• Часопісы
  • Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега  Людміла Рублеўская

    Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

    Людміла Рублеўская

    16+
    Выдавец: Звязда
    Памер: 272с.
    Мінск 2018
    56.55 МБ
    — Нядаўна да пана Сапегі прыехаў малады казак, увесь аброслы... Давялося яго пагаліць, каб прачытаць на ягонай чэрапаўцы напісанае галыном пасланне. У цябе таксама нешта падобнае? — насмешна папытаўся ўлан. — Ты ж разумееш, што, калі ветрам гандлюеш, нашыя шаблі хутка праветраць твае вантробы.
    Пранціш паклаў руку на сваю зброю:
    — Слова шляхціца! Калі неадкладна праводзіце да пана Сапегі мяне і майго доктара, генерал толькі рады будзе.
    А за ягонай спінай ужо дыхаў Лёднік, гатовы абараняць маладога гаспадара. Пфальцман выціраў насоўкай спацелы лоб, уцяміўшы, што патрапіў у рукі ворагаў свайго кліента, не менш магутных, чым той, а побач грувасцілася захінутая палотнамі жалезная чарапаха.
    Раздзел шосты.
    КАШЧЭІ СЛУЦКАГА ЗАМКА
    Для людзей занадта мітуслівых, якія хапаюцца, як немаўля за бразготкі, адразу за некалькі спраў, мысляры мінулага раілі разводзіць у доме траву бядрынец, альбо каменяломнік, які прыводзіць вадкасці цела да гармоніі і супакойвае. Вакол князя Аляксандра Сапегі ядранцу з ягонымі пяшчотнымі белымі ды юлёвымі кветкамі належала прарасці праз усе сцены. Можа, тады гэты недарослы, шчуплы чалавечак з вялікім носам і блізка пасаджанымі вачыма, у недарэчна вялікім парыку і парчовым жустакоры з сумётамі брабанцкіх карун-
    каў прысеў бы хоць на хвілю ды спыніўся б на адным са шматлікіх сваіх планаў. На партрэтах Сапега выглядаў як малады антычны бог з паблажлівым паглядам. Але цяпер Пранціш нават не раўнаваў чароўную Паланэйку, ад якой перадаў князю ліст з дасканала адноўленай пячаткай. Вядома, калі трэба да алтара ісці, нават самы плюгавы магнат падаецца практычным дамам прыгажэй за самага гожага ды дужага шляхціца-шарачка, але ж тым плюгаўцам пасля і рогі ахвотна настаўляюць з гожымі і дужымі. А ўспомніць яшчэ пра пані ваяводзіну Сапегу, якая ўлагоджвала сына каралеўскага канфідэнта...
    Сапега раздражнёна кінуў ліст ад Багінскіх на столік са срэбным прыборам для кавы.
    — Лёгка сказаць — «з дапамогай Дзевы»! А як да той дзевы дабрацца? Я што, штурмаваць павінен Слуцкі замак? Досыць, бацька наваяваўся, ледзь палову маёнтасці не страцілі! — крычаў Сапега, намякаючы на нядаўнюю ўнутраную вайну, калі магнаты аб’ядналіся супраць роду Сапегаў, які надта набіраў магутнасці. — А гэты лысы паскуднік Радзівіл чхаў нават на Трыбунал!
    На шпалерах з залатымі кветкамі слізгалі дзівосныя цені, спароджаныя прабяганнем князя перад кандэлябрамі. Лёднік пачціва кашлянуў, каб прыцягнуць увагу гаспадара.
    — Mary я мовіць слова да яснавяльможнага пана? Магчыма, варта змяніць тактыку, per fas ас nefas? Можна паспрабаваць пранікнуць у замак таемна, у чужым абліччы.
    Сапега злосна зірнуў на Лёдніка. Доктар выглядаў як мае быць: акуратны белы парык, таксама выкуплены ў Пфальцмана, нямецкая вопратка, капялюш, перавязаны чыстай шаўковай белай стужкай, шабля... Нават твар згодна свецкім звычаям доктар напудрыў і румянец наклаў, ад чаго выгляд у яго быў фанабэрысты да немагчымага. Ведаў бы князь, што гэты важны муж вучоны — усяго толькі пажыццёвы і бяспраўны слуга маладога шляхціца Вырвіча, на якога Сапега не звяртаў
    аніякае ўвагі... Ад гэтай думкі Пранціш вышэй задзёр падбароддзе і пашкадаваў, што ў яго яшчэ не растуць вусы.
    Сапега спыніў позірк шэрых вачэй на доктары.
    — Вы што, гер Лотман, думаеце, у мяне ў Слуцкім замку шпегаў няма? Ды тут уся зямля нашпігаваная шпегамі, як шынка — часныком. Шпегі тут, шпегі там, двайныя, трайныя... I ўрэшце ўсё ўпіраецца ў тое, хто каго першы прадасць і купіць. Мне данеслі, панна Саламея Рэніч, якую, як вы сцвярджаеце, добра ведаеце, жывая. Але дзе князь яе трымае — ніхто не здагадваецца.
    Лёднік не стрымаў уздыху палёгкі, а Сапега толькі махнуў рукой.
    — Але ці можна гэтаму верыць? I ў любым выпадку яе сцерагуць так, што падабрацца немагчыма.
    Лёднік сціснуў вусны.
    — Але я змагу! Радзівіл мне паверыць. Я цяпер — немец, што прыехаў разам з панам Пфальцманам дэманстраваць новую магутную зброю, я — вядомы доктар, што пацвердзіць той жа Пфальцман... Mae паслугі могуць спатрэбіцца ўсім, нават князю Гераніму.
    Сапега адбегся ў другі кут пакоя і пачаў калмаціць свой парык, раздумваючы. Вырвіч скарыстаўся момантам, каб высветліць адносіны са слугою.
    — Што значыць — «я змагу»? А я?
    — Твая місія закончана! — Лёднік быў суровы, як вецер у лютым. — Ліст перадаў, дукаты атрымаў... Усё! Гэта мая асабістая справа! Няма ніякай патрэбы рызыкаваць жыццём высакароднага шляхціца дзеля беднай мяшчанкі...
    — А я не дазваляю табе выпраўляцца без мяне! — выразна шапнуў Пранціш, дастаўшы на хвілю з кішэні складзеную паперу аб куплі алхіміка.
    — Дурное хлапчо! — прасычэў Лёднік, ягоны худы твар ажно плямамі пайшоў. — Застанешся тут!
    — А не табе загадваць! Вось я захачу — і зусім нікуды цябе не адпушчу! — з задавальненнем прасычэў у адказ
    Пранціш, які нізавошта не хацеў упускаць магчымасці паўдзельнічаць у небяспечнай і цікавай прыгодзе. — Табе ж нельга совацца ў замак, бо можа нехта пазнаць нават у нямецкім строі.
    — Маё жыццё нічога не каштуе! — доктар ледзь жоўцю са злосці не пляваўся.
    — Ну як жа, каштуе! — шматзначна прамовіў Пранціш, намякаючы на свой шэлег. Алхімік нарэшце заторкнуўся, злосна пазіраючы на шкаляра. Сапега вярнуўся да стала, не зважыўшы на раз’ятранае перашэптванне гасцей.
    — Можа быць, і варта ўзяцца за чапялу, калі меч зламаны... Але тады я павінен адпусціць да Радзівіла машыну, якую вы называеце смяротнай зброяй! А ён немаведама што з ёю наробіць! — Сапега адсёрбнуў са срэбнага кубка кавы. Тая, відаць, зусім астыла, таму што ён скрывіўся і выплюнуў яе назад, але слугу клікаць не стаў, не жадаючы, відаць, лішніх вушэй.
    — Ваша княская міласць, наколькі я змог разгледзець, гэтая машына занадта марудная і неразваротлівая, — напружаным голасам загаварыў Лёднік. — Эфектнасці ў ёй больш, чым рэальнай карысці. Новы вадзяны рухавік — рэч ненадзейная, такія цягам эксперыментаў часта ўзрываліся. Хуткасць такой машыны будзе не хутчэй за тры вярсты ў гадзіну, чалавека не абгоніць. Да таго ж на сваім паліве праедзе не больш паўвярсты. Яна будзе палохаць, але не забіваць арміі.
    — Што ж... — Сапега зноў забегаў туды-сюды, кратаючы рукамі то посуд на стале, то кандэлябры, то ўласны нос. — На такую рызыку можна было б пайсці, калі б я быў упэўнены, што вам удасца прывесці да мяне дачку полацкага кнігара жывой...
    — Я вызвалю яе альбо памру сам! — запэўніў Лёднік такім тонам, што сумніву ўзнікала не болын, чым у намерах кулі, што ляціць да твайго ілба.
    — I прывядзеш сюды!
    — Але толькі пры адной умове, прабачце маю дзёрзкасць, ваша мосць...
    — Якой умове? — нахмурыўся Сапега.
    — Калі вы дасцё сваё шляхецкае слова, што ў вашых руках панне Саламеі нічога не пагражае, што яна не стане палонніцай і вы не змусіце яе ні да чаго супраць ейнай волі!
    Лёднік пачціва схіліўся, але было зразмела, што не адступіцца.
    — Слова Аляксандра Сапегі — я нічым не пакрыўджу дзеўку.
