Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
1 Гл. спасылку 1 на с. 240.
2 Магчыма, гаворка ідзе пра ананімную «Кнігу герояў» зборнік гераічных паданняў XV ст.
дзеля Хэрцбрудэра дай мне таксама крыху паесці!» Калі я пачуў гэта, у мяне сэрца захалонула, і я зразумеў, што гэта сам Хэрцбрудэр. Я ледзь не самлеў, калі ўбачыў яго ў такім бядотным стане, але сцерпеў, кінуўся яму на шыю і пасадзіў побач з сабою, бо нам абодвум слёзы засцілі вочы, мне ад жалю, яму ад радасці.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ
Сімпліцы слухае, колькі бедаў Хэрцбрудэр за час іх разлукі зведаў
Наша неспадзяваная сустрэча так нас уразіла, што мы не маглі ні есці, ні піць, а толькі апытваліся, што ды як сталася з кожным з таго часу, як мы бачыліся апошні раз. Але мы не маглі шчыраваць адкрыта, бо гаспадар і слуга ўвесь час шнуравалі туды-сюды. Карчмар здзіўляўся, што я не грэбую такім завашыўленым хлопцам, а я сказаў, што на вайне такое бывае часта. Як што я зразумеў, што Хэрцбрудэр дагэтуль быў у шпіталі і карміўся жабраваннем і што раны ягоныя кепска перавязаныя, дык умовіўся з гаспадаром, каб ён адвёў яму асобны пакой, паклаў Хэрцбрудэра ў ложак і загадаў паклікаць да яго найлепшага доктара, якога толькі можна было знайсці, а таксама краўца і швачку, каб апрануць яго і звесці ўсе вошы, якія стачылі яго да касцей. У мяне ў кашальку яшчэ вадзіліся дублоны, якія Олівер дастаў з рота ў мёртвага жыда. Я ляснуў імі па стале і сказаў Хэрцбрудэру так, каб чуў карчмар: «Глядзі, браце, вось мае грошы; хачу іх патраціць на цябе і праесці разам з табою», і гаспадар пачаў нам старанна прыслужваць. А фельчару я паказаў рубін, таксама дастаты з памянёнага халдэя, цаною прыкладна ў дваццаць талераў, і сказаў: «Як што тыя невялікія грошы, што пры мне, пойдуць на пракорм і на вопратку майму сябру, дык я намераны даць табе гэты рубін, калі толькі ты хутка паставіш на ногі памянёнага сябра»,
фельчар быў задаволены і таму ўжыў свае найлепшае лячэнне.
Дык вось, даглядаў я Хэрцбрудэра, як сваё другое Я; аддаў пашыць яму простае адзенне з шэрага сукна, але спярша выправіўся да каменданта з-за пашпарта і паведаміў яму, што сустрэў цяжка параненага прыяцеля і хачу дачакацца, калі ён паправіцца; а пакідаць яго тут не адважваюся, каб не адказваць за яго ў палку. Камендант пахваліў мой намер і дазволіў заставацца, колькі мне будзе мусова, і паабяцаў даць нам добры пашпарт, калі мой прыяцель уздольніцца на дарогу разам са мною.
А вярнуўшыся да Хэрцбрудэра і сеўшы каля ягонага ложка, я папрасіў яго расказаць мне, як ён трапіў у такую бядоту; бо я ўжо быў падумаў, што, можа, з якой-небудзь важнай прычыны ці з якой-небудзь прамашкі яго пазбавілі ранейшага высокага звання і гонару і ўвалілі ў цяперашнюю ліхату. А ён сказаў: «Браце, ты ж ведаеш, што я быў самы любімы і давераны сябар і фактар у фон Гёца; табе таксама даволі добра вядома, як нешчасліва закончылася мінулая кампанія, у якой ён быў галоўны генерал і камандзір, калі мы не толькі прайгралі бітву пад Вітэнваерам, але і не змаглі вызваліць з аблогі Брайзах. I як што пра тое пайшлі па свеце самыя розныя пагалоскі, дык памянёнага графа заклікалі да адказу і павезлі ў Вену, я ад сораму і страху па добрай волі ўвергнуў сябе ў такую мізэрнасць і часта зычыў сабе смерці ў такой нэндзы ці жыць употайкі, пакуль не выявіцца, што граф ні ў чым не вінаваты, бо, наколькі я ведаю, ён заўсёды быў верны рымскаму імператару. А што ён летась не меў ўдачы, дык, як я мяркую, трэба прыпісаць гэта не графавай памылцы, а прадвызначанасці ад Навышняга, які пасылае перамогу таму, каму хоча.
