• Часопісы
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    — Саламея, беражы ліхтар! Ён у цемры бачыць!
    Лёднік ужо трымаў шаблю, Пранціш з Гіпацэнтаўрам стаў побач. Бачыць у цемры... Гэта доктар пра Ватмана сказаў, не пра ліхтар жа? Вось чаму ў таго вочы дзіўныя...
    Між тым найміт выцягнуў сціло зубамі, нават не паморшчыўся. Ухапіў параненай рукой чакан. У здаровай, левай — ніхто не сумняваўся, што ёю барон валодае гэтак жа спрытна, як правай — прагла адведаць чырвонага цёплага напою серпанціна.
    — Доктар, ты проста жыць не можаш без сваёй спіцы. He ў цябе поруць, дык ты ў іншага яе ўпораш. Вось, хацеў падараваць табе ды хлопчыку твайму лёгкую смерць — я ж цябе паважаю, у цябе два дыпломы, свежае шляхецтва, жонка-прыгажуня. Але па справядлівасці выходзіць, прымеш ты смерць пакутную.
    I раптам скінуў на падлогу паходню, што трымалася ў жалезнай стойцы, тупнуў па прасмоленай палаючай вершаліне... Полымя сканала ў апошніх смярдзючых скрутках дыму. Вырвічу стала страшна: а калі Ватман загасіць апошнюю паходню ды свечку ў ліхтары? I яны застануцца ў цемры сам-насам з белавалосым Мінатаўрам? А што, калі вочы ягоныя ў цемры пачнуць свяціцца, як у звера? А што, калі ён не чалавек, а пярэварацень? He можа чалавек быць такім дужым і бязлітасным і бачыць у цемры.
    Яны біліся ўдвух супраць аднаго, і бойка была сапраўды няроўнай... Для іх дваіх, бо яны змагаліся адчайна, як маглі, а Ватман адбіваўся нават лена, не губляючы сваёй звычайнай усмешкі, быццам гуляўся, як кот з дзвюма мышкамі. He наносіў смяротных удараў, толькі драпаў, рэзаў адзежу, скуру... Так, каб усведамлялі: магу дастаць да душы ў любы міг. Хаця Лёднік ужо дакладна не быў слабым воем — у Слуцкай браме ён адзін стрымліваў дзясятак жаўнераў.
    — Як там спяваецца ў песні пра нябожчыка, які з’явіўся да нявесты, а, доктар? «А што, калі ўсё разваліцца? Тады з костак булён зварыцца!». На шчасце, жанчыны аддаюць перавагу жывым героям перад мёртвымі. Ці не праўда, пані Лёднік? Я ніколі нічога не меў супраць удоў. Удава — гэта яшчэ лепш, чым цнатліўка, яна жанчына дасведчаная, цэніць мужчынскую ласку...
    Лёднік раз’ятрана кінуўся на Ватмана, на падлогу абрынуўся закрануты бясцэнны фаліянт. На скураную вокладку зараз жа наступіў бот найміта, а доктар адляцеў назад з парэзаным рукавом, на якім праступіла чырвань.
    — Бутрым! Паходня! — ускрыкнула Саламея, але ні Лёднік, ні Пранціш не змаглі перашкодзіць белавало-
    саму наблізіцца да апошняй паходні і таксама зваліць яе на падлогу.
    Цяпер пакой асвятляўся толькі дрогкім агеньчыкам свечкі ў ліхтары, які ахоўвала Саламея. Палачанка адышлася ў кут і ліхаманкава запальвала яшчэ адну свечку, разумеючы, што застацца ў цемры азначае пагібель. Пранціш заўважыў, што куфэрак з рамфеяй пані Лёднік прыхапіла з сабой, цяпер ён стаяў побач з ліхтаром на паліцы, каля фаліянтаў. Вырвіч у мітульзе апошніх хвіляў так для сябе і не вырашыў, чаго хоча ён сам — уручыць святыню Паланэі Багінскай ці паспрыяць, каб яна засталася ахоўваць нябачнай моцай горад, а разам і ўсю Беларусь? Як больш годна ўчыніць для шляхціца?
    — Пачакай мяне яшчэ трохі, вядзьмарачка, зараз толькі расчышчу дарогу, a то накідана тут нейкіх карчоў з калючкамі, — бадзёра прамаўляў Ватман, які нават не задыхаўся. — Запэўніваю, мы з табой паразумеемся. Доктар твой — зануда, іртутнай парай паедзены, а я — вясёлы... Смелых жанчын люблю.
