Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
Лёднік спыніў сваё прасоўванне па дарожцы. Аблічча ў Ватмана было страшнае, як на старажытнай ілюстрацыі да «Бестыарыя». Яму таксама дасталося: галава і твар збітыя кнігамі, на баку неглыбокая, але ж рана, адзежа пашкуматаная лёзамі. Але ён усё яшчэ быў неверагодна дужы і спрытны, здавалася, аб яго можна толькі разбіцца.
— Пан Ватман, я выклікаю вас на двубой! — выкрыкнуў Пранціш. — Вы — нягоднік і мужык! Калі адмовіцеся — вам ганьба!
— Ганьбай больш, ганьбай менш, а нябожчыкі не пляткараць, — абыякава прамовіў Ватман, нават не азірнуўшыся, і пасунуўся да Саламеі.
— Красунечка мая, аддай дзіду! Хіба ты не баішся, што за гэткае вольнае абыходжанне са святой рэччу Бог цябе пакарае?
— Бог бачыць мае намеры! He падыходзь! — прагаварыла Саламея і адступіла далей. Ясна было, што бойка на гэтым мастку над прорвай, дзе дваім ніяк не разысціся — праўдзівая смерць. Вырвіч паклаў паходню на край пліты, падышоў да Лёдніка, які застыў на сцежцы, крануў за плячо, зашаптаў:
— Ты паранены... А я змагу! Падскочу даяго са спіны... Прапусці!
Ватман, нягледзячы, працягнуў у бок доктара і шкаляра руку з чаканам, у той час, як шабля ў другой руцэ па-ранейшаму цэлілася да Саламеі:
— Нават не думайце!
Шкаляру стала вусцішна: няўжо Ватман яшчэ і слых звярыны мае?
Саламея зрабіла яшчэ крок, адступаючы спінай да выхаду... Ватман засунуў чакан за пояс, сціснуў і расціснуў прабітую сцілом руку... А далей зноў было як падчас начной навальніцы, калі ў святле частых маланак паспяваеш разгледзець толькі асобныя малюнкі, якія не адразу складаюцца ў адзін сюжэт. Найміт кінуўся да жанчыны, спадзеючыся перахапіць рамфею... Але пані Лёднік вельмі трапным, можна сказаць, адпрацаваным рухам, дала яму нагой у тое месца, у якое мужчыне страшней за ўсё атрымаць удар. Прынамсі, у гэтым белавалосы нічым не адрозніваўся ад іншых прадстаўнікоў люду паспалітага, якія паводле закону носяць нагавіцы, бо завыў ад болю і сагнуўся, а яшчэ раз’ятрыўся... А Саламея з крыкам «Прабач, Госпадзе!» расціснула пальцы. Ватман памкнуўся ўхапіць рамфею — і атрымаў ад Чароўнай Дамы такога выспятка ў яшчэ адно не самае прыстойнае месца, што паляцеў услед за рэліквіяй. Нават не ўскрыкнуў. Услед за ім упаў ліхтар... I амаль адразу ж павалілася і паходня, якую Пранціш зачапіў нагой.
Здарылася тое, чаго яны так баяліся апошнім часам: панаванне цемры. Страшной, усемагутнай цемры сутарэнняў.
Цемра... I ціша. Толькі чуліся сутаргавыя ўздыхі Саламеі.
— Залфейка, ты як? — трывожна папытаўся Лёднік сцішаным голасам, нібыта баяўся, што на шум прыйдуць новыя белавалосыя, а можа й чарнявыя альбо лысыя Мінатаўры, не такія паблажлівыя, як іх нядаўні спадарожнік.
— Жывая. У адрозненне ад... Крэсіва не згубіў? Тут побач паходні.
— Чакай, зараз я падыду... Дакладней падпаўзу. Вырвіч, а ты з месца не ўздумай кранацца, пакуль святло не здабудзем!
Калі паходня нарэшце запалала, вандроўнікі ўбачылі адно аднаго. Вядома, наяўнасць у свеце жывых радавала. Знешні выгляд — не вельмі. Асабліва па традыцыі дасталося Лёдніку — відаць, сапраўды планіда ў яго такая была.
Перш чым пакінуць залу — цяпер яны выходзілі, як і належала чыстым сэрцам паломнікам, з пустымі рукамі, — Саламея падышла да краю пліты і паўзіралася ў прорву, у якой знік Ватман.
Толькі падняўшыся па прыступках у залу Веры і пачуўшы, як за іх спінамі з грукатам і скрыгатам апускаецца сцяна, яны трохі перадыхнулі. Лёднік знясілена лёг на падлогу, прамармытаўшы сваё ўлюбёнае «не кароста, дык адзёр». I Саламея зноў узялася за лекаванне мужа. Перацягнула яму зламаныя рэбры паласой, ададранай ад кашулі, памацала плячо, на якое таксама абрынулася зброя Ватмана — тут косткі былі цэлыя, хаця сіняк наліваўся здаравучы. Доктар запэўніў устрывожаную жонку, што выжыве... Калі, вядома, не атрымае ад яе ў будучым такіх удараў у адчувальныя месцы, якія яна, аказваецца, так дасканала ўмее наносіць.
