Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
— Дык што гэта за святыня, ваша княская мосць? — з нецярплівасцю прашаптаў Пранцысь.
Сапега адвёў вочы.
— Яна доўга пераходзіла з рук у рукі, з’яўляючыся часткай імператарскіх рэгаліяў. Імператар Канстанцін, Отан Вялікі, Карл Вялікі, Барбароса... Усе з ёй у руках каранаваліся. Карацей, уладальнік гэтай рэліквіі — уладар над уладарамі! — голас Сапегі аж узвысіўся ды сарваўся на дыскант ад захаплення. — Калі б хтось у Рэчы Паспалітай яе займеў! Тады і Багінскія, і Чартарыйскія, і Пацы — усе збяруцца пад ягоны сцяг!
Сапега відавочна ўяўляў на месцы шчасліўца сябе.
— Рамфея! — выдыхнуў уражаны Лёднік здагадку, і Сапега кінуў на занадта абазнанага доктара засцярожлівы позірк.
— Няважна... Галоўнае, Іван Рэніч ведаў, дзе яна знаходзіцца. I сабе яе дакладна не забраў. Але толькі абраны чалавек можа прайсці ў сутарэнні, і такі чалавек можа прывесці свайго пераемніка толькі добраахвотна, пасля належных выпрабаванняў. Таму Марцін Радзівіл і ўгаворваў Рэніча па-добраму... Але, калі той памёр, захавальніцай полацкай таямніцы стала ягоная дачка.
— Чаму вы так у гэтым упэўнены? Яна сама прызналася? — напружана папытаўся Лёднік.
Сапега выпрастаўся, відаць, зусім знудзіўшыся вымушаным знаходжаннем у адной паставе, і зноў забегаў па пакоі, загаварыўшы на поўны голас.
— Прызналася не прызналася — болып няма каму! Паміж захавальнікамі павінна быць альбо крэўная, альбо духоўная еднасць. Таму й паненка пакуль жывая і, напэўна, здаровая. Цяпер Геранім Радзівіл спадзяецца стаць захавальнікам... і ўладальнікам рэліквіі. А гэтага дапусціць нельга!
Сапега нарэшце спыніўся, у сваім узбітым хмаркай парыку падобны да вушастага красналюдка-гнома.
— Вырашана — адпраўляецеся з Пфальцманамі! Пастарайцеся ўвайсці да Гераніма ў давер, хоць гэта практычна немагчыма. У замку можаце разлічваць на дырэктара тэатра Пучыні. Радзівіл ягоную жонку змусіў разам з іншымі актрысамі ўвасабляць мармуровыя статуі багінь падчас балю. Небарака не вытрымала ганьбы й памерла. Зрэшты, усе слугі, прыслужнікі і прыдворныя свайго пана ненавідзяць люта, — пасміхнуўся Сапега. — Але ж усе запалоханыя да мышынага віску. I яшчэ адзін чалавек вам прыдасца... Пайсці з вамі не зможа — там яго добра ведаюць, але ж, каб дастаць князя Гераніма, жыцця не пашкадуе.
Сапега высунуўся за дзверы і гукнуў:
—Ігнась!
Праз хвілю ў кабінет зайшоў высокі дужы шляхцюк у сармацкім строі, з пышнымі светлымі вусамі і доўгім чубам. Вочы шляхцюка пазіралі ўпэўнена, як у дасведчанага воя.
— Знаёмцеся: пан Ігнась Мянчынскі! Брат апошняй жонкі князя Гераніма. Калі прыехаў заступацца за сястру, князь адправіў яго назад у карэце на авальных колах. Так?
— Так! — праз сцятыя зубы адказаў шляхцюк, і ягоныя вочы — нават у цьмяным святле свечак гэта было відно — палыхнулі агнём нянавісці за перажытую ганьбу.
— Сястра пана Мянчынскага зараз у бяспецы, у бацькоў, таму пан Ігнась нічым не звязаны. I дапаможа вам, калі што, са сваймі жаўнерамі...
Твар пана Мянчынскага нават засвяціўся ад прадчування помсты — было зразумела, што паляціць за во-
рагам, калі даць сігнал, як выжал за дзіком... Пранціш шчыра пазайздросціў вусам пана Ігнася. А яшчэ крыўдна зрабілася пры думцы, што Лёднік, як заўсёды, разумее ў пачутым куды больш за свайго гаспадара.
