• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    грошай купіць тут самы лепшы сялянскі двор; ты ажэнішся з сумленнай вясковай дзяўчынай і спакойна зажывеш панпанам сярод мірных пасялян. Дзе яшчэ знойдзеш такі прыемны кут, як не паблізу Заўэрбруна; бо з прычыны частых наездаў і ад’ездаў гасцей кожныя шэсць тыдняў перад табой расхінаецца новы свет і ты можаш думаць сабе, што зямны шар мяняе адно пакаленне за адным». Мноства такіх думак раілася ў маёй галаве, пакуль, нарэшце, я не пачаў схіляць сваю каханачку да шлюбу і, хай не без цяжкасці, згадзіў.
    РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
    Сімпліцы збіраецца зноў ажаніцца, і адкрылася роду яго таямніца
    Я як след падрыхтаваўся да вяселля; неба для мяне было ўвешана скрыпкамі і пасвісцёламі аж такая, бачыце, радасць апанавала; я не толькі адкупіў цэлы сялянскі двор, дзе нарадзілася маладая, але і пачаў рабіць новую прыгожую прыбудову, як калі б мерыўся завесці тут вялікую гаспадарку; і, яшчэ не згуляўшы вяселля, закупіў больш трыццаці галоў жывёлы, бо якраз столькі можна было ўтрымаць там круглы год. Адным словам, я справіў усё як лепш не бывае і нават набыў самае дарагое начынне і усялякае хатняе патрэб’е, якое толькі магла прыдумаць мая дурасць. Але неўзабаве мая дудачка хляпнулася ў гразь, бо тым самым часам, калі я думаў, што з добрым ветрам завяду свой карабель у Брытанію, нечакана прыплыў у Маўрытанію і вось тут, на жаль, ужо запозна, даведаўся, з якой прычыны мая маладая так неахвотна пайшла за мяне і чаму ёй урэшце адлегла; а найбольш было прыкра, што я нікому не мог пажаліцца на сваю бяду. Праўда, цяпер я ўжл ўцяміў, што справядліва плачу за свае старыя грахі, аднак такі вырак не ўрахманіў мяне, тым больш не зрабіў пабожнейшым, а, убачыўшы, што мяне крута ашукалі, я рашыў ашукваць саму ашукан-
    ку і, пакуль не перарупіла, пачаў пасвіцца на траўцы, дзе толькі яна ні расла; апрача таго, увесь свой вольны час я больш праводзіў у прыемнай кампаніі на кіслых водах, чым у сябе дома; in summa я пусціў гаспадарку на самапас; ды і мая мілая растопа не дужа ў працу ўлягала, не дужа ўгіналася; у яе быў вол, якога я загадаў закалоць і пасаліць у бочках; а калі яна захацела патрактаваць мяне малочнай парасяцінкай, дык ухітрылася абскубсці тое парася, як курыцу; парывалася яна гатаваць і зайца, смажыць на рэшаце ракаў і на ражне стронгаў. 3 гэтых двух прыкладаў можна ўбачыць, як ашчадліва я жыў з ёю. Ахвотна таксама брала яна на язык вінцо і падносіла іншым добрым людцам, што прагназавала мне на будучае пагібель, адным словам, крывасць пайшла паміж намі неяк адразу.