Каб галава ў яго і так не была разбітая, Саламея паказала б, па якім яшчэ слабым месцы ўмее лупіць недалікатных мужыкоў. Бо забойства — не самая лёгкая ношка для душы, не звыклай купацца ў крыві. Тут не да жарцікаў.
Яны ўтрох сядзелі на каменнай падлозе, глядзелі на фрэску з выявай Страшнага Суда, у прыцемку здавалася,
што выявы варушацца, і вочы Вялікага Суддзі паглядаюць проста ў душу... I Пранцішу не хацелася нават думаць, што рабіць далей. Бо выйсця асабліва і не бачылася.
— Доктар, а клубок згарэў...
— Няважна, — прамармытаў Лёднік, які ўладкаваў пабітую галаву на калені Саламеі і цяпер цешыўся дотыкам яе прахалодных пальцаў да свайго вучонага ілба. — Я дарогу памятаю, не цяжэй, чым запомніць размяшчэнне сузор’яў. Але вось ці варта нам ёю вяртацца?
Пранціш не ведаў, што адказаць. Ён глядзеў на выявы грэшнікаў, што ішлі ў вогненнае мора, хаця, напэўна, кожны з іх пры жыцці зусім не спадзяваўся на такі вырак, а хтось і не задумваўся пра лёс сваёй бессмяротнай душы. А можа, былі і такія вартыя жалю дзівакі, якія ганарліва наяўнасць тае самае душы, «бесцялеснае субстанцыі», адмаўлялі, выдумляючы «жывёльны магнетызм» альбо «сусветную механіку». I вось вам — анёл з вогненным мечам... I не ўцячы, і не прыпыніцца.
I не атрымае цяпер Паланэя Багінская з рук свайго вернага рыцара Пранціша Вырвіча рамфею, і не стане сястрой караля, блаславёнага самім Небам...
Але святыня засталася ў Полацку. Назаўсёды...
— Трэба ісці, пакуль не дагарэлі апошнія паходні і свечкі. У нас жа няма такіх вачэй, як у Ватмана... — прамармытаў Лёднік. — I вады няма... I ежы...
— Куды ж нам ісці? — ціха прагаварыла Саламея. — Пашукаць хіба іншыя выхады з лабірынта? Але каля ўсіх храмаў людзі князя. Няма для нас месца на зямлі...
— Ага, засталося есці пацукоў, прывучыць вочы да цемры і тут пасяліцца, — злосна прамовіў Вырвіч. — Шляхціц не павінен нічога баяцца! Нават калі прайграў бойку, а самому не ўдалося загінуць з гонарам на полі — ганьба ўцякаць. Трэба з’явіцца да свайго харунжага ці самога гетмана і з годнасцю прыняць пакаранне. I, калі табе пакінуць жыццё, ісці ў новую бойку.
Вырвіч ускочыў на ногі, ускудлаціў русявы чуб і пераможна ўсміхнуўся. Гіпацэнтаўр з намі!
— Чаго вы кіснеце, як перастоенае цеста ў дзяжы? Пані Саламея абяцала рамфею ў абмен на жыцці мяне і Лёдніка? Багінскі першым парушыў слова, загадаўшы Ватману нас забіць. Значыць, ганьбы на нас няма, што не выканалі сваю частку дамовы. Рамфеі не будзе ў Багінскага — але яе не будзе і ні ў кога з ягоных супернікаў, хай гэтым і здаволіцца. Спадзяюся, ён стрымае хоць слова, што не будзе чапаць пані Лёднік.
— He называйце мяне пані, пан Вырвіч, — ціха прамовіла Саламея. — Арыядна, якая без дапамогі Тэзея заваліла Мінатаўра, і яе сінія вочы здаваліся вялікімі, як малююць на абразах. — Вы — пан... Вас вырасцілі высакародным і бясстрашным ваяром. А мы — полацкія мешчукі. Патэнт на шляхецтва — гэта проста гульня... Якую ніхто ўсур’ёз не прыняў.
Лёднік пяшчотна пацалаваў вузкую далонь жонкі.
— У Францыі любяць ставіць п’есу Мальера, якая называецца «Мяшчук у шляхецтве». Там такі купец, Журдэн, чалавек някепскі, дужа багаты, але спакушаны славай: карціць яму мець герб і прыдомак да прозвішча. Але толькі выстаўляе сябе на смех, спрабуючы паводзіцца «высакародна». Высокі род паперай не даецца. Вы сказалі правільна, пан Вырвіч. Мы не пацукі падзямельныя, каб бясконца хавацца. Мы вернемся. Раскажам усё, як было. I няхай вырашае Гасподзь.
— Ведаеш, Лёднік, — цвёрда прамовіў Вырвіч, — расказваць буду я. Тое, што трэба расказаць. А ты лепей памаўчы. Адна справа — ісці насустрач смерці, іншая — займацца самазабойствам. З’ясаваў?
Пранціш сам не заўважыў, як зноў загаварыў голасам гаспадара з бяспраўным слугою. Але Лёднік толькі мармытнуў нешта пра «Бог знае круцяля» і скрушна прастагнаў:
— Ё-маё... А кнігі якія пакідаем, Залфейка! Ты бачыла — Полацкі летапіс! Кірыла і Мяфодзій! Хоць бы што прыхапіць... Калі раптам выжыву — не дарую сабе...
Саламея таксама цяжка ўздыхнула, але прамаўчала — ясна, не да кніг цяпер.
Сутарэнні таксама маўчалі, атрымаўшы ахвяру і захоўваючы свае таямніцы. А Вырвіч не мог стрымаць усмешкі, калі падумаў, якую кашчунную карціну пабачаць іхнія наступнікі — скарбашукальнікі ў пакоі мудрасці, які яны сёння так раскалашмацілі.
Раздзел шаснаццаты.
ЯК САЛАМЕЯIПАЛАНЭЯ СУТАРЭННІ ЎЗАРВАЛІ
У старажытных рукапісах часам можна пабачыць дзіўнае стварэнне: верхняя палова тулава — праўдзівы рыцар, у даспехах, са шчытом. У руцэ замест мяча — бізун. TanaBa — ад пеўня, замест ног — два змяіныя тулавы.
Цяжка ўявіць жыццё гэткай няскладнай істоты. Але назву яна мае гучную: Абраксас. He горш, чым Гіпацэнтаўр. Певень сустракае сонца, вястуе пачатак дня і канец панавання цёмных сіл. Шчыт абараняе ад спакус, бізун — наадварот, дае спакусу ўлады. А дзве змяі так і цэляць распаўзціся, вярнуцца ў звыклыя цемру і тло.
Усё ёсць у душы чалавечай, якую сімвалізуе абраксас. Ішукальнікі рамфеі з цяжкасцю пераадольвалі памкненне свайго «змяінага» складніка схавацца, не выпаўзаць на згубнае сонца, да якога, аднак, таксама не маглі не цягнуцца.
Першая, каго пабачыў Пранцысь, падымаючыся па драбінах у пограб Лейбы, была Паланэя Багінская, якая нават ускрыкнула ад здзіўлення, пабачыўшы Вырвіча. Як магла б збыцца мара! Усе дэкарацыі гатовыя... Але...
— Hi слова пра рамфею! — хутка і трывожна прашаптала Паланэя, устала. Прагучаў яе звонкі голас: — Яны ўжо тут! Зараз самі пабачыце — ніякай таямніцы няма. Проста смелыя мужчыны ратавалі кабету, якая па неасцярожнасці ўвалілася ў пограб суседа.
Бутрым, Саламея і Вырвіч жмурылі вочы на марозным сонцы, нібыта начныя птахі. Сонца кідала скупыя жмені промняў на чарапічныя, гонтавыя ці проста крытыя саломай і аерам дахі слаўнага горада Полацка, жыхарам якога, па праўдзе кажучы, усе падземныя жахі падаваліся куды менш страшнымі і цікавымі, чым мітрэнгі іхняга штодзённага жыцця, з падаткамі падымным, пагалоўным, ваенным, чопавым, паштовым, на соль, на дарогі, з кватарункам войска, з кватарункам дэлегатаў соймаў і соймікаў, ды яшчэ з бясконцымі шляхецкімі разборкамі і нападамі чужынцаў...
Князь Багінскі з сумнай фізіяноміяй паглядаў некуды ў шэра-блакітнае, як модны камзол, беларускае неба, перадаверыўшы тлумачыцца сваім сёстрам. А тлумачыць было трэба. Таму што побач стаяў полацкі ваявода Аляксандр Сапега, на гэты раз не ў парыку і камзоле, а ў спрадвечным сармацкім строі — парчовы жупан, чырвоны кунтуш з саеты з залатымі галунамі, шапка з аграфам — і нават прытупваў ад гневу чырвонымі ботамі па тонкім снежным покрыве. Яшчэ адзін заўважны персанаж сцэны, сівавусы магутны шляхціц у гарнастаевай дылеі паўзверх залатога жупана, з булавой пры баку яшчэ больш ускладняў расстаноўку сілаў, таму што быў гэта сам вялікі гетман Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька. Натуральна, кожны з магнатаў быў не сам-адзін, хаця пакуль і без войскаў і вялікай світы. Гэткі прыватны сойм на заднім двары полацкага аптэкара.