    Пранціш заўважыў, што князь трохі скрывіўся, што азначала, што даваць слова яму не з рукі, і задаў яму пытанне, што само сабой узнікала:
    — Ваша княская мосць, але ж мы найлепей выканаем сваю місію, калі будзем ведаць, што насамрэч патрэбна высокім панам ад Саламеі Рэніч? Ну не абараніць жа правы полацкай мяшчанкі? Ваша мосць, вы можаце нам давяраць, бо мы ўжо сваім жыццём рызыкавалі, гнеў Радзівілаў выклікаўшы, і надалей нас смяртэльная гульня чакае.
    Пранціш ведаў, што супроць ягонага даверлівага тону і ўмольнага пагляду шчырых блакітных вачэй ніхто не вытрывае. Сапега слізгануў вачыма па гасцях, аббег пакой, зазірнуўшы пад парцьеры, нават вызірнуў за дзверы... Наблізіўся да Лёдніка і Вырвіча ўшчыльную, Пранцысю аж казытнула ў носе ад рэзкага паху моднай парфумы з мускусам і лавандай, загаварыў шэптам.
    — Калі я стаў ваяводам полацкім і першы раз прыехаў у места, мне распавялі пра ягоныя дзівосы... I пра сутарэнні. Многія спрабавалі там шукаць — бібліятэку Сафійскага сабора, скарбы... Папа рымскі Георгій, Іван Жахлівы, езуіты перапаролі ўсё, што маглі. Прызнаюся, спрабаваў і я пасылаць людзей у сутарэнні. Але далёка ні разу не прайшлі, то вада, то завалы. А аднойчы палезлі ў ход ды чацвёра ад кепскага паветра задыхнуліся. I мне параілі звярнуцца да мясцовага купца Івана Рэніча, які любіць па гэтых сутарэннях лазіць. Але гэты махляр не прызнаўся, што нешта знайшоў.
    Лёднік шумна выдыхнуў, але стрымаў гнеў ад гэткага непаважлівага водгуку пра ягонага настаўніка.
    — Трэба было гэтага купчыну не выпускаць з-пад нагляду... — з прыкрасцю зазначыў Сапега. — Але ён падаўся мне такім дзівачным! А тут пачалася пошасць, і толькі пасля таго, як яна скончылася і Іван Рэніч памёр, мне даклалі, што, падобна, ён знайшоў уваход у сховішча. А там не толькі бібліятэка Сафійскага сабора, але і адна... рэліквія... Іначай Марцін Радзівіл да яго асабіста не прыязджаў бы.
    — А што за рэліквія, ваша мосць? — пацікавіўся Вырвіч. — I ў каго яна цяпер?
    Сапега павагаўся, але працягнуў шаптаць, толькі яшчэ больш ціха:
    — Пра падскарбія Аляксандра Солтана чулі?
    — Гэта які трыста год таму стаў рыцарам Гроба Гасподняга? — удакладніў Лёднік.
    — Так, ён самы... — Сапега зноў крануў сябе за нос. — Солтан з’явіўся да Папы са скаргай, што ў Вялікім Княстве Літоўскім уціскаюць праваслаўных. I Папа даў яму даручэнне... Узамен якога абяцаў падтрымку. Прывезці з Ерусаліму адну святыню... Яна патрапіла туды з Чэхіі. Калі Сігізмунд Люксембург ваяваў з жаўнерамі Гуса, каб выратаваць найвялікшыя рэліквіі Прагі ад ерэтыкоў, схаваў іх на двух вазах з рыбай і адправіў у Нюрнберг. Але па дарозе вазы перастрэлі, і найвялікшая святыня была забраная. Кажуць, гэта ўчынілі пражскія разэнкрэйцэры і перадалі забранае ў Ерусалім, у Храм Гроба Гасподняга.
    — Разэнкрэйцэрам, якіх ніхто толкам не бачыў, прыпісваюць самыя неверагодныя ўчынкі, — заўважыў Лёднік. — Я б не ўсяму верыў, ваша мосць. Я жыў у ЕІразе, бываў у Нюрнбергу, чуў пра два вазы з рыбай... Але пра крадзеж рэліквіі — нічога.
    — I не павінен быў чуць, — раздражнёна патлумачыў Сапега. — Каб не нарабілася шуму, скрадзенае падмянілі падробкай. I цяпер Папа хацеў сапраўдную святыню вяр-
    нуць сабе. Але Аляксандр Солтан, пабываўшы ў Ерусаліме, у Рым не вярнуўся. Паехаў у Партугалію, Францыю, Англію... А калі вярнуўся на радзіму, каталікі яго з амбонаў у Вільні сабакам абзывалі. I ніякай граматы ад Папы ў яго не мелася пра заступніцтва. Затое ў Полацкай Сафіі за здароўе Солтана пачалі кожны дзень служыць малебны. Значыць, туды святыню перадаў, спадзеючыся абараніць братоў па веры, а манахі яе схавалі ў сутарэннях.