Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Гэта было першае маё глупства ў гэтым горадзе, і хоць было яно немалое, ніхто яго не заўважыў і яшчэ менш за тое зганіў. Але што гэта дае? Свет настолькі напханы дурнотай, што ўжо ніхто яе не заўважае, не высмейвае і не здзіўляецца з яе, бо звыкся. Так і я ўзбіўся на славу як разумны і спраўны жаўнер, а не як дурань, які яшчэ штонікі на шлеечках носіць. Я хутка ўмовіўся з гаспадаром, што буду ў яго сталавацца загалам са слугою і сплачуся за гэта, саступіўшы ў цане ўсё мяса і дровы,
якімі ўшанаваў мяне камендант за каня, а што да напояў, дык ключ да іх трымаў мой хлопец, бо я ахвотна прыпойваў сваіх візытантаў, а я не быў ні бюргер, ні жаўнер і не мог вадзіць кампанію на роўных правах з усімі, таму і вадзіўся як з тымі, так і з другімі, і, бадай, кожны дзень здабываў сабе прыяцеляў, якія не пакідалі мяне без пачастунку. Гараджане дапамаглі мне пазнаёміцца з тамтэйшым арганістам, бо я вельмі любіў музыку і (можна сказаць, без пахвальбы) меў выдатны спеўны голас, якому не даваў зняхаіцца. Арганіст навучыў мяне, як трэба складаць музыку, item, як брынчаць на інструменце, а таксама на арфе; а як што я і без таго быў здольнік на лютні, дык завёў сабе сваю і амаль кожнага дня з ёю бавіўся. А калі мяне знудзіць музыцыраваць, дык, бывала, паклічу таго ж самага кушнера, які яшчэ ў Раі вучыў мяне ўпраўляцца з любой зброяй; з ім я старанна практыкаваўся, каб дасягнуць яшчэ большай дасканаласці. Я таксама ўпрасіў каменданта, каб адзін яго кананір, які разбіраўся ў артылерыйскім мастацтве, а нават і ў парахавой справе, навучыў мяне за адпаведную плату. Ва ўсім астатнім я жыў сціпла і загуменна, так што ўсіх дзіва брала, калі бачылі мяне за кнігамі, як студэнта, хоць я і прывык да разбою і пралівання крыві.
Мой гаспадар быў у каменданта замест ганчака і разам з гэтым мой вартавы, бо я прыкмеціў, што ўсе мае дзеянні і ўчынкі таму вядомыя. Праўда, я не магу за гэта мець сэрца на палкоўніка, бо, быў бы я на ягоным месцы, дык рабіў бы тое самае. Аднак я здолеў спрытна абярнуць усё сабе на карысць, бо ні разу не спамянуў пра вайсковую службу і, калі пра яе заводзілі гаворку, я трымаўся так, быццам ніколі і не быў жаўнерам, а жыву тут толькі дзеля штодзённых практыковак, за якія ўзяўся. Я, праўда, хацеў, каб абумоўленыя шэсць месяцаў прабеглі хутчэй, але ніхто не мог зразумець, каму я потым буду служыць. Кожнага разу, як я прыходзіў на камплімент да каменданта, той запрашаў мяне да стала; тут часам заходзіла гутарка, каб выведаць мае намеры, настроі і намыслы; але я за кожным разам адказваў асцярожна, і не-
льга было даведацца, якіх жа думак я трымаюся, так што ўсе ягоныя забегі былі марныя. Аднаго разу ён сказаў мне: «Ну, як яно ў цябе, Лавайчык? Усё яшчэ не надумаў перайсці да шведаў? У мяне якраз учора памёр фэндрык». Я адказваў: «Высокашаноўны пане палкоўнік: ці добра, калі баба адразу па смерці мужа ідзе да вянца? Дык навошта мне і рупіцца ў шведы, чаму ж бы і мне не патрываць з паўгода?» Так я ўнікаў цвёрдага адказу і чым далей, тым большую дагоду меў у палкоўніка, ён нават дазваляў мне хадзіць усюды як у самой крэпасці, так і за яе сценамі; пад канец я нават мог паляваць на зайцоў, рабчыкаў і іншых птушак, чаго ён не дазваляў нават сваім жаўнерам. Рыбачыў я і ў Ліпе, ды так удала, аж можна было падумаць, быццам я чарую ў вадзе тых ракаў і рыбу. На такія выпадкі я заказаў сабе таннае егерскае адзенне, у якім бадзяўся начамі (а я ведаў усе дарогі і сцежкі) у наваколлі Зёста, дзе адкопваў схаваныя то тут, то там скарбы ды пераносіў іх у крэпасць і рабіў выгляд, быццам рашыў назаўсёды застацца ў шведаў.
