Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
1 10 лістапада.
бо з памянёнай прычыны, альбо таму, што мне гэта было нова, а і без таго я не прапускаў нікога і нікім не пагарджаў, нават не збіраючыся ў тым месцы затрымлівацца доўга. У слугі майго, добрага такі лабідуды, было шмат клопату ў свахрайстве і каб цягаць туды-сюды любоўныя цыдулкі, і ён умеў не распускаць язык, на вочы не бразгаць і трымаць ціха і свята ўвесь мой распусны гешэфт, дык усё было шыта-крыта цуцык здох, таму ён меў фавор у патаскушак, што, вядома ж, каштавала і мне немалых грошай, бо такім чынам я паступаўся сваёй рэпутацыяй і мог заўсёды сказаць: «Што пад барабаны ўхапіў, тое ў дуду і ўтрубіў!». I ўсё гэта я трымаў у такой тайнасці, што ніхто не мог паказаць на мяне пальцам, хіба што адзін святар, у якога я ўжо не браў для чытання залішне разумных духоўных кніг.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Сімпліцы прыяцеліцца без разбору, ды ўжо чуе першыя словы дакору
Калі пераметчыца-доля хоча кагосьці пакінуць, дык спачатку падымае вышэй за неба, і мілажальны Гасподзь кожнага асцерагае ад упадку. Так яно сталася і ў мяне, каму здалося, а на мне збылося, найшло атлуменне, і не паслухаўся я асцярогі. Я так уверыўся, што запанеласць мая тадыташняя стаіць на такім цвёрдым грунце, што ніякая нягода яго не падважыць, бо ўсе ж, асабліва сам камендант, былі ў шчырым заахвоцці да мяне. Прыхільнасць у тых, хто быў у яго ў ласцы, я здабываў усялякімі ўзычкамі іхняму гонару; слуг ягоных браў на свой бок шчодрымі дарункамі; а з тымі, хто быў вышэйшы за мяне, брудэршафціў і кругластоліў, даваў заруку на вечнае пасяброўства, а простыя жаўнеры і мяшчане дабраволілі мне, бо з кожным я ўмеў гаварыць па-сяброўску. «Ах, які мілы чалавек, казалі яны часта, гэты Лавайчык; і з малым на дварэ паталкуе, і ста-
рога ўважыць, і душы не дастане, і мёрзлай сучцы ўцісне!» А злаўлю, бывала, зайца ці рабчыка, пасылаю на кухню тым, чыю дружбу хацеў зыскаць, а напрасіўшыся на госці, прыносіў гасцінца і добры глык віна, якое на тым часе каштавала вой-вой, адным словам, усё як бы яно і сполам, а бальшыня выдаткаў клалася на мае плечы. I калі на такім патрактунку я заводзіў з кім-небудзь гаворку, дык вёў толькі пра тое, што таму было любасна слухаць, умеў кожнага падахвоціць, а сябе прапусціць, а ўжо ж сам такую пакору ўдаваў, як бы ніколі з сябе фігуранта не строіў і ніякай гардзелі не знаў, хоць і добра ведаў, што на вайне гэта не асуда. I што ўсім гэтым я здабыў сабе агульнаўсіхнае ўпадабанне і ўсе ставілі мяне няма ладу як высока, я і падумаць не мог, што Фартуна і ёсць якраз тая, што хвастом матая, і што можа наехаць якоесь няшчасце, тым болей што торба мая не змалела.
Я часта наведваў аднаго старога святара, які жыў у тым горадзе і даваў мне кнігі са сваёй бібліятэкі, а калі я вяртаў іх яму, ён дыспутаваў са мною пра многія рэчы; і мы так добра спрыяцеліліся, што, можна сказаць, як не палюбілі адзін аднаго. I вось калі ўжо прайшоў і Мартын са сваім гусем і супам з каўбасою, калі мінуліся і Каляды, паднёс я яму на Новы год бутэльку страсбургскай гарэлкі, якую ён са смакам пасмоктваў з цукровінкамі, як гэта заведзена ў Вестфаліі, і вось, явіўшыся да святара, я застаў яго якраз за чытаннем майго «Ёзафа»1, перададзенага яму маім гаспадаром без майго ведаму. Я белы зрабіўся ад адной подумкі, што аж такі вучоны тэлялёг атрымаў у рукі мой твор, асабліва таму, што, як лічыцца, найлепш можна спазнаць чалавека па ягоным почырку; ён запрасіў мяне падсесці і дужа пахвальна адгукнуўся пра маю інвенцыю, але ж і закінуў, што я так падрабязна апісваю любоўныя галузаванні Зэ-
1 Раман Грымэльсгаўзэна пад назвай «Цнатлівы Ёзэф» выйшаў у 1667 г.
