Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
СВЯТЛО МІНУЎШЧЫНЫ
Людміла Рублеўская
АВАНТУРЫ ПРАНЦІША ВЫРВІЧА, ШКАЛЯРА I ШПЕГА
АВАНТУРЫ ПРАНЦІША ВЫРВІЧА, ШКАЛЯРА
I ШПЕГА
Людміла Рублеўская
АВАНТУРЫ ПРАНЦІША ВЫРВІЧА, ШКАЛЯРА I ШПЕГА
Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны
Мінск Выдавецкі дом «Звязда» 2018
УДК 821.161.3-31
ББК 84(4Бен)-44
Р82
Серыя заснавана ў 2010 годзе
Рублеўская, Л. I.
Р82 Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега : раман прыгодніцкі і фантасмагарычны / Людміла Рублеўская. — Мінск : Звязда, 2018. — 272 с. — (Святло мінуўшчыны).
ISBN 978-985-575-194-7.
У першай кнізе прыгодніцка-фантасмагарычнага рамана Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюма Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацка, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцка, Менска і Полацка, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду святога Маўрыкія і неаднойчы біцца за ўласны гонар і за Беларусь. Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці рускіх гардэмарынаў.
УДК 821.161.3-31
ББК 84(4Бен)-44
ISBN 978-985-575-194-7 © Рублеўская Л. I., 2012
© Афармленне. РВУ
«Выдавецкі дом «Звязда», 2018
АД АЎТАРА
XVIII стагоддзе... Эпоха авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і чароўных дам, палацавых інтрыг і крывавых войнаў... Эпоха Асветніцтва і вынаходніцтва... Колькі ў гэтым часе сюжэтаў, прыдатных да прыгодніцкіх раманаў, якімі карысталіся Аляксандр Дзюма-бацька, Вальтэр Скот і Генрык Сянкевіч...
На Беларусі таксама хапала падобных сюжэтаў. I мне даўно хацелася, як пісьменніку, «пажыць» тады, калі шляхта збіралася на шумлівыя соймы, дзёрзкае слова прыводзіла да двубою, прыгажуні хадзілі ў локцевых сукенках — з такімі шырокімі спадніцамі, што рукі нельга апусціць, а напудраныя парыкі іх прыпадабняліся невялікім клумбам... Калі ў нашых мястэчках будаваліся мануфактуры, на якіх выраблялі цудоўныя паясы і крышталь, габелены і вееры, а па кірмашах шнырылі ўвішныя шкаляры, якім забаранялася гаварыць па-свойму — толькі на лаціне, так што ўсё мястэчка пачынала ўжываць перакручаныя словы з лексікону Цыцэрона і Сенекі... Беларуская лекарка Саламея Русецкая-Пільштынова раз'язджала ў карэце між палацам турэцкага султана, нясвіжскімі ўладаннямі Радзівілаў і палацам расійскай імператрыцы, малады Казанова біўся ў Варшаве на смяротным двубоі з графам Браніцкім з-за актрысы, у Смаргонскай акадэміі вучылі мядзведзяў адмысловым танцам з дапамогай распаленай рашоткі, а сябар Пане Каханку Міхал Валадковіч урываўся ў залу менскай ратушы і палохаў дэпутатаў трыбунала стрэламі ў столь...
Падарожжа ў часе мне дапамагалі здзейсніць два героі — шкаляр Менскага езуіцкага калегіюма, бедны шляхціц Пранціш Вырвіч і полацкі доктар і алхімік Баўтрамей Лёднік, які вучыўся ў Празе і Лейпцыгу. У персанажаў шмат тыповых для эпохі рысаў. Езуіцкія навучальныя ўстановы тады скончылі многія сла-
вутыя беларусы — нават Сімяон Полацкі, выхавацель расійскага цара Пятра Першага, і Казімір Лышчынскі, спалены на вогнішчы мысляр-атэіст. У навучанне прымалі прадстаўнікоў усіх канфесій і нават саслоўяў, не толькі шляхту, і ў 1760 годзе на Беларусі дзейнічала 66 езуіцкіх калегіюмаў. А што тычыцца доктара Лёдніка, дык беларусы вандравалі па ўсёй Еўропе і вучыліся ва ўсіх славутых універсітэтах. I алхімія была дужа папулярным заняткам. Нават Францыск Скарына, зямляк майго героя, прысвяціў гэтай таямнічай навуцы некалькі гадоў свайго жыцця, перш чым пачаў друкаваць кнігі.
