Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
— Вады...
Напоены доктар знайшоў сілы прыўзняцца і агледзець пакой.
— Дзе Саламея? Дзе ўсе?
— Пра пані Лёднік не ведаю. А ўсе — там, на вуліцы, чуеш, равуць, віно п’юць у гонар вікторыі. Ты хоць памятаеш, што ты цяпер не толькі двойчы доктар, але і двойчы шляхціц? I цяпер тваё шляхецтва ніхто не аспрэчыць! Да таго ж, ты багацей за мяне на цэлую вёску. Шчаслівы канец, пан Лёднік!
На двары сапраўды раўлі пераможныя песні:
— Гой-гой, вайна рыхла, покуль сціхла, Распачаці святкаваці!
Келіх пенна піва, Піва яно жыва!
Гой-гой, ад суседа няхай беда, Выпі ныне — хвора згіне, Ліся, піва, ныне Ў шчаслівай гадзіне!
Двойчы шляхціц зноў зняможана ўлёгся.
— Гэта толькі пачатак, хлопча. Нічога яшчэ не скончана, і будзе яшчэ горш, пакуль...
Раптам дом скалануўся... Ды што там — свет скалануўся, і што яшчэ не пападала з паліц — то ўпала. Пранціш кінуўся да акна, але праз маленькія слюдзяныя шкельцы нічога не было відно. Гарматы, ці што? Лёднік сеў:
— Выбухнула пад зямлёй... Там, дзе пограб... Памажы, трэба паглядзець!
На вуліцы рабілася немаведама што. Зноў чуліся крыкі магнатаў, асабліва выразна — тонкі голас Аляксандра Сапегі, які быццам абурана сцябаў паветра:
— Злодзеі! Дзе рамфея?
Пранціш схапіў за крысо радзівілаўскага ад’ютанта, юнака з чырванаватым носам і пышнымі светлымі вусамі, які напэўна ж быў не апошні піток на знакамітых нясвіжскіх балях:
— Пане-браце, што адбылося?
Той махнуў рукой:
— Ды паны замкнулі ў пакоі нейкую дзеўку, а яна знікла, ды яшчэ скрала нешта. Вось цяпер шукаюць.
Пранціш і Лёднік пакульгалі да пограба, які хаваў уваход у сутарэнні. У вокнах дома Лейбы мігцела свечка, і Пранціш уявіў, як стары аптэкар пералякаўся за апошні дзень, і што перажывае ён цяпер, не ведаючы, можа, пара
ўцякаць альбо ўжо і бескарысна ўцякаць. Перад пограбам зноў сабраліся магнаты, якія падазрона паглядалі адзін на аднаго. I айцец езуіт зноў быў тут як тут. Побач з ім узмахвала рукамі захутаная ў футра княгіня Алена з Багінскіх, і нават Герман Ватман стаяў сабе скалой, адпіваючы з велізарнага кубка віно.
— Напэўна, напачатку трэба знайсці жанчыну, — мякка падказаў езуіт. — Наўрад яна магла сысці далёка.
Але жанчыну не трэба было шукаць, таму што яна выскачыла з пограба. I не адна — за ёй бегла Паланэя Багінская. Абедзве перапэцканыя, і крычалі самым нявартым гжэчных паняў чынам:
— Бяжыце! Зараз выбухне!
I сапраўды выбухнула. I добранька так. На месцы пограба засталася яміна.
Багінскі падскочыў да Паланэі, схапіў за руку:
— Дзе рамфея?
Дзяўчына вызвалілася:
— Ах, пане-браце, здарылася такая жахлівая прыгода, страшнае няшчасце... Я не пайшла з сястрыцай хавацца ў манастыр, бо згубілася па дарозе, і папрасілася ў пакой да гэтай пані. I раптам пачалі ламіцца ў акно казакі. Мы давай страляць у іх, адагналі, але былі пэўныя, што да нас зноў палезуць... I вырашылі схаваць рамфею ў самым надзейным месцы.
— Гэта дзе? — падазрона папытаўся Аляксандр Сапега, які ўважліва прыслухоўваўся да расповеду.
— Там, дзе яна і была некалькі вякоў! — цвёрда сказала Саламея Лёднік.
— Ах ты... — Сапега ажно кулакамі затрос. — Дадумаліся, курыцы бязмозгія!
— Асцярожна, пане-браце. Ты гаворыш пра маю сястру, — злосна нагадаў Багінскі і зноў перавёў вочы на перапэцканы тварык з блакітнымі і такімі бязвіннымі вачыма: — А выбухнула што?
— Ах, ваша княская мосць, мой велікадушны браце, гэта і ёсць нешчаслівы выпадак! У нашым пакоі пакі-
нулі бочачкі з порахам... Вось мы і надумаліся іх схаваць таксама. Каб казакі не забралі ды чаго не ўчынілі... — Паланэйка даверліва ўзмахнула вейкамі — ай, якая наіўная, але добрая дзяўчынка перад вамі... Хіба яна магла прадбачыць, што здарыцца?
— Ясна. Рамфея ў сутарэннях, а сутарэнні абваліліся, — са змрочнай усмешкай выказаўся Радзівіл. — Абваліліся як, рыбанька, добра? Разабраць няможна?
— Ой, добра абваліліся, ваша княская мосць, вялікі гетман! — запэўніла пяшчотным галаском Паланэя Багінская. — Ніякай чалавечай мажлівасці разабраць завалы няма!
Гетман прыгладзіў сівыя вусы, паглядзеў на вытанчанае, велічнае аблічча Саламеі, на круцельскі тварык малодшай Багінскай, хмыкнуў:
— Гэта ты, ваша мосць, Чартарыйскую на двубой выклікала?
— Каюся, ваша мосць вялікі гетман, сорамна мне затакія непрыстойныя паводзіны, — сціпла апусціла вочы Паланэя.
— Каб я так віно піць саромеўся... — прабурчэў гетман. — А ты, пані, скалечыла паюка майго брата?
— Я толькі вочы яму содай прамыла, ваша мосць, прысягаю сваім вечным жыццём! — прамовіла сваім глыбокім нізкаватым голасам Саламея.
Вакол распачаўся гвалт, гучэлі прапановы даць дурным бабам бізуноў і зараз жа пачаць разбіраць завал. Але вялікі гетман гукнуў голасам, якім прывык аддаваць каманды на полі бойкі, перакрываючы любы шум:
— Ану, сціхніце! Хацелі Божай волі? Вось вам Божая воля! Рамфея застанецца там, дзе і была. I пакуль людзі на гэтай зямлі не паразумнеюць, там, напэўна, і застанецца. Усё, па дамах!
Кінуў на развітанне Паланэйцы:
— Жадаю табе добрага мужа, рыбанька! Каб змог цябе зацугляць.
Спыніўся паглядам на Саламеі:
— Гэх, быў бы я маладзей... Буду праязджаць паўз ваш маёнтак — заеду, пані Лёднік.
I пайшоў разам са сваёй світай. Сапега злосна мармытнуў на развітанне:
— Колькі грошай... Клопатаў... Колькі крыві пралілося... I ўсё на камарыны піск сышло. Феміны... Нельга наіхпакладацца... — і горка ўздыхнуў, успомніўшы, відаць, жонку, якая дарыла свае міласці маладому Брулю, ды так і не вымяняла на іх для мужа булавы гетмана польнага.
А Багінскі нават не захацеў слухаць нараканні старэйшай сястры і заявіў, што палітыка — нішто ў параўнанні з музыкай, і яго вынаходніцтва педалі для арфы ёсць куды больш важным для гісторыі, чым усе сёстрыны інтрыгі. Лепей ён мануфактуру з машынамі зафундуе з дапамогай свайго новага найміта, вучонага немца.
Ватман жа, пакульгваючы, падышоў да Лёднікаў і Вырвіча, дапіў віно, шпурнуў пусты кубак за спіну:
— Кепскім я быў шкаляром, не лепшым, чым ты, шчагол... Але запомніў, як нам расказвалі, што, калі пераможнага ваяводу правозілі з трыумфам па вуліцах Рыма, за ягонай спінай стаяў чалавек, які шаптаў яму: «I гэта праходзіць» ды іншыя гадасці. Я заўсёды буду за тваёй спінай, доктар... А добра ўсё-ткі, што я не перарэзаў табе горла, га?
Саламея абдымала Лёдніка і плакала — ад жалю і палёгкі. Радзівілаўскі ад’ютант падбег, сунуў доктару дарчую на маёнтак і грамату на шляхецтва, ветліва развітаўся з панам-братам. Другі шляхціц, праходзячы, стукнуў доктара па плячы, ад чаго той ледзь не перагнуўся ад болю, і прапанаваў пану-брату Бутрыму Лёдніку пайсці ў дом ваяводы, добра выпіць з нагоды вікторыі. Трэці шляхцюк па ўсіх сармацкіх звычаях запрасіў на Масленіцу ягамосць пана Лёдніка пагасцяваць у свой маёнтак ля Дрыбіна... Той самы гонар аказвалі і ягамосці пану Пранцішу Вырвічу, які ганарыста паклаў руку на Гіпацэнтаўр, і паварочваўся так, каб усе бачылі каш-
тоўны кінжал, хаця ў прыцемку наўрад хто звяртаў увагу на ягоную зброю. Саламея разгублена папыталася доктара:
— Чаму яны так з табой?
— Твой муж вялікага гетмана на полі бойкі выратаваў, і гетман яго паводле Статута і сармацкіх звычаяў у рыцары пасвяціў, — з шырокай усмешкай патлумачыў Пранціш. — Так што ты — пані Лёднік герба «Кораб», уладальніца вёскі Караблі і тысячы дукатаў. Толькі вось што я параю, ваша мосць пані... Давай адвядзем доктара ў дом, пакуль ён яшчэ на нагах трымаецца.
А ў Пранціша быў княскі кінжал з дыяментам і смарагдамі і яшчэ адзін пацалунак, на гэты раз у вусны, ад Паланэі Багінскай. Ягонай неверагоднай Чароўнай Дамы, якая здольная біцца на двубоі, прабірацца скрозь лабірынты і ўзрываць бочкі з порахам. Было і абяцанне пачакаць аддаваць каму сваё сэрца, пакуль малады Вырвіч не стане генералам. Вядома, калі гэтая падзея не зацягнецца ў часе.
Назаўтра на брукаванцы зноў свяціўся бялюткі снег, ажно шкада ступіць, парушыць ягоную чысціню, і нібыта не было ўчора крывавай бойкі... Целы, праўда, там-сям ляжалі. Ад целаў моцна патыхала гарэлкай і чуўся моцны храп. За вікторыю шляхціц п’е, пакуль з ног не зваліцца — калі смерці не ўдалося яго зваліць. У сутарэннях дзесьці пад святой Сафіяй ззяла нябачным святлом рамфея.
— Калі ж вы вернецеся ў Полацак, а, дзеткі? — тужліва пытаўся стары Лейба, углядаючыся ў абліччы Лёднікаў. — I ці вернецеся? Свет вялікі... I вы цяпер вялікія людзі.
— Вернемся, дзядзька Лейба, — запэўніла Саламея. — Бо мы занадта малыя ў параўнанні з Полацкам, каб забывацца на яго.
— Можа, дарэмна ты, Бутрым... прабач, ваша мосць, пан Лёднік, не згадзіўся пайсці служыць у войска вялікага гетмана... Адразу ж чын немалы абяцалі, — сумніўна прамовіў аптэкар. — I пан Вырвіч кар’еру б неблагую зрабіў.
— Дзядзька Лейба, ты можаш уявіць мяне з раніцы давечара за піравальным сталом, пад які я валюся, на-
піўшыся, а потым, ледзь прадраўшы вочы, лезу абараняць свой гонар ад пана-брата, і мы сячэм адзін аднаго шаблямі з-за крывога позірку альбо штуршка ў плячо? — мякка прагаварыў Лёднік, апрануты, згодна свайму новаму статусу, у шляхецкі строй, хаця й без дыяментавых «гузаў» ды кідкай аздобы. — А мой гонар, «свежага шляхціца», дакладна будуць выпрабоўваць, каму не лянота. А можаш уявіць, як я гарланю на сойміку ў абарону не самага разумнага, але пакорлівага дэпутата, якога падтрымлівае мой патрон?
— Так, гэта цяжка ўявіць, — пасміхнуўся Лейба. — А высакародны пан Вырвіч?
— Пакуль што я — з імі, — коратка адказаў Пранціш.
— Яму давучыцца трэба, — прамовіў Лёднік. — Што толку, калі зараз ён прызвычаіцца да жыцця ў магнацкай рэзідэнцыі і стане такім, як пан Міхал Валадковіч? Той жа таксама не без клёку быў, дужы, адважны... А як скончыў: расстралялі свае ж ліцвіны ў сутарэннях Менскай ратушы. I ніхто, акрым Пане Каханку і ягоных падхлебнікаў, добрым словам не спамяне.
— Шляхціц усё роўна вайны не ўнікне! — весела выкрыкнуў Пранціш. — Fac et spera, дзейнічай і спадзявайся! Мне генералам трэба стаць!
— Будуць, будуць яшчэ ў цябе подзвігі... — буркатліва прамовіў Лёднік. — На ўсіх нас бітваў хопіць, часы ліцвінаў чакаюць бурлівыя. I пакуль ёсць магчымасць — трэба заняцца нечым стваральным. А Віленская акадэмія — неблагое месца і для навуковай працы, і для атрымання адукацыі.