• Часопісы
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    Між тым Адэля ў чарговы раз, пацокваючы па прыступках чырвонымі абцасікамі, што гэтак спакусна паказваліся з-пад фальбонаў спадніцы, пабегла наверх, на гэты раз не так хутка, бо срэбны тазік у яе руках быў поўны цёплай вады. Дакладна наверсе высакародная дама... Пранцысю так і карцела паглядзець на таямнічую незнаёмку. А можа, праз Адэлю прапанаваць ёй паслугі свайго лекара, вось і будзе падстава для візіту?
    Вырвіч азірнуўся. Лёднік змрочна ўтаропіўся ў келіх, нібыта хацеў убачыць скрозь яго сваю вартую жалю будучыню... Але ў келіху ўсяго толькі пенілася не самае лепшае піва. Музыкі завялі чарговую песню, заплакала скрыпка, загула басэтля, задрыжэлі па кутах вечаровыя цені, якія не магло разагнаць дрогкае полымя бледных свечачак, што рыхтаваліся стаць бруднымі лужынамі воску.
    Куды едзеш, Рамане? Ой, вір-вір, бом-бом.
    На кірмаш, васпане!
    Ой, вір-вір, бом-бом.
    Алхімік правёў доўгімі пальцамі па худым твары, нібыта не пазнаваў сам сябе. Палез у кішэню і дастаў маленькую шкляную бутэлечку... Пранцысь ведаў, што ў ёй.
    А што вязеш, Рамане?
    Ой, вір-вір, бом-бом.
    Воз дзяўчат, васпане! Ой, вір-вір, бом-бом.
    Пачым цэніш, Рамане?
    Ой, вір-вір, бом-бом.
    Па чырвонцу, васпане!
    Ой, вір-вір, бом-бом.
    Скрыпка галасіла, нібыта была жывой істотай, якая страціла самае дарагое. Нават за суседнім сталом на імгненне прыціхлі галасы гульцоў у косткі. Бутрым паднёс блізка да вачэй бутэлечку, страсянуў, углядаючыся ў сваё апошняе золата... Нават здалёк Пранцысь бачыў, як крывяцца ягоныя вусны.
    Куды едзеш, Рамане?
    Ой, вір-вір, бом-бом.
    На кірмаш, васпане! Ой, вір-вір, бом-бом.
    А што вязеш, Рамане? Ой, вір-вір, бом-бом.
    Воз хлапцоў, васпане! Ой, вір-вір, бом-бом.
    Пачым цэніш, Рамане? Ой, вір-вір, бом-бом.
    Па талеру, васпане! Ой, вір-вір, бом-бом.
    Каго прадаюць за талер, а каго й за шэлег, усім ёсць цана ў гэтым не лепшым са светаў... Басэтля глуха падтаквала высокаму голасу сляпога спевака. Пранціш намацаў у кішэні вежачку — кубак з астрагаламі, косткамі для гульні. Можа, далучыцца да кумпаніі? Часам удавалася ж выйграваць ды мухляваць, калі не натрапіш на мацнейшага махляра. У калегіюме ён ды адзін шчаўлік з малодшага курса, Міхась Міцкевіч, таксама з небагатай шляхецкай сям’і, былі самымі моцнымі гульцамі. Міцкевіч, праўда, асаблівыя здольнасці меў: мог тры разы запар выкінуць «венеру» — усе шасцёркі, і ніхто падлавіць не мог на ашуканстве. Той шчаўлік цвёрда збіраўся, як падрасце, ехаць у Лемберк, каб павучыцца ў лепшых шулераў і пасля каралёў абыгрываць. Пранцысь жа марыў стаць славутым ваяром і здабыць багацце і тытулы шабляй, якую, дарэчы, таксама ў бліжэйшы час варта было раздабыць. Выпітае піва прыемна круціла галаву і змушала да подзвігаў.
    Чарнявая карчмарка зноў спусцілася ўніз і наліла ўзбан з маленькай бочачкі адмысловага віна. Пранцысь зараз жа падскочыў да маладзіцы, як бусел да наладаванай жабкамі калюгі, залапатаў, зажартаваў... Але карчмарка і сама мела язычок востры, як шабля каралеўскага ўлана, і блакітныя вочы Пранцыся ніяк не маглі прабіцца да ейнага загартаванага досведам карчмарскага рамяства сэрца. Гэта яна шляхціцу адмаўляе? Эх, была б у яго шабля!
    Збанок у руце Адэлі прыцягваў, як гарачая смала — парушынку... Кабета спрытна абмінула нахабнага юнака і рушыла, аглядаючы сваю гаспадарку, як гетман — поле бітвы. Параўнялася са сталом, дзе сядзеў Лёднік... Нешта ціха таму сказала... I — што такое? Паставіла перад Пранцысевым слугою запаветны збаночак!