    Аднойчы, шпацыруючы з некалькімі падлыжнікамі, якія тут на водах спаганялі моду і панства, я спусціўся ў даліну сустрэцца з кампаніяй іншых кіславодцаў; па дарозе сустрэўся нам стары селянін, які вёў на вяроўцы казу прадаваць; як мне памроілася, я калісьці дзесьці ўжо бачыў гэтага селяніна і таму спытаўся ў яго, адкуль ён ідзе з гэтаю казой. А ён зняў капялюш і будзе адказваць: «Пане літасцівенькі, ай, і не скажу пра тое». Я сказаў: «Ужо ці не ўкраў ты яе дзе калі часам?» «Ды не, сказаў селянін, вяду во з мястэчка, што вунь там у даліне, а з якога, дак не магу сказаць пры панох, раз ужо мы завяліся пра коз». Гэта насмяшыла ўсю кампанію, і, як што я змяніўся ў твары, усе падумалі, быццам я сумеўся альбо засаромеўся, што мужык так ёрна мяне падчапіў. Але мне набеглі іншыя мыслі, бо па вялікай бародаўцы, якая сядзела, як рог, у селяніна пасярод лоба, я пазнаў, што гэта быў мой татусь са Шпэсэрта, і таму я, перш чым адкрыць яму сябе і парадаваць яго знакамітым сынам, на якога я тады па вопратцы выходзіў, рашыў удаць з сябе варажбіта, а таму спытаўся: «Любасны мой стары бацечка, а ты часам не са Шпэсэрта будзеш?» «Але ж, пане, буду», адказаў
    селянін. Тады я сказаў: «А ці не табе гадоў гэтак з васямнаццаць таму назад райтары спляжылі і спалілі хату?» «Так, Божа літасцівы! усклікнуў селянін. Няўжо-такі столькі часу прабегла?» А я далей: «А ці не было ў цябе тады двух дзяцей, дарослай дачкі і хлопчыка, які пасвіў авечкі?» «Пане, адказаў татусь, дзеўка сапраўды была мне дачка, а хлапчо не; я толькі гадаваў яго за сына». Тут з ягоных слоў я зразумеў, што не быў сынам гэтага грубага баўтрука, і гэта мяне нават крыху ўзрадавала, але і засмуціла, бо тут жа надбегла думка, што я, мабыць, байструк альбо падкідзень; таму я спытаўся ў татуся, дзе ж ён здабыў сабе таго хлопчыка альбо з якой прычыны рашыў яго выгадаваць за сына. «Ах, адказаў ён, з ім усё выйшла вельмі авантурна: мне прынесла яго вайна, вайна ж і забрала». Але як што я крыху апасаўся, што тут можа выплысці якая-небудзь дзівосная фацэція, звязаная з маім нараджэннем і пашкодзіць маёй рэпутацыі, дык я зноў перавёў наш дыскурс на казу і спытаўся, ці не мерыцца ён прадаць яе на мяса, з чаго мяне вялікае дзіва бярэ, бо ж госці, якія з’язджаюцца на кіслыя воды, не дужа дападаюць да старой казляціны. «Э не, пане! адказаў мне селянін. У шынкаркі тых коз заваліся, яна не дасць за маю і гроша. Я вяду яе графіні, што там на водах палошчацца, а доктар не кыш варона будзь, панавыпісваў ёй усялякага зелля, дык вось, каза тое зелле будзе лопаць, а тады зельнае малачко ад яе возьме доктар і зробіць панацэю, а тады ўжо графіня піцьме тую панацэю з малачком, дасць Бог, здаровенькая выкачаецца. Кажуць, графіні сярэдзіна баліць, і калі каза спраможацца памагчы, дык ад яе будзе больш толку, чым ад доктара і ягонага аптэчніка». Слухаючы гэтую рэляцыю, я абдумваў, як мне ўсё ўладзіць, каб яшчэ паталкаваць з селянінам без сведак, а таму прапанаваў за казу на талер больш, чым давалі доктар і графіня, на што селянін адразу згадзіўся, бо нават малы барыш мяняе людскія намеры, аднак з тою ўмоваю, што
    ён павінен спачатку аб’явіць графіні, што я даю на талер больш; а ці захоча яна тады ўзяць за гэтую цану, дык гэта ейны абыход, а не, дык ён аддасць казу мне і ўвечары скажа, які быў гандаль.
