лёг побач за добрую кампанію, не кеўкнуўшы. А калі паранены, якога я падстрэліў спачатку, убачыў такі ўдар і заўважыў, што я павярнуў мушкет і хачу выбіць з яго астатні дух, ён кінуў сваю зброю і давай уцякаць, быццам яго сам чорт гнаў. На ўсю гэтую баталію пайшло часу не больш чым каб сказаць пацеры, сямёра адважных жаўнераў ляжалі гатовенькія.
I такім чынам запанаваўшы адзін над полем сечы, я агледзеў Олівера, ці не засталося ў ім якога каліўца жыцця, не, не засталося, ён не дыхаў; я разважыў, што няварта пакідаць мёртваму столькі грошай, якія яму ні на што ўжо не патрэбныя; я зняў з яго залатую шкуру, якую толькі ўчора пашыў яму, і павесіў на плечы паўзверх сваёй. I як што мушкет мой быў разбіты, дык я забраў Олівераў, а таксама ягоны востры баявы меч; узброіўшыся на ўсякі раз, я даў дзёру па той самай дарозе, па якой, як я ведаў, павінен быў вяртацца наш селянін. Я сеў крыху наўзбоч ад таго месца, каб яго дачакацца, агледзецца і падумаць, што ж рабіць далей.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
Сімпліцы страчае названага брата, які бадзяўся ў плюндрах і латах
He праседзеў я і паўгадзіны ў развагах, аж, гля, наш мужык, засопся, як мядзведзь; бяжыць штомоцы і не згледзеў мяне, пакуль я яго не дагнаў. «Куды ляціш? пытаюся. -
Што новага?» Ён адказвае: «I не пытайся, уцякай хутчэй! Сюды ідзе капрал з шасцю мушкецёрамі, а ў іх загад узяць пад варту цябе і Олівера і жывых ці мёртвых даставіць у Ліхтэнэк1. Яны і мяне захапілі і загадалі весці сюды, але па дарозе я ўцёк і вось прыбег». Я падумаў: «Ах ты, чмурыла! Засыпаў нас, каб прысабечыць дупло»; але не падаў выгляду, бо мне быў патрэбен праваднік, а сказаў толькі, што Олівер і усе, хто меўся ўзяць нас пад варту, вунь яны там, ляжаць, ножкі згарнуўшы. А як што мужык не даваў веры, я зрабіў ласку, пайшоў з ім на месца, дзе ён на свае вочы ўбачыў тую ліхату сем трупаў. «Сёмаму з тых, што прыйшлі па нас, я даў уцячы, і бачыць Бог, калі б я мог зноў ажывіць палеглых тут, я б так і зрабіў!» Мужык аслупянеў ад жаху і дзіва і ўсклікнуў: «Што ж рабіць?» Я адказаў: «Што рабіць, ужо ясна! Выбірай адно з трох: альбо ты зараз правядзеш мяне праз лес у Філінген, альбо пакажаш дупло, дзе схаваныя грошы Олівера, альбо памрэш на месцы і зробіш добрую кампанію гэтым падлам! Калі правядзеш у Філінген, грошы застануцца табе аднаму, а пакажаш дупло, падзелім напалам, а калі ні тое, ні другое, я прыстрэлю цябе і пайду сваёй дарогай, а грошы ні мне, ні табе». Мужык з вялікай ахвотай умыкнуўся б ад мяне, але баяўся мушкета, а таму бухнуў на калені і выбраў першае. I вось мы, у вялікім спеху і без ежы, пітва і адпачынку, рушылі і ішлі ўвесь той дзень і ноч, бо, на наша шчасце, было даволі светла, а пад раніцу ўбачылі горад Філінген, дзе я і адпусціў мужыка. На гэтай дарозе мужыка падганяў страх, а мяне жаданне ўратаваць жыццё і свае грошы, і я амаль паверыў, быццам золата дадае чалавеку сілы, бо хоць я нёс на сабе вялікі цяжар, аднак не адчуваў, каб вельмі стаміўся.
Я палічыў за добры знак нябёсаў, што, калі я падышоў да Філінгена, гарадская брама была адчынена. Каравульны афіцэр учыніў мне допыт, і калі пачуў, што я назваўся
1 Замак у Брайсгау. 400
вольным райтарам з таго самага палка, які мне вызначыў Хэрцбрудэр, вызваліўшы ад мушкецёрства ў Філіпсбургу, а таксама, што я ўцёк з лагера пад Брайзахам, ад вэймарцаў, куды трапіў пасля таго, як быў захоплены ў палон каля Вітэнваера і запхнуты сілаю ў іхняе войска, а цяпер вось хачу вярнуцца ў свой полк да баварцаў, ён прыставіў да мяне мушкецёра, які і завёў мяне да каменданта. Той яшчэ кволіўся ў ложку, бо за поўнач прашчыраваў за справамі, і мне давялося чакаць з добрых паўгадзіны каля ягоных дзвярэй, але як што людзі ішлі з ранішняй імшы, дык мяне з усіх бакоў абступілі гараджане і жаўнеры, усім хацелася ведаць, як там пад Брайзахам; ад гэтага вэрхалу прачнуўся камендант, які загадаў упусціць мяне.
