Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Людміла Рублеўская
16+
Выдавец: Звязда
Памер: 272с.
Мінск 2018
у сармацкім строі: цёмна-сіні кунтуш з залатымі шнурамі, кармазынавы жупан з дыяментавымі гузамі падперазаны шыкоўным літым пасам, такія ткалі тут жа, на славутай слуцкай персіярні, сабаліная шапка з велізарным дыяментам. Шабля-карабэла пералівалася рубінамі і смарагдамі. На бледнай з жаўтізной скуры недарэчна выглядалі чорныя густыя бровы і чорныя вочы, што блішчэлі, як у вар’ята. Нервовыя ноздры раздзімаліся, як быццам князь увесь час чакаў нападу — хаця хутчэй за ўсё менавіта так і было. Доўгія чорныя з сівізной вусы хавалі вузкія вусны. Відовішча яшчэ больш дзічэла, калі князь здымаў шапку, бо галава яго была зусім лысая, бліскучы чэрап нагадваў востры канец яйка. Дадаць яшчэ, што ўсё княскае аблічча пакрывалі зморшчыны, як пусты кашэль, пры гэтым сам князь быў шчуплы, але з вялікім жыватом, які звісаў над пасам, плечы прыўзнятыя, як у ваўка, што збіраецца скочыць на ахвяру... Ён нагадваў пракаветнага Кашчэя, людажэрнае паганскае боства пушчы.
Пранцысь, паціраючы спрацаваныя за раніцу важджаннем з жалезным нутром нямецкай машыны рукі, сціпла стаяў за спінай Пфальцмана, які захоплена на сумесі нямецкай, польскай і беларускай тлумачыў прызначэнне асобных дэталяў жалезнай чарапахі, якая ва ўсёй красе блішчала пасярод двара і сапраўды магла выклікаць захапленне і спалох. Гэткі жалезны шкілет цмока з калёсамі і рычагамі ўнутры і паднятым «задам» — катлом і цыліндрам рухавіка. He дарэмна Лёднік і Пранцысь сёння завіхаліся, дапамагаючы немцу падрыхтаваць машыну да дэманстрацыі.
— Хачу п-паглядзець, як яна п-працуе! — заікаючыся, высокім па-бабску голасам запатрабаваў князь.
Слугі, што стаялі ў двары, усе як адзін падаліся назад, заазіраліся.
— Як загадае ваша мосць! — раскланяўся Пфальцман. — Толькі няхай прынясуць порах і ядры для гарматы!
Пранцысь заўважыў, што Лёднік зноў спахмурнеў: так было, калі ўсёведны доктар раніцай уцяміў, што па-
пярэдне не заўважыўузброенасці чарапахі, на якую маглі ўсталёўвацца маленечкія гарматы. Цяпер, ясна, дакараў сябе, што не даацаніў вынаходніцтва аднакурсніка.
Як дамаўляліся, у чарапаху залезлі Лёднік і Пфальцман, распрануўшыся да кашуль. Пранцысеваму слугу дасталася самая няўдзячная частка працы: ён павінен быў падтрымліваць агонь у катле, які награваў вялізную металічную колбу з вадой, адкуль пар ішоў у цыліндр. Усё сапраўды рабілася вельмі марудна. Пакуль вугаль распаліўся, закіпела ў колбе вада... Пакуль ціск пары зрабіўся дастатковы, зрушыліся з месца шатуны, скрануліся колы і колцы... Пфальцман ірвануў на сябе падважнікі, і металічныя шчыты чарапахі самкнуліся, так што машына разам з рухавіком аказалася пад бліскучым панцырам з вузкімі шчылінамі для агляду, праветрывання і стральбы з пісталетаў. У машыны было мноства маленькіх колаў на рухомых восях, што, як меркавалася, зробіць яе неверагодна ўстойлівай і дазволіць мінаць перашкоды. 3 «галавы» чарапахі валіў чорны дым, яна свістала, сіпела, гула... Колы з ляскатам зрушыліся, а паколькі на кожным з іх была зробленая бліскучая металёвая налепка, здавалася, што пачвара перабірае лапамі, як велізарная сараканожка.
— Пайшоў! Пайшоў! Цмок пайшоў! — спалохана зашапталіся вакол.
Крок, другі... Пахолкі і пахолікі, гайдукі і паюкі, венгрынкі і гусары, машталеры і турчаняты, што сабраліся ў двары, пачалі адыходзіць, хрысціцца, некаторыя ўчынілі гэтак жа, як камянецкія мужыкі, якія збеглі ад Пфальцмана. Жанчыны і дзеці вішчэлі... Здавалася, жалезную пачвару не стрымаюць ніякія сцены. Потым чарапаха застыла, з яе «пысы» высунулася маленькая кароткая гармата, скіравалася да ўсходняй сцяны...
