Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
цяпер вярэдзіла Пранцыся, каб зноў не пачалі абшукваць. Дукатаў, вядома, шкада... А калі знойдуць ліст ваевадзянкі? Вырвіч паспеў перахаваць яго разам з дукатамі ў бот... Шкада будзе, калі забяруць і нататнік Вараняці — праўда, лекар таксама не першы год на свеце жыве, мусіў таксама кудысь сунуць падазроныя паперы...
А праз краты на вокнах карэты, як на злосць, свяціла ласкавае сонейка, нібыта старая дзеўка восень яшчэ спадзявалася залучыць бліскучымі фальшывымі ўсмешкамі залётнага жаніха... Нехта з жаўнераў, што ехалі конна абапал карэты, завёў жартоўную песню з даволі сумным для палоннікаў сэнсам:
Ехаў мазур да млына,
Ехаў мазур,
Лігіцігі-лігірулі, вой ды з мазурамі, Да млына.
Здохла ў яго кабыла, Здохла ў яго, Лігіцігі-лігірулі, вой ды з мазурамі, Кабыла.
Як стаў мазур дзяліці, Як стаў мазур, Лігіцігі-лігірулі, вой ды з мазурамі, Дзяліці.
Са скуры будзе ёй шуба,
Са скуры будзе, Лігіцігі-лігірулі, вой ды з мазурамі, Ёй шуба.
3 грыўкі будзе ёй каўнер.
3 грыўкі будзе, Лігіцігі-лігірулі, вой ды з мазурамі, Ёй каўнер.
Пранцысь проста ўвачавідкі ўявіў, як з яго ды Лёдніка лупяць скуру... У засценках Гераніма Радзівіла як ёсць разбяруць на частачкі абодвух, не паглядзяць, хто якога звання... Простых ворагаў князь загадваў зашываць у мядзведжыя шкуры ды сабакамі цкаваць. Але й паддобрывацца да яго небяспечна. Адзін слуга дужа хацеў перад панам выслужыцца, сказаў, што мае адзінае жаданне — заўсёды быць на вачах у гаспадара... Дык той загадаў яго павесіць пад сваім акном, каб спраўдзілася мара небаракі. Тры жонкі ад князя збеглі, напакутаваўшыся... Нават звар’яцелы брат Гераніма Марцін, над якім Гераніму апякунства даверылі, зараз сядзіць у Слуцкім замку, кажуць, на хлебе ды вадзе.
— 3 хвоста будзе ёй каса, 3 хвоста будзе, Лігіцігі-лігірулі, вой ды з мазурамі, Ёй каса.
Краты былі густыя, з іржавых палос, між імі не пралезла б рука. На жалезе засталіся драпіны нібыта ад пазногцяў шматлікіх вязняў, у пісягах Пранцысю ўяўлялася запеклая кроў, хаця была гэта напэўна іржа.
— 3 вочак будуць гузічкі, 3 вочак будуць, Лігіцігі-лігірулі, вой ды з мазурамі, Гузічкі.
3 зубоў будуць пацеркі, 3 зубоў будуць, Лігіцігі-лігірулі, вой ды з мазурамі, Пацеркі,
— з хрыпатай насмешкай выпяваў жаўнер.
Лёднік, не зважаючы на песню, свідраваў вачыма вузкі жоўты твар Юдыцкага з блізка пасаджанымі вачыма —
суддзя сядзеў насупраць, надзейна аддзелены кратамі, і драмаў, яго бледныя вусны вяла варушыліся, нібыта снілася, што ён каштуе нешта нясмачнае. Але, калі кола карэты падскочыла на чарговай выбоіне, Юдыцкі адплюшчыў насцярожаныя вочы. Лёднік адразу ж задаў пытанне, беражліва, але настойліва, як бортнік прыладжвае да вулля дымар:
— Ці не мог бы літасцівы пан падрабязней распавесці пра спамянутую панну Саламею Рэніч? Чаму яе судзяць не ў Полацку, не ў гродскім судзе? Чым зацікавіла яна так пана Гераніма?
Юдыцкі абурана цыкнуў праз зубы, як на надакучлівае кацяня:
— Гэты паскуднік што, вырашыў, што мае права задаваць пытанні мне, шляхціцу і суддзі? Пан Вырвіч, я патрабую, каб вы зараз жа пакаралі свайго непачцівага слугу!
Вырвіч раздражнёна пхнуў Лёдніка ў плячо:
— I праўда, маўчаў бы ты... — і ветліва звярнуўся да суддзі. — Прашу прабачыць, літасцівы пан, гэтага недарэку. Ён жа ўсяго толькі слуга пажыццёвы. А вось мне цікава паразмаўляць з такім мудрым чалавекам, як пан суддзя Юдыцкі. Пэўна, гісторыя той Саламеі з Полацка дужа страхотная? Упрыгожце нам дарогу сваймі цікавымі расповедамі!