ліхі, жонкі Патыфара. «Ад поўніцы сэрца вусны шавеляцца, сказаў ён далей, калі б малады паніч сам не ведаў, што робіцца на душы ў падбіклінка, ці ж бы ён мог апісаць і даць нам на вочы любоўныя жарсці гэтай кабеты». Я адказаў, што ўсё напісанае прыдумана не мною самім, а ад доўгай прануды ўзята з іншых кніг, з якіх я і склаў такія экстракты, каб папрактыкавацца ў пісьме. «Так, так, сказаў ён, ахвотна веру (scil. зразумела!), але хай ён будзе пэўны, што я пра яго ведаю больш, чым ён сабе думае!» Пачуўшы гэтыя словы, я спалохаўся і падумаў: «Ужо ці не святы Вэльтэн1 убіў табе гэта ў мазгі?», а ён, заўважыўшы, што я перамяніўся ў твары, сказаў: «Паніч малады і свежы, ён прыгожы і без клопату, ён жыве сабе ў смак і, як я чуў, у не абы-якой распанеласці, а таму прашу і асцерагаю імем Навышняга падумаць, на якую ўразу ён даўся, і калі яму балазе ягонае шчасце і вечнае выратаванне, дык хай асцеражэцца небяспечнага змусніка ў асобе кудлатага шустрыка. Праўда, паніч можа сабе й падумаць: «А якую прычыну, а які жаль на мяне ён мае, гэты поп-дабрахот, а не перапусціць ён мне, што я раблю і чытаю (а я якраз падумаў: «Так, ты ў самы акурат!»), і як ён можа мне нешта навешваць?», дык у гэтым рацыя будзе, але ж я ўсё-такі душарадца! I магу запэўніць пана-паніча і майго дабрачынцу, што мне, з хрысціянскай любові і мілажальнасці, гэтак сама дарагая яго часовая добрапамыснасць, як калі б ён даводзіўся мне родным сынам. Заўсёды шкада, і вы не можаце даць адказу Айцу нябеснаму, Айцу ў вечнасці, навошта здарэмнілі і змарнавалі свой талент, які ён дараваў вам, і ўшкодзіў высакародны ingenium2, які я разгледзеў у гэтым творы. I забегі мае нямарныя, і парада мая неадкладная і па-бацькоўску неадпрэчная: прыляпіся маладосцю сваёй і маетна-
1 Маецца на ўвазе святы Валянцін, імя якога ўжыта як эўфемізм, замест «д’ябал».
2 Талент (лац.).
сцю сваёю да навукі, каб рана ці позна, а паслужыліся яны Госпаду Богу, людзям і табе самому, адступіся ад вайны, да якое, давялося мне чуць, набыў ты вялікую прыахвотку, адцурайся яе, пакуль не дастаў выспятка ад Фартуны, пакуль не збылася на табе прымаўка: «Змоладу ў ружжы, у старасці ў нужы!» Я слухаў гэтую сентэнцыю з вялікім нясцерпам, бо не прывык, каб мне ў вочы паролі, аднак павёўся зусім не так, як было на сэрцы, каб не страціць сваёй славы пачцівага кавалера, за якога мяне ўсе мелі; таму падзякаваў яму за шчырасць і абяцаўся падумаць пра ўсё, што ён мне нараіў, а сам сабе падумаў, як залатароў чаляднік: а не пацалаваў бы ты мне сам ведаеш куды я і без тваёй абедні ведаю, што мне есці, і без лаціны пражыву, а ты ад шчырага сэрца з’еж таго з перцам; бо я на той час быў узнесены так высока, што гуляй душа пекла няма! I зусім не збіраўся няволіць таго любоўнага кудлатага шустрыка. Бо яно інакш і не бывае з такімі асцярогамі, калі маладосць адвыкае ад цугляў і астрогаў строгае цноты і страмотыч ляціць насустрач сваёй пагібелі.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
Сімпліцы святару забівае бакі, а сам тым часам смяецца ў кулакі
Я яшчэ не зусім захлынуўся ў пачуццёвай псоце і не настолькі падупаў у розуме, каб не старацца захаваць дружбу з кожным, пакуль меў бавіцца ў памянёнай крэпасці прынамсі, перачасаваць да вясны. I гэтак сама добра разумеў, у якое хляпала ўмызгаецца той, хто накліча на сябе няласку духавенства, якое ў кожнага народа, якое б веры ён ні быў, мае вялікі крэдыт; таму я адразу натапырыў вушы і на другі ж дзень па свежым следзе пайшоў да памянёнага святара і самымі вучонымі словамі набрахаў яму цэлую торбу рознай сэрцаўедлівай мілаты, як бы з намерам хадзіць па
ягоных душарадных сцежках, і, як заключыў сабе з яго выгляду, ён шчыра ўзрадаваўся. «Так, сказаў я, дагэтуль, і ў Зёсце таксама, мне якраз бракавала такога анёльскага дарадцы, якога я сустрэў цяпер у асобе вясокашаноўнай вялебнасці пана спадара святара. Як толькі адыдзе зіма альбо надвор’е паспрыяе, меруся я ад’ехаць», і прасіў бы яго дзеля далейшага поспеху ўзычыць мне добрай парадай, у якую выправіцца акадэмію. Ён адказаў, што да яго самога, дык ён вучыўся ў Лейдэне, а мне раіць Жэневу, бо ў мяне верхненямецкая вымаўка. «Езус-Мар’я! адказаў я. Ды Жэнева далей ад маёй радзімы, чым Лейдэн». «Што я чую? усклікнуў ён з вялікім подзівам. Я чую папіста! О Божа, як мяне ашукалі!» «Як гэта, як гэта, пане святару, сказаў я, няўжо я таму ўжо папіст, што не хачу ехаць у Жэневу?» «О не, сказаў ён, я па тым пазнаю, што ты заклінаў імем Марыі». Я сказаў: «Дык што ж, хрысціяніну нельга называць імя маці нашага Збаўцы?» «Чаму не? Можна, адказаў ён, але ж я не ўмольваю цябе і прашу, як толькі магу, перад абліччам Навышняга сказаць усю шчырую праўду, якое ты веры трымаешся. Я вельмі сумняваюся, што ты заляцаеш святое Дабравесце, хоць я цябе і бачу кожнае нядзелі ў маёй царкве, але мінулага свята Народзінаў Хрыстовых ты не падыходзіў да прастола Гасподняга ні ў нас, ні ў лютэранаў». Я адказаў: «Пане святару, хай вядома вам будзе, што я хрысціянін, а каб не быў, дык не слухаў бы так часта казані і не хадзіў бы на набажэнства; у астатнім я прызнаю, што я ні Пятроў, ні Паўлаў, а веру прасцей, згодна з дванаццаццю канонамі саборнай хрысціянскай веры, і не хачу забавязваць сябе ніводным асобным толкам, пакуль тыя альбо другія разумнымі аргументамі не пераканаюць мяне, што толькі яны адны вызнаюць правільную, праўдзівую і душазбаўную рэлігію». «Вось цяпер, сказаў ён, якраз я і бачу, што ў цябе харобрае жаўнерскае сэрца, каб рызыкаваць сваім жыццём, бо ты асмельваешся жыць без рэлігіі і набажэнства, спадзеючыся на старога імперата-
ра, занядбаўшы сваю вечнашчаснасць. Божа мой! Як можа прахлы чалавек, якога чакае альбо пракляцце, альбо вечнае шчасце, жыць у такой гардзелі? Няўжо пан узгадаваны ў Ханау і нідзе не атрымаў хрысціянскага настаўлення? Скажы мне, чаму ты не пайшоў следам за сваімі бацькамі ў чыстай хрысціянскай веры? Альбо чаму не схіліўся да той ці іншай рэлігіі, асновы якое з усёй відавочнасцю грунтуюцца на пачатках прыроды і Святога Пісання, так што ні папіст, ні лютэранін за цэлую вечнасць не змогуць яе пахіснуць?» Я адказаў: «Пане святару! Тое самае абвяшчаюць і ўсе іншыя пра сваю рэлігію; каму ж я павінен верыць? Альбо ж пан лічыць, што гэта нейкія цапстрыкі, калі я давяраю сваё вечнае шчасце адной канфэсіі, якая няславіць і бэсціць абедзве другія і накідае ім ілжэвучэнне? Няхай ён зірне, але толькі маімі бесстароннімі вачыма, што выдаюць у свет у публічным друкаванні Конрад Фэтэр і Ёган Наз1 супроць Лютэра і, гэтак сама Лютэр і ягоныя прыснікі супроць папы, асабліва, што піша Шпангенберг2 супроць Францыска3, якога некалькі сотняў гадоў шанавалі як святога і дабрамыснага мужа. Чый жа бок я павінен вылучыць і прыняць, калі кожны бэсціць другога, ды так зацята, што не пакідае за ім ні шчэнту добрага? Альбо ж пан святар мяркуе, што я раблю блага, адклаўшы свой клопат пра гэта на потым, калі ўбяруся ў дасканалы розум і здолею адрозніць чорнае ад белага? Ці ж павінен мне хто-небудзь раіць хлюпнуцца туды, як муха ў гарачы кулеш? Э, не! Спадзяюся, калі я з істасцю, дык не будзе пан святар з хітрасцю і не нараіць мне гэтага. Трэба прызнаць, што адна рэлігія правільная, а дзве іншыя фальшывыя; але ці павінен я без сталага роздуму прызнаць адну з іх правільнай, я ж такім