Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Кожны лёгка здагадаецца, што тае ночы я не спаў, перабіраючы ўсялякія думкі. Раніцай зайшлі да мяне некалькі афіцэраў разам з карнэтам, які паланіў мяне, пад тым блізірам, каб забавіць час, а насамрэч, каб паведаміць мне, што палкоўнік нібыта намерыўся ўчыніць нада мною суд, як над ведзьмаром, калі я не перамяню свайго намеру; яны, такім чынам, хацелі запалохаць мяне і разведаць, што тут за мною крыецца. Але як што я натхняўся сваім чыстым сумленнем, дык прыняў усё спакойна і быў маўклівы, толькі сказаўшы, што ўся каверза, бадай, у тым, што палкоўніку не хочацца, каб я вярнуўся ў Зёст, бо ён думае, што калі я вызвалюся, дык не захачу развітацца з тым месцам, дзе хачу атрымаць павышэнне і дзе ў мяне засталіся яшчэ два добрыя кані і шмат дарагіх рэчаў. На другі дзень камендант зноў паклікаў мяне да сябе і сурова спытаўся, якое рашэнне я прыняў. А я адказаў: «Вось, пане палкоўнік, маё рашэнне: лепей прыняць смерць, чым парушыць прысягу! Калі ж мой высокашаноўны пан спадар палкоўнік упадабае сабе літасціва вызваліць мяне ад прысягі і не будзе змушаць мяне паступіць у мілітарную службу, дык я гатовы сэрцам, чынам і гонарам запаручыцца пану палкоўніку, што шэсць месяцаў не вазьму і не падыму зброі супроць шведаў і гесэнцаў». Словы гэтыя спадабаліся палкоўніку, ён адразу падаў мне руку, адразу дараваў мне адпаведны за мяне выкуп, а таксама загадаў сакратару скласці рэверс in
duplo\ які мы абодва і падпісалі, дзе ён абяцаў мне абарону, дах і поўную свабоду, пакуль я буду ў гэтай крэпасці. А я, са свайго боку, абавязаўся, згодна з памянёнымі двума пунктамі, трымацца нашай кандыцыі і, пакуль буду ў гэтай крэпасці, не ўчыняць ніякай шкоды і пахібнасці, а рачыць іхняй карысці і памыснасці, а любую шкоду па магчымасці загадзя ўхіляць, а таксама калі крэпасць будзе заатакавана, дык спрычыніцца да яе абароны.
Пасля ён зноў пакінуў мяне паабедаць і рабіў мне такі гонар, пра які ў імперцаў я і марыць не мог. Такім чынам ён спакваля настолькі прыхіліў мяне да сябе, што я не захацеў вяртацца ў Зёст, няма што ён ужо і адпускаў і нават хацеў вызваліць ад дадзенага яму абяцання. Вось гэта якраз і азначала нанесці непрыяцелю пахібнасць без пралівання крыві, бо з таго часу зёстаўскія віжы і выведнікі ўжо не мелі ніякае вартасці, таму што мяне сярод іх не было, пра што трэба сказаць, хай сабе і не на агуду ім і не на пахвалу сабе.
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
Сімпліцы рашыў, што сам сабе пан, сюд-туд пакрунуўся цесны каптан
Калі ўжо нештачкі павінна быць, дык хоць ты сам не будзь, а будзе. Я ўжо думаў, што з самой Фартунай пашлюбіўся альбо, прынамсі, настолькі спрыяцеліўся, што нават самыя непрыемныя прыгоды паслужацца мне на выгоду, калі за сталом у каменданта даведаўся, што мой канюшнік явіўся па мяне з Зёста з двума выдатнымі коньмі. Але не ведаў я таго (а пазней пераканаўся), што пераменлівае шчасце падобнае на сірэнаў, якія найбольшае ліха рыхтуюць таму, да каго яны з найбольшай панаднасцю горнуцца, і з гэтай прычыны яго найвышэй узносяць, каб потым з болынай вышыні скінуць.
1 Падвойны (лац.).
Гэты конюх (якога я незадоўга перад тым узяў у палон у шведаў) быў вельмі мне адданы, бо я зрабіў яму шмат добрага, а таму штодня сядлаў абодвух маіх коней і выязджаў з Зёста далёка наперад насустрач барабаншчыку, які быў пасланы выручаць нас, каб не давялося мне вяртацца пасля доўгай дарогі аднаму, a то яшчэ, крый божа, голаму альбо ў лахманах (бо ён думаў, што мяне начыста абабралі). I вось сустрэў ён барабаншчыка і адпушчаных палоненых і ўжо дастаў быў маю вопратку і абуцце, калі ўбачыў, што мяне няма, і даведаўся, што я пакінуты непрыяцелем, каб пачаць у яго службу, дык прышпорыў каня і сказаў: «Бывай, барабаншчык, і ты, капрал, дзе мой гаспадар, там і я!» Вось так ён пакінуў іх і перамахнуў да мяне якраз у той час, калі камендант абяцаў мне свабоду і рабіў мне вялікую учту, знайшоў маім коням пастойны двор, пакуль я не падбяру сабе жытла на свой густ, і, як вялікае шчасце, пахвальваў вернасць майго слугі; яшчэ і здзіўляўся, што я, просты драгун, ды яшчэ такі малады, здолеў завесці сабе такіх прыгожых і выдатных коней, ды яшчэ так іх азбруіць; а калі я развітаўся з ім і выправіўся да таго пастойнага двара, дык ужо так нахвальваў аднаго каня, што я адразу скеміў, куды ён гне ён ахвотна купіў бы яго ў мяне. Але як што ён з ветлівасці не прапанаваў мне нэгоцыі, я сказаў, што калі б я мог спадзявацца на высокі гонар дагадзіць яму канём, дык конь яму да паслуг. Але камендант наадрэз адмовіўся больш таму, што я быў пад чаркай, і ён не хацеў, каб пайшлі пагалоскі, быццам ён абласуціў лёстачкамі п’янага, які бразнуў языком, што лёгка расстанецца з высакародным канём, пра што, працверазеўшы, можа, з горкім жалем пашкадуе.
Тае начы я доўга разважаў, як мне лепей зладзіць сваё жыццё; і я рашыў адбыць шэсць месяцаў там, дзе і быў, і значыцца, спакойна пранудзіць тут цэлую зіму, якая ўжо агрызалася, на што ў мяне хапіла б грошай, бо я яшчэ не чапаў свайго скарбу ў Кёльне. «За гэты час ты і сам адужэ-
еш і набярэш дасканалай моцы, так што потым уздольнішся з большаю славай выправіцца ў паход з імперскім войскам».
Раніцай я анатаміраваў сваё сядло, якое было нашпігавана куды лепей за тое, якое атрымаў карнэт; потым загадаў прывесці майго найлепшага каня да камендантавай гасподы і сказаў: «Я рашыў тыя шэсць месяцаў, калі я не павінен браць удзелу ў вайне, правесці тут, пад абаронай пана палкоўніка, дык жа коні мае пратопчуцца без карысці, і будзе вельмі шкада, калі яны застояцца, а таму ці не будзе заўгодна дазволіць паставіць гэтага салдацкага шустрыка ў стайню да сваіх, пана-палкоўнікавых, коней і прыняць яго ад мяне як знак удзячнасці за выказаную мне міласць».
Палкоўнік падзякаваў мне з усёй пачцівасцю, з усёй куртуазнасцю і, каб падкрэсліць сваё адмысловае ўпадабанне, таго ж самага дня паслаў мне паполудні з гофмайстрам укормленага жывога бычка, дзве тлустыя свінні, барылу віна, чатыры барылы піва, дванаццаць падводаў дроў, наказаўшы ўсё гэта даставіць да майго новага дома, якія я наняў на паўгода, і перадаць мне, што як толькі ён даведаўся, нібыта я намерыўся агаспадарыцца і на першым часе можа стацца якаясь няхватка ў правізіі, дык ён пасылае на ўлазіны глыток віна і скравачак мяса ды паленца-другое ў агмень, дадаўшы, што калі ён можа мне ў чым-колечы ўспадобіцца, дык рады будзе паслужыцца. А я падзякаваў яму так пачціва, як толькі мог, падарыў гофмайстру два дукаты і папрасіў яго як мага лепш даручыцца мною перад сваім гаспадаром.
Калі я ўбачыў, што сваёй шчодрасцю здабыў такі высокі гонар у палкоўніка, я рашыў набыць павагу і добрую славу і ў простых жаўнераў, каб не мелі мяне за пустога лежня і гультая, а таму пры гаспадары клікнуў свайго конюха і сказаў яму: «Дарагі Ніклас, ты паказаў мне такую вернасць, якое ніводзін камандзір не можа чакаць ад слугі; дык вось цяпер, калі я і сам не ведаю, як аддзячыць табе, бо не стаю ні ў кога ў паслушэнстве і, значыцца, не бяру
ўдзелу ў вайне і пазбаўлены здабычы, каб з яе заплаціць табе, як яно след рабіць, а найболей з тае прычыны, што намысліў жыць ціха і рахмана і рашыў больш не трымаць конюха, дык даю табе замест пэнсіі другога каня разам з сядлом, збруяй і пістоляй; прашу цябе задаволіцца гэтым і пашукаць сабе іншага пана. А калі ў будучым змагу табе ў чым-колечы паспрыяць, дык ты можаш у любы час да мяне звярнуцца».
Мой добры Ніклас у слёзы і кажа: «Ах, пане мой, пане, за тую чвэрць года я не заслужыў столькі; пакіньце лепей гэтага каня ў сябе, ды і мяне разам з ім, калі вам гэта заўгодзіцца; я з большай ахвотай лепш пагаладаю ў вас, чым жыцьму ў дагодзе ў іншага пана, калі толькі буду ведаць, што змагу добра паслугаваць вам». «Не! усклікнуў я. He магу я трымаць слугу, калі сам не магу жыць панам; пашукай сабе месца больш выгоднае, бо я не хачу, каб ты таварышаваў маім нягодам». А ён цалаваў мне рукі і ад слёз амаль гаварыць не мог і нізавошта не хацеў прыняць каня, а даказваў, што будзе лепей, калі я прадам яго за срэбра і срэбра пушчу на пракорм. Нарэшце мне ўдалося ўгаварыць яго прыняць усё, пасля таго, як я паабяцаў узяць яго зноў на службу, калі ён мне спатрэбіцца. Гэтае развітанне так разжаліла гаспадара дома, што ў вачах у яго стаялі слёзы, і як мой конюх раструбіў усім жаўнерам пра мой учынак, так і гаспадар гаварыў пра мяне з вялікай пахвалою і ставіў мяне сярод мяшчан за вялікае дзіва. А камендант лічыў мяне сумленцам, чыё слова мацней за любы замок, бо я не толькі цвёрда трымаўся прысягі, дадзенай імператару, але і нашай угоды, якую я з ім падпісаў, так што нават аддаў свайму вернаму слузе цудоўнага каня і збрую. I вось я пачаў служыць самому сабе, як той жабрак, які ні пад чыёй камандай не ходзіць. Так і цячэ ўсё ў гэтым зменлівым свеце, дзе адны павінны прымаць прысягу, калі ідуць у мілітарную службу, а я мусіў даць слова, калі яе пакінуў.
РАЗДЗЕЛ СЯМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы плануе свой лёс і ў варожкі даведваецца сяго-таго трошкі
Думаю, няма на свеце чалавека без бзікаў у галаве, усе ж мы, зрэшты, на адзін капыл, і я па адной сваёй грушы бачу, калі паспяваюць у другіх. «Эй, кулдыш, могуць мне сказаць, калі ўжо ты дурнем удаўся, дык ці не думаеш, што і ўсе такія?» He, я так не кажу, гэта былі б пустыя словы. Я толькі лічу, што адзін дурань лепш прыкідваецца, другі горш. А таму нельга кожнага мець за дурня, хай нават ён выдумляе чорт ведае што, бо маладыя мы, зрэшты, усе адным швом шытыя; але хто свае дурноты выстаўляе, той і дурань, бо іншыя альбо іх зусім не хаваюць, альбо зашываюць у рубчык, паказваючы толькі драбіначку. А некаторыя іх зусім заціскаюць у сабе, тыя як сапраўдныя вантробай азызелыя насупы, а вось тыя, што, бывае, зрэдчасу дазваляюць сваім дурыкам толькі трошкі высоўваць вушкі і перавесці дух, каб не задыхнуліся, вось іх якраз я лічу самымі кемнымі людзьмі. Я свайго дурніка залішне выставіў, таму адчуў вольнасць, ды яшчэ з грашыма, бо прыняў сабе на службу хлопца, адзеў-апрануў яго як шляхетнага пахолка, у барвы самых блазнотных колераў, менавіта: фіялетавы і жоўты, якою павінна была быць мая ліўрэя, бо мне так падабалася; хлопец мусіў мяне чакаць, як калі б я быў важны барон, не тое што як незадоўга перад тым драгун, а яшчэ за паўгода вашывы смаркач на канюшні.