Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
Калі яны, зняможаныя, прыселі на паваленым бервяне пад разлапістай сасной, Лёднік, здымаючы з твару наліплае павуцінне, задумліва прагаварыў:
— Раней я б склаў наш гараскоп і вызначыў, ці прарочаць зоры поспех і адкуль набліжаецца небяспека... Цяпер застаецца маліцца ды спадзявацца на літасць Божую. Ну, і куды ты, хлопча, улез? Чаму стары выжал Герман Ватман цябе вызваляць узяўся? Ягоныя паслугі вялізныя грошы каштуюць, не кожны магнат такога здолее наняць. Чым ты стаў такі дарагі Багінскім?
Пранціш трохі павагаўся, паглядзеў на восеньскае лісце, што гніло пад ягонымі нагамі, нагадваючы пра тленнасць зямнога быцця, і распавёў пра знаёмства з чароўнай ваевадзянкай...
— Ліст пакажы! — уладна сказаў Лёднік, працягнуўшы руку. Пранціш падумаў, ці не абурыцца дзёрзкасцю слугі, але ж дастаў памяты канверт. Алхімік пакруціў яго ў руках і раптам рашуча зламаў пячатку. Шкаляр ускочыў і замахнуўся на лекара:
— Ах ты!.. Што робіш, паскуднік! Гэта ж ганьба — чытаць чужыя лісты, шляхціцу давераныя!
— А я не шляхціц, мне гонар не рупіць, — холадна прагаварыў Лёднік.— А ведаць, дзеля чаго жыццём рызыкуем, я павінен, так што ўвесь грэх і ганьба — на мне. Та-ак...
Лёднік пільна вывучаў аркуш, на якім усяго і было пару радкоў без подпісу накрэмзана. Пранціш, як ні віраваў ад абурэння нізкім учынкам слугі, не мог утрымацца, каб не прачытаць таксама...
«Леў гатовы скочыць, але не можа забыцца пра ланцуг.
Калі адзінарог прывядзе грыфона да брамы і знойдзе з дапамогай Дзевы Вянец Палямона, ланцуг парвецца. Ружа будзе чакаць ля белага калодзежа».
Што за блёкат? Пранціш расчаравана адвярнуўся. Але алхімік расчараваным ці азадачаным не выглядаў.
— Вось жа кабета... Калі нават ліст дастанецца ворагам — ніякіх зачэпак. Hi адраса, ні подпісу, адны іншаказанні. Дый вызваленне наша — яшчэ давесці трэба, што Багінскія да яго датычныя. Карэту сваю адправілі загадзя на Менск. Ватман пераапрануўся, хаця ён такі адметна здаровы, што западозрыць можна. Але, вядома, стане ўсё адмаўляць. Мала якія разбойнікі на людзей Юдыцкага напалі. А каму панна прасіла перадаць ліст? Князю Аляксандру Сапегу?
Пранціш разгублена памаўчаў. Як відаць, слузе загадкавы ліст быў куды больш зразумелы, чым ягонаму гаспадару. Але распытваць, што да чаго, паказаць сябе недасведчаным было ганебна. Лёднік насмешна скасавурыўся на гаспадара, разумеючы ягоныя пакуты.
— Перш чым увязвацца ў палітыку, трэба хаця б сваю партыю свядома выбраць. Хаця ў нас, ліцвінаў, ды яшчэ праваслаўных, якая можа быць партыя, калі мы па звычаі апынуліся паміж патэльняй ды ражном? Ведаеш, якія жарсці бушавалі, калі польскі трон дзялілі? Аўгуст на яго сеў не толькі таму, што расейцы падтрымалі ды партыя Чартарыйскіх, але й таму, што іншыя не маглі адзін аднаго перамагчы і вырашылі: «Няхай ні вашым, ні нашым».
— Дый пан бацька мой яго не любіць, — заківаў Пранціш, жадаючы паказаць і сваю дасведчанасць. — Кажа: «Які ж гэта кароль, прабач мяне, Божа? Да таго, як вайна яго з Дрэздэну выкурыла, пару дзён у Полынчы й пабыў, мовы не ведаючы, з каханкамі разабрацца не можа, тут усё фаварыты вырашаюць». Кажа, ягоным пераемнікам Чартарыйскія маладога Панятоўскага хочуць зрабіць.
— Смаркача Панятоўскага не ведаю, — прабурчэў Лёднік. — Але бачыў, як старэйшы, Юзаф Панятоўскі па Варшаве ў карэце раз’язджае ў кампаніі амараткі Юзэфкі... А тая — у касцюме Евы, прабач, Госпадзе.