    I падбіў нагой непадымны дубовы стол, які з глухім стукам паваліўся. «Карчы з калючкамі», гэта значыць Пранціш з Лёднікам, разляцеліся ўбакі, спрабуючы ўнікнуць удару чакана, які мог бы, напэўна, не толькі чэрап, але і сцяну прабіць. Шабля Лёдніка мільгала так, што здавалася срэбным туманам, яе абрысы расплываліся. Але да Ватмана ён змог дастаць толькі раз, падрапаўшы таму шчаку, чаго гігант нібы не заўважыў. Вырвіч пачынаў думаць пра срэбныя кулі і асінавыя калы, з якімі належыць хадзіць на ваўкалакаў. А тут яшчэ Гіпацэнтаўр, сустрэўшыся з чаканам, адляцеў убок, і лязгат старой сталі аб камяні падаўся шкаляру пахавальным звонам. Лёднік зараз жа захінуў былога гаспадара:
    — Адступай да Саламеі!
    Hi пісталетаў, ні нажа... Пранціш з адчаем глядзеў, як Лёднік крок за крокам ідзе назад пад націскам Ватмана. Дабрацца да Гіпацэнтаўра, які найміт адшпурнуў нагой
    далёка да выхаду? Саламея прыціскала да сэрца маленькі нож, ашчаджаны ад дагляду, яе вочы гарэлі рашучасцю і болем. Вырвіч не сумняваўся, што яна думае зрабіць, калі ейны муж загіне. Шкаляр схапіў свечку, якую Саламея, запаліўшы, прымацавала на левую паліцу, і ўскочыў на не перавернуты яшчэ стол:
    — Гэй, самазваны барон!
    Ватман кінуў лянівы позірк і злосна вылаяўся: Пранціш трымаў над агеньчыкам свечкі клубок Івана Рэніча. Канец вяроўкі ўжо аблізвала полымя.
    — Ну што, застанемся тут усе разам? Як кажуць, ні вашым, ні нашым!
    Ватман апусціў зброю, ягоны шырокі твар перакрывіўся ўсмешкай.
    — Дарэмна я дазволіў пажыць вам гэтыя лішнія хвілі. Ты, значыць, гатовы памерці, шкаляр?
    — Сапраўдны шляхціц заўсёды гатовы да смерці! — выкрыкнуў Вырвіч, і агеньчык падняўся па вяроўцы вышэй. — Нармальная кампанія, святое месца, добрая бойка... Памірайма, панове!
    Лёднік абцёр рукавом пот і кроў з ілба, да якога прыліплі зблытаныя цёмныя валасы.
    — Ватман, прапаную дамову... Без вяроўкі ты не пройдзеш лабірынт. Няхай жанчына і хлопец выйдуць адсюль, а тут застанемся я, ты і рамфея. Пакладземся на Божы суд.
    — Я таксама застануся! — выкрыкнуў Вырвіч, не даючы вяроўцы разгарацца, але трымаючы клубок у небяспечнай блізкасці ад агню.
    Барон зарагатаў.
    — Ды мне ўсё адно, у якой чарговасці вас забіваць. Лабірынт — гэта сур’ёзна, магу заблукаць... Але магу і выбрацца, памяць у мяне добрая. Жанчыну я і так вазьму сабе жывою, хоча яна гэтага ці не. Апусці, апусці свой ножычак, мая красунька, a то парэжашся!
    — У абмен на мяне ты таксама не пакінеш у спакоі рамфею і іх? — горка прагаварыла Саламея.
    — Які тут можа быць гандаль? — удавана абражана прамовіў Ватман. — Каханнем не гандлююць, мая пані, яго заваёўваюць! А ваша чароўная дзіда — гэта проста мая работа. Герман Ватман славіцца тым, што заўсёды выконвае даручэнні.
    — Часткай твайго даручэння было забіць мяне і Вырвіча, як толькі знойдзем рамфею? — удакладніў Лёднік, які стаяў у падманліва расслабленай паставе, апусціўшы шаблю, але гэта быў спакой змяі, што звярнулася лянівымі кольцамі і ў любое імгненне кінецца на ворага чорнай маланкай. Ватман па-блазенску развёў рукамі.
    — Праца ёсць праца, дружа.
    — Саламея, ты чуеш? — нечакана пераможна прагаварыў Лёднік. — Ты вольная ад свайго слова, любая!
    Найміт пагардліва хмыкнуў:
    — Ну што ж, тады жарты скончыліся. Рыхтуйся, доктар, першым будзеш у смерці на блінах, тварына ты слізкая.