У цемры і дажджы агні паходняў здаваліся размытымі плямамі. Пфальцманы былі шчаслівыя і перапоўненыя ўдзячнасцю — бо ўпэўненыя, што толькі дзякуючы сувязям высакароднага юнака іх адпусцілі. Фрау Эльза гладзіла Пранціша па непаслухмяных кудзерах з сапраўднай мацярынскай ласкай, відаць, прыкідваючы, што магла б мець такога гожага сына. Можна было спадзявацца, што сапраўдных імёнаў сваіх калегаў яны не выдадуць. Чакаць, пакуль развіднее, ніхто не стаў. I праз гадзіну жалезная чарапаха ўкацілася ў браму Слуцкага замка.
Лёдніка і Пранціша, прабачце, гера Лотмана і ягонага асістэнта Франца Магнуса пасялілі ў пакоі малога палаца Ніжняга замка, побач з Пфальцманамі. He ў самым шыкоўным пакоі, але там усё-ткі меўся вялізны ложак на саксонскі манер, які Лёднік, як належала слугу, саступіў Пранцысю, а сам, падкурчыўшы доўгія ногі, улёгся на атаманцы ля каміна.
Нібыта было ўтульна... Суха, цёпла... Лепей, чым дома ў Падняводдзі, дзе Пранцысь і бацька спалі на цвёрдых лаўках. А бацька часта яшчэ, дзеля выхавання шляхецкага духу, будзіў сына з першымі пеўнямі, a то і сярод ночы стрэлам у столь, так што тая нагадвала рэшата. I камін тут нядаўна тапілі. Але шкаляру здавалася, што ён ляжыць не на пярыне, а на тонкім лёдзе, які вось-вось можа растаць, і правалішся ў славутыя сутарэнні-катавальні. Нават у начной цішы ўгадваліся прывідныя крыкі. Пранцысь, змагаючыся з дрымотай, ледзь дачакаўся, пакуль Лёднік прамармыча належныя вечаровыя малітвы, вымавіць «Амін!» і ўляжацца, і папытаўся:
— А што такое рамфея? 3-за чаго ўвесь гэты бабілонскі кірмаш?
Лёднік нецярпліва крутануўся на атаманцы:
— Дзіда. Дзіда святога Маўрыкія. Некаторыя лічаць, што гэта менавіта тая зброя, якой сотнік Лангін на Галгофе прабіў бок Госпада нашага Ісуса Хрыста, калі той канаў на крыжы. Але хутчэй за ўсё яна належала святому Маўрыкію з хрысціянскага рымскага легіёна, знішчанага па загадзе імператара. Паводле легенды, варты ўладання гэтай святыняй чалавек набудзе асаблівую мудрасць і Боскае апякунства.
Недзе завыў сабака, потым захліпнуўся, завішчэў, нібы яго моцна перацялі, і ўрэшце змоўк. Пранцысь памаўчаў, падумаў:
— А як цэлую дзіду можна было перахоўваць, тудысюды вазіць?
— Гаворка ўсяго толькі пра наканечнік! Састаўлены з дзвюх паловаў і цвіка ад Крыжа Гасподняга, абкручаных па загадзе Отана Першага срэбным дротам. Усё? Я магу нарэшце заснуць, мой пан? — атрутай у голасе доктара можна было забіць усіх пацукоў Слуцкага замка.
Але Вырвіч, ужо звыклы да шыпення і крыкаў свайго слугі, загаварыў зноў:
— Доктар, а, доктар! А ты не думаеш, што, хоць Сапега і даў слова, калі мы перададзім Саламею ў іхнія рукі, атрымаецца з печкі на патэльню? Ад яе ж усё роўна будуць патрабаваць выдаць таямніцу...
На гэты раз Лёднік не вылаяўся і адказаў, памаўчаўшы, халодным, як лязо, голасам:
— Думаю. Mae мазгі так ужо зладжаныя, што не могуць не думаць. Але напачатку трэба вырашыць адну праблему, а потым брацца за наступную.
Зноў памаўчаў і прамовіў цяпер ужо зусім загадна:
— I калі вы зараз жа, гаспадар, не змоўкнеце і не дасцё мне скарыстацца з магчымасці можа апошні раз у жыцці нармальна выспацца, я не пагляджу на ўсе тонкасці адносін сюзерэн — раб і адлупцую вас па тым самым месцы, якое вы не аднойчы, мусіць, падстаўлялі вашым бедным настаўнікам.
У Пранціша не знайшлося сілы на абурэнне дзёрзкасцю слугі, вочы зліпліся, нібыта іх склеілі смалой Начніцы, і шкаляр праваліўся ў сон.
Сніліся яму бясконцыя анфілады пустых пакояў са шпалерамі ў залатыя кветкі, па якіх лунала ў шырачэзнай сукенцы-рагоўцы, расшытай перлінамі, паненка Паланэйка. Ваевадзянка срабрыста смяялася, увесь час то набліжаючыся, то аддаляючыся ад Пранцыся, які спрабаваў ухапіцца хоць за крысо ейнай сукенкі. А калі яму нарэшце ўдалося ўзяцца за краёчак бязважкай блакітнай тканіны, з яе пасыпаліся перліны... I з дробным стукатам пачалі сыпацца, сыпацца, усё хутчэй, зліваючыся з рогатам паненкі, і ўрэшце Пранцысь з жахам заўважыў, што ўся паненка рассыпаецца на дробныя перлінкі, ейная постаць вытанчаецца, растае... I ўрэшце на падлозе засталіся роўным слоем ляжаць толькі перліны, а смех панны ўсё гучэў, гучэў... I перлінаў усё прыбаўлялася... Іх насыпалася столькі, што шарготкія сумёты падняліся па калені Пранцысю, вышэй, вышэй... Вырвіч ужо не мог ісці, разграбаў непаслухмяныя гурбы з перлінаў рукамі... А Багінская ўсё смяялася... Гучней... Гучней...
Пранцысь прачнуўся ад крумкання варон. Падобна, гэтыя птушкі будуць праследваць яго цяпер па жыцці. Ёсць жа такая прымха, нібыта кожнаму чалавеку адпавядае не толькі тэмперамент, вызначаны перабольшаным утрыманнем у арганізме пэўнай вадкасці — вады, крыві, флегмы альбо жоўці, — але й нейкая жывёла, расліна, мінерал, колер, лічба... Па ўсім падобна, што Пранцысева птушка — не арол, не голуб і не ластаўка, а варона... Вось жа ганьба, каб толькі хто не даведаўся.
Лёднік галіўся перад трумо з чорнага дрэва, схіліўшыся над мядзяным тазікам. Ён прабуркатаў нешта падобнае да «нарэшце васпан зрабіў ласку ўстаць» і працягваў плённы занятак. Пранцысь з расчараваннем правёў далоняй па сваім гладкім падбароддзі, нібыта спадзяваўся, што за нач на ім пачала расці барада. Споўз з ложка, міма-
ходзь адзначыўшы, што дробных крывасмокаў, якія так псуюць начлег нават у палацы, тут амаль не было, нібы нават блохі ды клапы пачуваліся ў гэтых сценах няўтульна... Наблізіўся да невялікага скругленага наверсе акна, за якім чулася крумканне. У акне былі шыбы са шклом, не якая-небудзь зашмальцаваная папера альбо бычыны пухір... I праз гэтае шкло хлопец пабачыў прывязаныя да слупоў не зусім свежыя трупы.
Ясна, што памерлыя адышлі смерцю гвалтоўнай і пакутніцкай і па волі князя. Па рэштках адзежы можна было зразумець, што гэта не сяляне. Варона ўселася на чэрап з парэшткамі сівых валасоў... Пранцысь адвярнуўся. Лёднік кінуў востры погляд на ягоны збляднелы твар, спаласнуў рукі ў тазіку, акуратна выцер ручніком — кожны палец асобна, як, відаць, прывучыўся за час лекарскай практыкі.
— Значыць, так, юнача. Гулі скончыліся. Цяпер мы таньчым са смерцю. Князю Гераніму ў вочы не глядзець, кланяцца як мага часцей і ніжэй, не пераломішся, на каленькі падаць таксама не саромся. He забывайся: ты — немец. Тупы нямецкі недавучаны студэнт, бурш, які ні слова па-тутэйшаму не разумее. Паколькі пры двары, і асабліва ў гарнізоне, на нямецкай мове гавораць амаль усе, калі давядзецца адкрыць рот, фразы паўтарай толькі тыя, якія мы з табой вывучылі. Калі што, я сам усё за цябе скажу. Ясна?
Пранцысь глядзеў на суровы твар Лёдніка і адчуваў, як па спіне пабеглі халодныя дрыжыкі. Раптам у замкавым двары нешта заляскатала, загрукатала... Наставаў час жалезнай чарапахі.
Вырвічу не давялося доўга гадаць, чаму Лёднік так пільна павучаў яго, як паводзіцца з гаспадаром гэтага замка. Прасцей было дагадзіць істэрычнай паненцы, якая адначасова патрабуе зачыніць акно, бо дзьме, і свежага паветра, бо задушна. Цяжка было і ўстрымацца ад небяспечнага выразу твару пры поглядзе на князя. Бо яму сапраўды найбольш падыходзіла найменне «дзікі», як казалі пра яго тыя, хто ад яго не залежаў. Князь Геранім быў