Пранцысь уздыхнуў ад шкадавання, што сам не пабачыў таго спакуснага відовішча. Лёднік асцярожна крануў свой разбіты лоб.
— Та-ак... Страшна ўявіць, што нас чакае. Вось табе і алхімічны працэс: перамалоўшы каштоўныя камяні, атрымліваюць кучку фанабэрыстага пылу. Магнаты ўлады каралеўскае не прызнаюць, войскі маюць куды мацнейшыя за кароннае. Геранім Радзівіл падаткі адмовіўся плаціць, пляменнік ягоны, Пане Каханку, заявіў, што гэта ён, Караль, заўсёды быў тутэйшым каралём. Калі спрэчнае пытанне — даводзіцца звяртацца да расейцаў, каб прыслалі жаўнераў.
— Але ж Расія праваслаўных абараняе... — прамовіў Пранціш. — Лізавета Пятроўна патрабуе, каб нас перасталі лічыць дысідэнтамі, ураўнавалі ў правах. Можа, для нас і лепей хаўрус з Расіяй?
— Так, пад Полынчай не соладка ліцвінам... — пагадзіўся Лёднік. — Сам бачыў, як праваслаўных братчыкаў камянямі закідваюць. Храмы паадбіралі, ва ўніяцтва заганяюць. Адзін такі... місіянер нават загадаў праваслаўных з магіл выкопваць і, як падлу, кідаць. Тут мы — схізматыкі, але і для расейцаў — схізматыкі, каталікамі папсаваныя. Нас выпраўляць будуць... Так, што кроў пацячэ. А што з тымі, хто прыняў унію, зробяць... Асабліва з простымі мужыкамі, якіх з веры ў веру бізунамі перахрышчваюць...
Былы алхімік задумліва ўзіраўся ў шэрыя нябёсы, нібыта спадзяваўся на старонках аблокаў прачытаць нешта важнае.
— Ведаеш, Вальтэр... ёсць такі французскі філосаф... неяк сказаў, што ён гатовы аддаць жыццё, каб ягоны вораг мог свабодна выказваць сваё меркаванне. Як па-мойму,
дык варта памерці не толькі за сваю веру, але і каб не забівалі, не катавалі людзей за тое, што яны гэтую тваю адзіна правільную веру не прымаюць. Я падобнага ўжо столькі нагледзеўся, мой пан... А калі пачынаюць чужацкія войскі рабункі ўчыняць, не разбіраюць, хто ў якую царкву ходзіць. Таму што ў падбіўцы ўсяго — звычайная хцівасць. Жаданне захапіць паболей зямлі.
Пранціш акінуў вокам панылыя восеньскія відарысы. Зямля ў іх, вядома, не такая яркая, як на карцінах італьянцаў... Але ж свая. Са сваймі рыцарамі і чароўнымі дамамі... Дарэчы, наконт дам.
— А пры чым тут Багінскія?
— Увязаўся ты, хлопча, у змову магнацкую супраць Аўгуста Саксонца, — змрочна патлумачыў доктар. — Багінскія мараць пра карону. Падбіваюць змагацца за трон князя Міхала. Лізавета Пятроўна моцна хварэе. I князя Міхала пазнаёмілі з жонкай ейнага спадчынніка Кацярынай, якая з мужам не ладзіць і завяла раман са Станіславам Панятоўскім. Багінскі Панятоўскага не перамог, затое, кажуць, не на жарт закахаўся ў маладую царыцу. Доўга ў Санкт-Пецярбургу не затрымаўся, паехаў па Еўропе... I давядзецца яму змагацца за карону самому. Але Міхал Багінскі адчувае на сабе ланцуг — прысягу, што даў каралю... I ўвогуле палітычных інтрыг не любіць. Вось і сястру малодшую, відаць, падалей ад палітыкі адаслаў пад прыглядам Ватмана.
— Значыць, Багінскія ў змове з Сапегамі? — глыбакадумна заўважыў Пранціш.
— А чаму і не? — Лёднік сарваў з ядлоўцавага куста сіня-чорную ягадзіну, пакруціў у пальцах, нібыта яна была чорнай перлінай. — Змаганне за ўладу, хлопча... Ворагі цішком хаўрусуюцца, сябар са шчырымі слязьмі жалю заганяе сябру нож у спіну... Аляксандр Сапега таксама цяпер страшэнна пакрыўджаны. Ён дамагаецца булавы гетмана польнага літоўскага, кажуць, даў графу Брулю, кумпану каралеўскаму, нямерана грошай... Нават жонку
сваю падаслаў да ягонага сына, каб яго сваімі вабнотамі адарыла. Ганьбы займеў — але нічога не здабыў. Так што карона для яго — трафей, які за ўсё ўзнагародзіць.