Калі мы надумаліся вызваліць з аблогі Брайзах і я ўбачыў, што ў нас справы ідуць ні хібка ні зыбка, як на заўтра збіраючыся, я ўзброіўся і пайшоў на абложны плывучы мост, нібыта адзін мог усё завяршыць, чаго тады не разумеў
і што, зрэшты, не было маім абавязкам; аднак я хацеў падаць прыклад астатнім, і, як летась улетку нам не ўдалося нічога зрабіць, дык, на шчасце ці на няшчасце, я апынуўся ў першых радах наступу, і мне першаму давялося сутыкнуцца з непрыяцелем, і тут пайшла пацеха. I хоць я быў першы ў наступе, аднак жа апынуўся апошні ў абароне, бо мы не вытрымалі шалёнага націску французаў і таму раней за іншых трапілі ў рукі ворагам. Мяне паранілі ў правую руку і амаль адразу ў сцягно, і я не мог ні бегчы, ні выхапіць шпагу; а як што цесната і небяспека не дазвалялі ні прасіць, ні даваць пардону, дык атрымаў я яшчэ і ўдар па галаве, ад якога ўпаў на зямлю, і як што на мне была добрая вопратка, дык мяне распранулі і скінулі, як мертвага, у Рэйн. У такой бядзе я паклікаў Навышняга і аддаўся яго святой волі, і калі я даваў розныя зарокі, дык адчуў яго заступніцтва: Рэйн выкінуў мяне на бераг, я заткнуў свае раны мохам, і хоць ледзь не замерз, аднак жа адчуў у сабе асаблівую сілу, так што здолеў адпаўзціся, бо мне памог Бог, і вось я, хоць і вельмі моцна скалечаны, трапіў да братоў-мэрадзёраў і жаўнерскіх жонак, якія пашкадавалі мяне, хоць мяне зусім не ведалі. Яны ўжо й не думалі пра шчаслівае вызваленне крэпасці, што мне спрычыніла боль большы, чым ад ран. Яны накармілі і абагрэлі мяне каля вогнішча, далі вопратку, і, перш чым я паспеў як след перавязаць свае раны, як убачыў, што нашыя змерыліся да ганебнага адступлення і прызналі справу за прайграную, што мяне вельмі засмуціла; я рашыў нікому не адкрывацца, каб і на маю долю не дасталася кпінаў, а таму прыстаў да некалькіх параненых з нашай арміі, з якімі ішоў фельчар. Яму я аддаў свой залаты крыжык з шыі, за што той перавязаў мае раны. Так я і вёў, дарагі Сімпліцы, сваё мізэрнае жыццё, пастанавіўшы нікому не адкрывацца, аж пакуль граф фон Гёц не выйграе справу. I цяпер, бачачы тваю вернасць і шчырую сардэчнасць, я атрымаў вялікую надзею, што мілажальны Бог яшчэ не пакінуў мяне, бо сёння раніцай, калі я ішоў ад nep-
шай імшы і ўбачыў цябе каля камендантавай кватэры, дык уявілася мне, што Бог паслаў цябе да мяне замест свайго анёла, які павінен прыйсці да мяне на дапамогу ва ўсякай маёй нягодзе».
Я суцяшаў Хэрцбрудэра, як толькі мог, і адкрыў яму, што ў мяне куды больш грошай, чым тыя некалькі дублонаў, якія я паказаў, і што ўсё гэта цяпер паслужыцца і яму; і тым часам расказаў пра пагібель Олівера і якім чынам я вымушаны быў адпомсціць за ягоную смерць, і гэта так падняло яго дух, што паспрыяла яго цялеснаму ацаленню, бо дзень у дзень раны ягоныя гоіліся лепей і лепей.