Тою ж самай дарогай прыйшла да мяне варожка з Зёста, вешчка, і сказала: «Глядзі, сыне, ці ж бо я табе раней не казала прыхаваць свае скарбы далей ад Зёста? Mary сказаць пэўна, табе моцна пашыхавала, што ты ў палоне; бо калі б ты вярнуўся, цябе прышылі б на паляванні малойцы, якія пакляліся забіць цябе за тое, што пэўныя дзяўчаты ўпадабалі цябе, а не іх». Я адказаў: «Як можна мяне раўнаваць, калі я ў дзяўчатах не разбіраюся?» «Як зарупіць, дык мусіш, сказала яна, калі ты не выкінеш з галавы сваіх цяперашніх думак, дык жанчыны папруць цябе з глумам і сорамам, куды вецер вее. Ты заўсёды падымаў мяне на смех, калі я табе што-колечы прадказвала; ці паверыш, калі я і зараз табе сёе-тое скажу? Хіба там, дзе ты цяпер, не знайшлося людзей больш да цябе прыхільных, чым у Зёсце? Mary пабажыцца, што ты ім вельмі спадабаўся і гэтая іхняя любоў абернецца табе на шкоду, як не будзеш абачлівы». Я сказаў, што калі ёй так многа вядома, як яна нагаворвае, дык няхай скажа мне, што сталася
з маімі бацькамі, ці сустрэну я іх калі-небудзь зноў, ды скажа не з цьмянымі напусткамі, а зразумелай нямецкай мовай. На гэта мая мілая вешчка сказала, што мне трэба распытацца пра бацькоў, калі я выпадкова сустрэнуся са сваім настаўнікам, як будзе весці на вяровачцы маю малочную сястру, і весела зарагатала, дадаўшы, што яна па добрай волі адкрыла мне болын, чым тым, якія ў яе гэтага вельмі прасілі. Пра будучае я ў яе мала даведаюся; але напаследак яна ўсё-такі хоча мне сказаць, што калі я зычу сабе дабра, дзе мне трэба быць шчодрым на подмазку і замест баб прыляпіцца да зброі. «Ах ты, малатарня, сказаў я, я ж толькі тое і раблю!» Яна хуценька сышла, бо я пачаў з яе смяяцца, асабліва як перад тым даў ёй некалькі талераў, бо не любіў насіць пры сабе срэбра. У мяне тады склалася немалая сума, ды яшчэ шмат дарагіх пярсцёнкаў і ўсякіх каштоўнасцяў; бо як толькі здаралася мне ад жаўнераў альбо ў раз’ездах даведацца, што дзесьці завяліся каштоўныя камяні, я адразу набываў іх, часта за палавіну цаны, якое яны каштавалі. I яны ўвесь час пануквалі мяне вярнуць іх людзям; мне трэба іх выпусціць на волю, калі я хачу карыстацца пашанай. Я ахвотна з гэтым згадзіўся, бо набраў немалое пыхі, задаваўся сваім багаццем і не баючыся паказваў яго гаспадару, які потым усюды панарасказваў усяго куды больш, чым было напраўду. А людзі здзіўляліся, дзе я ўсяго дастаў, бо ўжо разнеслася чутка, што я пакінуў знойдзены мною скарб у Кёльне, бо карнэт, які ўзяў мяне ў палон, прачытаў распіску кёльнскага купца.
РАЗДЗЕЛ ВАСЯМНАЦЦАТЫ
Сімпліцы-дударык на лютні іграе, вабіць паненак, лагодай скарае
Мой намер дасканала вывучыць за шэсць месяцаў артылерыю і фехтаванне быў пахвальны, і я разумеў гэта. Але яго было недастаткова, каб уберагчы мяне ад гультайства,
якое ёсць маці многіх ліхотаў, не было нікога, хто асцярог бы мяне. Што праўда, гультай ляжыць, а яго доля бяжыць, дык і я крукам вісеў і над кнігамі, з якіх навучыўся многага добрага; аднак, трапляліся ў рукі і такія, якія былі мне патрэбныя, як сабаку трава. Незраўнаная «Аркадыя»1, з якой я хацеў навучыцца красамоўства, была тая першая, якая звяла мяне ад праўдзівых гісторый да любоўных і ад сапраўдных прыгодаў да гераічных паэм. Такога кшталту кнігі я здабываў, дзе толькі мог, і калі ўжо дападаў, дык праседжваў хоць дзень і ноч, а прачытваў да канца. Яны навучылі замест рыторыкі лавіць птушак завабным клеем. Аднак гэты грэх тою парою ў мяне яшчэ не развіўся так моцна і палка, каб можна было назваць яго следам за Сэнэкам боскімі шаламі альбо, як гэта апісана Тамаза Тамеі ў «Садку свету» («Idea del giardino del mondo»)2, надакучлівай хваробай; бо, куды толькі ні вабіла мяне каханне, там я лёгка атрымліваў усё, чаго дамагаўся, таму зусім не было аніякай прычыны наракаць на лёс, як гэта рабілі іншыя бабскія лагоднікі і птушкаловы, перапоўненыя ўсялякімі фантастычнымі знібамі і крозамі, турботамі, пахацінствамі, тайнымі згрызотамі і любоўнымі ўпадамі, гневам, рэўнасцю, прагай помсты, шаленствам, слязьмі, пагрозамі, грубасцю і да пагібелі падобнымі глупствамі, і якія ад нецярплівасці зычылі сабе смерці. У мяне завяліся грошы, і я не даваў ім залежвацца, а звыш таго я меў прыемны голас і практыкаваўся на розных інструментах, а не захапляўся танцамі, якія ніколі не былі ў мяне ў пашане, бо не мог у іх выстрэнчвацца і ножкай выдыгаць, ды, зрэшты, і лічыў іх пустым глупствам, а сваю статную пазітуру я мог паказаць, калі з памянёным кушнерам практыкаваўся ў фехтаванні. Звыш таго ў мяне было прыгожае, як тады казалі, выабражэнне, твар, гладкі і далікатны. To б та я прывучыў сябе да мяккай, ласкавай ма-
1 Маецца на ўвазе пастаральны раман Філіпа Сідні (1554 1586).
2 Першы раз апублікавана ў 1582 г. у Балоньі.
неры, і жанчыны, хоць я і не прападаў па іх, самі гарнуліся да мяне, як Аўрора да Кліта, Цэфрала да Цітона, Венера да Анхіза, Атыда і Адона, Цэрэра да Глаўка, Уліса, як цнатлівая Дыяна да Эндыміёна, і нават больш, чым я таго хацеў. А тут якраз і Мартынаў дзень1 падаспеў, калі ў нас, немцаў, пачынаюцца вялікія ешчы і святыя запоі, і зацягваецца гэта часта аж да запустоў, калі ўжо што з носа капе, тое немец і ўхапе. I вось многія афіцэры і гараджане пачалі запрашаць мяне ў госці на мартынавага гуся. I тады, часта здаралася, пры такіх абставінах заводзіліся знаёмствы з кабетамі. Мая песня і гудзьба прымушалі не адну ласкава вадзіць вачамі і прыглядацца да мяне, а тады я пераходзіў да песенек любоўных, якія сам і варганіў здомыслу, тут пачыналіся такія мілыя зіркі і спаківанні, што дайце рады тая-іншая прыгажуня аж дурэла і міжволі ставіла мяне на высокі голд. А каб не запазычыцца і не залічыцца ў жмінды, я таксама ўшыкаваў дзве гасціны: адну афіцэрству, другую знакамітым жанчынам, і на кожнай з іх забяспечыў сабе ўпадабанасць і ў тых, і ў другіх і займеў доступ да іх, бо ўсіх гасцінна і раскошна патрактаваў. Усё гэта я ўчыніў дзеля мілых паненак, і хоць то ў той, то ў другой я і не знаходзіў, чаго шукаў, бо былі сярод іх і такія, якія ці то ўжо запусціліся, ці то і праўда ўмелі сябе ў нечапанасці трымаць, адно ж абыходзіўся з усімі так, каб тыя, якія дарылі мяне большай ласкай, не падупалі благому падазрэнню, як гэта і належыцца сумленным паненкам, і каб усе думалі, што я вяду з імі толькі свецкія дыскурсы. Я ўгаворваў кожную з іх паасобку, каб яна іншых пустымі лічыла, а сябе маёй адзінай аблюбеніцай.
У мяне было іх шэсць сінагорліц, якія кахалі мяне, а я іх узаемна, але ніводная не завалодала маім сэрцам або мной самім; у адной мне падабаліся яе чорныя вочы, у другой залацістыя валасы, у трэцяй мілая манера, у астатніх што-небудзь яшчэ, чаго не было ў другіх. Калі ж я, апрача гэтых шасці, наведваў яшчэ і іншых, дык было гэта аль-