    Але першым аказаўся акаваны жалезнымі палосамі фаліянт, які Вырвіч трапна шпурнуў у галаву найміта. Што-што, а шпурляцца шкаляр умеў дасканала. Кнігі легендарнай полацкай бібліятэкі, гэтыя змясцілішчы вышэйшай мудрасці і цноты, паважныя і самавітыя, ляцелі, як найлепшыя снарады, тым больш запас іх быў салідны. Ляцеў магутны «Codex Sinaitikus», адчайна ўзмахвалі пергаментнымі крыламі «Месяцаслоў» і «Жыццяпіс святой Феўроніі», са свістам працінала паветра кранальная гісторыя пра Трышчана і Іжоту... Ватман рыкнуў, кроў з рассечанага брыва залівала ягоныя ваўкалацкія вочы. Шабля Лёдніка ўдарыла яго ў бок, праўда, доктар зараз жа сам атрымаў чаканам па плячы і перакінуў шаблю з правай, знямелай ад болю, рукі ў левую.
    Раптам пачуўся каменны скрыгат.
    — Хочаш выканаць сваю працу, Ватман? — голас Саламеі пачуўся з супрацьлеглага канца пакоя, ля выхаду, які зноў быў адчынены. Жанчына ў адной руцэ трымала ліхтар, у другой падымала кавалак металу, перацягнуты срэбным дротам. — Прабач мне, Госпадзе! — і палезла ў вузкі ход. Ватман адкінуў Лёдніка адным ударам чакана, так, што той стукнуўся галавой аб паліцу, і пабег за Саламеяй.
    У пакоі запанавала цемра, у якой згасала чырвонае вока паваленай свечкі і дагараў клубок Івана Рэніча. Шкаляр падняў свечку, якая, на шчасце, разгарэлася зноў, і пабег да доктара. Лёднік ляжаў на падлозе ніцма, ля ягонай левай скроні нацякала цёмная лужынка.
    — Бутрым... Чуеш, Бутрым, ты жывы?
    I разумеў, што пытаецца дарэмна, зброя ў руках Ватмана хібаў не давала. Шкаляр паставіў свечку, дрыжачымі рукамі перакуліў цела. Цела глыбока ўздыхнула і стрымана застагнала.
    — Жывы!
    — Часткова.
    Бутрым з цяжкасцю сеў, патрос галавой, абцёр з твару кроў.
    — Паспеў вывернуцца ў апошні момант. Я ж тварына слізкая... Хаця пару рэбраў Герман мне зламаў. Ён дзе?
    — Пайшоў за Саламеяй.
    Лёднік узняўся, абапёршыся на шаблю, пастаяў, апусціўшы галаву, каб разамгліўся туман.
    — Бяры паходню... Рушым! Хутчэй!
    У зале Надзеі іх чакала страшнае відовішча. Саламея стаяла на вузкай дарожцы, трымаючы руку з рамфеяй над прорвай. Перад ёй, на адлегласці трох крокаў, высіўся Ватман з шабляй, якая цягнулася да жанчыны, як гадзюка.
    — Падыдзеш — кіну ўніз! — цвёрдым, хаця й задыханым голасам гаварыла Саламея. Лёднік таксама ступіў на чырванаватыя пліты.
    — Ватман, суніміся! Давай дамаўляцца — я ж бачу, ты можа ўпершыню ў жыцці не хочаш забіваць!
    — Мала што не хачу, ёсць такое слова — трэба! — змрочна прагаварыў Ватман. — А ты, доктар, проста як блыха: здаецца, прыціснуў пазногцем, раздушыў — на табе, далей скача. Без рамфеі я адсюль не выйду! I вы не выйдзеце.
    — Паслухай, ну ўяві, што будзе, калі гэтая рэліквія апынецца ў руках нават такога мяккага чалавека, як князь Багінскі... Хіба ёсць магнат, які не скарыстаецца ёю на карысць свайго самалюбства? Зноў пачнуць свае ж рэзаць сваіх, далучацца чужыя, спаляць гарады, вытапчуць палі... — Лёднік казаў мякка, павучальна... Як быццам падчас душэўнай бяседы. I патрошку пасоўваўся наперад.
    — А табе што да гэтага, Фаўст? — насмешна папытаўся Ватман. — Хто ты такі? Недавершаны астролаг, няўдалы алхімік, недапечаны шляхцюк? Ці даўно цябе прадавалі, як цяля на рынку? Ці даўно гэты баявіты хлопчык аб цябе боты выціраў? I раптам — дзяржаўны клопат. Ой, не веру. Гэта ты перад каханачкай сваёй вырабляешся. Быццам не ведаеш, што і без рамфеі тут будуць рэзаць адзін аднаго. А так хаця б адзін мацнейшы ўладар утворыцца, вакол якога згуртуецца шляхта. I не рухайся далей, я ўсё бачу.