Вырвіч глядзеў на засыпаную ігліцай ды іржавым лісцем зямлю, па якой яшчэ сноўгалі падманутыя восеньскім сонцам мурашкі. А ў гэтых нікчэмных казюрак таксама ж ёсць жаўнеры, і мужыкі, і каралева, ёсць і крылатыя асобіны, якім бліжнія хуценька абкусваюць крылы. Няма чаго лётаць, калі трэба ігліцу цягаць, тлю пасвіць ды нападнікаў грызці. Пранцысь на хвілю ўявіў Лёдніка такім вось чорным крылатым мурашом з абкусанымі крыламі, які ледзь варушыцца на сцежцы, бо калі няможна лётаць, то паўзці — усё роўна куды, і ўсё роўна, пасвіць або цягаць табе давядзецца альбо зараз цябе раздушаць. Глухое раздражненне зварухнулася ў душы шкаляра, змяшанае з зайздрасцю: скажы ты, які разумнік — сын гарбара, у тонкасцях палітычных разбіраецца, магнатаў асуджае... Крылы адрасціў... Ды хто ён такі?
— Слухай, Лёднік, калі леў — гэта князь Багінскі, значыць, паводле гэтага ліста, ён можа пайсці супраць караля, толькі патрэбны нейкі штуршок... Вянец Палямона. Гэта што?
— А хто ж яго ведае... — абыякава адказаў доктар. — Карона Вітаўта? Скрутак з прадказаннем святога Даўмонта, што каралём павінен стаць уладальнік герба такога ці гэткага? Святы Грааль, які адразу зробіць уладальніка выбранцам? Мне, на жаль, ясна адно — з гэтай штукай звязаны Рэнічы. Спадар Іван розныя дзівосы збіраў, нават зямлю на месцы старых будынкаў раскопваў... Можа, што і раскапаў. Шляхціцы любяць усялякія сімвалічныя бескарысныя рэчы, як абломак мяча прапрапрадзеда, які хадзіў на мядзведзя разам з царом Дадонам.
Цярпенне Пранцыся лопнула, як бурбалка на паверхні лужыны. Лёднік што, над шляхтаю смяецца? To пячатку на чужым лісце разломвае, то выстаўляе ўладальнікаў гербоў легкавернымі ёлупамі... Нельга гэтага спускаць!
Кроў кінулася шкаляру ў голаў, аж у скронях дзятлы застукалі. Пранціш ускочыў, выхапіў шаблю, прыставіў да горла свайго слугі і зароў:
— He твая справа разважаць пра шляхецкую годнасць! Ды за такія словы я маю права табе галаву бязродную адсекчы!
У гэты момант Пранціш адчуваў сябе чамусьці падобным да свайго бацькі ў маладыя гады, зуха і буяша наўвесь павет, вялікага Вырвіча. Адчуванне п’яніла, як такайскае віно.
Лёднік прыкусіў губу, відаць, разам са з’едлівымі словамі, памаўчаў і выціснуў з сябе, гледзячы ў зямлю:
— Прашу прабачэння ў майго гаспадара. Я не меў права гаварыць, што думаю пра тых, хто вышэй за мяне. Я забыўся, хто я такі. Гэта больш не паўторыцца.
Лязо ГІранцішавай шаблі дрыжэла ля ўпартага падбароддзя доктара. Той не рабіў спробы адхінуцца, але ўсмешка больш не крывіла ягоныя вусны. Зухаватасць выпарылася са шкаляра, як вада з варэння. Вырвіч прыбраў шаблю, сеў. Запанавала маўчанне, якое Пранцішу дужа не спадабалася. Вядома, слуту трэба было паставіць на месца... А што, калі раптам ганарлівы Лёднік так вось у сабе замкнецца ды пачне з пафасам святога пакутніка выконваць ролю раба? I не будзе больш даверлівых размоў і адчування моцнага, надзейнага пляча побач?
Пранціш кінуў хуткі позірк на Лёдніка, які ўсё гэтак жа глядзеў у зямлю. Абразіўся. Шкаляр устаў, пахадзіў, паперхваючы, вакол, пазбіваў з галін сухое лісце. Ну, доктар жа разумны, павінен здагадацца, што малады пан шкадуе аб сваёй гарачнасці! Але той толькі папытаўся, не падняўшы вачэй: