• Часопісы
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    Вырвіча ажно дрыжыкі працялі: ён зразумеў, што стары аптэкар блюзнерыць па канонах усіх рэлігій... Ці не блісне тут зараз маланка Божага гневу?
    — Мы пакладземся на волю Божую, — цвёрда прамовіла Саламея.
    — Усё роўна нас у спакоі не пакінуць, дзядзька Лейба, — ціха прагаварыў Бутрым. — He дадуць ні ўцячы, ні схавацца. А так ёсць шанец, што хоць хтосьці з нас выжыве.
    Лейба моўчкі павярнуўся і выйшаў у суседні пакой, шчыльна прычыніўшы за сабой дзверы. У слоіку, які стаяў на ніжняй паліцы між фаліянтамі, у каламутнай вадкасці, раптам заварушылася нешта, і зноў замёрла, толькі ў пыльным паветры растаў такі гук, як бы хто кінуў у глыбокую студню камень.
    — Твой бацька пакінуў разгадку шляху да хрысціянскай святыні тут? — не вытрымаў Пранціш, звярнуўшыся да Саламеі. Тая паціснула плячыма, прашаптала:
    — Бацька давяраў дзядзьку Лейбу. Да таго ж тут ніхто б не надумаўся шукаць, нават езуіты.
    Аптэкар вярнуўся, трымаючы ў руках куфэрак цёмнага дрэва. Пранціш чакаў пабачыць там што заўгодна — але не тое, што дастала Саламея: клубок тонкай вяроўкі, завязанай вузельчыкамі.
    — Што ж, адгаворваць вас — марнаваць свой час, а яго ў мяне не так шмат засталося да сустрэчы з пра-
    бацькам Абрамам... Мала я нацярпеўся за апошнія тры гады, дзякуючы Івану... I зноў праклятае сутарэнне мяне дастае. Каб ім Левіяфан скарыстаўся ды абрушыў добра. I калі думаеце ісці? — змрочна прагаварыў Лейба.
    — Зараз жа! — выкрыкнуў Вырвіч, паклаўшы руку на Гіпацэнтаўра.
    — Вашая праўда, высакародны пан, адцягваць імгненне, калі ўпадзе на цябе падвешаны на валасіне меч — працягваць свае пакуты... — паківаў галавой аптэкар. — Усё, што я магу, — праводзіць вас да ўваходу, як Харон.
    Вырвіч чакаў, што ўваход у полацкія сутарэнні акажацца дзесьці ў рамантычным, святым месцы... Але выявілася, што ён... у пограбе полацкага аптэкара Лейбы.
    Той проста аднойчы зайшоў туды пасля вясновае паводкі, калі падземныя воды прабівалі ў вільготнай зямлі свае капрызлівыя шляхі, і... праваліўся. Ледзь выкараскаўся наверх. Аказалася, дзед Лейбы, які скарыстаўся з літасцівага дазволу вялікага князя сяліцца юдэям у местах і займацца рамяством, выкапаў пограб рыхтык над падземным шляхам. Сам Лейба больш туды не спускаўся, і хутчэй за ўсё заваліў бы страшны прагал і дзверы ў пограб забіў цвікамі... Ясная справа, сутарэнні звязаныя з храмамі, а калі хтось вырашыць, што габрэй тайна спрабаваў пранікнуць у хрысціянскую святыню!.. He, лепей далей ад граху... I так жывеш між вострымі лязамі...
    I забылася б усё, каб не Іван Рэніч, з якім Лейба падзяліўся бядой. А кнігар куды толькі свой цікаўны нос не соваў у пошуках таямніцаў! Полацкія сутарэнні былі ягонай улюбёнай загадкай. Па тым ходзе, што пачынаўся пад царквой святой Параскевы, яму ўдалося дайсці толькі да першага павароту — далей быў земляны завал. У сутарэннях Святой Сафіі — тое самае, абрынулася скляпенне. Калі езуіты будавалі касцёл Святога Стафана, таксама на падземныя хады напароліся — і Рэніч тут як тут, круціцца пачаў, выведваць. Але ход, каменны, вышынёй як руку падняць, аказаўся затоплены.
    А ў пограбе аптэкара нечакана адкрыўся прагал у некранутую частку сутарэнняў.