Пранціш гаварыў гэтак умольна, як звычайна выпрошваў дармовы келіх у прыгожай шынкарачкі. Блакітныя вочы выпраменьвалі такое шчырае захапленне мудрасцю пана суддзі, што той здаўся, напыжыўся, як верабей у сцюжу, і паважна-паблажліва адшкадаваў слоў:
— Што ж, маладому чалавеку накшталт вас карысна будзе паслухаць...
Вырвіч адчуў, як Лёднік коратка ўздыхнуў, зразумеўшы Пранцысеву тактыку: да бабкі не хадзі, ясна, як яму карціць даведацца пра тую Саламею. Карэта пачала падскокваць на карэннях, сумная кавалькада ўехала ў лес. Голле час ад часу стукала па карэце, драпала яе бакі,
нібыта лясун праганяў і не ў змозе быў прагнаць нежаданых гасцей.
— Судзіць паненку будуць за тое, што паюка князя Гераніма асляпіла. Але карані, карані ўчынкаў глыбей! Норавы заняпалі ў нашым княстве! — звягліва прамовіў Юдыцкі. — Белагаловыя не павінны заставацца без мужчын! Калі ўдава ці сірата — апекуноў ёй давайце... A то атрымліваецца абы-што. Паненка застаецца без бацькоў і не хоча выходзіць замуж. Хаця лічыцца першай прыгажуняй места, specie formosa... He хоча, і ўсё! I ніхто не прымусіць. Жаніхі шалеюць, сваты вяртаюцца з гарбузамі, ідуць чуткі пра таемнае каханне — але ніхто адсачыць не можа. Паводзіцца паненка бездакорна, ходзіць у царкву... Але ж у кляштар не ідзе, як княжна Ефрасіння! Прадае кніжкі ў бацькавай краме і, прабач, святы Ёсафат, займаецца навукай! Казалі, што яна пераапраналася ў мужчынскае адзенне і слухала лекцыі ў калегіюме. Калі праўда — задраў бы спадніцу ды сам адхвастаў... — Юдыцкі нават прыцмокнуў бледнымі вуснамі, відаць, уявіўшы спакусную карціну хвастання паненкі, і ўздыхнуў: — Вось толькі з судом князь не спяшаецца. Каб толькі па дабраце сваёй не дараваў ведзьме, і яна яго, змяя беласкурая, не счаравала. Можа, ой, можа...
— Але навошта тая купчыха пану Гераніму? — папытаўся Вырвіч.
— He вашага гэта розуму справа, — надзьмуўся Юдыцкі, але, відаць, цікава і незразумела было і яму — чаму столькі клопату з-за нейкай дзеўкі, таму што суддзя задумаўся і, памаўчаўшы, пачаў разважаць: — 3-за прыгожых вочак — наўрад... Ейнае ведзьміна майстэрства скарыстаць — дык ягамосць пан Геранім ведзьмаў блізка да сябе не падпускае. Ведама мне толькі, што пан Марцін да бацькі гэтай Саламеі прыязджаў і доўгую гаворку меў. А як Рэніч памёр, то да самой панны ліст прыслаў. Значыць, нешта такое бацька ёй у спадчыну пакінуў. I, відаць, важнае, бо чамусьці Трыбунал вырашыў умяшацца.
— Гэта вы пра князя Аляксандра Сапегу? — здагадаўся Пранцысь.
Юдыцкі скрывіўся, быццам раскусіў гнілы арэх.
— Так, пра ваяводу полацкага. Сапегі здабылі ад Трыбунала грамату з патрабаваннем аддаць Рэніч пад іх апеку, — суддзя чмыхнуў вострым носам, як быццам учуў пах пажару. — Нібыта князь Геранім не мае права ў вотчынным судзе судзіць полацкую мяшчанку... Аляксандр Сапега ў Слуцак заявіўся, трыста жаўнераў прывёў... Быццам дзеля перагавораў. Занялі дом ля Віленскай брамы, жаруць, п’юць, мешчукоў задзіраюць. Жаўнеры пана Гераніма напагатове: чым перагаворы гаспадароў скончацца, невядома. Гэх... Ёсць такая дзева-птушка — Сірын, што зачароўвае людзей спевамі сваймі... I няхай птушка яна што ні на ёсць райская, а сны навявае зямныя ды грэшныя, і душа ў яе пакутлівая. Карацей, не схацела дзеўка мужчынскае рукі над сабою — спазнае руку следства.
— Але калі пан суддзя ведае, што панна Саламея невінаватая... — падаў голас Пранцысь. Юдыцкі зарагатаў так, што стукнуўся патыліцай у сцяну карэты, аж з парыка ягонага паднялося дымнае воблачка.
— Невінаватая? Дзева-птушка, хімера, мужабаба! Я ж табе, хлопча, толькі што сказаў, што такія, як яна, — самая шкоднасць для дзяржавы! А што калі, на яе гледзячы, іншыя белагаловыя волі захочуць? He, у пятлю дурную блудніцу — і ўсё!
— Мярзотнік! У Саламеі ў адным мезенцы розуму больш, чым хаваецца пад тваім вашывым парыком! — Лёднік кінуўся на краты, ажно з іх пасыпалася іржа, але так атрымаў похвамі судзейскай шаблі ў лоб, што, заліўшыся крывёй, абсунуўся назад на лаву. Пранцысь зараз жа наваліўся на свайго наравістага слугу, каб спыніць ягоныя далейшыя шалёныя ўчынкі. Але язык лекара ён падрэзаць не мог, і той пастараўся адказаць на ўдар:
— У вас, пан Юдыцкі, пячонка хворая, жоўць у крыві разлітая, а яшчэ мужчынскай сілы гады са два як няма. Вы кабету сапраўды толькі адхвастаць можаце!
Ой-ёй... Залілі агонь алеем. Пранцысь нават не наважыўся прамовіць: «Ды не слухайце вы гэтага дурня...»
— Адкажаш за ўсё, лайно! — сычэў Юдыцкі, аж трасучыся ад злосці, як кола на брукаванцы. — Падзякуй, што лязом не ткнуў — трэба цябе цэленькім здаць, каб каты болып задавальнення атрымалі. I ты, смаркач, расплоцішся... Мы яшчэ праверым, які ты шляхціц! Гэй! — суддзя пастукаў у акно карэты, яна прыпынілася, і пан вылез, не жадаючы падзяляць адну прастору з дзёрзкімі зняволенымі.
3 вочак будуць гузічкі...
3 кішак будзе каўбаса...
Пранцысь асыпаў Лёдніка справядлівай лаянкай, але той болып не спрабаваў выломваць краты... Застыў, закрыўшы твар рукамі, — зноў злавіў сусветную нуду.
— Моцна ж ты дапамог і нам, і той паненцы! — крыкнуў наастачу Пранціш, праклінаючы імгненне, калі знайшоў у сваёй кішэні апошні шэлег.
— Гэта я яе загубіў, — глуха прагаварыў Лёднік, адвярнуўшы твар з разбітым ілбом ад гаспадара.
— Ну, што панна Саламея — дачка таго друкара, у якога ты рос, я і сам здагадаўся, — сярдзіта прамовіў Пранцысь. — Відаць, амуры з дзеўкай круціў!
— He мяркуй па сабе... — раздражнёна буркатнуў Лёднік, крыху робячыся падобным да сябе звычнага. — Яна ж малая была... Мне — дзесяць, ёй — пяць... Яе бацька дабрадзеем маім быў, настаўнікам. Як я мог на яго дачку пажадлівым вокам глядзець?
Уздыхнуў... Потым загаварыў, нібыта язык ад марознага жалеза адрываючы.
Маленькая Саламея, адзіная дачка кнігара Івана Рэніча, пястунка ды разумніца, за бацькавым вучнем ценем хадзіла... Можа, таму, што іншых дзяцей у доме не бывала? I Бутрым, які таксама дома рос адзін-адзінюткі,
ды яшчэ на поліўцы з кухталёў, патроху прывык да шчабятання побач і ставіўся да паненкі як да малодшай сястрычкі. Чытаць яе вучыў... I дазваляў перамешваць фарбы ў ступках... Нават разважаў пры малой услых над сваймі доследамі — які ні ёсць, а слухач. I толькі калі падчас чарговых вакацый Лёднік вярнуўся дахаты, і давялося даць у нос суседскаму хлапцу, што гэтак апантана закідваў чатырнаццацігадовую Саламейку калючымі шарыкамі дзядоўніка — вядома, найлепшы сродак заляцання, — Бутрым заўважыў, якія сінія-сінія вочы ў ягонай сяброўкі, якая белая скура, чорныя бліскучыя косы, а пастава... He дзіцячая пастава. А калі яна ўсміхаецца, дык ямінка чамусьці толькі на адной шчочцы, левай... Дакрануцца да тае ямінкі хочацца — аж да млосці... I пажадана вуснамі...