Апошнія гады Рэчы Паспалітай — складаная і цікавая эпоха. I гэта не толькі заняпад, як да апошняга часу было прынята думаць. У дзяржаве множылася колькасць адукаваных людзей, з’яўляліся мануфактуры, развіваўся замежны гандаль, выспявалі думкі пра неабходныя рэформы. Але гісторыя не мае ўмоўнага ладу — Рэчы Паспалітай наканавана было праз колькі гадоў быць падзеленай між іншымі дзяржавамі. Трэба ўсведамляць, што ў яе складзе былі і Полыпча, і Вялікае Княства Літоўскае, — а Княства — гэта і нашыя землі. He думайце, што ўся шляхта, адукаваныя людзі ВКЛ лічылі сябе палякамі. Наадварот — хапала тых, хто з гонарам называў сябе ліцвінамі, русінамі... Праўда, часта вызначалі сябе па месцы нараджэння — палачанамі, случчанамі, гарадзенцамі. А ў гэтай кнізе нашы продкі называюць сябе ліцвінамі або беларусамі — таму што і такое вызначэнне тады ўжо гучала. Пісьменнік і выдавец Саламон Рысінскі ў іматрыкулярных актах Альтдорфскага ўніверсітэта ад 2 снежня 1586 года запісаны як «Solomo Patherus levcorussus» — Саламон Патэрус беларус. Беларуссю Рысінскі называў сваю радзіму ў лісце да нямецкага вучонага Рытэргузіуса. Януш Радзівіл, якога падчас Паўночнай вайны, што напалову знішчыла насельніцтва нашых зямель, хацелі прызначыць вялікім гетманам, выступаў за адлучэнне ВКЛ ад Рэчы Паспалітай, на сойме ў Варшаве крычаў: «Прыйдзе час, калі палякі да дзвярэй не патрапяць, — праз вокны іх выкідваць будзем!» Леў Сапега пісаў да аднаго з Радзівілаў: «Мы і палякі, хоць і браты, аднак зусім розных звычаяў». He лічылі сябе нашы продкі і рускімі, якіх называлі часцей за ўсё маскоўцамі. Надта розныя былі звычаі, традыцыі... Што дзіўнага — калі ў XVI стагоддзі князь Міхал Глінскі разам з сям’ёй перабег у Маскву, да маскоўскага князя Васіля III, атрымаўся культурны шок. Глінскі паездзіў па Еўропе, вучыўся маляванню ўрымскіх мастакоў, плаваў матросам на караблях ад Лондана да Гамбурга... Ягоная пляменніца Алена (яна, дарэчы, стала расійскай царыцай і маці
Івана Жахлівага) на радзіме глядзела спектаклі хатняга тэатра, для якога яе бацька сачыняў музыку і п’есы, звыкла апранацца па апошняй еўрапейскай модзе — з гарсэтамі і дэкальтэ, танчыла на балях, ездзіла на паляванні... А тут жанчын трымалі ў церамах, ганьбай лічылася хадзіць без барады і нават вучыць замежныя мовы. Таму Васіль III і быў уражаны адукаванай і вытанчанай прыгажуняй-ліцвінкай.
А беларуская мова, за якой Статуты ВКЛ замацавалі статус дзяржаўнай, гучала ў той час на нашай зямлі напоўніцу. Пра гэта сведчаць і асобныя мемуары і хронікі, і ўстаўкі-інтэрмедыі ў п’есах, якія разыгрываліся ў магнацкіх тэатрах і шкалярскіх. I, вядома, багацюшчы фальклор, якім можна ганарыцца — балады і песні, казкі і паданні, трапныя выслоўі і замовы, нават імёны і назвы страў. Беларус Казімір Семяновіч, геній XVII стагоддзя, прыдумаў шматступенную ракету і напісаў на лаціне трактат пра мастацтва артылерыі, які стаўся культавай кнігай на некалькі стагоддзяў для вайскоўцаў і піратэхнікаў. I ў гэтым трактаце ён ужыў беларускія словы, якія зрабіліся міжнароднымі навуковымі тэрмінамі: «беркавец», «барыла»...
Першы раз вы сустрэнецеся з маймі героямі ў 1759 годзе, калі яшчэ быў жывы кароль Аўгуст III Саксонскі, альбо Сас, як яго называлі ў народзе. Але да ягонага трона ўжо прымерваліся прэтэндэнты. I магнацкія групоўкі, самай вядомай з якіх была Фамілія — партыя на чале з Чартарыйскімі, якая ўрэшце і перамагла, і суседзі — з захаду, усходу, поўначы... У краіне быў разлад, соймы зрываліся адзін за адным — за часы праўлення Аўгуста III не адбыўся ніводны. Любы шляхцюк мог скарыстаць права liberum veto — забараніць прымаць закон альбо ўвогуле не дазволіць адкрыць сойм. Усё вырашалася альбо подкупам, альбо сілай. Караль Радзівіл на сеймік, дзе павінны былі выбраць земскага пісара, прыехаў на 30 вазах, і, каб шляхта падтрымала патрэбную кандыдатуру, забіваліся валы, ракой цякло віно і дукаты... «Аж да дзесяці гадзін вечара шляхта суправаджала князя, піла, танцавала і спявала на вуліцах, жыхары горада — прыхільнікі партыі наваградскага ваяводы — нават пачалі баяцца, як бы іх не падпалілі». А вось на наваградскім сейміку 1756 года, дзе другі з Радзівілаў, Станіслаў, хацеў атрымаць пасаду краўчага, яго сапернік, наваградскі стольнік Храптовіч, падняў на сваю абарону землякоў, і бедны Станіслаў пісаў: «Як вакол мяне завярцелася, каб мяне згладзіць з таго свету, стралялі ў мяне, як у лося, але не патрапілі, унтэр-афіцэру наваградскаму шляхціцу пад вуха патрапіла, які быў за мною, самі тады натоўп зрабіўшы, абвінавацілі мяне мані-
фестамі». У выніку два дзясяткі шляхціцаў былі параненыя, а потым прайшлі ажно два паралельныя сеймікі.
Кароннае войска было слабейшым за войскі магнатаў, чым апошнія і карысталіся. Таму ў цяжкіх выпадках улады звярталіся па дапамогу да расейцаў — так было, напрыклад, калі спатрэбілася арыштаваць рэчыцкага суддзю Юдыцкага. Той, утневаны, што выбралі не таго маршалка каптуровага суда, узяў са сваімі людзьмі Рэчыцкі замак і пабіў дэлегатаў, што падтрымалі Чартарыйскіх. Толькі атраду расейскіх жаўнераў у трыста шабель удалося схапіць суддзю-разбойніка, а тады «ўзялі яго і завялі на каптурныя суды ў Рагачоў, дзе судзілі яго дэкрэтам на горла і расстралялі. I супраць гэтай справядлівасці нічога не скажаш», — пісаў мемуарыст Марцін Матушэвіч.
У той час, калі вы сустрэнецеся з маімі героямі, Еўропу раздзірала Сямігадовая вайна, у якой удзельнічалі і расійскія войскі. I беларусаў яна закранала таксама — ва ўсякім выпадку, можна было і на нашых дарогах напаткаць вярбоўшчыкаў, што часам гвалтам набіралі рэкрутаў. А Аўгуст Сас, які ў Рэчы Паспалітай ніколі раней не жыў, змушаны быў перабрацца ў Варшаву з роднага Дрэздэна.
Пабачыце вы і адносіны паміж саслоўямі — а паміж шляхціцам і не-шляхціцам існавала сапраўдная прорва. Кожны шляхцюк, нават самы бедны, тэарэтычна быў панам-братам любога іншага, хоць бы і караля, які лічыўся ўсяго першым сярод роўных.
Паны-браты жылі па сармацкім кодэксе. Сармацкае паходжанне — гэта легенда, паводле якой шляхта вяла свой род ад рымскага арыстакрата Палямона, што заснаваў у нашых пушчах племя сарматаў. Шанаваць продкаў, бацькоў, трымаць слова, не спускаць найменшай абразы, сачыць за сваім зямельным надзелам і ісці на вайну, як толькі паклічуць, — так належала жыць. Шмат чаго шляхціц не мог сабе дазволіць: ганьба было, калі цябе лупцавалі на зямлі... А падклаўшы дыванок — то ўжо і нічога. Вязе бедны шляхціц на поле гной — каб не атрымалася страты для гонару, належала ўторкнуць у вохкую кучу шаблю. Гнаць гарэлку можна — а стаяць за варштатам альбо гадляваць у лаўцы, «локцем сукно мерачы», паводле Статута, не шляхецкі занятак.