    Шкаляра ажно працяла ад злосці. Баўтрамей падняў на кабету цёмныя вочы:
    — Выбачайце, пані, я цяпер не магу дазволіць сабе такайскае.
    — Гэта пачастунак ад мяне пану лекару!
    А прамовіла з якой удаванай сарамяжнасцю! I нават нібы няўзнак прыхінулася да чарадзея! Пранцысь нічога не мог зразумець. Ён, Вырвіч — юны, вясёлы, гожы, а добрае віно дастаецца на дарэмшчыну старому змрочнаму чарнакніжніку з дзюбатым носам! Што ён, прысушвае кабетаў лацінкай? Альбо носіць пры сабе мяса маладога жарабяці, высушанае ў новым паліваным гаршку, ці валасы з канца воўчага хваста, а можа ўласную кроў, выпушчаную ў пятніцу, змяшаную з заечымі ядрамі і вантробай галубіцы, у парашок ператвораную, кабетам падсыпае?
    Яшчэ трохі пашаптаўшыся з лекарам, Адэля сышла, нават не зірнуўшы на блакітнавокага чубатага шкаляра. Лёднік праводзіў яе вачыма, няспешна наліў віна, чырвонага і густога, як кроў, у свой апусцелы келіх, нават нейкі мройны выраз на твары з’явіўся... Успомніў залатыя свае дзянькі, відаць, калі не такое шчэ віно смакаваў. А смалы табе гарачай!
    Пранцысь ірвануўся наперад і цопнуў келіх проста з-пад носа алхіміка. Гледзячы ў вочы свайму слузе, няспешна выпіў. Ад злосці нават не распрабаваў добра. Але віно, здаецца, выдатнае... I мацнейшае за піва. Парадкам мацнейшае. Бразнуў пусты келіх аб стол. Лёднік, нібыта вывучаючы рэдкую хваробу, глядзеў на гаспадара. Зноў наліў поўны келіх. Працягнуў руку...
    Пранцысь зноў апярэдзіў слугу. Павольна паднёс келіх да вуснаў, выпіў, не адрываючы позірку ад чорных вачэй, у якіх болей за ўсё на свеце хацелася пабачыць замест прыхаванай жарынкі насмешкі — праўдзівую крыўду. Але трымаць позірк на адной кропцы станавілася ўсё цяжэй, аблічча паскудніка Баўтрамея пачало нейкім незразумелым чынам дваіцца.
    Пусты келіх ляснуў аб дубовы стол. Лёднік зноў прамаўчаў, пасядзеў, апусціўшы галаву. Пранцысь, крыху пагойдваючыся, навісаў над ім пагрозна, як цыклоп над Улісам. А што — ён, пан Вырвіч герба «Гіпацэнтаўр», моцны, вялікі... Уга, які зух! Што перад ім нейкі доктар, няхай той і ў Празе вучыўся! У галаве гралі скрыпкі і дуды, падлога пахіствалася ў такт музыцы, так што давялося абаперціся абедзвюма рукамі аб стол.
    Алхімік, як нічога не было, напоўніў келіх. Пранцысь зноў паспеў першы, хаця й расплюхаў каштоўнай вадкасці... Але ягоную руку раптам імкліва перахапіла, як абцугамі, рука лекара. Лёднік холадна прамовіў, нягледзячы на шкаляра.
    — Думаю, васпану ўжо досыць.
    — Ды як т-ты пасмеў! Ды я ц-цябе... Хам... Біз-зуноў пакашт... шту...
    Язык, аднак, не паспяваў за абуранымі думкамі, свет навокал загайдаўся, як адлюстраванне ў веснавой вадзе. Вырвіч толькі ўсвядоміў, што нехта ўзваліў яго на плячо самым ганебным чынам, як мяшок з гарохам, і некуды панёс. Ды яшчэ нізкі голас дзесьці побач бурчэў:
    — Дурное хлапчыска...
    На гэтым доўгі дзень прыгодаў для Пранцыся Вырвіча завяршыўся.
    Раздзел трэці.
    ЯК ПРАНЦІШ ПАЗНАЁМІЎСЯ 3 ВАЕВАДЗЯНКАЙ I ЛЕДЗЬ HE СТРАЦІЎ АЛХІМІКА
    Раніца пачалася з галаўнога болю. Гэткая нармальная шляхецкая раніца. Пранціш ледзь прадраў свае калісьці ясныя блакітныя вочы. Ён ляжаў у ложку не самым шыкоўным, але ўсё-ткі ў ложку, а не на падлозе... Хаця й на адвечным для прыдарожнай карчмы сенніку. Падобна, ім вылучылі, як ганаровым гасцям, пакойчык на другім паверсе. Адэліна ласка? Памяць патроху вярталася, і гэта не радавала. Няўжо яго сюды прынёс Лёднік? Пранціш успомніў, як выхопліваў келіхі з-пад аб’ёмістага носа доктара з радасным адчуваннем, што гэта сапраўдны подзвіг, і шчокі загарэліся ад сораму. А дзе той доктар? Ці не збег? Вырвіч паспрабаваў прыўзняцца, але ад гэтага свет паплыў купальскім карагодам, нават водбліскі вогнішча прымсціліся... А божачкі, як галава баліць!
    — Што, нашукаўся пан ін віна верытас? — насмешны голас побач успрыняўся з палёгкай. Шкаляр павярнуў галаву, ад чаго ўваччу сцямнела. Калі туман разамгліўся, Пранціш зразумеў, што доктар, ужо без сваёй чорнай мантыі, у адной белай кашулі і саксонскіх нагавіцах, мяшае ў кубку нейкі адвар, ад якога ідзе пах сабачае мяты.
    — I часта пан Вырвіч даходзіць да такога стану? — насмешна прарыпеў алхімік.
    — Я не люблю быць такім... Такім, як мой бацька...
    Вырвіч адразу пашкадаваў сваіх словаў... Што значыць, п’яны рот на замку не трымае, embritas et amor cuncta sekreta produnt. Але Лёднік нават не хмыкнуў. Толькі папытаўся, працягваючы нешта калбаціць у кубку:
    — А вось што мне цікава... Пан мой такі баявіты, а без шаблі. Відаць, у геройскай сечы сваю зброю пакінуў?
    — Ага, у сечы... — вось жа ўмее людзей цвеліць. — У канвенце забыўся.
    — Значыць, уцякаць давялося... Няўжо дачку якога прафесара спакусіў?
    Злыя словы Лёдніка, аднак, гучалі хутчэй буркатліва, чым з’едліва, тым болей сам ён тыцнуў гаспадару пад нос гліняны кубак з адварам.
    — Падымайся... Пі...
    I нават дапамог прыўзняцца. Пранціш таропка глынуў гарачую вохкую вадкасць — смажыла страшэнна... Уваччу амаль адразу праяснілася, сцішыўся галаўны боль. Добра мець свайго лекара!
    Між тым Лёднік глядзеў на юнака неяк дзіўна.
    — I ты не папытаўся, што ў кубку? He загадаў мне адпіць самому? А калі б я табе атруту падліў?
    — А што, ты мог? — весела папытаўся Вырвіч, адкідваючыся на сяннік. Алхімік моўчкі стаяў над ім, худы твар яго яшчэ больш выцягнуўся... I Пранціш раптам зразумеў, што лекар не звык, каб яму вось так верылі. Відаць, сярод не самых лёгкіх бліжніх туляўся...
    — Можаш быць спакойны, пан Францыск, я падаваў людзям толькі лекі... — голас алхіміка гучэў глухавата, нібыта ён усё яшчэ быў уражаны.
    — А я і не пераймаўся! — Пранціш салодка пацягнуўся. Ведае ж алхімік сваю справу! Нават млосць прайшла... Эх, як добра, калі цябе не будзяць ледзь не з першымі пеўнямі, каб уставаць на ўрокі... Зараз бы шаблю ў рукі, ды на каня, ды каб за табой вернае войска! Дзе тая шабля з выгравіраваным на дзяржальне Гіпацэнтаўрам...
    — Дарэчы, я не Францыск, а Франтасій!
    Лёднік шчыра здзівіўся.
    — Таксама праваслаўны?
    — Вырвічы веры не мяняюць! — горда паведаміў Пранціш. — А мой святы абаронца, пакутнік Франтасій,
    уга які святы! Яму і ягоным паплечнікам рымляне ў галовы цвікоў набілі, а потым адсеклі. Дык пакутнікі галовы паднялі і да свайго біскупа Франтона развітацца прыйшлі. Вось што вера ўчыняе!
    Вырвіч пазяхнуў, але спаць болып не хацелася. Лёднік завязваў мяшэчкі з сухімі зёлкамі, з якіх варыў адвар, і маўчаў, як мур. Трэба ж, які нецікаўны... Альбо назнарок прыкідваецца.
    — Ніякіх дачок прафесарскіх я не спакушаў, бо не патрапіліся, — лена парушыў маўчанне Пранціш. — А ўцякаць давялося... з-за Вараняці.
    — Птушку на лекцыю прыцягнуў? — буркатнуў лекар. — Блазнота...
    — Вараня — так сябрука майго празвалі... Ну не тое што сябрука... Як з такім сябраваць... Ён гарбунок быў. Хворы такі, смешны... Але разумны, халера.