КНІГА ПЯТАЯ
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
Сімпліцы і сябар сардэчны ягоны ідуць у Швейцарыю на паклоны
Калі Хэрцбрудэр зусім ачуняў і залечыў свае раны, ён расказаў мне, як у цяжкай бядоце ён даў зарок адбыць паломніцтва ў Айнзідэльн. А як што цяпер ён зусім блізка ад швейцарскай граніцы, дык вось і думае ўчыніць гэта, кормячыся ў дарозе бедніцкай міласцінай; я быў вельмі рады пачуць гэта і прапанаваў яму свае грошы і кампанію, я нават хацеў адразу купіць два конікі, каб выправіцца з ім у падарожжа, праўда, не таму, што мяне парывала на тое пабожнасць і сумленне, а таму, што хацелася пабачыць швейцарскую рэспубліку, якая была адзінай дзяржавай, дзе працвітаў усімі жаданы мір. Мяне таксама парадавала, што падарожжа давала нагоду паслужыцца Хэрцбрудэру, бо я палюбіў яго, як самога сябе; але ён усё адхіліў: і маю дапамогу, і маю кампанію, спаслаўшыся на тое, што паломніцтва ўчыняецца толькі пеша, ды яшчэ пры гэтым трэба насыпаць у боты гароху. А калі ўжо мне аж так у галаву ўроілася скласці яму кампанію, дык гэтым я не толькі яму парушу ўмілаваную багавейнасць, але і сабе спрычыню вялікую няўдобіцу, бо ж ён ісціме вельмі няспешна, самапаглыблена. А дапамогі ад мяне не прыме, бо сумленне яму не дазваляе ў час такога святога чыну жыць на грошы, здабытыя смертазагубствам і разбоем, а звыш таго, не хоча ён уводзіць мяне ў вялікія траты і заяўляе, што і без таго я ўжо зрабіў дзеля яго болей, чым быў яму вінен, чым ён таго заслужыў і чакаў. Тут мы па-прыяцельску пасварыліся, і было гэта так ткліва і міла, што нічога падобнага я зроду не чуў і не бачыў; бо мы не ўжывалі ніякіх іншых аргументаў, апрача таго, што кожны бажыўся, быццам яшчэ не зрабіў другому нічога, што след было б зрабіць, і дабрачынствы кожнага яшчэ не аплачаны. Хэрцбрудэр больш за ўсё бедаваў, што, як ён казаў, я асыпаю яго шчадротамі, паслугамі і шчыраю
дружбаю ў такой меры, што ён ніколі не здолее сплаціцца такою самаю; а я дакараў яго, што сёння, калі мне далося раз дагадзіць яму і даказаць сваю ўдзячнасць за ўсе ягоныя даброці, а ж не падступень які, не заяда, не ліхамыснік які, а сябар і руплівы слуга, ён адхіляе мяне як нявартага дружбы і службы, я нават нагадаў яму пра апошнюю волю добрай памяці яго бацькі і як мы абодва пад Магдэбургам змацавалі прысягаю нашую дружбу, якое цяпер ён мяне пазбаўляе і тым самым нас абодвух адразу хоча зрабіць клятваадступнікамі. Але ўсё гэта зусім не пераканала яго прыняць мяне ў сваю кампанію на паломніцтва, пакуль я не заўважыў, што неўзлюб яму не толькі шчырае золата Олівера, але і маё агуднае бязбожніцкае жыццё. Таму я падмануў і ўгаварыў яго, што штурхае мяне на дарогу ў Айнзідэльн мой намер ачысціцца духоўна; а калі ён утрымае мяне ад гэтага памыснага кроку, дык пагалам мая бедная галава без пакаяння, а ён будзе трымаць за гэта цяжкі адказ. Вось так мне і ўдалося ўламаць яго, і ён напаследак згадзіўся наведаць святыя мясціны разам са мною, асабліва калі я паказаў (хоць усё гэта было няпраўда) сваё вялікае раскаянне ў грэшным жыцці, а таксама бажыўся, што я рашыў накласці на сябе спагонку і разам з ім пайду ў Айнзідэльн, насыпаўшы ў боты гароху..
Ледзь скончылася гэтая свара, як усчалася другая, бо Хэрцбрудэр быў занадта сумленны. Ён не згаджаўся, каб я ўзяў у каменданта на нас абодвух пашпарты ў полк. «Што? усклікнуў ён. Ці ж бо не намерыліся мы паправіцца і пайсці на пакаянне ў Айнзідэльн. I вось сам памяркуй, ты хочаш запачаткаваць гэта падманам і засляпіць людзям вочы хлуснёюі Хто зрачэцца мяне ў гэтым свеце, таго зракуся і я перад айцом маім нябесным, сказаў Хрыстос! Ці ж мы малпы дурныя? Калі б усе пакутнікі і прапаведнікі Хрыстовыя рабілі так, дык мала было б святых на небе. А калі мы пойдзем з імем Божым і пад яго аслонай, куды скіруюць нас яго святая воля і вызначэнне, і аддамо сябе яго добраму