— С-страляй! Валі! — узбуджана крычаў Геранім Радзівіл, прытопваючы нагой.
Гармата выплюнула ядро... Сцяна вытрымала ўдар, хаця ў ёй утварылася заўважная выбоіна. Апошняя чэлядзь з крыкам рассыпалася ўбакі, двор апусцеў.
— С-слаба! Мала! — крычаў князь.
Металёвая пласціна адышла, у адтуліну высунуўся спацелы, счырванелы твар Пфальцмана.
— Ваша мосць, гэтая машына можа быць узброеная дванаццаццю такімі гарматамі, па ўсім перыметры, якія змогуць з дапамогай адмысловых прыстасаванняў страляць адначасова, наносячы ворагу вялікую шкоду!
— Ну д-дык і ўсталюй іх! — супакоіўся пан Геранім, зацікаўлена аглядаючы сваю новую зброю. — У Слуцку лепшыя людвісарні ў краі! Буцзеш тут жыць, пакуль да ладу ўсё не давядзеш.
Над замкавым дваром кружлялі спалоханыя вароны.
— Пфальцман не ведае, у што ўвязаўся, — ціха прамовіў таксама расчырванелы ад знаходжання ў пякельнай машыне Лёднік Пранцысю на вуха, калі яны ішлі ў палац, адстаўшы ад іншых. — Мне тут распавялі, як князь выпісаў быў швейцарца, які мусіў паставіць яму ў Слуцку конны помнік. Але пан Геранім так замучыў майстра парадамі і кантраляваннем, да таго ж прыставіў да яго адмысловых людзей, каб не давалі ўжываць віно, што майстар збег. А на развітанне пакінуў гаспадару цыдулку, у якой выказаў, што той не мае ніякага ўяўлення ні пра ліцейную справу, ні пра архітэктуру. Князь ледзь жоўцю не захлынуўся ад злосці. Так што цяпер наўрад Пфальцманам удасца ўцячы.
Доктар памаўчаў, пакуль Пранціш ціха смяяўся, і дадаў:
— А машына ўсё-ткі марудная і неразваротлівая. Ідэю вадзянога рухавіка мы з Якубам разам абмяркоўвалі — цяпер з ёй носіцца малады Кюньё. Той марыць перасоўваць французскую артылерыю з дапамогай паравых машын, а Пфальцман аб’яднаў усё ў адным: гарматы, рухавік і абарончыя збудаванні. — Лёднік уздыхнуў нават трохі зайздросна, і Пранцысь зразумеў, што алхімік усё-ткі аддае належнае вынаходніцкаму таленту аднакурсніка. — Але з такой малой хуткасцю і кароткай дыстанцыяй — ну колькі таго вугалю можна з сабой у машыну прыхапіць? —
яна пакуль не надта зручная. I дзякуй Богу. — I паглыбіўся ў звыклыя любамудрыі: — Ведаеш, я думаю, Леанарда да Вінчы не змог здзейсніць ніводнае са сваіх вайсковых вынаходніцваў яшчэ і таму, што тады ў вайскаводцаў існаваў пэўны кодэкс гонару: ганебным лічылася б заваяваць перамогу вось такой прыладай, а не хітрай стратэгіяй і мужнасцю вояў. Хаця, можа, я іх ідэалізую, і яны проста былі недавукамі, як наш Аўтуст, — Пфальцман жа яму напачатку праект пасылаў, але кароль нават не адказаў. Затое пра машыну даведаўся князь Геранім...
Нямецкія вучоныя былі ўдастоеныя гонару абедаць уВялікім палацы, які таксама знаходзіўся ў Ніжнім замку і быў перабудаваны з таго, што ўзводзіла яшчэ колішняя гаспадыня Слуцку Анастасія Алелькавіч. Стол абедзенны ледзь не тых часоў, з дубовых дошак таўшчынёй у руку не самага кволага чалавека, змяшчаў паводле сармацкага звычаю чалавек сто. Колькі выпіта было пад гэтымі высокімі скляпеннямі, колькі віватаў гучэла, колькі зухаватых шляхціцаў проста з-за стала адпраўляліся на двубой! А пасля, калі маглі гэта зрабіць, вярталіся ў залю, каб выпіць міравую... Альбо той, хто выжыў, піў адыходную за спачылага. Колькі старажытных ваярскіх песень тут прараўлі моцныя глоткі!