    Што Іван Рэніч там знайшоў — Лейбу не расказваў, але калі ён першы раз адтуль выбраўся, нібы ў смяротнай бойцы пабываў — збіты, брудны, ды яшчэ кульгавы... Гэта, аднак, ахвоту не адбіла, Рэніч пачаў цягацца ў пограб, як на працу. Перапыняўся толькі, каб залячыць раны, аднойчы нават руку зламаў у земляных нетрах. Колькі свечак звёў, вяровак! А заадно перачытваў летапісы, дабіўся доступу да захаваных парэшткаў архіваў Сафійскага сабора, апытваў старых людзей, што яны чулі...
    Аптэкар не ў сваю справу не лез. Напачатку, вядома, спрабаваў прыяцеля ад згубнага захаплення выратаваць. Але пераканаўся, што прывесці да розуму кнігара ніяк не выпадае, і калі перакрыць яму ход у сутарэнні, можа ўвогуле нарабіць глупства і яшчэ бяду на гаспадара пограба накліча. Рэніч нават грошы пачаў суседу за кожны свой візіт на ягоны двор плаціць, абы не звягаў. Тады Лейба выдаў апантанаму ключ ад праклятага месца і пастараўся забыцца на дзірку ў прорву. Больш.уласна кажучы, туды нават не падыходзіў, дзякуй прабацьку Абраму, пограб на заднім двары.
    Але небарака нават спаць па начах перастаў. I кожны раз, як Рэніч залазіў у пограб, садзіўся за малітву... А што, калі гэты апантаны не вернецца, не выберацца? Прыйшоў сумленны хрысціянін у дом да габрэя і знік! Капцы тады і аптэкару, дый усе габрэі места пацерпяць.
    Праз год Рэніч заззяў, як новы талер. Аднойчы паказаў пару старадрукаў, не сказаўшы, адкуль узяліся... Лейба не быў такім абазнаным, як сябар, у кніжнай справе, але зразумеў, якая каштоўнасць перад ім, і здагадаўся, адкуль такое багацце. Бібліятэка Сафійскага сабора, згубленая падчас Інфлянцкай вайны, падобна, дачакалася свайго адкрывальніка.
    Але таямніца выглядала дастаткова небяспечна, каб не ўзнікала жадання яе раздзяліць. Лейба цалкам уяўляў, колькі ахвочых да падземных скарбаў маецца, і што яны
    могуць зрабіць з іх уладальнікам. Да таго ж і Рэніч узяў з аптэкара слова, што той не толькі захавае таямніцу пограба, сам туды не сунецца, але й нікога не пусціць, бо справа небяспечная, ніхто адкуль жывым не вернецца.
    Але сам Рэніч язык на замку трымаць быў не здатны... Вось і пайшлі чуткі пра новага захавальніка полацкіх скарбаў, якога абралі прывіды сутарэнняў. Хтось круціў пальцам ля скроні, хтось пераходзіў пры сустрэчы з кнігаром-чарнакніжнікам на другі бок вуліцы... Добра, што нікому і ў галаву не прыйшло, дзе ўваход у таемнае сховішча. Ну, ходзіць раз на тыдзень кнігар да аптэкара ў госці... Кнігі вывучаюць.
    Але, напэўна ж, дабраліся б да Рэніча ў хуткім часе аматары скарбаў... Езуіты пачалі ўжо паціху распытваць суседзяў ды прыслугу, чым займаецца кнігар акрым таго, што кнігі прадае, дзе бывае. Ад полацкага ваяводы Сапегі выведнікі прыходзілі... А ягоная мосць Марцін Радзівіл нават асабіста прыехаў — і наўрад змірыўся б з адмовай. Добра, Іван Рэніч змог нешта такое князю нагаварыць, што той згадзіўся пачакаць. Саламея памятае, што бацька пачаў нервавацца і нешта казаць пра пераезд у Прагу.
    Але прыйшла пошасць. Кнігар паспеў яшчэ перадаць на захаванне сябру куфэрак з клубком і купіць у яго лекаў...
    Яны глядзелі ў чорны прагал. Адтуль цягнула вільгаццю і цвіллю. Ватман сплюнуў уніз:
    — Пограб, у якім няма віна, не варты й ладункі без пораху.
    Князь Багінскі нервова ўскінуў галаву.
    — Хопіць разглядацца! Калі баіцёся, магу паслаць з вамі людзей.
    Саламея, апранутая ў мужчынскае адзенне, — неверагодна прыгожы юнак атрымаўся, — цвёрда зірнула на князя:
    — Гэта немагчыма, ваша мосць. Дзверы адчыняюць двое... I добра, калі за імі след у след паспее прайсці па чалавеку.
    — Так ці не так — не думай, што вам удасца перахітрыць нас, схавацца, — жорстка прамовіла сястра князя Алена, хутаючыся ў футра-ваўчуру. — Нашы людзі па ўсім горадзе.