Ён учыніў мне новы гізамант, а я адказваў усё тое самае, што і каля гарадское брамы. Потым ён распытаўся пра ўсякія прыватныя дробязі аблогі і ўсякае астатняе, і тут я прызнаўся, што тыдні два прабыў у аднаго малойца, які таксама быў з беглых, і з ім разам мы напалі на карэту і абабралі яе, спадзеючыся здабыць у вэймарцаў столькі, каб купіць коні, экіпіравацца і явіцца кожнаму ў свой полк; аднак учора на нас напаў капрал з шасцю мушкецёрамі, у выніку чаго мой прыяцель і яшчэ шасцёх, пасланых ад праціўніка, палеглі на месцы, а сёмы ўцёк, як і я, прычым кожны на свой бок. Пра тое, што я мерыўся прабрацца ў Л. у Вестфаліі да сваёй жонкі і што на мне два поўныя наплечнікі, я маўчаў, як мёртвы. I тое, праўду сказаць, я зусім не саромеўся, што прамаўчаў, бо што яму да таго? Ён не пытаўся, я не хлястаў языком, ён не цягнуў на рэмус, я не ўпіраўся, ён толькі не мог даць веры, што мы ўдвух з Оліверам паслалі ў поцьму шасцёх мушкецёраў, а сёмага завярнулі ў бегі, хоць мой прыяцель заплаціў за гэта жыццём. У час гэтага дыскурсу мне якраз надарыўся выпадак завесці мову пра выдатны меч Олівера, якім, вось ён пры мне, я нахваліцца не мог. I ён так спадабаўся каменданту, што я, каб адысці ад яго добрым манерам і атрымаць паш-
парт, мусіў памяняцца з ім на шпагу. I праўда, меч быў выдатны, прыгожы і ладны, на ім быў вытраўлены вечны каляндар, і магу пабажыцца, што ён быў выкаваны самім Вулканам у hora Martis1 і ўжо ж, напэўна, быў зроблены, як апісана ў «Скарбніцы герояў»2, і менавіта таму ўсе іншыя мячы ламаюцца аб яго і самыя бясстрашныя ворагі і адважныя, як ільвы, ваяры ўцякаюць, нібы зайцы. Калі ён мяне адпусціў і загадаў выпісаць мне пашпарт, я самай кароткай дарогай выправіўся на пастойны двор, дзе і сам не ведаў, ці то заваліцца спаць, ці пад’есці. Аднак рашыў спачатку спатоліць голад і таму загадаў прынесці мне ежы і напіткаў, раздумваючы, як я зладжу свой гандаль і пры маіх грошах ужо ж напэўна дабяруся да Л., да сваёй жонкі, бо ў мяне было столькі ж ахвоты вяртацца ў полк, як і скруціць сабе карак.
Тым часам, пакуль я аддаваўся ў думках такім спекуляцыям і прыдумваў розныя іншыя хітрыкі, у пакой прашкандыбаў нейкі малойчык з мыліцаю пад пахай; у яго была перавязаная галава, рукі на перавязі і такія страшныя лахманы, што я не даў бы за іх і гелера. Ледзь толькі карчомны слуга ўбачыў яго, як адразу хацеў прагнаць, бо ад яго нясцерпна смярдзела і ён быў увесь у вошах, імі можна было б абсыпаць швабскі стэп. А ён маліў-прасіў, каб яму, дзеля Бога, дазволілі пагрэцца, але дарма. Калі я ўмілажаліўся з яго і папрасіў за яго, таго пусцілі да печы, як валацугу. Ён глядзеў на мяне, як мне здалося, заходзячыся з голаду і неяк багавейна, пры гэтым некалькі разоў глыбока ўздыхнуў; і калі слуга выйшаў, каб прынесці смажаніны, ён падышоў да майго стала і працягнуў мне гліняны кубак. Я лёгка мог здагадацца, чаго ён падышоў, узяў ў яго кубак і наліў піва, перш чым ён паспеў папрасіць. «Ах, дружа, сказаў ён, -