Але такога магнацкага застолля, як цяпер ладзіў Геранім Радзівіл, нідзе больш нельга было пабачыць. Тут панавала цішыня — іголка ўпадзе, пачуеш. Пасля таго як гаспадар усеўся за асобны столік і за ягонай спінай стаў пахолак, чый абавязак быў спрабаваць кожную страву і пітво, што падаваліся князю, і гайдук, які па звычаі трымаў панскі палаш, зайграла цудоўная музыка. Заслізгалі за спінамі гасцей слугі ў блакітных пералівістых жупанах з залатымі гузікамі, за пояс кожнага былі засунутыя ласёвыя рукавіцы. Але гучна прамаўляць насмельваўся толькі той, да каго князь звяртаўся. Астатнія час ад часу толькі перашэптваліся, намагаючыся не наклікаць падазрэнне гаспадара. Пілі з каштоўных крышталёвых кубкаў з зала-
тымі налепкамі ў выглядзе звяроў так, каб не ап’янець, — Радзівіл Жорсткі дужа не любіў п’яных. I гэта ў той час, калі добрым лічылася, каб госці валіліся пад стол, перацалаваўшыся з келіхам. Ніхто не прамаўляў велягурыстых тостаў, не пілі з чаравічка прыўкраснай дамы... Дый дам за сталом зусім не было — бо Геранім Радзівіл іх таксама не любіў, дакладней, пагарджаў і асцерагаўся «фарбаваных лісіцаў». Толькі статуі белых антычных багінь прыкрашалі пакой, а між статуй гэтак жа нерухома стаялі гранд-мушкецёры князя Гераніма, у сініх мундзірах з белымі вылогамі, у капелюшах з пёрамі, са шпагамі, на похвах якіх блішчэлі каштоўныя камяні... Пранціш успомніў расповеды пра прыгонных актрыс, якіх прымушалі выяўляць статуі, прыгледзеўся... I праўда, мармуровыя багіні дыхалі! Насупраць Лёдніка і Пранцыся сядзеў тоўсценькі чалавек у блакітным камзоле, з жывымі чорнымі вачыма. Пранцысь пачуў, як Лёднік ціха звяртаецца да чалавека «сіньёр Пучыні», і зразумеў, што гэта і ёсць агент Сапегаў, дырэктар опернай трупы слуцкага тэатра. Значыць, доктар ужо наладзіў патрэбную сувязь... Як дасведчаны шпег.
Пан Геранім быў у незвычайным гуморы, калі меркаваць па радасных тварах прыдворных. Падобна, новая цацка ў выглядзе жалезнай чарапахі яму дужа спадабалася, і ён ужо планаваў, як з ейнай дапамогай карае ворагаў, а сярод іх значыліся нават усе князевы сваякі. Пфальцман зноў красамоўна апісваў магчымасці свайго вынаходніцтва, але князь спыніў погляд на іншым немцы, а менавіта Лёдніку.
— А ў чым т-твой вучоны калега аб-базнаны?
На шчасце, пра адмову аднакурсніка ад астралогіі гер Якуб быў папярэджаны. Таму Пфальцман, не крывячы душой, распісаў выдатныя лекарскія здольнасці гера Лотмана, якому выкладчыкі Лейпцыгскага ўніверсітэта прарочылі славу новага Парацэльса. I тут патрапіў ключ у замок. Князь належаў да людзей, што падазраюць у сабе кучу ўсялякіх хваробаў. Гэта спалучалася з пастаянным
падазрэннем, што яго труцяць, няправільна лечаць, сурочваюць і гэтак далей. Таму князь увесь час меў патрэбу у дактарах, але дактары пры ім доўга не затрымліваліся... I не заўсёды ім удавалася з’ехаць ад капрызнага пацыента. Часцяком яны проста знікалі. Вось і цяпер князь застаўся практычна без лекараў — двух ацалелых ад княскага гневу няшчасных італійскіх клісцірнікаў Геранім бачыць не жадаў, і яны сядзелі, замкнуўшыся ў пакоях, і пілі адвары валяр’яны. Таму нямецкі доктар быў тут вельмі дарэчы. Настолькі, што чорныя вочы Радзівіла загарэліся дзікім агнём, і князь адразу запатрабаваў, каб гер Лотман яго агледзеў і вынес свой вердыкт. Лёднік кінуў на стол сурвэтку і пакорліва нахіліў галаву. Пранцыся паслалі па Лёднікаву дыхтоўную скураную валізку з абавязковым наборам інструментаў і лекаў, пазычаную ў Сапегавага доктара.