    Паланэя Багінская стаяла ў дзвярах пограба, бо прайсці ўнутр не было ўжо як, дзіўна ціхая, у белым футрачку і блакітнай шапачцы з белай апушкай, і здавалася зусім дробнай у параўнанні з багатыркай-сястрой. На Вырвіча нават не паглядала.
    — Я не збіраюся хавацца, ваша мосць, — адказала Саламея. — Я прысягнула... Здрадзіўшы памяці бацькі.
    Голас яе здрыгануўся. Лёднік трывожна паглядзеў на жонку і папытаўся ў Багінскага:
    — Ваша мосць, а калі рамфею здабыць не ўдасца? Калі гэта проста будзе не ў сілах чалавечых? Прашу ў такім выпадку вашай літасці да маёй жонкі.
    — Без рамфеі лепш вам не выходзіць з-пад зямлі, — адказала за брата Алена Багінская. Але Міхал пакрывіўся:
    — Ну нашто так... Жанчыну мы ашчадзім, даю слова.
    — He хвалюйцеся, ваша мосць, — мякка прамовіў Ватман, і ў гэтай мяккасці была моц смяротнай атруты. — Я за ўсім прасачу.
    Пры гэтых словах Паланэя раптам кінула на Вырвіча нейкі дзіўны позірк, і той адчуў, як яго сэрца абрынулася ўніз з салодкім болем, быццам скакаў з абрыву ў ваду. Яна трывожыцца за яго! Рука сама намацала ў кішэні перапэцканую крэйдай хустачку, якая ўсё яшчэ захоўвала водар вярбены і памаранчу.
    У святле ліхтара здавалася, што яны знаходзяцца ў пашчы цмока. I не хацелася нават думаць пра далейшы шлях, і да чаго ён будзе падобны. Калісьці, напэўна, гэта былі вельмі прыстойныя, дыхтоўныя сутарэнні, па якіх можна было хадзіць у параднай чузе, горда задраўшы галаву і цыкаючы на запалоханых прывідаў, якія ведалі сваё месца і пакорліва хаваліся ў шчылінах між каменнямі. Цяпер жа ўрачыстага праходу не атрымлівалася: там-
    сям кладка абвалілася, і на падлозе ляжалі завалы з глею і цаглянага друзу, і цалкам зразумела было, чаму пані Лёднік апранула нагавіцы, яшчэ раз пацвердзіўшы, што вучоная жанчына — абраза для прыстойнага грамадства. Праўда, заўважалася, што шлях праз гэтыя завалы загадзя вызвалены, бачыліся нават сляды ад колаў маленькага вазка. Тут праходзіў Іван Рэніч, і страшна ўявіць, колькі яму давялося корпацца, і якім апантаным трэба было быць, каб гэтую справу не кінуць.
    Праўда, праз нейкі час шлях стаўся вальнейшым... Цяпер было проста вусцішна. Асабліва калі дайшлі да скрыжавання, ад якога адыходзіліся аднолькава няўтульныя адгалінаванні направа і налева. Саламея дастала недарэчны клубок, адматала да першага вузельчыка, заціснула яго ў руцэ.
    — Налева.
    Вось яно як... Пранціш здагадаўся, што Іван Рэніч з дапамогай адмысловых вузельчыкаў пазначаў, куды павярнуць. 3 цікавасці Вырвіч прыстроіўся блізка да Саламеі, каб сачыць, якімі менавіта вузельчыкамі Рэніч абазначаў павароты направа, налева і просты кірунак. Трэба ж, сам кнігар такое вынайшаў альбо ў кнігах вычытаў? Бо ўгэтых лабірынтах без усялякіх пазнакаў немагчыма было ні дайсці некуды, ні выбрацца. Вырвіч з прыкрасцю мусіў прызнацца сабе, што і ён дакладна заблукаў бы.
    А Ватман нават не хаваўся — падышоў, памацаў вяровачку ў руках панны, не зважыўшы на злосны пагляд Лёдніка, перапытаўся пра вузельчыкі, ухвальна пацокаў языком.
    Найміт быў узброены як на вялікую вайну. Пры баку — турэцкая серпанціна, на другім баку — чакан. За халявамі, напэўна, кінжалы... А вось Лёдніку і Пранцішу дазволілі ўзяць з сабой толькі шаблі, і тое таму, што Пранціш упёрся. Найміт запэўніў, што абароніць спадарожнікаў, калі што, найлепшым чынам, а лішні цяжар у падарожжы замінае.