    I вось пайшоў мой татусь сваёй дарогай, а я з кампаніяй сваёй; але я не хацеў, не мог і сілы не меў зацягваць з імі гэты шпацыр, а збочыў і пайшоў туды, дзе спаткаў селяніна, які ўжо тым часам зноў стаяў з казою, бо тыя, што гадзіліся з ім, за яе больш не далі, няма што так выстаўляліся, аж я дзіву даўся з такой іх заможнасці, але не стаў ад гэтага больш скупы. Я завёў яго ў сваю купленую гасподу, заплаціў за казу, і, калі мы гэты гандаль замачылі і выпілі барыша і ён ужо быў нападпітку, я спытаўся ў яго: а адкуль жа ўзялося ў яго тое хлапчанё, пра якое мы сёння раніцай гаварылі. «Ах, пане мілы, адказаў ён. Мансфэльдава вайна падкінула мне яго, а бітва пад Нёрдлінгенам зноў забрала». Я сказаў: «Пацешная, мабыць, прыгода!» і папрасіў, што калі ўжо нам больш няма пра што талкаваць, дык хай ужо раскажа, калі на язык набегла. Тады ён сказаў: «Калі Мансфэльд прайграў баталію пад Хёхстам, дак яго расхрыстанае войска рассеялася напаўсюдых, бо ніхто не ведаў, куды каму рэціравацца. Багата гэтых забродаў навалаклося і ў Шпэсэрт, дзе яны хаваліся ў хмызоўі, але, уцёкшы ад смерці ў даліне, знаходзілі яе ў нашых гарах, а як што абодва бакі лічылі справядлівым рабаваць і забіваць на нашай зямлі, дак і мы не сядзелі рукі згарнуўшы, а пускалі юху. Тады мала які селянін ішоў у хмызы без мушкета, бо калі дрылюеш ці арэш, дык не седзячы ж дома. Падчас гэтага закалоту аднаго разу, пачуўшы стрэлы, надыбаў я непадалёк ад нашага двара ў дзікім лесе прыгожую маладую кабету на выдатным кані; я спачатку прыняў яе за мужчыну, так па-маладзецку гарцавала яна вярхом, але, убачыўшы яе вочы і рукі, пачуўшы, як яна жаласна балбоча не панашаму і заклінае Бога, я апусціў мушкет, хоць ужо склаўся пальнуць, але адвеў люфу ўбок, бо яе крыкі і рухі падказалі
    мне, што жанчына ў бядзе, чым яна і схіліла мяне да спагады. Тут мы зблізіліся, і, убачыўшы мяне, яна сказала: «Ах! Калі ты чыстая хрысціянская душа, дык, прашу цябе, дзеля Бога і яго мілажалю, дзеля самога Страшнага Суду, перад якім мы ўсе паўстанем і адкажам за нашыя ўчынкі, завядзі мяне да сумленных жанчын, якія з Божай ласкі дапамаглі б мне ў родах». Гэты напамін пра свяшчэнныя рэчы разам з ласкавымі словамі і хай журботным, але прыгожым тварам увеў мяне ў такую спагадлівасць, што я ўзяў каня за аброць і вывеў праз усе зарасці і хмызы ў самую нетру, куды сам схаваў сваю жонку, дзіця, чэлядзь і быдла. Там недзе праз паўгода яна і нарадзіла хлопчыка, пра якога мы сёння гутарку мелі».
    Такімі словамі закончыў расказ мой татусь, хлебтануў яшчэ, а я шчодра яму падліваў. Калі ж ён спаражніў шклянку, я спытаўся: «Ну, а што потым сталася з гэтай жанчынай?» А ён адказаў: «Калі яна разрадзілася, дак папрасіліа мяне за кума, а як што я хацеў занесці дзіця і ахрысціць, назвала мне сваё і мужава імя, каб запісаць іх у хросныя кнігі; а тым часам адчыніла сваю валізу, у якой было многа выдатных і каштоўных рэчаў, і падарыла мне, маёй жонцы і служанцы і яшчэ адной выпадковай жанчыне столькі ўсяго ўсялякага, што мы засталіся ёю вельмі задаволеныя. Яна расказала нам і пра мужа, ды і памерла яна на нашых руках, даверыўшы нам свайго сынка. Але як што ўсю краіну калацілі вялікі вэрхал і непамыслота і ніхто не адважваўся заставацца дома, дак нам ледзьве ўдалося знайсці пастара, каб прыйшоў на пахаванне і ахрысціў дзіця; калі ж усё зладзілася як след, дак наш стараста і святар наказалі мне, што я павінен гадаваць дзіцятка, пакуль яно не падрасце, і за свае клопаты і турботы маю ўзяць усё пасля парадзіхі, акрамя ружанца, некалькіх каштоўных камянёў і ўсякай драбязы, што трэба было потым перадаць дзіцяці. I вось выкарміла мая жонка гэтае немаўля казіным малаком, а хлапчо нам так палюбілася, што мы
    думалі, калі ўжо падрасце, аддаць за яго нашу дачку; але пасля бітвы пад Нёрдлінгенам страціў я абаіх, дзяўчынку і хлопчыка, разам з усім, чым валодаў».
    «Ты расказаў мне, сказаў я свайму татусю, мілую і даволі кур’ёзную гісторыю, але забыўся пра самае галоўнае: ты не сказаў, як звалі тую жанчыну, яе мужа і хлопчыка». «Ах, пане мой, адказаў ён, мне і да галавы не даходзіла, што вам гэта цікава. Высакародную жанчыну звалі Сюзана Рамзай, мужа капітан Штэрнфэльз фон Фуксгайм, а як што мяне самога завуць Мельхіёрам, дык я пры хрышчэнні дзіцяці назваў яго гэтым імем і сказаў запісаць яго ў хросныя кнігі Мельхіёрам Штэрнфэльзам фон Фуксгаймам».